epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Лясная казка

У некаторых раёнах БССР план нарыхтоўкі і вывазкі лесу знаходзіцца пад пагрозай зрыву. Раённыя кіраўнікі не прымаюць канкрэтных захадаў у дачыненні да зрыўшчыкаў плана.

З газет

 

Лес высокі стаіць і гонкі,

Ды не ходзіць ён сам да чыгункі,

Растлумачвалі ж разоў дзвесце:

Трэба секчы яго ды везці.

Атрымаў Абібок заданне,

А ахвоты тае — анізвання:

Паглядзіць на лес ён здалёку,—

Моташна Абібоку.

Лесу многа, ды розных парод...

«Трэба, выходзіць, склікаць народ,

Чытаць з раёна паперу

Ды брацца-такі за сякеру

І махаць, і махаць да поту...

Выдумалі ж работу!

Трэба тут з сілай ды не малою,

А потым шоргай яшчэ пілою,

Так натрэш і мазоль часамі;

А потым — пніся, кладзі на сані

Ды цаліною тралюй да дарогі —

Тут памлеюць і рукі, і ногі.

Ды гэта ж не ўсё — лічы:

Да чыгункі яшчэ валачы.

Вось тут работка якая!

Няхай яна лепш пачакае,

Работа, як кажуць, у лес не ўцячэ,—

Зробім яшчэ.

Не такая пільная рэч...»

І лёг жыватом на печ.

Тут начальнік з раёна прыскочыў:

— Чаго ж ты ляжыш, Абібоча?

Чаму ж у лес ты не едзеш?

— Тлумачыць — язык навярэдзіш

(Патыліцу чухае, крэхча).

Ехаць — дык трэба ж каня запрэгчы,

А збруі ніяк не збяру я,

Па ўсім калгасе раскідана збруя:

Дуга у Івана, хамут у Рамана,

Аглобля адна у Сцяпана,

А другая аж у Дзямяна,

У Савасцяна недзе папруга,—

Вельмі прыйшлося мне туга.

Дык я вось ляжу ды гарую:

Як жа сабраць мне збрую?

— А ты загадай, каб знеслі.

— Ох, гэта доўгія песні!

— Паспявай — не пашкодзіць.

— Загадваў — ніяк не выходзіць:

Панёс Іван дугу да Рамана,

А Раман хамут да Сцяпана,

Аглоблю Сцяпан да Дзямяна,

Той сваю да Савасцяна,

А Савасцян да Івана папругу,

Так і ходзяць яны па кругу,—

Не дагоніць хамут дугу...

— Дык хадзем, я табе памагу.

Ідзе Абібок па сяле

З начальнікам на чале.

Ад сядзібы ідуць да сядзібы,

Ад хаткі да хаткі —

Ліквідуюць усякія хібы

Ды арганізацыйныя непаладкі.

Узяўшы Івана, Рамана, Сцяпана, Дзямяна,

Павёў іх начальнік да Савасцяна,

А Савасцяну здалёк пагукаў,

Каб той стаяў ды чакаў.

Абібок дык аж дзівіцца тут:

— Сабраліся ў месца дуга і хамут!

Гэта штука, ядрона-мудрона!

Вось што значыць начальнік з раёна!

Шчыра дзякую за дапамогу!

— Запрагай жа цяпер і ў дарогу.

Абібок ад такога загаду

Заклапочана чухае ззаду:

— Запрагаць тут, начальнік, цяжка:

Адарвана ў папрузе пражка,

І няма ў хамуце супоні,

І някормлены яшчэ коні,

І дуга, ліха ёй, паламана,

І наогул ужо нярана,

Ды дарога ў лес не працёрта,

Ды ваўкоў жа ў лесе да чорта:

Туды ехаць — шукаць сабе згубы:

Пападзіся ім толькі на зубы!

Глянуў начальнік сярдзітым вокам:

Што ты зробіш з такім Абібокам?

Не выконвае ён загаду,—

Трэба ехаць склікаць нараду.

Пацелі раённыя цёці ды дзядзі

На раённай нарадзе,

Гаварылі тры дні і тры ночкі,

Нагаварылі сорак тры бочкі,

Разглядалі пытанне зблізку,

Наскідалі акуркаў міску,

Спісалі рулон паперы —

Намячалі ўсялякія меры,

Каб як Абібока да лесу прывесці.

А лес, як і быў, на месцы —

Высокі стаіць ды гонкі

І сам не ідзе да чыгункі,

Бо даведзена ўжо вякамі,

Што лес не сякуць языкамі.

 

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 274-276
Крыніца: скан