epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

«Людем посполитым к доброму научению»

Пачатак кожнай добрай справы належыць добрым людзям, якіх мы ўспамінаем з удзячнасцю і пашанай за тое, што яны зрабілі для грамадства.

Вялікае свята беларускай культуры, якое мы сёння адзначаем, таксама мае свой слаўны пачатак, 450 год назад у Празе выйшла кніжка — Псалтыр, ціснутая, як сказаў яе выдавец, «русскими словами, а словенским языком». Так пачалося беларускае кнігадрукаванне. Пачынальнікам гэтай вялікай справы быў слаўны сын беларускага народа, выдатны дзеяч сваёй эпохі, асветнік, гуманіст Францыск (Георгій) Скарына.

У біяграфіі нашага першадрукара яшчэ многае не высветлена. Даследчыкам яшчэ не ўдалося ўстанавіць год яго нараджэння, год смерці. Ёсць толькі меркаванні, што нарадзіўся ён не пазней 1490 года, а памёр каля 1540 года. Не высветленымі засталіся значныя перыяды яго жыцця і дзейнасці за мяжой і на радзіме.

Нямала спрэчак выклікае само імя Скарыны. Сам ён называў сябе Францыскам. Гэта імя побач з прозвішчам Скарына стаіць на ўсіх яго працах. А што ў яго было яшчэ і другое імя — Георгій, наконт гэтага бясспрэчных доказаў няма. Тым не менш ёсць некалькі друкаваных прац, прысвечаных Скарыне, дзе ён называецца толькі Георгіем. Таму, відаць, мэтазгодна, побач з імем Францыск, ставіць у дужках і імя Георгій, каб відаць было, што Францыск і Георгій Скарына гэта адна гістарычная асоба.

Даследчыкам яшчэ нямала прыйдзецца папрацаваць, каб у біяграфіі нашага першадрукара засталося як мага менш белых плям. Але тое, што мы ўжо ведаем пра яго, пра вялікі ўклад, які ён унёс у развіццё культуры славянскіх народаў, дае падставу лічыць Францыска Скарыну выдатным дзеячам свайго часу, носьбітам і правадніком гуманістычных ідэй, якія ў эпоху Рэнесанса ламалі і крышылі аковы сярэдневяковай схаластыкі, пабуджалі людзей да пазнання навакольнага свету, да актыўнай грамадскай дзейнасці, пракладвалі шлях навуцы і мастацтву.

Свежы вецер Адраджэння дасягаў, відаць, і слаўнага града Полацка, які быў вялікім культурным цэнтрам. Гэтаму, напэўна, спрыяла і гандлёвая дзейнасць бацькі Францыска, да якога прыязджалі дзелавыя людзі з розных гарадоў і краін, які і сам не раз бываў за мяжой у вялікіх культурных цэнтрах. Натуральна, што Францыску прыходзілася чуць апавяданні пра тое, што робіцца на белым свеце, і ў душы таленавітага юнака нараджалася жаданне ісці насустрач новым павевам, узбагачацца ведамі, рабіць дабро людзям.

Першым даставерным фактам з біяграфіі Скарыны з’яўляецца тое, што ў 1504 годзе ён быў залічан у Кракаўскі універсітэт. Такім чынам, трэба меркаваць, што ў Полацку Скарына здолеў атрымаць такую падрыхтоўку, якая дала яму магчымасць паступіць у адзін з праслаўленых універсітэтаў Еўропы. Скончыўшы праз два гады універсітэт са ступенню бакалаўра філасофіі, Скарына гэтым не задаволіўся. Лічыў, відаць, што для таго, каб рабіць «доброе людем посполитым», набытых ведаў мала.

Як вынік гэтага даследчыкі называюць другі даставерны факт, засведчаны дакументамі. У 1512 годзе Скарына ўжо ў Падуанскім універсітэце, у якім тады, па тагачаснай мерцы, на высокім узроўні выкладаліся медыцына, батаніка, астраномія. Ён бліскуча вытрымлівае патрэбныя экзамены, і яму прысуджаецца высокая навуковая ступень доктара лекарскіх навук.

Цяпер малады вучоны быў узброены ўсімі ведамі для таго, каб прыступіць да ажыццяўлення пастаўленай задачы. Пяць наступных гадоў, аб якіх, што датычыцца дзейнасці Скарыны, даследчыкам нічога не вядома, пайшлі, напэўна, на арганізацыю справы. У 1517 годзе ён ужо ў Празе за працай, якой аддаў лепшыя гады свайго жыцця. Пасля выдання Псалтыра ён узяўся за пераклад з чэшскай мовы і друкаванне іншых кніг Бібліі, працу над якой скончыў у 1519 годзе, надрукаваўшы 23 кнігі. І тут у поўнай меры выявілася тая жыццёвая мэта, якую ставіў сабе вялікі гуманіст і да ажыццяўлення якой ён рыхтаваўся, набываючы ўсебаковую адукацыю. Перакладаючы і друкуючы рэлігійныя кнігі, ён не імкнуўся ўсяліць у душу чалавека страх божы, каб чалавек адчуў сваю нікчэмнасць перад тварцом сусвету. Ён хацеў зрабіць чалавека пісьменным, даць яму веды, якія дапамаглі б яму ў жыцці, у вырашэнні асабістых і грамадскіх спраў. У прадмове да Псалтыра Скарына гаворыць, што друкуе гэту кніжку на карысць добрым людзям «найболей с тое причины, ижэ мя милостнвый бог с того языка на свет пустил». Са шматлікіх прадмоў, пасляслоўяў, каментарыяў да выдадзеных ім кніг выстаўляецца светапогляд Скарыны і грамадскае значэнне тае працы, якую ён лічыў для сябе самай важнай. Выдатны асветнік свядома і акрэслена ставіў сабе мэту зрабіць добрую справу на карысць людзям. І людзі гэтыя былі ў яго не абстрактныя. Ён ніколі не парываў духоўнай сувязі з народам, з якога выйшаў. Падпісваючы свае працы, не забываў падкрэсліць, што ён сын Скарыны з слаўнага града Полацка. Шырока вядома яго выслоўе аб любві кожнай істоты да роднай мясціны. «Тако ж и люди,— гаворыць ён,— где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Гэтай «ласкай» да роднай краіны і яе людзей прасякнута ўся дзейнасць вялікага асветніка. Сваю выдавецкую дзейнасць ён накіроўвае «к научению людем посполитым русского языка», з замілаваннем думаючы аб родным краі, «дзе жыве братия моя Русь».

У адпаведнасці з пастаўленай мэтай — каб яго кнігі служылі «людем посполитым к доброму научению», Скарына клапаціўся аб тым, каб мова яго кніг была зразумелаю гэтым людзям а паспалітым. А зразумелай яна будзе тады, калі будзе блізкай да тае мовы, на якой людзі штодзённа гавораць паміж сабой. Вось чаму, друкуючы Псалтыр, перакладаючы Біблію з чэшскай мовы на старажытнаславянскую, ён незразумелыя словы замяняе ў тэксце беларускімі або дае пераклад гэтых слоў «на боцех» кнігі. Тут жа дае тлумачэнні тых мясцін тэксту, якія могуць быць незразуметы. Такім чынам, не ставячы спецыяльнай лінгвістычнай задачы, а зыходзячы з чыста практычных меркаванняў, клапоцячыся, каб яго кнігі былі зразумелымі простым людзям, Францішак Скарына зрабіў значны ўклад у развіццё беларускай літаратурнай мовы, скарыстаўшы словы жывой гаворкі для перакладу рэлігійных кніг, чаго да яго ніхто не рабіў. Такое вальнадумства выклікала варожасць з боку царкоўнікаў. Яны ўбачылі ў гэтым злоснае парушэнне ўстаноўленых канонаў, якімі забаранялася мяняць не толькі словы, а нават літары кананічных тэкстаў.

Часам у людзей паўстае пытанне: чаму Скарына, паставіўшы сабе высакародную задачу, вырашаў яе шляхам выдання рэлігійных кніг? Адказ на гэта дае сам першадрукар. У дачыненні да Псалтыра ён гаворыць, што гэта кніга служыць для малых дзяцей пачаткам усякай добрай навукі (іначай кажучы, ён лічыць яе прыдатнай для першапачатковага навучання пісьменнасці), а дарослым прымнажае веды. Біблію ён перш за ўсё цэніць як багатую крыніцу разнастайных ведаў, якія могуць прыдацца чалавеку ў яго практычнай дзейнасці. З гэтай мэтай ён устанаўлівае ў тэкстах біблейскіх кніг сем «вызваленных», г. зн. не звязаных з рэлігійнымі канонамі, навук: граматыку, логіку, рыторыку, музыку, арыфметыку, права і гісторыю.

Для таго каб зразумець такую, на першы погляд, дзіўную пазіцыю вялікага гуманіста, трэба перанесціся ў сучасную яму эпоху, калі ідэалагічная барацьба, як на гэта ўказвае Ф. Энгельс, ахіналася часта ў рэлігійную вопратку. Апрача таго, свецкай літаратуры ў той час амаль не было. Сярод вядомых Скарыне адзінкавых твораў ён, відаць, не бачыў такога, які мог бы проціставіць Бібліі ў сэнсе аб’ёму разнастайных, карысных, як ён лічыў, ведаў.

Закончыўшы пражскі перыяд свае выдавецкай дзейнасці, Скарына перабіраецца бліжэй да родных мясцін, у сталіцу Вялікага княства Літоўскага — Вільню, дзе з дапамогай сваіх высокапастаўленых прыяцеляў таксама наладжвае друкарскую справу і ў 1525 годзе выпускае «Апостал» і «Малую падарожную кніжыцу», прызначаную для задавальнення духоўных патрэб тых людзей, якіх справы прымушалі вандраваць па свеце.

На гэтым выдавецкая дзейнасць Скарыны скончылася ці абарвалася. Па якой прычыне, гэтага даследчыкам яшчэ не ўдалося дакладна ўстанавіць.

Пад канец свайго жыцця Скарына зноў пераехаў у Прагу, дзе працаваў на пасадзе садоўніка-батаніка ў каралеўскім батанічным садзе.

Тут і скончыў сваё жыццё першы беларускі друкар, першы ў Беларусі доктар медыцынскіх навук, вялікі асветнік-гуманіст, які горача любіў народ і паставіў мэтай свайго жыцця — даць гэтаму народу ў рукі ўпершыню надрукаваную на роднай мове кнігу «к доброму научению».

Слаўнымі прадаўжальнікамі асветніцкай справы Францыска Скарыны былі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Сцяпан і Лаўрэнцій Зізаніі, якія нямала зрабілі для развіцця беларускай кніжнай культуры. Аднак у сілу пэўных гістарычных умоў кніжная справа ў Беларусі не атрымала ў мінулыя стагоддзі належнага развіцця. Прычынай таму быў цяжкі нацыянальны і сацыяльны прыгнёт, які падаўляў усякае праяўленне нацыянальнай самасвядомасці. На працягу цэлых стагоддзяў, у часы Рэчы Паспалітай і потым царскага самадзяржаўя, беларускае слова было пад забаронай.

Каля 80 працэнтаў беларускага насельніцтва да рэвалюцыі было непісьменным. Натуральна, што пры такіх умовах аб нармальным развіцці культуры і кнігадрукавання не магло быць і гутаркі.

Такую магчымасць беларускі народ атрымаў толькі пасля таго, як Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя назаўсёды разбіла ланцугі нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту, адкрыла нашаму народу шырокае поле дзейнасці ў сферах грамадскага жыцця, і ён стаў паўнапраўным членам вялікай сям’і савецкіх народаў.

Рэвалюцыя вызваліла кнігу ад неабходнасці служыць нямногім, зрабіла яе магутным сродкам духоўнага ўзбагачэння народа. Кнігавыдавецкая дзейнасць у Беларусі пачалася адразу ж пасля Кастрычніка, нягледзячы на цяжкія ўмовы, звязаныя з нямецкай і белапольскай акупацыямі. У 1924 годзе ў Мінску ўжо было выдадзена больш 150 назваў кніг, сярод іх творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Беларусы атрымалі магчымасць прачытаць на сваёй роднай мове творы Маркса і Энгельса. У 1929 годзе пачалося выданне Збору твораў У. І. Леніна. А ў мінулым, 1966 годзе ў БССР убачыла свет 1741 кніга і брашура, тыраж якіх перавышае 21 мільён экземпляраў.

Далёкі нашчадак скарынінскага друкарскага станка — Мінскі паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа дае больш за 170 тысяч экземпляраў кніг і брашур у суткі, працуючы не толькі на Беларусь, але і на ўсю краіну.

Кніга і цяпер, як сказаў некалі Скарына, служыць «людем посполитым к доброму научению», але людзей паспалітых, якім даступна кніжная мудрасць, сёння не дзесяткі і не сотні, а мільёны, і «доброе научение», азаронае святлом марксісцка-ленінскай тэорыі, робіць іх свядомымі будаўнікамі камуністычнага грамадства.


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан