epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Лётчык і Блыха

(Байка)

 

Збіраўся Лётчык у палёт

Цяжкі і небяспечны —

Па-над тайгой адвечнай

З Масквы аж на Далёкі Ўсход

Хацеў рэкорд выдатны ён паставіць,

Каб авіяцыю савецкую праславіць.

Вось зборы, клопаты ды вывучэнне карт:

Пракласці трасу як, калі прызначыць старт,

На колькі ўзяць харчоў, як лепей апрануцца

(Зімовы быў сезон).

І трэба ж тут Блысе паблізу апынуцца!

Не ўспеў наш Лётчык аглянуцца,

Як — скок Блыха ў яго камбінезон!

(Блыху занёс сюды не вецер,

А нейкі пёс — бульдог ці сетэр.)

Праз пару дзён,

Уранні,

На світанні,

Пад воплескі ды пажаданні

Узняўся ў неба наш Пілот

З цяжкім, адказным грузам,

І вестку радыё панесла над Саюзам:

Герой адправіўся ў палёт!

Ляціць герой, а на працягу трасы

З ім думкамі заводы і калгасы:

Якая тоўшча хмар і сіла тых вятроў?

І сам ён ці здароў?

Мо пагражае хлопцу небяспека?

(Нам дораг лёс такога чалавека.)

А што ж рабіла там Блыха?

З героем і яна ляцела,

Ды толькі знаць аб гэтым не хацела.

Блысе палёт той — чапуха.

Ёй выбрацца хутчэй бы з кажуха,

Дарвацца да жывога цела.

З трывогаю заўважвае Пілот

На крылах лёд,—

Напружвае ўсе сілы ля штурвала,

Блысе ж і гора мала:

Яна ўжо за кашуляй, на спіне То тут, то там, нібы жыгала,

Балюча тне.

Ах ты, плюгавае стварэнне!

Ды некалі Блыху ганяць:

Хутчэй бы самалёт узняць,

Пазбавіцца абледзянення.

Вышэй! Яшчэ вышэй!

Няма ў Пілота іншай мары,

Як вырвацца з праклятай хмары.

Вышэй!

А кроў і з носа, і з вушэй,

І цела ўсё нібыта

Якімсьці волавам наліта,—

Патрэбен кісларод.

Прыкрыўшы маскай смаглы рот,

Герой працягвае палёт

І прабіваецца да сонца.

А дзесьці ўнізе там хвалюецца народ,

Узбуджаны бясконца:

Прыйшлі героя прывітаць,

Ды нешта доўга не відаць...

Ура! Ляціць! Абдымкі, музыка, прамовы,

Гарачыя, ад сэрца, словы,—

Народ героем горд:

Адолеўшы і ост, і норд,

Наперакор марозу, ветру,

Пакрыўшы тысячы суровых кіламетраў,

Паставіў новы ён рэкорд,

— Што, што? Мне гэта слухаць дзіўна! —

Затрапяталася Блыха.—

Які рэкорд? Вар’яты! Ха-ха-ха!

Я ж суткі цэлыя была з ім неадрыўна

На той жа ўсё спіне,

Дык пра палёт ляпей вядома мне:

Я, праўда, насмакталася ў ахвоту,

Але ж не бачыла ніякага палёту.

Дык што ж іх гэтак узняло?

Дзе гонару таго крыніцы?

Ўсяго ж маршруту ў нас было —

Ад каўняра да паясніцы.

 

Сям-там у нас такія блохі ёсць,

Што нашых поспехаў стараюцца не бачыць

І ўсё навыварат тлумачаць.

Такі мне ў крытыцы сустрэўся ягамосць.

Няздольны ахапіць савецкіх спраў вышыні,

Ён мераў нас на свой аршын блышыны.

Кузурак гэтых подленькая злосць,

Агідны іх смяшок слінявы

Не апаганяць нашай славы,

Не зменшаць нашых перамог,

Ды ўсё ж ляпей пазбавіцца ад блох.

 

1949


1949

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 276-278
Крыніца: скан