epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Людзі-суседзі

І
II


І

Ціха. Цёпла. А відно-віднюсенька, хоць ты іголкі збірай. І кудысьці цягне, і чагосьці хочацца. Вунь нават месяц і той вандруе па-над вёскай: прыемна і яму пагуляць у такую светлую ноч. Вось ён стуліўся за кучаравую пахучую ліпку і хоча падслухаць, што гавораць на прызбе Мікола з Ганулькаю. Глядзіць між вецця ліпы, а сам дзівіцца, а сам смяецца. Што ён убачыў такое цікавае?.. Такі дасціпны гэты месяц, такі ён сквапны падглядзець, дзе што робіцца ўначы. Вунь утаропіўся ўжо ў акно Рыгоравай хаты, загледзеўся на Рыгораву жонку. А яна спіць і не чуецца. Ён падымаецца ўсё вышэй і вышэй. Рыгор не спіць, ён бачыць усе месяцавы штукі. І жонку таксама. Бачыць і не думае пра яе — не першыня. Недзе ў мыцельніку загула муха. Не вытрымала мушынае сэрца хараства ночы — запела, аб каханні, напэўна.

Паўлюку ў акно таксама глядзіць месяц, бо і ў Паўлюка ёсць жонка, яшчэ маладзейшая, як у Рыгора. Паўлюк таксама бачыць усе месяцавы штукі, але таксама не думае пра жонку, бо і ў Рыгора ёсць конь, і ў Паўлюка стаіць у хляве кабыла. І Рыгораў есці хоча, і Паўлюкова святым духам не жыве. А выган збіты, а выган зрыты, а выган счэрнены, а запрагаць заўтра трэба.

«Павяду я за Бярэзнік,— думае Рыгор.— У мяне там папарніца, а ў Паўлюка — віка. Я каня спутаю на мураве, а сам незнарок задрамлю. Калі конь увойдзе ў Паўлюкову віку, дык што ж я тут вінават?..»

«Павяду я ў Карчоўе,— думае Паўлюк.— Там у мяне нічога няма, а ў Рыгора — канюшына. Я кабылу спутаю на мураве, а самога мяне зморыць сон. А калі кабыла ўскочыць у Рыгораву канюшыну, дык я ж тут ні пры чым».

А месяц глядзіць у вокны, а месяц смяецца.

Асцярожна, каб не пабудзіць жонкі, злез Рыгор з пасцелі, надзеў порткі, апрануў бравэрку і ціханька выйшаў.

Паўлюк тым часам таксама асцярожна злез, таксама надзеў порткі і, апрануўшы бравэрку, выйшаў.

Рыгор узяў каня і па загуменню павёў яго за Бярэзнік.

Паўлюк таксама ўзяў кабылу і сцежкаю між жыта павёў яе ў Карчоўе.

А месяц дзівіцца, а месяц смяецца.

Вось і Забярэзнішча, вось і Карчоўе, вось і шэрань расы на стоптанай каровамі мураве. І Рыгор путае каня, і Паўлюк простую не пускае.

«Хаця б чэрці Паўлюка не прыгналі»,— думае Рыгор, кладучыся на мураве за Бярэзнікам.

«Хаця б нячыстая сіла Рыгора не прынесла»,— думае Паўлюк, кладучыся на ўзмежку ў Карчоўі.

А месяц дзівіцца, а месяц смяецца.

Вось Рыгор незнарок задрамаў за Бярэзнікам, а Паўлюка змарыў сон у Карчоўі. Цярэбіць Рыгораў конь Паўлюкову віку, жадае свайму гаспадару ўсяго найлепшага і спакойнай ночы. Латошыць Паўлюкова кабыла Рыгораву канюшыну, хваліць свайго гаспадара і таксама жадае яму спакойнай ночы.

А месяц схаваўся, а месяц не глядзіць. Нашто? Каб яшчэ за сведку запісалі?

Не прыгналі чэрці Рыгора ў Карчоўе, не прынесла нячыстая сіла і Паўлюка за Бярэзнік,— недарэмна пажадалі жывёлы спакойнай ночы сваім гаспадарам.

Вось залямантавалі птушкі, абудзілі сонца. Узадралася яно (няма калі спаць — лета), глянула з-за бору адным вокам і зачырванелася — не то зазлавала, не то засаромелася, убачыўшы непарадкі.

Прачнуўся Рыгор за Бярэзнікам, схамянуўся і Паўлюк у Карчоўі.

«Добра, што ніхто не найшоў»,— падумаў Рыгор, беручы каня.

«Добра, што нікога не прыгнала сюды»,— падумаў Паўлюк, беручы кабылу.

А сонца глядзіць, а сонца дзівіцца.

 

II

Але ж як хутка цяпер гэты час бяжыць: вось толькі ўчора была субота, а сёння ўжо і нядзеля... А раз нядзеля, дык і бліны, А раз бліны, дык і мачанка. А раз яна мачанка, дык і мачаць яе павінны. Вось і мачаюць людзі. Рыгор таксама намачаўся. Добра-такі намачаўся, аж паясніца ўелася ў жывот. Намачаўшыся, ён вылез, а вылезшы — перахрысціўся. А калі перахрысціўся, дык ужо ж за стол больш нязручна садзіцца. Вось і рашыў ён пайсці ў Карчоўе паглядзець канюшыны.

Паўлюк таксама намачаўся, у яго таксама паясніца ўелася, і ён таксама рашыў пайсці паглядзець, толькі не ў Карчоўе, а за Бярэзнік, і не канюшыны, а вікі.

Прыйшоў Рыгор у Карчоўе, прыйшоў і Паўлюк за Бярэзнік.

І бачыць Рыгор — паўганок канюшыны яго стаптана — адны капыты ды падсохшыя конскія яблыкі.

І ў Паўлюка паўганок, і ў Паўлюка капыты, і ў Паўлюка конскія яблыкі.

— Ах, каб яго чэрві елі! Ах, каб яго пранцы! Вось народ! Вось заразы! Ну няхай жа б дзе з краю прыпусціў, дык не — паўганей збіў, каб яму грудзі ўзбіла. Ну-у-у, каб ведаў хто!—лаецца Рыгор, стоячы ў Карчоўі.

— Гэта ж трэба дадумацца! — прывёў у віку каня пасвіць. Ах, каб цябе сляпога вадзілі! Каб ты не даждаў аглядаць яго! Вось людзі! Вось суседзі! Збіў, стаптаў, з’еў ды яшчэ і напаскудзіў... Ну-у-у, каб ведаў хто! — лаецца Паўлюк, стоячы за Бярэзнікам.

А сонца дзівіцца, а сонца смяецца.

Ды такі было з чаго пасмяяцца.

1925




Беларуская Палічка: http://knihi.com