epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ліслівае цяля

(Байка)

«Ліслівае цяля дзве маткі ссе».

Вы гэту прыказку напэўна чулі ўсе.

Але на практыцы выходзіць,

Што і цялятам часта шкодзіць

Залішне многа малака.

У дзядзькі аднаго, вяскоўца-кулака,

Было штук пяць кароў.

А кожны ж ведае, здароў,

Які ў кароў вясковых абавязак:

Трасянку есці ў дзень тры разы,

Настойваць гной, вадзіць цялят

Ды малака даваць патроху.

Такія ж абавязкі акурат

У кулака Цімоха

Спаўнялі гэтыя сумленна,

І скора нек пасля каляд

З іх дзве ўжо прывялі цялят.

Ды толькі для Цімоха тое дрэнна,

Што у Гнядой — бычок і у Рабой — бычок

(Яны былі супроць дачок),

А гаспадар хацеў цялушку гадаваць,

Бычкоў рашыў ён прадаваць.

Вось аднае нядзелі

І зараўла Гняда:

Ёй не на ўме яда,

Ёй не на ўме вада.

Аднак жа на пратэст не паглядзелі:

Бязлітасны мяснік панёс

Яе Пярэстага на воз.

Між тым Рабая

Аб гэтым нават і не дбае:

Пры ёй рыжман яе малакасос.

Але й яе спаткаў не лепшы лёс.

У пераплёце загародкі

Жардзін са дзве было кароткіх,

І вось у дзірку ля сцяны

Пралез Бычок-дурніца

Ды да Гнядой пачаў маніцца.

Нюхнуліся яны,

І пачаліся ў іх цялячыя пяшчоты.

Бычок з вялікаю ахвотай,

Падлезшы да Гнядой пад вымя.

Губамі мяккімі, вільготнымі сваімі

Пачаў там так прыемна казытаць,

Так міла хвосцікам матаць,

Як быццам гэта той, Пярэсты,

І аддала яна ўсё малако, дарэшты.

Назаўтра бедаваў Цімох,

Што Рыжы здох.

 

Тут аднаго хачу, нарэшце, я:

Над байкаю мая каб не прапала праца,—

Хай помніць кожнае ліслівае цяля,

Што можна ссаць, ды можна й абассацца.

 

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 192-193
Крыніца: скан