epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Лісі хвост і воўчы клык

Воўк прыкінуўся лісой

Перад беларусам:

«Не палохайся, я — свой,

З ласкай, не з прымусам.

 

Фюрэр наш — твой лепшы друг,

Вось — чытай паперку:

Каб падняць твой паўшы дух,

Шле табе цукерку.

 

Ён не можа бачыць слёз,

Постаці панурай

І прышле яшчэ абоз

Вам з мануфактурай.

 

Мы баронім твой жа край

Ад тваёй жа ўлады;

Зробім тут фашысцкі рай —

Будзеце вы рады...»

 

Байкі тыя беларус

Слухае з аглядкай,

Сам матае ўсё на вус:

«Брэшаш, ды не гладка.

 

Ёсць вас гэткіх брахуноў

Загаворваць зубы:

Гітлер ходзіць без штаноў,

Нам жа шые шубы;

 

Абяцае: боты дам,

Дам мануфактуры...

Ён пашыў бы боты нам,

Толькі... з нашай скуры;

 

Прызнаецца ўсё ў любві,

Спакушае раем,

Лапы ж брудныя ў крыві,

У чыёй — мы знаем.

 

Пад усмешкай воўчы клык,

А цукерка з ядам...

Падрыхтуем востры штык

«У падзяку» гадам».

 

1941


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 256-257
Крыніца: скан