epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Лондан

І
ІІ


(Першыя ўражанні)

 

І

Туманны Альбіён... Гэта назва нездарма прыстасавалася да краіны, у якой мы цяпер знаходзімся. Лондан я ўбачыў упершыню праз разрывы воблакаў, якія шырокім патокам плылі насустрач нашаму самалёту. Велізарны горад прыкрыты быў зверху туманнай пеляной. Але гэта быў яшчэ не той туман. Ён амаль нічым не адрозніваўся ад звычайнага нашага беларускага туману і нават даў магчымасць нашаму самалёту прызямліцца. Я быў амаль што расчараваны. Затое праз два-тры дні быў я «задаволены» поўнасцю, калі апынуўся ў тым «лонданскім супе», у якім нават удзень машыны ходзяць з запаленымі фарамі і то вобмацкам. Аказваецца, дзень нашага прылёту быў адным з найбольш ясных дзён, якія так рэдка здараюцца ў Англіі ў гэту пару года.

Якім жа выдаецца Лондан, калі глядзець на яго не з вышыні птушынага палёту? Гэтага я яшчэ не разгледзеў. І не толькі таму, што мне туман перашкаджаў. Як добра вядома маім чытачам, «вялікі Лондан» — гэта вельмі вялікі горад, у якім жыве каля адной пятай часткі насельніцтва Англіі. Але «малы Лондан» (без прыгарадаў) — таксама не маленькі, калі прыняць пад увагу, што ён налічвае не менш шасці мільёнаў жыхароў. Нават для павярхоўнага азнаямлення з ім патрэбна нямала часу. Таму я не абяцаю ў гэтым маленькім нарысе даць поўны малюнак велізарнага горада. Я хачу падзяліцца з чытачамі толькі першымі сваімі ўражаннямі.

Ступіўшы ўпершыню на асфальт лонданскай вуліцы, вы адчуваеце некаторы непакой, бачачы велізарную колькасць машын розных марак, што ідуць суцэльным патокам, у якім дамінуюць двухпавярховыя чырвоныя басы (аўтобусы). Непакой гэты павялічваецца, калі вам даводзіцца пераходзіць цераз вуліцу. Справа ў тым, што тут ездзяць па левым баку і, пераходзячы цераз вуліцу, вам трэба глядзець спачатку направа, а потым налева, а не наадварот, як вы прывыклі ў сябе на радзіме. Забыццё гэтага правіла можа вам дорага каштаваць, тым больш што тутэйшыя шафёры не маюць звычкі даваць папярэднія сігналы, і вы можаце спадзявацца толькі на добрыя тармазы англійскіх машын. Праз два дні вы прызвычайваецеся аўтаматычна паварочваць галаву ў патрэбны бок і навучаецеся пераходзіць вуліцу не горш за лонданцаў. Тады гэты занятак не займае ўсяе вашай увагі, і вы апрача машын пачынаеце заўважаць яшчэ сёе-тое. Вы заўважаеце, што ў цэнтры Лондана, побач з шырокімі магістралямі, ёсць шмат вуліц вельмі вузкіх, на якіх ледзь могуць размінуцца дзве машыны; што шматпавярховыя дамы не ўсе аднолькавыя: іх архітэктура сведчыць аб тым, што яны будаваліся ў розныя эпохі і што горад адлюстроўвае напластаванне вякоў, якія ён пражыў. Чым старэйшы будынак, чым больш пацямнеў ён ад часу, тым большай пашанай карыстаецца ён у англічан, якія ўмеюць цаніць старажытнасць.

Сярод шэрагаў каменных будынкаў вашу ўвагу прыцягвае велічны будынак сабора святога Паўла, вакол якога, дарэчы кажучы, вы заўважыце шмат слядоў разбурэнняў ад нямецкіх бамбёжак. На пэўнай адлегласці ад яго імкнуцца ў неба вежы будынка англійскага парламента, які знаходзіцца на беразе Тэмзы. Тут жа недалёка ўзвышаецца крыху пахмурны будынак Вестмінстэрскага абацтва — пантэон, у якім знаходзяцца грабніцы англійскіх каралёў і мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя памяці вялікіх людзей Англіі, у тым ліку памяці геніяльнага Шэкспіра.

Побач — упрыгожаны нацыянальнымі сцягамі пяцідзесяці адной дзяржавы — Цэнтрал-Хол, у якім адбываюцца пленарныя пасяджэнні Генеральнай Асамблеі Аб’яднаных Нацый. І зусім недалёка адгэтуль рэзідэнцыя караля — знакаміты Букінгемскі палац з каралеўскімі казармамі і пляцам побач з ім, на якім штодзённа можна наглядаць, як пад гукі духавога аркестра адбываецца развод і змена каралеўскай варты.

Гэта тое, што кідаецца вам у вочы з першага позірку на Лондан. Шмат якія іншыя будынкі таксама прыцягваюць вашу ўвагу, але вы адкладваеце знаёмства з імі да другога разу і спяшаецеся пазнаёміцца з помнікамі, якія знаходзяцца ў розных месцах горада і з’яўляюцца як бы вехамі на шляху ў гістарычнае мінулае Англіі. У цэнтры горада, на Трафальгар-сквер, высока ўзнімаецца чорная мармуровая калона з капітэллю і на ёй — фігура героя Трафальгарскай бітвы — адмірала Нельсана. Гэта выгаднае становішча дазваляе Нельсану глядзець зверху ўніз на ўсіх іншых англійскіх адміралаў і генералаў, якія праходзяць і праязджаюць па Трафальгарскім скверы. Пляц гэты з’яўляецца месцам масавых мітынгаў і народных гулянняў. Незразумела толькі, чаму ён называецца скверам. Назва гэта адносіцца, відаць, да далёкага мінулага. Цяпер гэта, дарэчы сказаць, вельмі невялікая сваімі памерамі плошча, застаўленая да таго ж акружаючымі Нельсана каменнымі львамі, не мае амаль ніякай расліннасці, калі не лічыць выдатных пейзажаў, што знаходзяцца ў Нацыянальнай галерэі, змешчанай на гэтай жа плошчы.

Далей спыняе на сабе вашу ўвагу вялікасны помнік каралеве Вікторыі і яшчэ далей, у Гайд-парку,— помнік, які гэта каралева паставіла свайму мужу Альберту, відаць, у прыклад усім жонкам, якія павінны цаніць сваіх добрых мужоў.

Помнік ахвярам першай сусветнай вайны і іншыя помнікі, звязаныя з важнейшымі гістарычнымі падзеямі Англіі,— гэта такія выдатнасці, ля якіх не пройдзеш, каб не спыніцца і не аддаць належнага архітэктарам і скульптарам, якія іх стварылі... Але ёсць і больш сціплыя помнікі, у выглядзе бронзавых коннікаў у капелюшах, ля якіх вы праязджаеце кожны дзень і знаёмства з якімі адкладваеце да наступнага разу. Гэта, мабыць, таксама каралі, якія чакаюць вашай увагі, і вас пачынае крыху мучыць сумленне. Але вас ужо цягне далей. Вам хочацца заглянуць за гэтыя каменныя сцены. Вы, яшчэ выязджаючы з дому, далі сабе слова пабываць у Брытанскім музеі. Там, на жаль, яшчэ не ўсе экспанаты вярнуліся на месца пасля эвакуацыі, і вы накіроўваецеся ў Нацыянальную галерэю, дзе ўбачыце цудоўныя палотны Рафаэля, Тыцыяна, Веласкеса, Рэмбранта, Рубенса і іншых вялікіх майстроў, якія хоць і не былі падданымі англійскага караля, але цалкам заслугоўваюць таго, каб іх творы занялі пачэснае месца ў лонданскай Нацыянальнай галерэі.

Пераходзячы з залы ў залу і сузіраючы творы вялікіх мастакоў, вы нарэшце пачынаеце стамляцца ад мноства ўражанняў і адчуваеце, што ўжо не здольны скарыстаць параду дасведчаных людзей і наведаць у той жа дзень музей васковых фігур, вядомы тут над назвай музея мадам Тысо (паводле імя яго заснавальніцы). Вам бы цяпер не шкодзіла пайсці ў Гайд-парк, падыхаць свежым паветрам ды пакарміць чаек, але дождж перашкаджае вам ажыццявіць сваё жаданне, і вы адкладваеце гэту прыемнасць да наступнага разу.

 

ІІ

У мінулы раз мы з вамі хацелі заглянуць у музей васковых фігур мадам Тысо. Для гэтага лепш за ўсё праехаць на метро да станцыі Бекер-стрыт. Паколькі тут ніякіх наземных збудаванняў метро няма, дык вы проста спускайцеся па прыступках у агароджаную жалезнымі кратамі дзірку, што каля тратуара, і апыніцеся ў метро. Толькі не заблытайцеся: тут вузлавыя станцыі, адпаведна лініям метро, будуюцца часта ў два паверхі і маюць па шэсць і па восем платформ.

Спусціўшыся ў метро, вы будзеце крыху расчараваны: тут няма ні мармуру, ні роспісу, ні архітэктурных упрыгожанняў, якія вы прывыклі бачыць у маскоўскім метро. Шэравата,— скажаце вы, убачыўшы ўпершыню лонданскае метро. Але вы з павагай выслухаеце паведамленне аб тым, што агульная працягласць яго ліній мае каля пяцісот кіламетраў. У вагоне, як навічку, вам спадабаецца тое, што на сцяне, побач з вашым месцам, намалявана схема лініі, па якой вы едзеце. Паглядзеўшы на схему, вы заўсёды можаце даведацца, колькі і якія станцыі вам засталося праехаць да патрэбнага прыпынку.

Вось і Бекер-стрыт. Завярнуўшы за вугал і прайшоўшы крокаў дзвесце, вы лёгка знойдзеце музей мадам Тысо. Адчыніўшы дзверы, вы спыніцеся ў здзіўленні, убачыўшы перад сабой двух зусім аднолькавых швейцараў. Толькі пасля таго як адзін з іх зварухнецца, вы здагадаецеся, што гэты швейцар жывы, а другі, што стаіць нерухома,— яго дасканалая копія-лялька.

Калі вы ўвойдзеце ў музей, перад вамі паўстане ўся гісторыя Англіі ў ляльках. Тут вы ўбачыце ўсіх яе каралёў, пачынаючы ад Вільгельма І, які памёр каля 900 год таму назад, і канчаючы цяперашнім Георгам VI. Апрача каралёў тут прадстаўлены і іншыя выдатныя людзі Англіі: міністры, палкаводцы, пісьменнікі, артысты, лётчыкі, спартсмены.

Вы ўбачыце тут і дзяржаўных дзеячаў іншых краін, у тым ліку каралёў, якія засталіся цяпер без трона, і нават фашысцкіх верхаводаў на чале з Гітлерам, а таксама яго блізкіх сваякоў — Петэна, Лаваля, Франка ў накінутым на плечы элеганцкім плашчы. Усё зроблена вельмі дасканала, і фігуры маюць вялікае партрэтнае падабенства да арыгіналаў.

Калі вы любіце моцныя ўражанні, спусціцеся ў сутарэнне. Там вы ўбачыце лялькі вядомых забойцаў, у тым ліку Шарлоту Кардэ, якая забівае Марата, убачыце гільятыну ў дзеянні, пакаранне смерцю Людовіка XVI і Марыі Антуанеты, а таксама шмат іншых рэчаў, якія моцна дзейнічаюць на нервы.

Выйшаўшы са змрочнага сутарэння, вы нарэшце ажыццяўляеце ваш намер пабываць у знакамітым Гайд-парку. Знакаміты ён перш за ўсё сваімі памерамі, займаючы плошчу ў некалькі квадратовых кіламетраў. Цяпер парк пусты. Велізарныя старыя дрэвы стаяць голыя, хоць трава пад імі зялёная, амаль як вясной. Пасярэдзіне, як люстэрка ў зялёнай аправе, блішчыць сажалка. На ёй — велізарная колькасць чаек, сярод якіх велічна плаваюць белыя лебедзі. Чайкі тут рахманыя. Убачыўшы ежу, яны з крыкам кідаюцца на яе цэлай чарадой і хапаюць нават з рук.

Наогул, лонданцы любяць птушак і жывёлу. Часта можна наглядаць, напрыклад, як у Трафальгарскім скверы кормяць галубоў. Яны цэлымі чародамі злятаюцца сюды на баль, снуюць паміж людзей, садзяцца прахожым на плечы. Асаблівай жа любоўю карыстаюцца тут сабакі і каты. На кожным кроку вы можаце сустрэць мужчыну, а часцей даму, якія вядуць на павадку сабаку, а то і двух і нават трох. Сабакі раскатваюцца са сваімі гаспадарамі ў машынах. А каты — велізарныя, сытыя, гладкія — сустракаюцца ўсюды. На сабак уведзены адмысловыя харчовыя карткі, а таксама існуюць спецыяльныя магазіны, дзе для сабак прадаецца снараджэнне, абмундзіраванне, лякарствы і ўсё неабходнае для наладжання сабачага дабрабыту. У лонданскіх газетах часта можна сустрэць партрэты чым-небудзь знакамітых сабак і катоў. Некаторыя жаласлівыя дамы, у выпадку смерці іх улюбёнцаў, ставяць ім нават помнікі з чуллівымі эпітафіямі.

Але вернемся ў Гайд-парк, дзе апрача сабак сустрэнем таксама і коней, праўдзівей, ездакоў — джэнтльменаў і лэдзі, якія групамі і па адным прагульваюцца па дарожках парку. Самай жа галоўнай выдатнасцю Гайд-парку з’яўляюцца прапаведнікі і ўсялякія прамоўцы. Па нядзелях ідуць яны ў парк, некаторыя са сваімі паходнымі трыбунамі, становяцца ў позу і прамаўляюць, ажыццяўляючы такім чынам права на «свабоду» слова. Ім ніхто не перашкаджае, але амаль ніхто і не слухае. Калі вакол такога прамоўцы збярэцца дзесятак-другі чалавек, ён можа лічыць гэта сваім поспехам.

Але вось паліў дождж і прымусіў вас пакінуць парк. Дзіўная пагода ў пачатку лютага! І такая ўся зіма — туманы ды дажджы. Хаця, кажуць, у Лондане ёсць нават каток. Толькі знаходзіцца ён у зачыненым памяшканні, лёд на ім штучны, і канькабежцы катаюцца ў трусіках.

Амаль бесперапынныя дажджы не ўплываюць на настрой лонданцаў. Яны, як заўсёды, сур’ёзныя, дзелавітыя і нічым не парушаюць заведзенага парадку. У восем гадзін яны акуратна ядуць свой брэкфэст (снеданне), у дзевяць ідуць на работу, а першай гадзіне ядуць ленч (абед) і да шасці гадзін работу канчаюць. У іх яшчэ застаецца тры гадзіны, каб схадзіць у кіно або тэатр. У тэатрах спектаклі пачынаюцца ў 6.30 і канчаюцца ў 9 гадзін. У Ю гадзін гарадскі транспарт спыняе рух, і вуліцы Лондана пусцеюць. Асабліва ж пустыя яны па нядзелях. Канторы і магазіны зачынены, людзей і машын на вуліцах вельмі мала, і здаецца, што гэта зусім не той Лондан, у якім учора ўсё кіпела і бурліла.

Што яшчэ здзіўляе вас у цэнтры Лондана — гэта амаль поўная адсутнасць дзяцей. Тлумачыцца гэта, як відаць, тым, што лонданскае Сіці — нежылы раён горада. У ім знаходзяцца банкі, канторы, магазіны, і лонданцы прыязджаюць сюды толькі на работу. Хаця трэба сказаць, што і ў іншых раёнах горада дзяцей на вуліцах вельмі мала.

Што пакіне ў вас прыемны ўспамін аб Лондане — гэта далікатнасць у абыходжанні, якая ў лонданцаў вонкава выяўляецца галоўным чынам у слове тэнк’ю (дзякую). Ці вы зрабілі якую ласку лонданцу, ці ён вам, усё роўна, ён кажа тэнк’ю. Кандуктар у аўтобусе, выдаўшы вам білет, абавязкова скажа тэнк’ю; швейцар у гасцініцы, аддаючы вам ключ ад нумара, таксама кажа тэнк’ю. Ліфцёр, падняўшы вас на шосты паверх і адчыніўшы кабіну, кажа тэнк’ю. Вы яму адказваеце тым жа і накіроўваецеся ў свой нумар. Па лонданскаму звычаю — пара спаць. Ды і стаміліся вы за дзень у незнаёмым горадзе.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан