epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Людзі і д’яблы

Акт першы
  Карціна першая
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
Акт другі
  Карціна чацвёртая
  Карціна пятая
  Карціна шостая
Акт трэці
  Карціна сёмая
  Карціна восьмая
  Карціна дзевятая
  Карціна дзесятая


Ў ТРОХ АКТАХ, ДЗЕСЯЦІ КАРЦІНАХ

 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ:

Прымаковіч Алена Сцяпанаўна.

Барута Андрэй Пятровіч — яе муж.

Вікця — іх дачка, гадоў 25.

Таня — другая іх дачка, гадоў 12.

Суседка.

Даніловіч («Шаўцоў»).

Рунец Рыгор Тарасавіч («Вусаты»).

«Цётка».

«Страказа».

«Братка» — камандзір партызанскага атрада.

Канцавы — камандзір узвода.

Кузьмін Аляксандр Ільіч.

Міхаіл Фёдаравіч — урач.

Чэпік — партызан.

Акуліч — партызан.

Радыст.

Скробат Антон Іванавіч («Нёманскі»)

Жэня — яго жонка.

Валерык — іх сын, гадоў 12.

Марына — агент гестапа.

Кунц — палкоўнік, начальнік СД.

Нагель — маёр, начальнік следчага аддзела.

Мюлер — лейтэнант, яго намеснік.

Пельцэр — капітан, камандзір роты СС.

1-ы салдат-эсэсавец.

2-і салдат-эсэсавец.

Паліцэйскі.

Партызаны, нямецкія салдаты.

 

Дзея адбываецца ў канцы 1941 і пачатку 1942 года ў адным з гарадоў, часова акупіраваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

 

Акт першы

 

Карціна першая

Кватэра Алены Прымаковіч. Невялікі пакой. У правай сцяне — дзверы ў суседні пакой. У левай сцяне — акно. У задняй сцяне — дзверы ў пярэднюю, завешаныя таннай парцьерай. За парцьерай злева ўгадваюцца дзверы ў суседні пакой, справа — на кухню, прама дзверы на двор, якія відаць, калі адхінаецца парцьера. На левай сцяне — ходзікі. Пад ходзікамі сямейныя фатаграфіі. Пры / сцяне засланы ложак. Управа ад ложка, пры задняй сцяне,— шафа для адзення. Пасярэдзіне пакоя стол.

Таня высоўвае з-пад ложка куфэрак, адчыняе, дастае піянерскі гальштук. Завешвае фіранкай акно. Глядзіць на гадзіннік. Завязвае гальштук і глядзіцца ў люстэрка, якое стаіць на акне. Распраўляе гальштук.

Уваходзіць Алена. Таня аглядаецца, але не пакідае свае работы.

 

Алена. Што гэта ты надумала?

Таня. Гальштук завязваю.

Алена. Не трэба гэтага рабіць.

Таня. Трэба. Каб заўсёды помніць, што я піянерка.

Алена. Бачыла, як на рынку людзей вешалі?

Таня. А я не баюся.

Алена. Храбрая вельмі. А чаго ж ты плакала?

Таня. Мне іх шкада было. І злосць на фашыстаў. Тады мы з Надзяй Андруковіч і пакляліся завязваць гальштук кожны дзень на пяць мінут, аж пакуль нашы не вернуцца.

Алена. Знімі ды схавай, я табе кажу.

Таня. Яшчэ... (Глядзіць на гадзіннік.) дзве мінуты.

Алена. А як прыйдзе немец?

Таня. А я яму ў рыла.

Алена (смяецца). Якая ж ты яшчэ дурная!

Бразнулі дзверы. Таня бяжыць у бакоўку. Праз хвіліну з дзвярэй вытыркаецца яе галава.

Алена (расхінае парцьеру). Гэта ты?

Барута (уваходзіць і аддае ёй гавяджую нагу з капытом). На, халоднае зварыш.

Таня. Халоднае! Халоднае! (Плешча ў далоні).

Алена. Беднае дзяўчо. Як быццам і ў вочы ніколі не бачыла.

Таня. Яно смачненькае.

Алена. Цяпер і бульба з мундзірамі смачненькая. (Да мужа.) Зарабіў, мусіць, нешта?

Барута. Вагон дроў разгрузілі ўтрох.

Вікця (уваходзіць). Што тут за радасць такая?

Барута. Радасць вялікая. Гавяджы капыт дастаў.

Алена. А гавядзіну фашысты жаруць.

Барута. Цэлымі эшалонамі вывозяць. Бачыў сёння.

Алена. Хіба мы думалі калі, што дабро, набытае нашым мазалём, будуць спажываць злыдні? Што савецкую зямлю будуць таптаць гэтыя фашысцкія вырадкі?

Барута. Крыўда. Вялікая крыўда. Ну, але прыйдзе на іх пагібель.

Таня. А Вікця...

Вікця. Што — Вікця?

Таня. Ты ж ім служыш.

Вікця. Што б ты ела, каб я не служыла?

Таня. Мама, ты не давай мне таго пайка, што яна прыносіць. Я есці не буду.

Алена. Таня! Што гэта ты гаворыш!

Таня (да Вікці). Камсамолка, як табе не сорам!

Вікця (пакрыўджаная да слёз). Тата, растлумач ты гэтай дурніцы.

Алена. А як Вікцю ў Германію хацелі пагнаць, дык, нябось, плакала.

Барута. Ты, Танюша, дарэмна Вікцю пакрыўдзіла. Яна не фашыстам служыць, а людзям. Хворых лечыць. Гэта ж нашы людзі, нашто ж каб яны паміралі?

Таня. Паліцаяў яна лечыць.

Барута. Тут яна нічога зрабіць не можа. Калі адмовіцца, дык яе арыштуюць. Але ж паліцаяў там адзінкі, а больш такія людзі, як я ды твая мама.

Вікця. Тата, можа, і для цябе нядобра, што я там працую?

Барута. Я б табе сказаў.

Вікця. Твае таварышы могуць пра цябе дрэннае падумаць. Лепш, калі я не буду лічыцца тваёю дачкою.

Алена. Як гэта так?

Вікця. Я ваша кватарантка. Так лепш будзе.

Алена. Невядома, што ты выдумала.

Барута (задумаўся). Можа, і лепш. І не ў табе тут справа. Я таксама злажыўшы рукі сядзець не буду, і ўсяк можа быць. А раптам мяне схопяць. Тады і вас пацягнуць як радню. А так я — чужы чалавек. Кватарант, як ты кажаш. А гаспадыня кватэры — вось яна — Алена Сцяпанаўна Прымаковіч. І прозвішчы ў нас розныя.

Таня. А я хто?

Алена. А ты мая дачка.

Таня (да Баруты). А цябе як я буду зваць?

Барута. Ну як ты будзеш зваць... Заві, напрыклад, дзядзька Мікіта.

Таня. Мікіта! Як смешна!

Барута. Пры людзях. Гэта будзе мая мянушка.

Алена (нявесела). Вось мы і чужыя сталі. Хадзем, Танюша, паможаш мне бульбы начысціць. (Алена і Таня выходзяць.)

Вікця (падыходзіць да Баруты і абнімае яго за плечы). Татачка мой! Ты не крыўдзішся, што я ад цябе адраклася?

Барута. Не ты ў гэтым вінавата. Ды яно і лепш так. Мы ж дамовіліся.

Вікця. Не сумуй, татачка. Ты мне яшчэ раднейшы цяпер. (Цалуе бацьку і выходзіць.)

Голас за акном. Пілы наразаць! Брытвы, ножніцы тачыць! Пілы наразаць! Брытвы, ножніцы тачыць! (Адчыняюцца дзверы. Голас у пярэдняй.) Можа, нажы павастрыць трэба?

Барута (расхінае парцьеру). Заходзьце сюды,

Уваходзіць Рунец з тачылам.

Нож зусім вытупіўся. (Дае Рунцу нож. Рунец круціць тачыла. Яны неўзаметку прыглядаюцца адзін да аднаго.) Гэта вам не ўдалося выехаць? Ці вы наўмысля засталіся?

Рунец. Так прыйшлося. (Вострыць. Прабуе пальцам лязо.) А сам працуеш дзе?

Барута. Нідзе.

Рунец. Так мы тваю заяву і не паспелі разгледзець.

Барута. Яшчэ разгледзіце.

Рунец. Можа, ты і назад хацеў бы забраць, дык яна вывезена з партыйным архівам.

Барута. А нашто яе забіраць?

Рунец. Усяк бывае. Улада перамянілася.

Барута. Сумленне маЁне перамянілася.

Рунец. Добра і гэта.

Барута. А што нядобра?

Рунец. Нядобра тое, што некаторыя хочуць у зацішку перасядзець.

Барута. Гэта ты пра мяне?

Рунец. Пра некаторых.

Барута. То ты некаторым і кажы.

Рунец. Пакрыўдзіўся? Гэта крыўда мне падабаецца.

Барута. Я камуніст малады. Чакаю, што мне старэйшыя скажуць. У іх, напэўна, указанні ёсць.

Рунец. Ёсць такія ўказанні. Цэнтральны Камітэт даваў іх тым камуністам, якіх пакідаў у нямецкім тыле. Мы ведаем таксама выступленні кіраўнікоў нашай партыі. Асноўнае ўказанне — знішчаць ворага. Ёсць чуткі, што ў нашай вобласці нават дзейнічае абком, які ператварыўся ў падпольны. Дзей-ні-чае, разумееш? Нам, можа, не скора ўдасца звязацца з абкомам і ЦК, але гэта не значыць, што мы павінны сядзець склаўшы рукі.

Барута. Я гатоў рабіць тое, што мне скажуць. Скажуць страляць — буду страляць. Патраплю. У імперыялістычную вайну аддзяленнем камандаваў.

Рунец. Дзейнічаць трэба арганізавана.

Барута. А гэта вядома. Дык, напэўна ж, ёсць ужо якая-небудзь арганізацыя ў горадзе.

Рунец. Ёсць такая арганізацыя. Яна і ўзнімае на барацьбу ўсіх, каму нямецкае ярмо муляе карак, каму нязносна бачыць народ свой у фашысцкай няволі. Тут першая скрыпка належыць нам, камуністам. Нам жа і першая пятля, калі што якое. Хто гэтага баіцца, няхай лепш не блытаецца пад нагамі.

Барута. Якое заданне ты мне дасі?

Рунец. Вось хата твая мне падабаецца.

Барута. Хата нішто, толькі яна не мая. Я ў гаспадыні пакой наймаю.

Рунец. У зацішным месцы, падход зручны. Але калі не твая, то няма чаго і гаварыць.

Барута. А ты ўсё-такі пагавары з гаспадыняй.

Рунец. Ці варта?

Барута. Калі я кажу, дык ведаю.

Рунец. Хто тут яшчэ жыве?

Барута. У тым пакоі, супраць кухні, кабеціна маладая. Муж яшчэ перад вайной на граніцы загінуў.

Рунец. І як яна?

Барута. Можна не сумнявацца. Ды яна і дома рэдка бывае. У бальніцы працуе.

Рунец. Ручаешся?

Барута. Ручаюся.

Рунец. Пакліч гаспадыню.

Барута. Алена Сцяпанаўна! Зайдзіце сюды на хвілінку.

Алена ўваходзіць.

Рунец. Можа, нажы павастрыць трэба?

Алена. Не, не трэба. У мяне вось кватарант майстар на гэта.

Барута. У гэтага чалавека ёсць другая справа да вас. А чалавек гэты — наш.

Алена. Якая ж у вас справа да мяне?

Барута. Кватэра ваша яму падабаецца.

Рунец. Зацішная. Тут бы добра і сабрацца добрым людзям.

Алена. Добрым — чаму ж не сабрацца. Гэта як дзядзька Мікіта скажа. Пакойчык яго.

Рунец. З дзядзькам (падкрэслена) Мікітам мы дамовіліся, але я хачу папярэдзіць, што і для вас тут вялікая небяспека. Калі немцы даведаюцца...

Алена. А вы ж не зважаеце на гэта...

Рунец. Мая справа такая.

Алена. Дык, можа, і мая такая самая. Ва ўсіх савецкіх людзей цяпер адна справа.

Рунец. Можа, калі і прыхаваць што прыйдзецца, дык, думаю, не адмовіце?

Алена. Што, напрыклад?

Рунец. Коўдру, ватоўку якую-небудзь. У лесе ж нашы людзі ёсць... А часамі і стрэльбу.

Алена. Людзей хаваем, дык і гэта можна. Надоечы з гета адзін знаёмы ўцёк, дык тры дні ў нас у склепе сядзеў, пакуль у лес не пераправілі.

Рунец. Дзякуй, Алена Сцяпанаўна. То я і пайду ўжо.

Алена. Пачакайце. Вунь валакуцца ірады. Як у вас з дакументамі?

Рунец. Дакументы ёсць, але лепш не сустракацца.

Алена. То лезьце на вышкі.

Алена і Рунец выходзяць. Барута бярэ нож і пачынае вастрыць.

Уваходзяць немец і паліцэйскі.

Паліцэйскі. Дома сядзіш, лынды б’еш.

Барута. Не сяджу, а стаю, і не лынды б’ю, а нож вастру.

Паліцэйскі. Чаму на работу не ідзеш?

Барута. А гэта хіба не работа?

Немец. На завод. На чыгунка.

Барута. Гэта ён няхай ідзе (паказвае на паліцэйскага), а я стары.

Паліцэйскі. Пагавары ў мяне.

Барута (немцу). Альтэ. Альтэ. (Торкае сабе пальцам у грудзі.)

Немец. Пас!

Барута. Пашпарт? Калі ласка! (Дастае пашпарт.) Во! Год нараджэння — тысяча восемсот восемдзесят.

Немец (уважліва разглядае пашпарт і аддае Баруту. Да паліцэйскага). Форт!

Немец і Паліцэйскі выходзяць.

Барута. Здохне ваш фюрэр, пакуль я на яго буду працаваць. (За парцьеру.) Злазь, пайшлі ўжо!

Рунец (уваходзіць). Чаго ім трэба?

Барута. Дурняў шукаюць. Ідзі на завод працаваць. А я ім пашпарт тыц у зубы. (Паказвае Рунцу пашпарт.)

Рунец. Гэта ты такі стары?

Барута. Для іх — стары. З дзевяткі зрабіў васьмёрку і зразу пастарэў на дзесяць гадоў.

Рунец. Мастак. Будзем гэта мець на ўвазе. Яны ў які бок пайшлі?

Барута. У той.

Рунец. То я ў гэты. Бывай. (Мнагазначна.) Хутка спаткаемся. А пакуль што — вось, пачытай. (Вымае з кішэні некалькі зялёных лістовак і дае Баруту.) І таварышам дай, каго добра ведаеш. (Выходзіць.)

 

Карціна другая

Бальніца. Палата на тры ложкі. На адным ляжыць хворы ў непрытомнасці. Дыханне з хрыпам вырываецца з яго грудзей. На другім — Кузьмін. Адзін ложак пусты. Кузьмін, прыўзняўшыся на локаць, нецярпліва паглядае на дзверы. Уваходзіць Вікця ў бальнічным халаце.

Кузьмін (адкінуўся на падушку). Ну, нарэшце!

Вікця. Цярплівасці больш, малады чалавек! (Падыходзіць да ложка.) Як тэмпература?

Кузьмін (ківае галавой на столік). Нармальная.

Вікця (бярэ са століка тэрмометр, глядзіць). Усё ж такі... Трэба было б яшчэ паляжаць.

Кузьмін. Адзін такі паляжаў ужо.

Вікця (з апаскай паглядзела на суседні ложак). Не прыходзіў да памяці?

Кузьмін. Не.

Вікця. Сяргеева выдаў наш загадчык гаспадаркі.

Кузьмін. О гадзіна! Я яго прыкончу.

Вікця. Не дурыцеся!

Кузьмін. Чалавека якога загубіў!

Вікця. Вам раней трэба на ногі стаць.

Кузьмін. Гэта я магу. (Становіцца на ногі.) Вось ужо стаю.

Вікця. Трымаючыся за ложак.

Кузьмін. Калі ласка! (Накульгваючы, робіць некалькі крокаў.)

Вікця. Поўзаць можаце сяк-так.

Кузьмін. Ці хутка вы мяне выпусціце?

Вікця. Відаць, хутка.

Кузьмін. Ад каго гэта залежыць?

Вікця. Больш за ўсё ад яго. (Ківае галавой на цяжка хворага.)

Кузьмін (здзіўлены). Ад яго? Ён жа пры смерці.

Вікця. У гэтым і ўся справа.

Кузьмін. Не разумею.

Вікця. Хутка зразумееце. Кладзіцеся ў пасцель. Зараз сюды зойдзе Міхаіл Фёдаравіч, а з ім немец, капітан Пельцэр. Што я буду гаварыць, вы не пярэчце.

Кузьмін кладзецца ў пасцель.

Кузьмін. У вас ёсць які-небудзь план?

Вікця. Вы прозвішча суседа ведаеце? (Ківае на цяжкахворага.)

Кузьмін. Ведаю. Шуляк.

Вікця. Хто ён такі і адкуль?..

Кузьмін. Вы мне гаварылі пра яго.

Вікця (садзіцца на край яго ложка). Можа, вам прыйдзецца ім пабыць.

Кузьмін. Паліцаем?

Вікця. Нібыта.

Кузьмін. А вам гэта не пагражае?

Вікця. Вайна ўсім пагражае.

Кузьмін. Я не хачу, каб праз мяне вы на шыбеніцу трапілі.

Вікця. Я гэта раблю не толькі дзеля вас.

Кузьмін бярэ яе руку, гладзіць, падносіць да губ.

Не трэба.

Кузьмін. Чаму? Вам непрыемна?

Вікця. Не час цяпер.

Кузьмін. Таго часу можна і не дачакацца.

Вікця. У мяне такое адчуванне, як быццам я злачынства раблю.

Кузьмін. Страшэннае злачынства.

Вікця. Ну як жа! Бяда такая, людзі гінуць, а нам глупства на ўме.

Кузьмін. Гэта глупства апета паэтамі ўсіх часоў.

Вікця. Я не так сказала. Не глупства, вядома. Я яшчэ не ведаю, наколькі гэта сур’ёзна... для нас з вамі. Толькі для нас з вамі. Дык хіба ж мы можам са сваімі пачуццямі адгарадзіцца ад усяго? Вы там як сабе хочаце — хоць жывіце, хоць памірайце,— а нам не да гэтага: у нас каханне.

Кузьмін задумаўся.

Што ж вы маўчыце?

Кузьмін. А я вось... не адчуваю сябе злачынцам.

Вікця. Вы — справа іншая. Вы ваявалі, смерці ў вочы не раз глядзелі, кроў пралілі. Вы — паўнацэнны савецкі чалавек. А я вось пад нямецкай уладай працую. Прыйдуць нашы, спытаюцца: «А ты што рабіла ў гэты цяжкі час?» — «А я лётчыка савецкага кахала». Добра хоць, што не нямецкага, але наўрад ці палічаць мне гэта за подзвіг.

Кузьмін. Калі чалавек жыццём рызыкуе за добрую справу, дык гэта, напэўна, подзвіг?

Вікця (пачуўшы на калідоры галасы). Ідуць. (Устае і папраўляе пасцель.)

Уваходзяць Міхаіл Фёдаравіч і Пельцэр, у якога з-пад халата відаць нямецкая уніформа.

Пельцэр (глядзіць у паперку). Кузьмін Аляксандр Ільіч — каторы?

Вікця. Вось гэты. (Паказвае на Шуляка.)

Міхаіл Фёдаравіч здзіўлена глядзіць на яе з-за Пельцэра і паціскае плячамі.

Пельцэр. Я хацеў бы з ім пагаварыць.

Вікця. На жаль, гэта немагчыма, пан капітан. Ён у непрытомнасці.

Пельцэр (раскрывае хворага, заглядае яму ў твар). Як ён да вас трапіў?

Вікця. На вуліцы падабралі... цяжкараненага.

Пельцэр (да Міхаіла Фёдаравіча). Гэта праўда?

Міхаіл Фёдаравіч. Гэта было так. І дакумент адзін пры ім быў.

Пельцэр. Калі ён будзе магчы гаварыць, вы мне паведаміце.

Вікця. Ён у безнадзейным стане.

Міхаіл Фёдаравіч (падыходзіць да хворага, мацае пульс). Да вечара наўрад ці дацягне.

Пельцэр. У той дзень, як вы яго палажылі, недалёка ад горада быў збіты савецкі самалёт. Два лётчыкі выкінуліся з парашутамі. Вельмі магчыма, што гэта адзін з іх. Вы яго прытулілі. (Да Вікці.) Вось вы.

Вікця. Што за прыемнасць прытульваць мерцвяка?

Пельцэр. А каго б вы прытулілі?

Вікця. Ва ўсякім разе не труп.

Пельцэр. А наогул вы гэта можаце?

Вікця. Калі хто таго заслугоўвае.

Пельцэр. Ая магу заслужыць?

Вікця. Паспрабуйце.

Міхаіл Фёдаравіч дзівіцца з такіх яе паводзін, дакорліва ківае галавой.

Пельцэр. Як вас зваць?

Вікця. Вікторыя.

Пельцэр. Вікторыя! Перамога, значыць. Такую перамогу я хацеў бы атрымаць.

Вікця. Гэта перамога не так лёгка даецца.

Пельцэр. Скажыце, мілая перамога, вы не хочаце сёння са мной на танцы?

Вікця. А хворыя (ківае на Шуляка) няхай паміраюць?

Міхаіл Фёдаравіч. Сёння ніяк нельга.

Пельцэр (да Вікці). А калі-небудзь?

Вікця. Калі-небудзь — паглядзім.

Пельцэр. Буду спадзявацца. (Да Міхаіла Фёдаравіча.) А наконт хворага папярэджваю: вы за яго галавой адказваеце.

Міхаіл Фёдаравіч. Ён у вашым распараджэнні, пан капітан. Рабіце з ім, што хочаце.

Пельцэр. Дзякую. Мёртвы ён мне не патрэбен.

Міхаіл Фёдаравіч. На жаль, мы не ў сілах вярнуць яму жыццё.

Пельцэр (глядзіць у паперку). А ваша прозвішча?

Кузьмін. Шуляк, пан капітан.

Пельцэр. У паліцыі служыце?

Кузьмін. У паліцыі.

Пельцэр. Як жа гэта вас падстрэлілі?

Кузьмін. Ноччу, у часе аднае аперацыі.

Пельцэр. І як здароўе?

Кузьмін. Добра, пан капітан. Рана, можна сказаць, зажыла.

Вікця. Мы яго выпісваць збіраемся.

Пельцэр. А партызан вы цяпер не будзеце баяцца?

Кузьмін. Партызан! Мне б толькі дарвацца да іх.

Пельцэр (задаволена ківае галавой). Я далажу пра вас каму належыць.

Кузьмін. Дзякую, пан капітан.

Пельцэр накіроўваецца да дзвярэй. У дзвярах ён паварочваецца, галантна кланяецца Вікці і выходзіць. За ім — Міхаіл Фёдаравіч.

Вікця (уздыхае з палёгкай). Фу!

Кузьмін. Ну і ну!

Вікця. А пра лётчыка яны не забыліся. Майце на ўвазе.

Кузьмін. Няўжо вы сапраўды на танцы з ім пойдзеце?

Вікця. Яшчэ чаго не хапала.

Кузьмін. Вы так какетнічалі.

Вікця. Гора плача, гора скача, гора песенькі пяе.

Міхаіл Фёдаравіч (уваходзіць усхваляваны). А-я-яй, Вікторыя Андрэеўна! Як жа вы так адважыліся?

Вікця. А што ж было рабіць, Міхаіл Фёдаравіч?

Міхаіл Фёдаравіч. А каб я не пацвердзіў вашай маны?

Вікця. Вы б загубілі чалавека.

Кузьмін. І не аднаго.

Міхаіл Фёдаравіч. Чаму ж вы рашылі, што я буду рызыкаваць жыццём?

Вікця. Бо я вас ведаю.

Міхаіл Фёдаравіч (злосна). Ні чорта вы мяне не ведаеце. І я прашу без майго ведама маім жыццём не распараджацца.

Вікця (весела падморгвае Кузьміну). Але ж цяпер позна ўжо пра гэта гаварыць.

Міхаіл Фёдаравіч. І трымалі вы сябе з ім вельмі вольна. Ён можа чорт ведае што падумаць.

Вікця. Няхай думае.

Міхаіл Фёдаравіч. Глядзіце, дагуляецеся. А гэтага (паказвае на Кузьміна) выпісаць! Зараз жа!

Вікця. Вядома. Праўда, ён яшчэ слаба ходзіць.

Міхаіл Фёдаравіч. Няхай хоць ракам поўзае. Аддаць яму дакументы Шуляка. А гэты... (Ківае на Шуляка.) Тут справа ясная... (Выходзіць.)

Вікця. І куды ж вы пойдзеце? Ні кутка ў вас няма, ні знаёмых. Пагавару я са сваёй гаспадыняй. Можа, яна прытуліць, пакуль паправіцеся.

 

Карціна трэцяя

Кабінет начальніка следчага аддзела Нагеля.

Кунц. Чым вы можаце мяне парадаваць, пан маёр?

Нагель. Навін, якія б маглі вас парадаваць, пан палкоўнік, у мяне няма.

Кунц. А ў мяне ёсць для вас навіны. (Вымае з папкі зялёную лістоўку.) Вось! Палюбуйцеся!

Нагель. Гэта ў мяне ўжо ёсць, пан палкоўнік. (Вымае такую ж лістоўку з верхняй шуфляды свайго стала.)

Кунц. Не высветлілі, дзе надрукавана?

Нагель. Яшчэ не ўдалося. Я ўстанавіў нагляд за гарадской друкарняй.

Кунц. А гэта вы бачылі? (Вымае аб'яву акупантаў і разгортвае перад Нагелем.) Вы ж па-руску чытаеце?

Нагель (чытае). Брах-ня.

Кунц. Так па ўсім горадзе на аб’явах нямецкай улады. Штамп спецыяльны выразалі. А ёсць і горшыя рэчы. (Вымае з папкі наступную паперу.) Гэта загад камандавання, дзе ўпамінаецца імя фюрэра. Вы па-беларуску, здаецца, таксама чытаеце?

Нагель (чытае па складах). Па-ца-луй-це свай-му фю-р-эру...

Кунц. Як вам гэта падабаецца?

Нагель. Мне гэта зусім не падабаецца, пан палкоўнік.

Кунц. На шашы, на трыццаць сёмым кіламетры, абстралялі грузавую машыну. Трох нашых салдат забілі, зброю і прадукты забралі.

Нагель. Я магу прадоўжыць гэты спіс, пан палкоўнік. З лагера знікла група палонных. З паліцэйскай казармы прапалі аўтамат і чатыры вінтоўкі.

Кунц. Як вы ўсё гэта расцэньваеце?

Нагель (вымае з шуфляды і падае Кунцу паперку). Гэта вам сёе-тое растлумачыць.

Кунц. Партызанская прысяга. (Чытае.) «...і не палажу зброі да таго часу, пакуль родная беларуская зямля не будзе ачышчана ад нямецка-фашысцкай погані». Якое нахабства!

Нагель. Горш за ўсё, што гэта нахабства з кожным днём расце.

Кунц. Прыгледзеліся да вашай работы і рашылі, што не такі чорт страшны, як яго малююць.

Нагель. Нашу работу яны бачылі на рыначнай плошчы, калі іх прыяцелі матляліся на вяроўках. Яна не дае ім падставы так думаць.

Кунц. Усе гэтыя факты зараз жа будуць вядомы ў Берліне.

Нагель. Не абавязкова пра кожную дробязь у Берлін паведамляць.

Кунц. Без нас паведамяць. Ёсць прыяцелі, якія рады выслужыцца за наш кошт. І калі мы не прыдумаем чаго-небудзь незвычайнага, дык на ласку фюрэра нам няма чаго спадзявацца.

Нагель. Гэта ўсё гучыць як дакор у мой адрас, пан палкоўнік. Але ж вы помніце фразу з данясення гаўляйтэра фюрэру: «У Беларусі няма матэрыяльных і персанальных прадпасылак для стварэння мясцовага самакіравання». Гэта значыць, што тут вельмі цяжка знайсці людзей, якія б захацелі з намі працаваць.

Кунц. Калі мы будзем спадзявацца толькі на тых, хто захоча, дык лепш кінуць гэту работу.

Нагель. Вы мне прапануеце адстаўку?

Кунц. Я вам прапаную сур’ёзна займацца справай, маёр Нагель. Апрача добрай волі, ёсць яшчэ прымус, тэрор, жах, якія могуць працаваць на нас.

Нагель. Я раблю ўсё, што ў маіх сілах, пан палкоўнік.

Кунц. А вынікі? Дзе рука, якая накіроўвае ўсю гэту падрыўную работу? У вас пад носам, можа, падпольны гарком дзейнічае, а вы ўсё будзеце пра цяжкасці размаўляць.

Нагель. Што ў горадзе дзейнічае падпольная камуністычная арганізацыя, у гэтым я не сумняваюся.

Кунц. Дык што вы думаеце рабіць?

Нагель. Ёсць адна ідэя, пан палкоўнік.

Кунц. Што за ідэя?

Нагель. Пралезці ў гэту арганізацыю.

Кунц. Гэта хто ж пралезе? Вы, ці што?

Нагель. Мы.

Кунц. Паспрабуйце, а я пагляджу.

Нагель. Як вы ведаеце, у падвале гэтага дома сядзяць, праўдзівей, ляжаць некалькі камуністаў. Гэта тыя, што не паспелі ўцячы, а можа, наўмысна пакінуты для падрыўной работы. Усе яны адмаўляюцца, што ведаюць што-небудзь пра падпольную работу. На вочных стаўках адзін аднаго не прызнаюць.

Кунц. Білі?

Нагель. Трох забілі да смерці.

Кунц. Грубая работа. Трэба так біць, каб што-небудзь выбіць.

Нагель. Можа, вы, пан палкоўнік, хочаце глянуць на аднаго з іх? Вельмі цікавы экземпляр. Жывы яшчэ. Спецыяльна для вас пакінуў.

Кунц. Цікава.

Нагель (націскае кнопку).

Уваходзіць салдат.

Прывесці сюды Шаўцова!

Салдат казырае і выходзіць.

Вось гэтага б нам уламаць. Але... А ўрэшце, ёсць некаторыя нечаканыя для яго акалічнасці... (Вымае са стала танюсенькую шаўковую стужачку.) у выглядзе вось гэтага дакумента.

Кунц (разглядае дакумент). Гм... Вось якая штучка! Гэта яго сапраўднае прозвішча?

Нагель. Так. І подпісы на дакуменце таксама сапраўдныя.

Два салдаты ўводзяць пад рукі скатаванага Даніловіча.

Нагель. Падыходзьце бліжэй.

Даніловіч зрабіў некалькі крокаў і пахіснуўся.

Кунц (падтрымаў яго пад локаць). Вось да якога стану вы сябе давялі, пан Шаўцоў.

Даніловіч рыўком адняў сваю руку і апусціўся ў крэсла.

Нагель. Вы ведаеце, хто перад вамі?

Даніловіч (гаворыць з цяжкасцю, з доўгімі паўзамі). Мне... ўсё роўна.

Нагель. Гэта — шэф нашай установы, палкоўнік Кунц. Спадзяюся, чулі?

Даніловіч маўчыць.

Пан палкоўнік хоча з вамі гаварыць.

Даніловіч. Але... я з ім... не хачу.

Нагель. У яго ёсць некалькі пытанняў да вас.

Даніловіч. Перадайце яму... тое... што я вам сказаў.

Кунц. Вы рашылі абвастрыць нашы адносіны? Гэта не ў вашых інтарэсах.

Даніловіч. Аб маіх інтарэсах... не вам... меркаваць.

Кунц. Я мяркую, што ў вашых інтарэсах падумаць аб тым, ці варта аддаваць жыццё за безнадзейную справу.

Даніловіч. Усё абдумана... без вашай... дапамогі.

Кунц. Хутка будзе ўзята Масква.

Даніловіч. Не веру.

Кунц. Чаму? Гляньце, дзе фронт. (Паказвае на карту.)

Даніловіч (не глядзіць на карту). Таму што... веру... у сілу савецкага народа.

Кунц. Незалежна ад вашай веры, Маскву мы ўсё-такі хутка возьмем. І тады ўся справа, за якую вы змагаецеся, не варта будзе і ломанага гроша.

Даніловіч. Не лічу патрэбным... дыскусіраваць... на гэту тэму.

Нагель. Дарэмна, пан Даніловіч. (Падкрэслена.) Даніловіч, а не Шаўцоў, як вы сябе называеце. Вось! (Расцягвае перад вачамі стужачку.) Пазнаяце? З гэтым вас паслалі сюды. (Чытае.) «...Выполняет поручение ЦК КП(б) Белоруссии». Так што мы цяпер ведаем, хто вас паслаў, для чаго і хто вы такі.

Даніловіч. Тым... лепш. Значыць... ведаеце... з кім маеце справу.

Кунц. І гаварыць нам з вамі неабходна.

Даніловіч. Я ўсё... сказаў.

Кунц. Вы так па-дурному хочаце памерці?

Даніловіч. Вы... не можаце мяне... умярцвіць.

Кунц (здзіўлена). Чаму?

Даніловіч. Я... бессмяротны.

Кунц (яшчэ больш здзіўлены). Вось як! (Жэстам паказвае Нагелю, што гэта вар'ят. Нагель адмоўна ківае галавой.) Я вельмі лёгка мог бы даказаць, што вы памыляецеся. (Бярэ ў рукі пісталет, які ляжыць на стале.) Варта толькі націснуць.

Даніловіч. Справа... за якую мы... змагаемся... не памрэ. Значыць... і я... (Ён траціць прытомнасць і падае з крэсла.)

Нагель. Вынесці!

Салдат ы выносяць Даніловіч а.

Кунц. Фанатык.

Нагель. Вы цяпер бачыце, пан палкоўнік, як мне лёгка з імі.

Кунц. Гэтага павесіць. Але не ўсе ж такія?

Нагель. Ёсць адзін, з якога можа выйсці толк. Праўда, без такіх паўнамоцтваў.

Кунц. Чаму вы думаеце, што з яго выйдзе толк?

Нагель. Заплакаў.

Кунц. Вы дабіліся ад яго чаго-небудзь?

Нагель. Не паспеў. Ён прытомнасць страціў. Цяпер ужо, напэўна, ачухаўся.

Кунц. Дык, можа, мы зараз і зоймемся ім?

Нагель. Можна. (Націскае кнопку.)

Уваходзіць Салдат.

Прывесці сюды Скробата!

Салдат казырае і выходзіць.

Цяпер вам зразумела мая задума, пан палкоўнік?

Кунц. Яе яшчэ трэба ажыццявіць.

Два салдаты ўводзяць пад рукі скатаванага Скробата.

Нагель. Сядайце, пан Скробат.

Салдаты апускаюць Скробата ў крэсла.

Мы ў мінулы раз не скончылі нашай гутаркі.

Скробат. Я нічога гаварыць не буду.

Нагель. А мы будзем прасіць, каб вы гаварылі. Вы ведаеце, як мы ўмеем прасіць.

Скробат. Зноў катаваць! Забіце лепш адразу. Застрэльце або павесьце!

Нагель крадком падмаргнуў Кунцу.

Кунц. Бач, чаго захацеў! Можа, яшчэ пад наркозам вас на той свет адправіць, каб вы болю не адчулі?

Нагель. Дазвольце мне, пан палкоўнік.

Кунц ківае галавой.

Мы ведаем стойкасць камуністаў, пан Скробат. Што яны гатовы памерці за сваю справу, мы ў гэтым не раз пераконваліся. Але ці варта сама справа такой ахвяры? Можа, яна безнадзейная? Вы чалавек інтэлектуальна развіты, і я раіў бы вам падумаць пра гэта. Як вы думаеце, хто пераможа ў вайне?

Скробат. Не ведаю.

Кунц. А вы гляньце сюды. (Паказвае на карту, на якой абазначана лінія фронту.)

Нагель. Дзе была лінія фронту, калі мы вас злавілі?

Скробат маўчыць.

Я вам напомню — на Дняпры. А сёння? Вунь дзе: пад самай Масквой.

Скробат. Напалеон нават у Маскве быў.

Нагель. Прыклад няўдалы. У Напалеона не было танкаў і самалётаў.

Кунц. Вам Сталін гаворыць, што справядлівасць на вашым баку і вы пераможаце. Але ж не заклінанне вырашае справу, а рэальная сіла, баявая тэхніка. Успомніце, што вашы кіраўнікі гаварылі перад вайной: «Ніводнага вяршка свае зямлі мы не аддадзім». І што ж, спраўдзілася гэта заклінанне? Палічыце, колькі вяршкоў ад Брэста да Масквы.

Нагель. Няўжо ў вас і пасля гэтага засталася яшчэ якая надзея на перамогу?

Кунц. Ён не такі наіўны. Адказнасць перад партыяй — вось што яго пужае. Але ж хутка не будзе ні вашай партыі, ні самога Сталіна. Можаце лічыць, што іх ужо няма. Вы вольны распараджацца сваім лёсам, не баючыся ніякай адказнасці.

Скробат. Чаго вы ад мяне хочаце?

Нагель. Вельмі нямнога.

Кунц. Вы будзеце весці падрыўную работу супраць нямецкіх захопнікаў.

Нагель. Магчыма, што існуе падпольны гарком ці іншая камуністычная арганізацыя. Вам трэба туды ўвайсці.

Кунц. Не выклікаючы падазрэння.

Нагель. Возьмеце на ўлік усіх камуністаў горада.

Скробат. Я не магу гэтага зрабіць.

Кунц. Чаму?

Скробат. Я беспартыйны.

Кунц (да Нагеля). Як беспартыйны?

Нагель. Мы пра гэта ведаем. Але выключылі вас з партыі пасля таго ўжо, як пачалася вайна.

Кунц. За што выключылі?

Нагель. Не выканаў партыйнага задання. Яму даручылі эвакуіраваць завод, а ён збег. Але адбылося гэта не тут. Тут пра гэта ніхто не ведае.

Кунц. А калі б і сустрэўся хто, можна сказаць, што выключэнне было памылковым. Памылка выпраўлена.

Нагель (паказвае Скробату дакумент Даніловіча). З такім дакументам давер’е вам забяспечана.

Кунц. Нашы спецыялісты зробяць якраз такі.

Скробат. Я не даваў вам згоды.

Кунц. Я ж казаў, што ён баіцца адказнасці.

Скробат. Апрача адказнасці ёсць яшчэ сумленне. Звычайнае чалавечае сумленне.

Нагель. Сумленне — гэта нешта вельмі неакрэсленае. Логіка, дарагі мой, логіка! Вось чым трэба кіравацца ў жыцці.

Кунц. У вас ёсць сям’я?

Скробат. Была.

Нагель. Ваша сям’я жывая.

Скробат. Цешыце, каб я больш згаворчывы быў.

Нагель. Жонка ваша завецца Жэня, сын — Валерык, дачка — Надзя. Жывуць у вёсцы, у сястры вашай жонкі.

Скробат (усхваляваны). Сапраўды жывыя!

Нагель. І здаровыя. Не турбуйцеся, мы іх без увагі не пакінем.

Скробат. І іх таксама... будзеце катаваць?

Кунц. Іх лёс залежыць ад вас.

Скробат сядзіць прыгнечаны.

Нагель. Выгляд у вас няважны. Мы дадзім вам адпачыць, каб гэта ўсё зажыло. Ногці чорныя. Гэта вынік...

Скробат. Вашай шчырай размовы са мной.

Нагель. Мае хлопцы незнарок дзвярамі прыціснулі? Глупства, новыя нарастуць. Жыць будзеце ў аднае цікавай жанчыны. Яна піражкамі гандлюе і вас падкормліваць будзе. Часамі будзеце ездзіць з намі да знаёмых у госці. А каб вас не пазналі, будзеце надзяваць вось гэту штуку. (Дастае з шафы чорны плашч з капюшонам, у якім прарэзаны дзіркі для вачэй.) Гэта вельмі зручна. (Надзявае на сябе плашч.) Вы яго бачыце, а ён вас не.

Скробат (з жахам). Я не хачу быць здраднікам!

Кунц (раззлаваны). Асёл.

Нагель. Вам жа пан палкоўнік растлумачыў, што здраджваць няма каму.

Скробат. Я не магу! Не патрабуйце ад мяне гэтага!

Кунц і Нагель пераглянуліся.

Кунц. Чорт з ім, няхай здыхае.

Нагель. Мае хлопцы яшчэ пагавораць з ім. (Звоніць.)

Скробат. Забіце мяне тут! Я не пайду адгэтуль.

Нагель. Выведуць.

Скробат. Вырадкі фашысцкія! Сабакі шалёныя. І Гітлер ваш — сабака. Паздыхайце вы ўсе разам з ім.

Кунц хапае са стала пісталет. Нагель падае яму знак.

Кунц (апускае пісталет і, усміхаючыся, ківае Скробату пальцам). Не выйдзе.

Нагель. Правакацыя не ўдалася.

Кунц. Лёгкай смерцю ты не памрэш.

Уваходзяць два салдаты.

Нагель. Паўтарыць!

Салдаты хапаюць Скробата пад рукі.

Скробат (супраціўляючыся, хапаецца за стол, за крэслы). Забіце мяне! Я не пайду. Забіце мяне!

Кунц (Нагелю). І наконт сям’і... таксама паклапаціцеся.

Салдаты цягнуць Скробата да дзвярэй.

Скробат (з адчаем). Чакайце! пусціце, я нешта хачу сказаць.

Нагель дае знак, салдаты адпускаюць Скробата, і ён, знясілены, асядае на падлогу.

Нагель. Я вас слухаю.

Скробат. Дайце мне падумаць.

Нагель дапытліва глядзіць на Кунца.

Кунц. Няхай падумае.

Нагель (салдатам). Завядзіце ў камеру. Не чапаць пакуль што.

 

Заслона

 

Акт другі

 

Карціна чацвёртая

Кватэра Алены Прымаковіч. Дэкарацыя першай карціны. Алена сядзіць ля стала, папраўляе Таніна асенняе паліто. З суседняга пакоя ўваходзяць Барута і Кузьмін.

Барута (Кузьміну). Зараз праверым. (Да Алены.) Пазнайце, Алена Сцяпанаўна, дзе тут падробка.

Алена. А нашто было яго падрабляць?

Кузьмін. Я не хачу насіць гэта паганае імя.

Барута. Як прачытаў у газеце, што Шуляка немцы ўзнагародзілі за верную службу...

Кузьмін. Мне той пашпарт цяпер і паказваць нельга было б.

Барута. Гэты смела можаш паказваць. (Да Алены.) А вось два аўсвайсы. Пазнайце, каторы з іх падроблены.

Алена. Што вы ўсё мяне экзаменуеце!

Барута. Гэта я сябе экзаменую.

Алена (разглядае пропускі). Дайце самому таму, што падпісваў, дык і ён не распазнае.

Барута. То-та ж. Тут тонкасць патрэбна. Пазнаюць, што падроблены, і прапаў чалавек. А так патрэбуюць: «Форцайген зі!» — «Бітэ. Калі ласка». Подпіс, пячатка, усё як мае быць! Пяць дзён сядзеў, пакуль выразаў. Вось яна. (Вымае з кішэні пячатку.)

Кузьмін. А бланкі ж вы не самі робіце?

Барута. На гэта ёсць у мяне прыяцель адзін у гарадской управе. Паўкіло сала за кожны бланк дзярэ, сукін сын. (Чуваць стук у дзверы. Барута прахінае трошкі парцьеру. Алене.) Да цябе, відаць.

Кузьмін выходзіць за парцьеру. Барута ў суседні пакой.

Чэпік (уваходзіць). Добры дзень.

Алена. Добры дзень. Што добрае скажаце?

Чэпік. Я чуў, што вы нажную машыну прадаяце.

Алена. Нажной няма. У нас толькі ручная.

Чэпік. Я рад, што трапіў куды трэба. Мне сказалі, што вы можаце дапамагчы.

Алена. Якая ж дапамога вам патрэбна?

Чэпік. Ёсць такі таварыш Братка. Мне б да яго. Тут мяне шукаюць.

Алена (уважліва паглядзеўшы на Чэпіка). Калі шукаюць, то трэба дапамагчы. (Гукае.) Танюша!

Уваходзіць Таня.

Завядзі гэтага чалавека на рынак. Да тае цёткі, што гузікі прадае.

Таня (Чэпіку). Добры дзень.

Чэпік. Добры дзень.

Таня (аглядае Чэпіка з галавы да ног). Шэрая кепка, чорная ватоўка, зашмальцаваныя штаны, падраныя чаравікі... Пайшлі!

Чэпік (усміхаецца). Баявая яна ў вас.

Таня. Як толькі адыдуся ад століка з гузікамі, вы зараз жа падыходзьце. Па вуліцы ідзіце за мной на дваццаць крокаў.

Чэпік (да Алены). Дзякую. Бывайце здаровы.

Алена. Шчасліва дайсці.

Таня і Чэпік выходзяць.

Барута (уваходзіць). Папаўненне?

Алена. Прыбывае патроху.

Барута. Пачакай, хутка вясна, яшчэ не тое будзе.

Рунец (уваходзіць). Добры дзень.

Барута. Добры дзень.

Рунец вітаецца за руку з Барутам і Аленай.

Алена. Сядайце, таварыш Вусаты.

Рунец. А такі не пашкодзіць. На чатырох кватэрах быў, а яны ў розных канцах горада.

Алена. Можа, што добрае чуваць?

Рунец. Чуваць, Алена Сцяпанаўна. Такія гучныя навіны, што іх пачуе ўвесь горад і яго наваколле. Але... больш не пытайцеся, нічога не скажу. Вось яшчэ Цётка нешта важнае мае сказаць. Таварышы прыйдуць. Вуньі лесавік наш, Братка, прыехаў ужо. Сапраўдны шляхціц. Бурку аднекуль выкапаў.

Братка (уваходзіць з торбай у руках). Добры дзень у хату.

Рунец. Здароў, ваша мосць.

Братка. Што, пазайздросціў? (Ляпае рукой па бурцы.) Гэта вам, гаспадынька. (Дае Алене торбу.)

Алена. Што ж гэта такое?

Братка. Я чуў, што ваш кватарант без скаромнага вас пакінуў.

Алена. Я не вазьму. Самім есці нечага. Вы ж там у лесе парсюкоў не корміце.

Барута. Бярыце, Алена Сцяпанаўна. (Бярэ ў рукі торбу і перадае Алене.) Гэта ж колькі бланкаў можна выменяць на гэта сала.

Братка. Добрых хлопцаў вы нам прысылаеце.

Алена. Хіба ж гэта я? Да мяне іх таксама нехта прысылае.

Братка. Добрыя хлопцы, толькі без зброі некаторыя прыходзяць. А без зброі хто ён у нас? Дармаед.

Алена. Ёсць трошкі і зброі.

Братка. Дык трэба даставаць ды ў ход пускаць.

Алена. А як пераправіць? Пад паху ж не возьмеш. Фурманка патрэбна.

Братка. Фурманка — вунь яна. Фурман патрэбен. Я для такога грузу не падыходжу. І так тры разы запынялі, пакуль сюды прыехаў.

Рунец. Тут бы жанчыну, ды пажылую.

Алена (зразумеўшы гэта як просьбу). Калі трэба дык трэба.

Братка. Вельмі трэба, Алена Сцяпанаўна.

Алена (да Баруты). Пішыце аўсвайс, таварыш Мікіта. Еду на вёску барахло мяняць.

Барута выходзіць.

Братка. Куды везці, я потым скажу.

Алена. Вікця пыталася, што ёй з медыкаментамі рабіць.

Братка. А ёсць?

Алена. Збірае патрошку. Кожны раз, як прыйдзе з бальніцы, дык і прынясе што-небудзь. Гляджу раз, нешта як быццам папаўнела дзяўчына. Пачала раздзявацца, а на ёй метраў дваццаць марлі накручана.

Братка. Гэта ўсЁнам патрэбна, гаспадынька.

Барута (уваходзіць). Калі ласка. (Дае Алене пропуск )

Рунец. Пакажыце. (Разглядае дакумент.) Не падкапаешся. (Аддае Алене.)

Таня (уваходзіць). Добры дзень.

Рунец. Добры дзень, Танюша.

Таня. Мама, я гузікі купіла.

Алена. Добра, дачушка. Пайдзі цяпер пагуляй ля варот. Калі што якое...

Таня. Дык я буду гукаць: «Мама, парсючок есці хоча». (Выходзіць.)

Алена. Дык, можа, укладваць мне паможаце?

Братка. Камандуйце.

Алена. Вы, таварыш Мікіта, лезьце на вышкі, знімайце, што там ёсць. А вам (звяртаецца да Браткі і Рунца) я таксама дам работу.

Накульгваючы, уваходзіць Кузьмін.

Братка. Вось і яшчэ памочнік з'явіўся.

Алена. Мы без яго ўправімся.

Братка. Як ногі, салдат?

Кузьмін. Ногі зажываюць. З рукамі дрэнная справа.

Братка. А што такое?

Кузьмін (паказвае рукі). Пустыя яны ў мяне. А з пустымі рукамі які ж я салдат?

Братка. Ах, вось што. Ідзі на склад і атрымай «ТТ». Можа, табе трэбаванне выпісаць?

Кузьмін. Сам здабуду. Пакуль што мне хоць бы фінку якую. Поскудзь адна тут поўзае. Друга майго выдаў фашыстам. Я пакляўся адпомсціць.

Братка. Святая клятва. Магу табе пазычыць для такой справы. (Дае Кузьміну фінку.)

Кузьмін. Дзякую.

Алена. Выходзьце ў двор, я зараз. (Усе выходзяць. Алена зараз жа варочаецца з Вікцяй.) Апаражняй свае сховішчы. Пакуй у кошыкі, павязём у лес.

Вікця. Ты сама павязеш?

Алена. Мне гэта зручней, як каму другому.

Вікця (абняла маці). Мамачка!

Алена. Трэба, дачушка. Дыхаць жа нельга, а не тое што жыць. (Нейкі час яны стаяць моўчкі.) Калі што якое, глядзі бацькі і Тані. Глядзіце адно аднаго. Саша нешта задумаў. Братка яму фінку даў. Хлопец ён гарачы, каб у бяду не трапіў. (Выходзіць.)

Вікця вымае са сховішчаў і складае ў кошык вату, марлю, бінты, бутэлькі, бутэлечкі.

Кузьмін (уваходзіць). Ты мяне клікала?

Вікця. Скажы, што ты надумаў?

Кузьмін. Я пакляўся знішчыць здрадніка. Ты гэта ведаеш.

Вікця. Баюся я за цябе.

Кузьмін (абнімае яе за плечы). Шкадуеш трошкі?

Вікця. І шкадую. Ты ж мне не чужы.

Кузьмін. Харошая мая. (Цалуе ў шчаку.) За ўсіх ты баішся, толькі за сябе не баішся.

Вікця. Я здаровы чалавек, спрытней магу павярнуцца, а ты вось... кульгаеш яшчэ.

Кузьмін. А калі я не перастану кульгаць, дык гэты падлюга так і застанецца жыць?

Вікця. Цябе і прыкмеціць лёгка, і бегчы ты не можаш, калі што.

Кузьмін. А ты мне дапаможаш, дык усё добра будзе.

Вікця. Як жа я табе дапамагу?

Кузьмін. У цябе ёсць на гэта хуткая дапамога. Шафёр, ты казала, свой хлопец. Я прыеду на тэрыторыю бальніцы як санітар. Хуткая дапамога будзе напагатове.

Вікця. Ты, здаецца, нядрэнна прыдумаў.

Кузьмін. Сумленне мучыць, вось і думаю. Сяргеева сёння сніў.

Рунец (уваходзіць). Дазволь, салдат, мне крыху пасакрэтнічаць.

Кузьмін выходзіць.

Як у цябе справы з фрыцам, пра якога ты мне расказвала?

Вікця. Ніякіх спраў у мяне з ім няма.

Рунец. Дарэмна. Трэба, каб былі.

Вікця. Што ж я павінна рабіць?

Рунец. Язык яму развязаць. Чары, чары трэба ў ход пускаць. Супраць жаночых чар і фашыст не ўстаіць. Дражніся, падбівай, каб больш балбатаў. Што-небудзь прабалбочацца, а ты на вус матай.

Вікця. Паспрабую.

Рунец. Абавязкова паспрабуй. (Выходзіць.)

Вікця ўкладвае медыкаменты і выходзіць з кошыкам у двор. Праз хвіліну ўваходзіць Цётка.

Цётка. Няма нікога. Але ж Таня на варце, значыць, яны недзе тут.

Уваходзіць Страказа.

Страказа прыляцела, навіны прынесла. (Вітаецца са Страказой.)

Страказа. Свежая зводка Саўінфармбюро.

Цётка. Ёсць чым людзей парадаваць?

Страказа. Ёсць. Пра нашы трафеі на Калінінскім фронце.

Цётка. О! Гэта трэба зараз жа ў газету. Давай сюды.

Страказа. Пакуль тая газета выйдзе. (Аддае Цётцы матэрыял.)

Цётка. Цяпер хутчэй пойдзе справа. (Таямніча.) Сваю друкарню маем. (Дастае з-за пазухі газету.) Бачыла?

Страказа (у яе загарэліся вочы). Якая вы маладзец, цётачка Нюра! (Цалуе.)

Цётка. Не я адна.

Уваходзяць Рунец, Братка, Барута.

Рунец. Пакажы, пакажы! (Усе разглядаюць газету.) «Вынікі разгрому немцаў пад Масквой».

Братка. Шкада, што пазнавата. Каб гэтыя весткі месяцы на два раней.

Цётка. Затое грунтоўна. Не тое, што лістоўкі.

Рунец. Сам факт, што ў нямецкім тыле выходзіць савецкая газета, многа значыць.

Цётка. А яшчэ дакладваю: падрыўная група заданне выконвае. Узрыўчатка дастаўлена на месца. Пачуць павінны ў дзве пятнаццаць.

Рунец. Маладзец, Цётка. Цябе сёння гушкаць трэба.

Цётка. Пасля пагушкаеце, калі я вам яшчэ навіну скажу.

Рунец. Ну, ну!

Цётка. Да нас з Вялікай зямлі прыслалі адказнага работніка.

Рунец. Няўжо?

Цётка. Сама гаварыла з ім.

Братка. Трымайся, фашысцкая навалач!

Рунец. Як жа ты яго знайшла?

Цётка. Ён сам мяне знайшоў. Да вайны разы два начаваў у нас. Муж яго добра ведаў.

Рунец. Як яго прозвішча?

Цётка. Гэта ён сам вам скажа, калі палічыць патрэбным.

Таня (стукае ў акно). Мама, парсючок есці хоча.

Усе занепакоіліся. Рунец і Братка вымаюць пісталеты.

Цётка. Гэта, мусіць, ён. Я сказала яму, як нас знайсці.

Мужчыны і Страказа выходзяць у суседні пакой. Цётка з-за парцьеры глядзіць у пярэднюю.

Скробат (у пярэдняй). Ці ёсць хто ў хаце?

Цётка (шырока расхінае парцьеру). Ёсць, ёсць. Міласці прашу к нашаму шалашу. (Да астатніх.) Выходзьце, таварышы! Гэта той, каго мы чакаем.

Рунец, Братка і Страказа выходзяць з суседняга пакоя.

Скробат. Гэта, наколькі я разумею, члены гаркома?

Рунец. Падпольнай арганізацыі.

Скробат. Вельмі прыемна. Давайце знаёміцца.

Прысутныя падыходзяць да Скробата і па чарзе паціскаюць руку.

Рунец. Вусаты.

Скробат. А сам бязвусы. Для кіраўніка яно б і не шкодзіла вусы загадаваць.

Рунец. Мы тут калектыўна кіруем, так што ўсе самі з вусамі.

Барута. Мікіта.

Братка. Братка.

Страказа. Страказа.

Скробат. А па-сапраўднаму?

Усе паглядзелі на Рунца.

Рунец. Мы ўмовіліся карыстацца мянушкамі.

Скробат. Гэта разумна. Тым больш што вы яшчэ не ведаеце, з кім маеце справу.

Рунец. Я вас ведаю.

Скробат. Адкуль?

Рунец. Бачыў на адной нарадзе, як вы выступалі.

Скробат. Была такая справа. Вось мой пашпарт.

Рунец (чытае). «Нёманскі Антон Гаўрылавіч». Добрая ліпа.

Скробат. Але вы можаце запытацца, чаго гэтаму Нёманскаму тут трэба. Дайце ножык.

Братка дастае з кішэні складаны ножык і дае Скробату. Скробат адпорвае падкладку пінжака і дастае танюсенькую шаўковую стужачку.

Калі ласка!

Рунец (бярэ ў рукі дакумент). Вось гэта ўжо не ліпа. (Чытае.) «Скробат Антон Іванавіч... Выконвае даручэнне ЦК КП(б) Беларусі». (Перадае дакумент Братку.)

Братка. Подпіс знаёмы. І пячатка, усё як мае быць. (Перадае Баруту.)

Барута. Важны дакумент. (З пашанай аддае Скробату.)

Скробат. Як у вас тут справы?

Уваходзіць Таня.

Барута. Што ж ты пост пакінула?

Таня. Я на хвілінку, дзядзя Мікіта. На гадзіннік паглядзець.

Рунец. Ведаем мы твае хітрыкі. Прыйшла паглядзець, які гэта чужы дзядзька прыйшоў. (Да Скробата.)

Гэта наша варта.

Цётка. Гэты дзядзька наш, Танюша, ты яго не бойся.

Скробат. Колькі ж табе гадоў, варта?

Таня. Дванаццаць.

Скробат. У школу ходзіш?

Таня. Не. Там трэба гаварыць «хайль Гітлер», а я піянерка.

Скробат. Ах ты разумніца якая! (Прыцягвае Таню да сябе.)

Таня. А чаму ў вас ногці чорныя?

Скробат. Прыбіў мне адзін дурань. Дзвярамі.

Таня. Вось, мусіць, балела?

Скробат. Балела.

Таня. Чорны манікюр вам зрабілі. Я раз цвік забівала ды як стукнула малатком па пальцы, дык ногаць і счарнеў увесь. Больш за паўгода прайшло, пакуль новы вырас.

Скробат. Ну, ідзі ўжо на пост.

Таня выходзіць.

Рунец. Справы ў нас ідуць угору, таварыш Нёманскі. Народ заварушыўся.

Цётка. Асабліва пасля таго, як пад Масквой фашыстам далі па зубах.

Рунец. Вось і газету сваю выпусцілі.

Скробат (бярэ ў рукі газету). Малайцы. (Углыбляецца.) Здорава.

Рунец. Хіба вы пра гэта не ведалі?

Скробат. Адкуль жа? Я вымушан быў па вёсках туляцца, пакуль вас знайшоў. (Углыбляецца ў газету.)

Як жа цяпер...

Рунец. Што?

Скробат (нарэшце авалодаўшы сабой). Як жа цяпер з бліцкрыгам будзе? Хваліліся, што вось-вось Маскву возьмуць.

Братка. Выходзіць, не хваліся, ідучы на раць.

Скробат (адсоўвае газету). А што значыць «заварушыўся народ»?

Рунец. Бярэцца за зброю, патрабуе кіраўніцтва.

Братка. З таго часу, як пачала дзейнічаць падпольная арганізацыя, іначай справа пайшла. Людзі адчулі, што і тут жыве партыя, жыве савецкая ўлада.

Скробат. У горадзе ёсць якія-небудзь баявыя атрады?

Рунец. У горадзе няма, а вакол горада фарміруюцца шэсць атрадаў. Дзвесце пяцьдзесят чалавек толькі з горада паслалі мы туды за апошні час.

Скробат. Якая сувязь у нас з атрадамі?

Рунец. Праз сувязных. Яны і весткі дастаўляюць, і людзей выводзяць у лес.

Скробат. І ўдачна праходзяць такія аперацыі?

Рунец. Правалаў не было пакуль што.

Алена (уваходзіць). Выбачайце, я на хвілінку. (Праходзіць у суседні пакой.)

Цётка. Гэта гаспадыня хаты.

Скробат. Член партыі?

Рунец. Каб яна захацела ўступіць у партыю, я б за яе паручыўся.

Алена выходзіць з клункам у руках, павязаная цёплай хусткай. Братка непрыкметна махае ёй рукой: «Можаце ехаць».

Скробат. Куды ж гэта вы?

Алена (паказвае клунак). Паеду барахло мяняць. (Выходзіць.)

Скробат. Шмат камуністаў у горадзе?

Рунец. Шмат, а колькі, цяжка сказаць. Кожны з нас мае сувязь з групай таварышаў. Каля кожнага з гэтай групы свая група.

Скробат. Актыў свой трэба ведаць. Ёсць заданне лепшых людзей да ўзнагароды прадставіць. Прыйдзецца спісы пасылаць у адпаведныя органы. Цяпер адносна явачных кватэр. Вы многія з іх ведаеце, а я чалавек новы: магу сунуцца не туды, куды трэба.

Рунец. Явачныя кватэры мы вам пакажам.

Цётка. Прабачце, таварыш Нёманскі. Можа, вам што і крыўдным паказалася, але абставіны прывучылі нас да асцярожнасці.

Скробат. Я разумею. Вайна ў тыле ворага — справа небяспечная. За кожную памылку людзі жыццём расплачваюцца. Таму тут патрэбна ва ўсім дакладнасць, жалезная дысцыпліна і ніякай партызаншчыны, хоць мы і партызаны. Што да баявых аперацый, дык трэба перадаць камандзірам атрадаў, каб людзей дарэмна не губілі. Трэба сабрацца з сіламі, узброіцца, моцныя камандныя кадры падабраць, тады і эфект будзе. Кожную сур’ёзную аперацыю трэба ўзгадняць.

Братка. З кім?

Скробат. Ды вось з намі. (Жэст у бок Рунца.) Разам будзем абмяркоўваць.

Братка. Людзі рвуцца ў бой. Калі не даваць ім дзейнічаць, яны разыдуцца.

Скробат. А вы растлумачце, у чым справа.

Рунец (глядзіць на гадзіннік). Хвіліначку, таварышы! (З хваляваннем.) У каго колькі часу?

Цётка. Я ўжо таксама непакоюся. У мяне дзевятнаццаць на трэцюю.

Страказа. Хлусіць ваш гадзіннік. Цяпер чатырнаццаць мінут.

Рунец. Гэта дакладна?

Страказа. Абсалютна дакладна. Сёння па маскоўскім радыё правярала.

Рунец, Цётка і Братка да нечага прыслухоўваюцца.

Рунец. Зараз павінны пачуць навіну.

Напружанае чаканне.

Цётка. Няўжо асечка?

Чуецца далёкі выбух.

Рунец. Ёсць! Віншую, таварышы!

Братка. Малайцы хлопцы.

Скробат (няўцямна глядзіць на радасныя твары падпольшчыкаў). Гэта што? Дыверсія?

Рунец. На заводзе кацельня ўзляцела.

Братка. Выбачайце, не паспелі ўзгадніць.

Скробат. Дарэмна іранізуеце. Я выказаў не сваю асабістую думку.

Рунец. Нам цяпер лепш за ўсё разысціся.

Скробат. Ну, я рад, таварышы, што буду з вамі працаваць. Наступны раз пагаворым больш грунтоўна.

 

Карціна пятая

Пакой у кватэры Марыны. У пакоі стол, ложак, туалетны столік, крэслы.

Скробат (адзін, ходзіць па пакоі.) Вось і балансіруй, таварыш... Ды ўжо, мабыць, і не таварыш, а грамадзянін Скробат. І ці будзеш ты калі зноў таварышам? Хоць бы мне хто сказаў, што будзе далей... З краінай, з усім светам... І нікому душы не раскрыеш, не параішся. І тых страшна, і гэтых ужо страшна. Яшчэ і шкоды ніякай не зрабіў, а страшна. Цяжка гаварыць з імі, у вочы глядзець... Вось і круціся паміж нашымі і вашымі, пакуль галаву не скруціш.

Марына (уваходзіць). Што ж ты піражкоў не ясі?

Скробат. Дзякую.

Марына. Не рыначныя. Для цябе спецыяльна пякла.

Скробат. Не хочацца.

Марына. Апетыт прапаў?

Скробат. І ў цябе прапаў бы на маім месцы.

Марына (здзекліва). Цяжка табе, небарака. Хіба жонка развяселіць, як прыедзе.

Скробат. Я павінен убачыць яе сваімі вачамі. Пераканацца, што яна і дзеці жывыя. Я Нагелю паставіў такую ўмову.

Марына. Убачыш, а потым што?

Скробат. Не ведаю.

Марына. Думаеш, лягчэй табе стане ад гэтага?

Скробат. Наўрад.

Марына. Разамлееш пры жонцы, яшчэ горш будзе. Які ты слуга тады фюрэру?

Скробат. Я цябе аб адным прашу: ёй ні гуку пра гэта.

Марына. Разумею. Няхай яна думае, што ты цаца-хлопчык.

Скробат. Я хачу застацца ў яе вачах такім, якім яна ведала мяне дагэтуль.

Марына. Якая чулая душа ў здрадніка радзімы!

Скробат. Перастань, прашу цябе!

Марына. Калі ты д’ябал, дык анёльскае апярэнне табе не паможа.

Скробат. А ты?

Марына. Што — я?

Скробат. Служыш ім у сілу сваіх перакананняў?

Марына. У мяне няма перакананняў.

Скробат. За страх працуеш?

Марына. За грошы. Плацяць, дык і працую!

Скробат. А сумленне не мучыць?

Марына. Не адчуваю.

Скробат. Зайздрошчу. У мяне так не выходзіць.

Марына. І не выйдзе. Ідэйнасць... Будаўнік самага перадавога ў свеце грамадства, і раптам — такая службіца.

Скробат. Не здзекуйся.

Паўза.

Прасвету ніякага няма — вось што горш за ўсё.

Марына. Фюрэр цябе не забудзе. Купіш за яго срэбранікі маёнтак і будзеш жыць прыпяваючы.

Скробат. З такім мінулым?

Марына. Тады павесся.

Скробат. Думаў пра гэта. Волі не хапае.

Марына. Магу табе дапамагчы. Напішы запіску, што ў смерці сваёй просіш нікога не вінаваціць, а я цябе прыстрэлю. (Бярэ ў рукі пісталет, які ляжыць на стале.)

Скробат. Не дурыся, ён зараджаны.

Марына. Магу ноччу, калі спаць будзеш, каб не страшна было.

Скробат. Не разумею, адкуль у цябе такая ўраўнаважанасць. У цябе што — мэта якая-небудзь ёсць у жыцці? Чаго ты прыехала сюды ўслед за немцамі?

Марына. Збяру грошай, адкрыю камерцыю. Вось і ўся мая мэта.

Скробат. Чым гандляваць будзеш?

Марына. Падумаю. Можа, вясёлы дом адкрыю.

Скробат. А ты можаш.

Марына. Магу, абы выгадна было.

Скробат. І сама, напэўна, будзеш гасцей прымаць.

Марына. Буду. За павышаную плату.

Скробат. Там жа маладзейшыя будуць.

Марына. Затое ў мяне вопыт. Май на ўвазе. Жонка ж не кожны тыдзень будзе прыязджаць да цябе.

Скробат. Да чаго ж ты цынічная асоба!

Марына. Нават цябе гэта шакіруе?

Скробат. Я не прывык чуць такое ад жанчыны.

Марына. А чаго мне цябе саромецца? Чым маё рамяство горшае за тваё?

Скробат. Гэта жахліва!

Марына. Прывыкай. Ці тое яшчэ сустрэнеш на сваім шляху. Не раз у чалавечую кроў рукі запэцкаеш.

Скробат. Я не кат.

Марына. А толькі здраднік. Цябе чаго паслалі ў іх арганізацыю?

Скробат. Каб я не даваў разгортвацца падпольнай барацьбе.

Марына. І табе гэта ўдаецца?

Скробат. Не заўсёды. Вось на заўтра назначан вывад у партызанскі атрад чатырнаццаці чалавек. І я не ведаю, як гэтаму перашкодзіць.

Марына. Вельмі проста: ты павінен іх выдаць.

Скробат. Іх усіх расстраляюць.

Марына. Не расстраляюць іх, дык расстраляюць цябе.

Скробат. Немцы пра гэта не будуць ведаць.

Марына. Дарэмна ты мне сказаў пра гэта.

Скробат. Чаму?

Марына. Я табе казала, што мне патрэбны грошы. Я тут магу зарабіць сёе-тое.

Скробат. Ты ж не ведаеш, калі і куды іх будуць выводзіць.

Марына. Ты мне скажаш пра гэта.

Скробат. Не скажу.

Марына. Калі я разам з імі і цябе выдам, дык мне яшчэ прыбавяць сёе-тое.

Скробат. Ты сапраўдная фашыстка. Усе іх метады пераняла.

Марына. Не лічу патрэбным абвяргаць.

Скробат. Кроў гэтых людзей будзе на тваім сумленні.

Марына. Калі табе ад гэтага лягчэй — калі ласка. Маё сумленне вытрымае. (Бярэ ў рукі карандаш і паперу.) На якую дарогу будуць выходзіць? Ну! Не ўздумай упірацца.

Скробат. На паўднёвы тракт.

Марына. Дзе зборны пункт?

Скробат. У вёсцы Мацеевічы.

Марына. Калі павінны там сабрацца?

Скробат. У чатыры гадзіны дня.

Марына. Гэта я цябе ратую ад расстрэлу.

Скробат. Гаспадары ведалі, куды паставіць мяне на кватэру.

Марына. Яны ведаюць, што я дапамагу табе ў цяжкую хвіліну. Сёння я ўжо дзве разумныя парады табе дала. Адзін раз, як расстацца з жыццём, а другі раз, як яго захаваць, паколькі ты за яго чапляешся.

Скробат. Дарэмна, відаць, чапляюся.

Марына. Прадчуваеш нядобрае?

Скробат (з болем). Нашто яны мяне ў СД выклікаюць? Могуць жа свае ўбачыць.

Марына (з іроніяй). Свае! Камуністы, ты хочаш сказаць.

Скробат. Ну, камуністы.

Марына. Чаго ж ты баішся, калі яны свае?

Скробат. Прыкончаць.

Марына. Гэта яны могуць. Утопяць у прыбіральні — і шыта-крыта.

Скробат. Брр!

Марына. Але калі ты ўжо закончаны д'ябал, дык выхад знойдзеш.

Скробат. Баюся, што адзін з іх бачыў ужо мяне, як я выходзіў з СД.

Марына. Між іншым, дзіўна, што табе не прыходзіць у галаву яшчэ адзін выхад.

Скробат. Які?

Марына. Перакінуцца на іх бок.

Скробат. Ты не ад шчырага сэрца наводзіш мяне на гэту думку.

Марына. Тады, ведаеш, што было б? У газетах з’явіўся б некралог, што такі-та, які верна служыў вялікай Германіі і новаму парадку, трапіў у рукі бандытаў. Побач — сапраўдныя твае дакументы і здымак, дзе ты мірна гутарыш з самім начальнікам СД. Ты, відаць, і не заўважыў, як цябе шчоўкнулі. Не, брат, раз ты стаў на гэты шлях, дык назад дарогі няма.

Скробат. У мяне ёсць да цябе адна просьба.

Марына. Слухаю.

Скробат. Мне патрэбна пісьмо з турмы, напісанае жаночым почыркам. На выпадак, калі ён мяне пазнаў...

Марына. Паслуга невялікая, магу зрабіць. (Глядзіць у акно.) Вунь, мусіць, твая ненаглядная ідзе. Яна ўзліе бальзам на тваю пакутную душу. З клункам. Задзірае галаву, нумар дома разглядае. Пацан у цябе ёсць?

Скробат. Ёсць.

Марына. І ён з ёю.

Скробат падыходзіць да акна.

У двор ужо зайшлі.

Скробат (апранае пінжак, глядзіцца ў люстэрка). Ты, можа, выйшла б куды-небудзь на гэты час?

Марына. Іду. Мне загадана стварыць спрыяльныя ўмовы для спаткання. (Апранаецца, бярэ кошык з піражкамі.) Мілуйцеся. (Выходзіць.)

Скробат, усхваляваны, прыслухоўваецца да крокаў за дзвярамі. Адчыняе дзверы. На парозе з’яўляюцца Жэня з клункам і Валерык.

Жэня. Антоша! (Павісла ў мужа на шыі.)

Скробат (цалуе жонку ў вусны і ў лоб). Вось і ўбачыліся. Знімі. (Знімае ў яе з плеч клунак і кладзе на канапу.)

Валерык. Здароў, тата!

Скробат. Здароў, сынок! (Цалуе сына.) А худзюшчы ж ты які!

Жэня. Добра што жывы, скажы.

Скробат. Распранайся. (Знімае з жонкі паліто.) Дай хоць паглядзець на цябе.

Жэня. Пачакай, прычашуся трохі. (Падыходзіць да люстэрка, прычэсваецца.)

Скробат. Як жа вы дабіраліся?

Жэня. Ехалі трохі на фурманцы, потым пяшком ішлі.

Скробат. Здарожыліся.

Жэня. Цяпер можаш глядзець.

Скробат. Сядай. (Углядаецца ёй у твар.)

Жэня. Што, перамянілася?

Скробат. Пахудзела трошкі.

Жэня. А ў цябе вусы. Нек смешна.

Скробат. Тут рогі адгадуеш, не тое што вусы.

Валерык (убачыў на стале пісталет). Ого! Вось бы мне такую штуку!

Скробат. Дай сюды, а то яшчэ стрэліш. (Бярэ пісталет, ставіць на засцерагальнік.) Вось гэтай штучкі не чапай.

Валерык. Ведаю. Колькі фашыстаў ты з яго палажыў?

Скробат. Не лічыў.

Валерык. Ого! Так многа, што аж лічыць трэба.

Жэня. А мы думалі, што цябе і жывога няма. Ты ж у горадзе быў, як бамбілі. У нас аж зямля дрыжала. Хацелі ўцякаць. Выйшлі на шашу, а тут дэсант. Ды куды ты пойдзеш! Надзюша на руках. Пайшла я да сястры, ды так і засталіся там.

Скробат. Не чапаюць вас... немцы?

Жэня. Спачатку чапляліся, дапытваліся, дзе ты. Не ведаю, кажу, мусіць, загінуў. Апошні час не чапаюць.

Скробат. Я тады не мог па вас прыехаць. Заданне выконваў.

Жэня. Цябе тут пакінулі?

Скробат. Так.

Жэня. Баюся я за цябе. Не дай бог трапіш ім у лапы...

Валерык. А гэта на што? (Паказвае пісталет.) Як смальне ў лоб.

Жэня. Учора цэлую ноч не спаў. Абняў, шэпча на вуха: «Праўда, мама, наш тата герой?» Раніцой, пакуль збіраліся ў дарогу, як на крыллях лятаў. І так яму хацелася пахваліцца сябрам, хто такі яго тата. Але я загадала, каб не пікнуў. (Валерыку.) Нікому не сказаў?

Валерык. Я ж не баба.

Скробат. Хто ж вам перадаў, каб да мяне ехалі?

Жэня. Той жа, мусіць, каго ты паслаў. Такі невысокі, чарнамазы. Зайшоў нібыта вады напіцца, а потым шэпча мне: «Я ад Антона Іванавіча. У госці запрашае». Я баялася, што правакацыя, але ён пералічыў усе твае прыметы, пакляўся, што сам гаварыў з табою. Малую ўбачыў, кажа: «Здарова, Надзюша! Паклон табе ад таты». Я і паверыла. Тады ён пропуск дастаў: «Гэта, кажа, Антон Іванавіч для вас падрыхтаваў». Але як ты даведаўся, дзе мы?

Скробат. Людзі сказалі.

Валерык. Тата, а ў нас партызаны таксама ёсць.

Скробат. А не хлусіш?

Валерык. Папытайся ў мамы.

Жэня. Праўда, ёсць недзе каля нас. Разы два ноччу ў вёску прыязджалі. Хлеб забралі, што для немцаў нарыхтаваны быў. У паліцая карову забралі.

Валерык. А ў вёсцы Гарбачы дык здрадніка злавілі, які двух пераапраненых чырвонаармейцаў выдаў. Вывелі ў лясок і сякерамі пасеклі на дробныя кавалкі.

Жэня. Назаўтра жонка знайшла, сабрала ў посцілку ды на плячах прынесла дадому.

Скробат. Які жах!

Жэня. Я б такога гада сама на кавалкі пасекла.

Валерык. Тата, ідзі і ты з намі ў вёску. Будзеш партызанамі камандаваць.

Скробат. У іх жа, напэўна, ёсць камандзір?

Валерык. Ёсць там нейкі старшыня калгаса, дык хіба ж такі, як ты?

Скробат. Не магу я адгэтуль пайсці.

Валерык. Чаму?

Скробат. Не пусцяць мяне.

Валерык. А хто цябе не пускае?

Скробат. Той, у чыім я распараджэнні.

Валерык. Шкада. Ты б і мяне ўзяў у партызаны. У мяне граната ёсць. Толькі без запала.

Скробат. Ты з гэтым асцярожна. Яна можа яшчэ ўзарвацца.

Жэня. Я ж так баюся.

Валерык. Я яе на вышках у пяску хаваю. Тата, я пайду на вуліцу пагуляю.

Скробат. Заблудзіш.

Валерык. Я толькі ля дома на лавачцы пасяджу. Хачу паглядзець, якія немцы ў горадзе. (Выходзіць.)

Жэня (аглядае пакой). Гэта твой ложак?

Скробат. Не, гаспадыня тут спіць. Я ў тым пакойчыку.

Жэня. Замужняя?

Скробат. Не ведаю. Адна жыве.

Жэня. Маладая, старая?

Скробат. Гадоў пад сорак.

Жэня. Можа, гэта ты ў прымы да яе прыстаў?

Скробат. Як табе магло прыйсці ў галаву?

Жэня. Камуністка?

Скробат. Не.

Жэня. Чым займаецца?

Скробат. На рынку піражкамі гандлюе.

Жэня. Яна цябе не выдасць?

Скробат. Не павінна. Я ёй добра плачу.

Жэня. Чаму ты такі сумны, Антоша? Не ўсміхнешся ні разу. Не пацалуеш мяне, як некалі.

Скробат прыцягвае да сябе Жэню і цалуе.

Насілу выпрасіла.

Скробат. Цяжка мне, Жэня.

Жэня. Я ведаю, што цяжка. Але ж вось мы сустрэліся. І гэтаму трэба радавацца.

Скробат. Радасць недаўгавечная. Вось ты паедзеш...

Жэня. Расстанемся, а потым зноў сустрэнемся. Можа, назаўсёды ўжо.

Скробат. Назаўсёды расстанемся — гэта хутчэй.

Жэня (кладзе яму галаву на плячо). Не гавары так, Антоша. Давай у добрае будзем верыць. Што наша шчасце вернецца, што мы яшчэ дзяцей пагадуем.

Скробат гладзіць яе па галаве, а яго позірк накіраваны кудысьці далёка.

Я часамі не сплю ноччу, пра цябе думаю. І ніякіх дрэнных прадчуванняў у мяне няма. Думкі ўсё харошыя такія. Кончыцца вайна, і будзем мы зноў разам. Яшчэ ж мы не старыя, і наперадзе многа, многа шчаслівых год. Дзеці вырастуць. Нам радасць і ім гонар на ўсё жыццё, што ў іх такі слаўны татка. Ты плачаш! Харошы мой! Герой ты мой дарагі. (Абнімае і цалуе.)

 

Карціна шостая

Кватэра Алены Прымаковіч. Дэкарацыя першай карціны. За сталом сядзіць Вікця. Каля яе стаіць Кузьмін.

Вікця. Зараз я цябе нечым смачненькім пачастую.

Кузьмін. Баюся, каб не занудзіла. Я ўжо адвык ад смачненькага.

Вікця. Не занудзіць, пальчыкі абліжаш. (Вымае з куфэрка каробку цукерак, перавязаную блакітнай стужкай, кладзе на стол.)

Кузьмін (бярэ ў рукі каробку). Нямецкія.

Вікця. Пакаштуй.

Кузьмін (падазрона аглядае каробку). З якой стужкай! Падарак, мусіць?

Вікця (есць цукерку). Ага.

Кузьмін. Хто ж гэта табе падарыў?

Вікця. Знайшоўся дурань. Прынадзіць хоча — а раптам клюне.

Кузьмін. Хто тут застанецца дурнем, гэта яшчэ невядома.

Вікця. Ва ўсякім разе не я.

Кузьмін. Дык, можа, я? У мяне няма за што купляць такія цукеркі.

Вікця. Ты мне і без цукерак салодкі.

Кузьмін. Бачу. Хто ён? Фрыц, напэўна?

Вікця. Фрыц. Той, што ў бальніцу прыходзіў.

Кузьмін. І ты ўзяла!

Вікця. Не глядзі на мяне з такой пагардай.

Таня (убягае). О, цукеркі! Можна? (Бярэ цукерку і есць.)

Кузьмін. Не еш, Таня, гэта ёй фрыц падарыў.

Таня (выплёўвае цукерку). Фу, якая гадасць!

Вікця. Не слухай, Таня, еш.

Пагардліва глянуўшы на сястру, Таня выходзіць.

Кузьмін. Чым жа ты расплачвацца будзеш?

Вікця. Хіба гэта абавязкова?

Кузьмін. Фрыц дарэмна нічога не дае.

Вікця. Аб расплаце прыйдзецца падумаць.

Кузьмін. А нашто ты брала?

Вікця. Каб прыручыць. Няхай будзе свойскі фрыц.

Кузьмін. Хто табе даваў такое заданне?

Вікця. Вусаты раіў улезці да яго ў давер'е.

Кузьмін. Прывядзі яго сюды.

Вікця. Нашто?

Кузьмін. Я з ім разлічуся за падаркі.

Вікця. Яшчэ рана.

Кузьмін. То глядзі, каб не было позна!

Вікця. Ці не раўнуеш ты?

Кузьмін. Цяжка мне прымірыцца з гэтым.

Вікця. Зразумей, што гэта мая зброя. Ты ж б’еш ворага. Я таксама хачу біць.

Кузьмін. Я рызыкую толькі жыццём, а ты яшчэ і гонарам савецкай жанчыны.

Вікця (падыходзіць да яго). Не бойся, я сябе зберагу. (Туліцца.) І пацалаваць не хочаш?

Кузьмін. А губы... не паганыя?

Вікця. Я яго не цалавала.

Кузьмін (цалуе Вікцю). Пакута ты мая.

Таня (убягае). Толькі што сварыліся і ўжо цалуюцца.

Вікця. А ты ўсюды паспееш.

Таня. Скажыце дзякуй. Каб не я, застаў бы вас Нёманскі.

Вікця. Зноў ідзе? (Хавае цукеркі.)

Скробат (уваходзіць. Да Тані). Ну што, выканала заданне?

Таня (становіцца ў позу). Рапартую, таварыш Нёманскі: Вусатаму і Цётцы перадала. Яны будуць роўна ў дзве.

Скробат. Маладзец. Вось табе за гэта цукерка. (Дастае з кішэні цукерку.)

Таня (няўпэўнена бярэ). Можа, і вам фрыц падарыў?

Скробат. Што за глупства ты гаворыш!

Барута (уваходзіць). Таня! Станавіся на варту! (Падае руку Скробату.) Добры дзень, таварыш Нёманскі.

Таня. Ёсць станавіцца на варту, таварыш Мікіта. (Выходзіць.)

Скробат (дапытліва глядзіць Баруту ў вочы). Дзе хадзіў? Я зранку заходзіў, цябе не было.

Вікця (Кузьміну). Мы тут лішнія. (Вікця і Кузьмін выходзяць.)

Барута. На таварнай быў. Думаў, работа якая трапіцца. А там людзей у Германію адпраўлялі. Жах, што рабілася.

Скробат. Вусатага і Цёткі не бачыў сёння?

Барута. Не. А што?

Скробат. Я іх выклікаў.

Барута. Можа, навіны якія важныя?

Скробат. Адну справу трэба абмеркаваць.

Барута. А я думаў, вам што-небудзь ад іх удалося даведацца.

Скробат (занепакоены). Ад каго?

Барута. Ад немцаў.

Скробат. Што такое ты гаворыш?

Барута. Ды вы не бойцеся, я нікому не скажу. Гэта вельмі добра, што вам удалося ў самы звярынец пралезці.

Скробат. Што ты такое вярзеш? Які звярынец?

Барута. А я думаў, што вы мяне пазналі.

Скробат. Ты што? Разыгрываць мяне ўздумаў?

Барута. Не разыгрываць, Антон Іванавіч. Я незнарок наткнуўся, як вы з СД выходзілі.

Скробат (грозна). Што? Ты ў сваім розуме?

Барута. Ну добра, не буду. Няхай будзе, што гэта не вы былі.

Скробат. Гэта ж трэба выдумаць такое глупства!

Барута. А хіба дрэнна было б, каб хто з нас пралез туды?

Скробат. Ты, можа, сказаў каму?

Барута. Як я буду казаць без вашага дазволу? Там нехта стукае. (Выходзіць.)

Скробат (адзін). Вось цяпер і вырашай, Антон Скробат, хто ты такі... Чалавек ці д’ябал. Тут ужо нікуды не дзенешся: або сюды, або туды. Прызнацца ва ўсім? А чатырнаццаць чалавек, выданых немцам? Яны мне гэтага не даруюць. Захлынуцца ў прыбіральні!.. Брр!..

Уваходзяць Барута, Цётка і Рунец.

Рунец. Бяда, таварышы.

Барута. Што такое?

Цётка. Правал.

Рунец. Людзі, якіх мы паслалі ў атрад, трапілі ў засаду.

Цётка. І Страказу арыштавалі.

Скробат. Гэтага трэба было чакаць.

Цётка. Чаму?

Рунец. Я сам арганізоўваў выхад. Усе захады былі прыняты.

Скробат. Хто ведаў, што рыхтуецца выхад?

Рунец. Я, ты, вось яна. (Паказвае на Цётку.)

Барута. І я. (Да Рунца.) Ты мне даваў адно даручэнне.

Цётка. Засада не выпадковая. Нехта данёс.

Скробат. Справа вельмі сур’ёзная. Я прашу застацца толькі членаў партыі.

Барута. Я буду пад павеццю. Калі трэба будзе, клікніце.

Скробат. Клікнем. (Барута выходзіць.) Дык хто з нас траіх даносчык? (Рунец і Цётка паціскаюць плячамі.) Такога не аказалася? А наконт чацвёртага што вы думаеце?

Цётка. Я не думаю.

Скробат. Хто выбраў гэту кватэру?

Рунец. Я.

Скробат. Вельмі неасцярожна даверыў ты сваё і наша жыццё гэтаму чалавеку.

Рунец. Я яго ведаю даўно.

Скробат. Мала хто якім быў даўно.

Рунец. Ён і ў падполлі сумленна выконваў усе даручэнні.

Цётка. Адных дакументаў колькі нарабіў для нашых людзей.

Скробат. Бланкі дзе браў?

Рунец. Даставаў цераз знаёмага.

Цётка. На сала выменьваў.

Скробат. А можа, сала сам еў, а бланкі яму немцы давалі?

Рунец. Для чаго?

Скробат. Для правакацыі.

Цётка. З гэтымі дакументамі дзесяткі нашых людзей у лес перапраўлены.

Скробат. Чатырнаццаць чалавек на той свет адпраўлены з гэтымі дакументамі.

Рунец. Чаму ты так думаеш?

Скробат. Напярэдадні я бачыў яго каля СД. Мне здалося, што ён выйшаў адтуль.

Цётка. Мой адзін хлопец таксама бачыў яго каля СД. Але ж «здалося» гэта яшчэ не доказ.

Скробат. Вось гэта-то напэўна доказ. (Вымае з кішэні паперку.) Запіска з турмы. Крывёй пісаў чалавек.

Цётка (глядзіць на подпіс). Бедная дзяўчынка! Яе схапілі тры дні назад, калі яна слухала радыё.

Рунец. Страказа?!

Скробат. Так, Страказа.

Цётка. Небарака, шчэпкай, відаць, пісала. (Чытае.) «Асцерагайцеся Мікіты. Ён, подлы здраднік, загубіў мяне і можа загубіць яшчэ многіх».

Скробат. Ім трэба было пазбавіць нас інфармацыі.

Цётка. Вось гэта сюрпрыз! Як абухом па лбе.

Скробат. Я прапаную ліквідаваць здрадніка.

Рунец. Каб не зрабілі мы тут страшэннай памылкі.

Скробат. Што ты прапануеш?

Рунец. Трэба паслухаць яго самога.

Скробат. Думаеш, прызнаецца? Цягнуць, пакуль і нам такія вось запіскі прыйдзецца пісаць?

Рунец. Прызнаецца не прызнаецца, а паслухаць трэба. А раптам выявіцца, што ўсё гэта не так.

Скробат. Вось як! Ты гатоў больш яму паверыць, чым мне.

Рунец. На смерць жа асуджваем. Гэта не жарты.

Скробат. Цяпер мне зразумела, дзе прычына правалаў. Цацкаліся са здраднікамі. За гэта прыходзіцца расплачвацца кроўю савецкіх людзей. (Да Цёткі.) Ты як думаеш?

Цётка. Я ніяк апамятацца не магу.

Скробат. Папярэджваю: за правал арганізацыі галавой адкажаце.

Цётка. Доказы пераканаўчыя. А з другога боку...

Скробат. А з другога боку давайце пачакаем, пакуль усіх накрыюць.

Цётка. Тут сапраўды можна накрыцца.

Скробат. Значыць ты — за. А ты?

Рунец. Я ўжо сказаў.

Скробат. Двое — за, адзін — супраць. Вырашае большасць. (Напружаная паўза.) Каму даручым выкананне?

Цётка. Я для такой справы не падыходжу.

Рунец. У даным выпадку і я не падыходжу.

Скробат. Ёсць у нас такі чалавек.

Цётка. Хто?

Скробат. Салдат.

Рунец. Яго прытулілі ў гэтым доме.

Цётка. Праўда, гэта нязручна.

Скробат. Наадварот, гэта яшчэ лепш. Лягчэй знайсці зручны выпадак.

Рунец. Аддзякаваць за хлеб-соль.

Скробат. За здраду. Звычайныя этычныя нормы тут не падыходзяць.

Цётка. Трэба яго паклікаць. (Стукае ў акно.) Таня! Скажы Сашу, каб зайшоў у хату. (Да прысутных.) Невядома, як ён гэта прыме.

Скробат. Як павінен прыняць камуніст рашэнне партыйнай арганізацыі пры надзвычайным становішчы?

Чакаюць. Рунец, усхваляваны, ходзіць па пакоі.

Кузьмін (уваходзіць). Добры дзень. (Усе ўважліва на яго глядзяць, і ён пачынае хвалявацца.) Клікалі?

Скробат. Справа ёсць, таварыш Кузьмін.

Кузьмін. Слухаю.

Скробат. Выявіўся здраднік. Вельмі небяспечны. Вы разумееце сэнс даручэння?

Кузьмін. Хто гэта асоба і як яе знайсці?

Скробат. Шукаць далёка не трэба. Асоба пражывае ў гэтым доме.

Кузьмін (з жахам). Яна?! Гэта няпраўда!

Цётка. Не яна, а ён.

Кузьмін стаіць ашаломлены.

Скробат. Ну што?

Кузьмін. Ён здаваўся мне сумленным савецкім чалавекам.

Скробат. Які ён чалавек, мы ўжо высветлілі. І не для гэтага цябе сюды паклікалі. На, пачытай. (Дае запіску.)

Кузьмін чытае запіску, і бровы яго лезуць угору.

Ну што, заслугоўвае ён смерці?

Кузьмін (уражаны). Не чакаў.

Скробат. Вось мы і вынеслі прысуд. Табе даручаецца яго выканаць.

Кузьмін. Я прашу вызваліць.

Скробат. Прысягу партызанскую забыў?

Кузьмін. Не забыў, але тут...

Скробат. Што там сказана? «Калі ж па сваёй слабасці, трусасці або злой волі я парушу гэту прысягу...»

Кузьмін. Проста, я... не гатоў. Так нечакана.

Цётка. Я казала.

Скробат. Ты казала, што ён герой, а ён, аказваецца, баязлівец, дрэнь.

Кузьмін. Што? (Сціснуўшы зубы, парываецца да Скробата.)

Скробат (выхапіў пісталет). Ну! (Кузьмін спыняецца.) Зброя ёсць? Выкладвай на стол! (Кузьмін вымае фінку і кладзе на стол.) Я прапаную судзіць за парушэнне прысягі і невыкананне баявога загаду.

Цётка. Ён адумаецца.

Скробат (да Кузьміна). Дык як?

Кузьмін. Ганебнай смерцю я не хачу паміраць.

Скробат. Значыць?

Кузьмін. Загад выканаю.

Скробат. Даўно б так. Вазьмі зброю. (Кузьмін хавае фінку ў кішэнь ) Можаш выйсці. (Кузьмін выходзіць.)

Рунец. Цяпер гэта кватэра для нас непрыдатная.

Скробат. Пакуль схамянуцца, яна надзейная. А наогул, трэба падумаць, а то мы можам загубіць нашы лепшыя кадры і саму справу.

Рунец. У цябе ёсць які-небудзь план?

Скробат. Ёсць, але яго трэба абмеркаваць больш шырока, на партыйным актыве. Я думаю, што асноўныя кадры трэба вывесці з горада, явачныя кватэры ўсе перамяніць. Калі ўціхне, вернемся зноў.

Цётка. Дзе ж мы яго збяром?

Скробат. Я прапаную сабрацца на яўрэйскіх могілках. Прайсці днём туды можна свабодна. Прыхавацца там да цемнаты таксама ёсць дзе. А як сцямнее, пагаворым. Калі вырашым, што трэба выйсці з горада, выйдзем арганізавана. А калі не, дачакаемся раніцы і спакойна вернемся, ведаючы, што далей рабіць.

Рунец. Гэта небяспечна. Калі справа толькі ў тым, каб ведаць думку актыву, няхай арганізацыя даручыць гэта мне. Я абыду ўсе раёны горада і даведаюся.

Скробат. Я хачу сам сустрэцца з людзьмі. Хачу, каб яны з першых вуснаў пачулі пра тыя задачы, якія Цэнтральны Камітэт ставіць перад партызанамі. А ты як быццам хочаш адгарадзіць мяне ад народа.

Рунец. Ці не баішся ты, што я на твае паўнамоцтвы замахваюся?

Цётка. Кіньце, таварышы. Не хапала яшчэ, каб паміж намі грызня пачалася.

Рунец. Калі пытанне ставіцца ў такой плоскасці, я не магу пярэчыць.

Цётка. Можна паспрабаваць. Мы яшчэ ні разу не збіраліся.

Скробат. Сёння мы не паспеем паведаміць. Давайце на заўтра.

Барута (у дзвярах). Можна ўжо?

Цётка. Мы скончылі, можаце заходзіць.

Барута. Я вам сёння не патрэбен буду?

Скробат. Ты нам больш не патрэбен.

Барута. Бо я думаю адлучыцца. Схаджу, можа ўдасца яшчэ бланкаў дастаць.

Скробат (мнагазначна падморгвае Цётцы). Пачакай, а раптам што трэба будзе.

Барута. Ды я магу і пасля абеду.

Скробат. Пакліч сюды салдата.

Барута выходзіць.

Гэты яго паход мог аказацца для нас гібельным.

Уваходзіць Кузьмін і моўчкі спыняецца ў дзвярах.

Май на ўвазе: ён збіраецца ісці па бланкі да аднаго нямецкага прыслужніка. Ён не павінен туды дайсці. У разбураных дамах для гэтага ёсць шмат зручных падвалаў.

Скробат, Рунец і Цётка выходзяць. Кузьмін, узбуджаны, ходзіць па пакоі.

Вікця (уваходзіць). Саша, што з табой?

Кузьмін. Са мной — нічога.

Вікця. Выгляд у цябе... Гэта табе цукеркі так сапсавалі настрой?

Кузьмін. Ёсць рэчы больш страшныя.

Вікця. Ты мяне пужаеш, Саша. Гэта мне можна ведаць.

Кузьмін. Не.

Вікця. Вядома. Я толькі камсамолка.

Кузьмін. Табе лепш гэтага не ведаць.

Вікця. Бяда якая-небудзь пагражае?

Кузьмін. Калі-небудзь ты ўсё ўведаеш.

Вікця. Забіў ты мяне гэтымі словамі.

Кузьмін. Я не павінен быў табе нічога гаварыць.

Вікця прыпадае галавой на край стала.

Барута (уваходзіць). Што ў вас тут? Не паладзілі?

Яму ніхто не адказаў.

Што гэта сёння: куды ні паткніся, дык усё загадкі некія. Дзе Алена Сцяпанаўна?

Вікця. Пайшла некаму бялізну мыць.

Барута. Хапае ёй, беднай. Гляджу ўчора, дык у яе аж скура з костачак пазлазіла. Дай, Вікця, мне што-небудзь перакусіць. Перакушу ды схаджу да гэтага свайго знаёмага.

Вікця моўчкі выходзіць.

Сала, праўда, няма. Можа, напавер дасць дзесятак які бланкаў.

Кузьмін маўчыць. Вікця прыносіць бульбу ў мундзірах і талерку з агуркамі.

Садзіся, салдат, падмацуйся.

Кузьмін. Не хочацца.

Барута. Прысмакі, праўда, невялікія, але ж нечым жывіцца трэба. Ідзі, не саромейся. Не збяднеем, калі бульбіну з’ясі.

Вікця. Перакусі, ты ж таксама збіраўся ісці некуды.

Кузьмін садзіцца да стала і моўчкі абірае бульбіну.

Барута. У цябе, Вікця, недзе спірытус ёсць.

Вікця. Вы ж ведаеце, для каго ён прызначаны.

Барута. На душы цяжка. Наглядзеўся на станцыі на людское гора, а тут яшчэ з партызанамі такая справа. Першы раз і апошні — дай капельку. Па пяцьдзесят грамаў — мне і салдату.

Кузьмін. Мне не трэба.

Вікця выходзіць.

Барута. Ты ж, мусіць, хутка ў лес падасіся?

Кузьмін. Падамся.

Барута. Дык гэта Вікця таму і плакала?

Кузьмін. Чаго ёй плакаць?

Барута. Ты мне вачэй не адводзь, я сёе-тое заўважаю. Не абы-хто ты для яе.

Кузьмін маўчыць. Доўгая паўза.

Каб не вайна, дык бы пажаніліся ды жылі сабе. І я б парадаваўся, гледзячы на вас.

Кузьмін. А вам што за радасць?

Барута (збянтэжаны). Ды так... Старому яно прыемна.

Уваходзіць Вікця з дзвюма налітымі чаркамі і ставіць перад мужчынамі. Барута бярэ чарку.

Барута. Дык давай, можа... За гэта самае, пра што я казаў.

Кузьмін рэзка ўстаў з-за стала. Чарка абярнулася. Ён выйшаў з пакоя.

Чаго гэта ён? Пакрыўдзіўся?

Вікця. Нешта з ім робіцца. Сама не разбяру.

Барута (адстаўляе чарку ўбок). Я ж, здаецца, нічога дрэннага не сказаў. (Есць бульбу з агурком.) У рот нічога не лезе.

Уваходзіць Кузьмін, таксама апранены.

І ты ідзеш?

Кузьмін. Іду.

Барута. Можа, у адну дарогу? Мне на Сталярную.

Кузьмін. У адну.

Барута. Вось і добра. (Вікці.) Не сумуй. Усё будзе добра. (Ён і за ім Кузьмін накіроўваюцца да дзвярэй.)

 

Заслона

 

Акт трэці

 

Карціна сёмая

Перавязачная ў бальніцы. Вікця адна — рыхтуе інструменты, бінты.

Пельцэр (уваходзіць). Можна?

Вікця (здрыгануўшыся). Вы ж ужо зайшлі.

Пельцэр. Я не пастукаў, прабачце. (Цалуе Вікці руку.) Вы ўсіх так пужаецеся?

Вікця. Не, толькі некаторых.

Пельцэр. Да мяне вам пара прывыкнуць.

Вікця. Вы таму і зайшлі, каб я прывыкала?

Пельцэр. Я не мог прайсці міма перавязачнай.

Вікця. А вы што — хворы?

Пельцэр. Вельмі сур’ёзна.

Вікця. Патрэбна хірургічнае ўмяшанне?

Пельцэр. Без вашага ўмяшання нічога не будзе.

Вікця. А што такое ў вас?

Пельцэр (са штучным пафасам). Каханне.

Вікця. Ну што ж, давайце выражам.

Пельцэр. Гэта нельга. Гэта глыбока, у душы.

Вікця. Дабяромся і да душы. Дзе яна ў вас? У пятках, мусіць?

Пельцэр (грозіць ёй пальцам). Ну-ну! Я ведаю, на што вы намякаеце. Не забывайцеся, што я афіцэр самай храбрай у свеце арміі.

Вікця. І на храбрых ёсць граза. Кажуць, лясы кішаць гэтымі... як вы іх называеце...

Пельцэр. Бандытамі.

Вікця. Кажуць, быццам іх і ў горадзе поўна.

Пельцэр. Няхай. Мы іх б’ём і зарабляем ордэны.

Вікця. Я іх у вас яшчэ не бачу.

Пельцэр. Хутка ўбачыце. Учора ліквідавалі групу ў чатырнаццаць чалавек, якая прабіралася ў лес. Кіраваў аперацыяй я.

Вікця. І што вы з імі зрабілі?

Пельцэр. Яны там. (Паказвае ў зямлю.)

Вікця. I яны не супраціўляліся?

Пельцэр. У іх не было чым.

Вікця. Ордэн, відаць, невялікі будзе... за такі подзвіг?

Пельцэр. Хутка ў мяне будзе вялікі. Жалезны & крыж з дубовымі лістамі.

Вікця. Гэта ваша мара.

Пельцэр. Гэта ўжо рэальнасць. Вы яго ўбачыце ў мяне вось тут.

Вікця. А што, калі ў вас будзе тут дзірачка?

Пельцэр. Якая дзірачка?

Вікця. Аперацыя ж, відаць, будзе сур’ёзная?

Пельцэр. О, каласаль! Могілкі на могілках.

Вікця. I не заўсёды вы будзеце мець справу з бяззбройнымі людзьмі.

Пельцэр. На вайне без рызыкі не бывае.

Вікця (з прытворным смуткам). Хто ж мне будзе падаркі насіць?

Пельцэр. А падарак вам спадабаўся?

Вікця. Я яго з’ела з прыемнасцю. І з кожнай цукеркай успамінала вас.

Пельцэр (цалуе руку). Я вам прынёс яшчэ даражэйшы падарак. (Вымае флакон духоў.) Французскія. Самая шыкарная фірма.

Вікця. А чым жа я расплачуся за такі шыкарны падарак?

Пельцэр. О, не турбуйцеся. Вы маеце такі скарб, што можаце аплаціць сто такіх флаконаў. (Спрабуе абняць.)

Вікця (вызваляецца). Адкуль жа? Я бедная дзяўчына.

Пельцэр. Вы — наіўная дзяўчына.

Вікця. Няма ў мяне ніякага скарбу.

Пельцэр. Вы толькі дазвольце, я сам яго знайду. (Абнімае больш рашуча.)

Вікця (супраціўляецца). Я бачу, што для мяне ваш падарак занадта дарагі. Вазьміце яго назад.

Пельцэр. Не, не! Толькі трошкі прыхільнасці.

Вікця. Але ж вы так прыхіляецеся...

Пельцэр. Я не вінават. Гэта тэмперамент.

Вікця. Кажуць, што для немцаў гэта не характэрна.

Пельцэр. О-о-о! (Кідаецца ў атаку на Вікцю. Вікця выкручваецца, хапае са стала скальпель і, жартуючы, настаўляе на Пельцэра. Спалоханы, Пельцэр адхіснуўся.) О-о-о!

Вікця (смяецца). Як маецца ваш тэмперамент?

Міхаіл Фёдаравіч (адчыняе дзверы і спыняецца ля парога). Вас тут аперыраваць збіраюцца, пан капітан.

Пельцэр (жартуючы). Бандыт! Яе трэба вешаць.

Міхаіл Фёдаравіч. Прашу прабачэння. (Выходзіць.)

Вікця. Вось бачыце. Тут зусім непрыдатнае месца для вашага тэмпераменту.

Пельцэр. Я прапанаваў вам іншае месца. Я прасіў вас да сябе ў госці.

Вікця. Я на гэта не магла адважыцца. Калі б яны даведаліся...

Пельцэр. Хто — яны?

Вікця. Тыя, за каго вы збіраецеся жалезны крыж атрымаць.

Пельцэр. Вы іх баіцеся?

Вікця. Вы ведаеце, што яны робяць у такіх выпадках.

Пельцэр. Кажуць, ёсць нейкі Саша ці Міша, якога завуць «смерць здраднікам».

Вікця. Вось гэтага Сашы я і баюся.

Пельцэр. А ваша прыхільнасць, якую вы адпускаеце мне аптэчнымі дозамі? Дзе ж знайсці такое месца, каб вы праявілі яе больш шчодра?

Вікця. Лепш я сама вас у госці запрашу. Я змагу абставіць так, што ніхто і ведаць не будзе.

Пельцэр. Вы разумніца! (Цалуе руку.) Калі гэта будзе?

Вікця. Калі-небудзь. Трэба выбраць вечар, калі дома нікога не будзе.

Пельцэр. Не мучце!

Вікця. Каб вы не мучыліся,— можа і сёння. (Заўважыўшы, што Пельцэр у нерашучасці.) Бадай-што сёння я вам змагла б падарыць вечарок.

Пельцэр. Сёння мне не зусім зручна.

Вікця. Я і забылася: у вас сёння аперацыя «каласаль». Могілкі на могілках.

Пельцэр. Хіба я сказаў сёння?

Вікця. Адкуль жа я ведала б?

Пельцэр. Але ў нас ёсць час. Да дзевяці гадзін вечара я вольны.

Вікця. А можа, там без вас абыдзецца?

Пельцэр. Без мяне? О, не! Без мяне там нічога не выйдзе.

Вікця. Тады трэба спяшацца. Я павінна ўсё падрыхтаваць. Чакаю вас роўна ў сем. Адрас — Ціхая, 16.

Пельцэр. Буду пунктуальны. (Старанна запісвае адрас.)

Вікця. Выходзьце. Разам нам нязручна. І так плёткі ходзяць.

Пельцэр. Глупства.

Вікця. Для вас. А я ж, можа, дзяўчына.

Пельцэр. Іду, дарагая. (Цалуе руку і зноў хоча абняць.)

Вікця. Будзьце цярплівы.

Пельцэр. І вы мне абяцаеце шмат шчасця?

Вікця. Столькі, колькі вы заслужылі.

Пельцэр выходзіць. Вікця, спяшаючыся, развязвае матузы халата.

Міхаіл Фёдаравіч (уваходзіць). Паважаная Вікторыя Андрэеўна! Я хацеў вам напомніць, што ў нас існуе прафесіянальная этыка.

Вікця. Гэта вы растлумачце яму, Міхаіл Фёдаравіч.

Міхаіл Фёдаравіч. Якога чорта яму трэба ад вас?

Вікця. Вы не маленькі, самі павінны здагадацца.

Міхаіл Фёдаравіч. Можа, хоча якія весткі здабыць?

Вікця. Не, справа куды прасцей.

Міхаіл Фёдаравіч. Дык нельга ж ператвараць перавязачную ў чорт ведае што.

Вікця. Я нават абразіцца не маю часу.

Міхаіл Фёдаравіч. Чаго ж абражацца? Вы самі какетнічаеце. Каб гэтыя прыставанні былі вам непрыемныя, дык вы б яго адшылі.

Вікця. Наадварот, я хачу яго прышыць.

Міхаіл Фёдаравіч. Я нічога не разумею.

Вікця. Адпусціце мяне, Міхаіл Фёдаравіч, я павінна зараз жа пайсці.

Міхаіл Фёдаравіч. Але ж там (паказвае на дзверы) хворыя чакаюць.

Вікця. Калі я не пайду, загінуць людзі. Шмат харошых людзей.

Міхаіл Фёдаравіч. Так бы вы і сказалі.

Вікця знімае халат і выходзіць.

 

Карціна восьмая

Кватэра Алены Прымаковіч. Дэкарацыя першай карціны.

Алена. З могілак і ў лес? І дадому нельга будзе зайсці?

Рунец. Паглядзім, можа, і вернемся.

Алена. Я мушу вярнуцца. Колькі тут чаго засталося, а шкада. Можа, што прыхаваю, што да суседзяў занясу.

Рунец. А потым як жа вы?

Алена. Да Браткі падамся. Дарогу я ведаю. А вось з Таняй як быць?

Рунец. Не ведаю, што вам параіць.

Алена. На Зарэчнай вуліцы жыве мужава сястра, але ёй і самой няма чаго есці. Можа, з сабой узяць?

Рунец. Раз нічога іншага нельга прыдумаць...

Таня (уваходзіць з піянерскім гальштукам на шыі). Салют, дзядзя Вусаты!

Рунец. Будзь гатова!

Таня. Заўсёды гатова! (Глядзіць на гадзіннік.) Ужо можна знімаць. (Знімае гальштук і кладзе ў куфэрак.)

Алена. Мусіць, прыйдзецца нам у лес ісці, дачушка.

Таня. У які лес?

Алена. Да Браткі.

Таня. А можна?

Алена. Дзядзя Вусаты кажа, што трэба.

Таня. Вось здорава! І дзядзя Мікіта з намі?

Алена (спахмурнеўшы). Няма дзядзі Мікіты. Як пайшоў учора па бланкі, дык і не прыйшоў. Можа, той прыяцель сам і выдаў яго. (Выцірае слёзы.) Можа, там цяпер, беднаму, косці ломяць.

Таня. Мама, гэта няпраўда. (Падыходзіць і абнімае маці.) Ён вечарам прыйдзе. (У яе самой слёзы на вачах.)

Алена. Пыталася я, можа, у турме яго бачылі. Знаёмая жанчына прыбіральшчыцай там працуе. Кажа, не бачыла. Можа, яшчэ ў гестапа трымаюць.

Вікця (уваходзіць, задыхаўшыся). Добра, што я вас застала.

Рунец. Што здарылася?

Вікця. Фашысты некую пастку строяць.

Рунец. Адкуль гэта вядома?

Вікця. Мой немец прагаварыўся. Рыхтуецца некая аперацыя, якую ён называе «каласаль». Могілкі на могілках.

Рунец. Могілкі на могілках! Гэта была б сапраўды пастка.

Вікця. Да дзевяці гадзін нічога не будзе, а далей не ручаюся.

Кузьмін. А чаму ты да дзевяці ручаешся?

Вікця. Да дзевяці гэты немец будзе ў маім распараджэнні. А ён у гэтай справе адзін з галоўных. (Усе здзіўлена глядзяць на яе.) Чаго вы так глядзіце? Я запрасіла яго ў госці.

Алена. Што ты надумала!

Вікця. Тлумачэнні пасля. Трэба людзей ратаваць.

Рунец. Гэта праўда. Алена Сцяпанаўна і Таня, прашу мне дапамагчы. Я вам дам некаторыя адрасы. Сам пайду ў раён могілак, каб папярэдзіць, каго ўбачу. Начаваць тут я вам не раю. Калі ў іх сарвецца на могілках, яны кінуцца на явачныя кватэры. Правакацыя, відаць, задумана шырока.

Алена (да Тані). Дачушка! Ты сюды больш не варочайся. Ідзі на Зарэчную да цёткі Надзі. Я таксама туды прыйду. А ты, Вікця, з агнём не гуляй.

Вікця. Вы ж бачыце, якая тут гульня.

Рунец. Пастарайся затрымаць яго як мага даўжэй.

Рунец, Алена і Таня выходзяць.

Кузьмін. Якою цаною ты здабыла гэтыя весткі?

Вікця. Хітрыкамі.

Кузьмін. І толькі? Ты мне ўсё скажы. Нешта ж было, відаць.

Вікця. Самая дробязь. (Бярэ з шафы святочнае плацце.) Выбачай, мне трэба пераадзецца. (Выходзіць у суседні пакой.)

Кузьмін. Што трэба разумець пад гэтай дробяззю?

Вікця (з суседняга пакоя). Глупства. Прывабная ўсмешка, няпэўны намёк.

Кузьмін. І табе не агідна?

Вікця. Агідна. (Выходзіць у святочным плацці, з падфарбаванымі вуснамі.) Ты нават уявіць не можаш, як агідна. (Скаланулася.)

Кузьмін (з захапленнем глядзіць на яе). У фрыца губа не дура.

Вікця. Што ж рабіць, Сашачка? Гэта мая невялікая ахвяра.

Кузьмін. Разумею. Усё разумею, але як падумаю, што гэта поскудзь будзе дакранацца да цябе, дык мяне аж калоціць.

Вікця. А калі я гэтым людзей ад смерці ўратую, няўжо ты ўсё-такі асудзіш мяне? (Дастае абрус, засцілае стол, ставіць два прыборы.)

Кузьмін. Не асуджваю, а баюся я за цябе. Баюся, што страчу цябе назаўсёды.

Вікця. Нічога страшнага не здарыцца. (Выходзіць.)

Кузьмін, узбуджаны, ходзіць па пакоі. Вікця варочаецца з графінчыкам.

Я нават спірту не шкадую, прызначанага зусім не для фашысцкіх афіцэраў.

Кузьмін. Гэтым не адбудзеш.

Вікця. Ты не бойся. Я што-небудзь прыдумаю.

Кузьмін. Я ўжо прыдумаў.

Вікця (з трывогай). Што ты прыдумаў?

Кузьмін. Я заб’ю яго.

Вікця. Ты гэтага не зробіш.

Кузьмін. Зраблю. З вялікай асалодай.

Вікця. І засыплеш явачную кватэру.

Кузьмін. Яна ўжо засыпана.

Вікця. Ідзі, я цябе прашу. Ён вось-вось павінен прыйсці.

Кузьмін. Не пайду.

Вікця. Нічога не здарыцца, запэўняю цябе. Я хутчэй сама сабе смерць зраблю, чым дапушчуся да чаго-небудзь.

Кузьмін. Не хачу, каб ты і сама сабе смерць рабіла. (Абнімае.) Я не пакіну цябе адну на пагібель. (Цалуе.) Не праганяй.

Вікця. Узнімеш трывогу і загубіш усю справу.

Кузьмін. Я цішком. Нават боты зніму, каб ямчэй падкрасціся было. (Знімае боты.)

Вікця (глянула ў акно). Усё! Ён ужо ідзе.

Кузьмін. Прыкрыеш дзверы ў склеп посцілкай. (Хапае боты і бяжыць на кухню.)

Вікця выходзіць у пярэднюю сустракаць немца.

Вікця. Ох! Вы мяне напужалі сваім пісталетам.

Пельцэр. Я так заўсёды заходжу ў незнаёмую кватэру.

Вікця. Які вы асцярожны.

Пельцэр. Гэта не перашкаджае быць храбрым.

Вікця. Прашу сюды. (Расхінае парцьеру.)

Пельцэр. Я раней хачу сюды. (З пісталетам у руках заглядае ў пакой налева.) І сюды. (Заглядае на кухню.) А цяпер можна і сюды. (Уваходзіць у пакой.) Тут яшчэ пакой. (Заходзіць з пісталетам у бакавы пакой. Выходзіць адтуль і тады толькі хавае пісталет у кішэнь і весела глядзіць на Вікцю.) Так лепш.

Вікця. Мне гэта крыўдна.

Пельцэр. Прабачце, я ў заваяванай краіне.

Вікця. І заўсёды гэта помніце.

Пельцэр. На жаль, нам часта аб гэтым напамінаюць.

Вікця. Вы нават дзяўчат баіцеся. Прашу распранацца.

Пельцэр (распранаецца). Адзін мой знаёмы загінуў праз дзяўчыну.

Вікця. Вы што ж, думалі, што я таго Сашу ці Мішу тут схавала?

Пельцэр. Я хацеў бы з ім сустрэцца. У мяне ёсць для яго добры гасцінец. (Падкрэслена ляпае па кішэні з пісталетам.)

Вікця. Прашу садзіцца. Дазвольце наліць... для храбрасці.

Пельцэр (садзіцца да стала). Храбрасць мне патрэбна: я на подступах да непрыступнай крэпасці. (Жэст у бок Вікці. Бярэ ў рукі графін, нюхае.) Спірт. Лепш вось гэта. (Устае і вымае з кішэні вопраткі пляскатую бутэльку.) Замкніце, калі ласка, уваходныя дзверы.

Вікця. А ў вас там хіба варты няма?

Пельцэр. Я да дзяўчат у госці хаджу без варты. І... каб ніхто не ведаў. Нам строга забаронена хадзіць у дом да рускіх дзяўчат.

Вікця зашчэплівае дзверы і варочаецца.

Пельцэр (налівае ў чаркі лікёр). За ваша хараство, Вікторыя Андрэеўна. (Выпіваюць.) Дзякую, што падарылі мне гэты вечарок. (Цалуе руку.) Цяпер бы крыху музыкі. Вальс. (Напявае.) Прыёмніка няма?

Вікця. Прыёмнікі ўсе ў вас. А вальс можна. (Заводзіць патэфон.)

Пельцэр (кружыць яе ў танцы, }блізка прыціскае да сябе, цалуе ў шчаку). Харошая!

Вікця вызваляецца з абдымкаў і садзіцца на крэсла. Пельцэр — на другое, плячамі да парцьеры.

Вам дрэнна?

Вікця. Галава закружылася.

Пельцэр. Палажыце яе мне на плячо. (Хоча зноў абняць. Вікця адхіляецца.) А што вы мне абяцалі?

Вікця. Вы ўсё сваё атрымаеце.

Пельцэр. Я не люблю доўгай уверцюры. У мяне вельмі мала часу.

Вікця. Мала часу для кахання.

Пельцэр. Там (паказвае некуды ў прастору) гэта вельмі важна.

Вікця. Бандыта якога-небудзь зловяць і без вас.

Пельцэр. Аднаго? Усіх бандытаў.

Вікця. Так ужо і ўсіх?

Пельцэр. Усіх самых галоўных.

За плячамі ў Пельцэра паказваецца Кузьмін з фінкай. Немец паварочваецца, і ён хаваецца за парцьеру.

Вікця. І вы не баіцёся выдаваць мне такія сакрэты?

Пельцэр. Не. Вы не ўспееце нікому расказаць. Праз дваццаць мінут пасля таго, як я выйду адгэтуль, вы пачуеце стрэлы. Гэта я буду зарабляць жалезны крыж. (Налівае чаркі.) За мой жалезны крыж.

Вікця. За крыж я вып'ю. (Выпіваюць.)

Пельцэр. Як галава?

Вікця. Кружыцца.

Пельцэр. Вам трэба адпачыць. Я вас завяду на ложак.

Вікця. Не трэба, пройдзе.

Пельцэр. Я вас занясу.

Вікця супраціўляецца, але немец бярэ яе ў ахапку. Вікця моцна абхапіла Пельцэра рукой, дае знак Кузьміну. Кузьмін выбягае з-за парцьеры і ўсаджвае Пельцэру нож пад лапатку. Немец падае.

Вікця (вызваліўшыся з абдымкаў Пельцэра). Хутчэй хадзем!

Кузьмін. Трэба прыбраць з вачэй. У склеп хіба. (Цягне труп Пельцэра за парцьеру.)

Вікця. І гэта трэба прыбраць. (Прыбірае са стала.)

Кузьмін (уваходзіць, надзявае Пельцэраў шынель і шапку). Апранайся!

Вікця (апранаецца). Куды ж мы цяпер?

Кузьмін. У лес, да Браткі.

Паспешна выходзяць. Сцэна некаторы час пустая. Прачыняюцца дзверы, і высоўваецца галава Тані. Яна аглядае пакой, потым шпарка ўваходзіць і накіроўваецца да ложка. Высоўвае з-пад ложка куфэрак і дастае гальштук.

Таня. Гальштучак мой дарагі! Чуць я цябе не забыла. (Цалуе гальштук.) Вось якая няўдалая піянерка! Цяпер я з табой ніколі не разлучуся. (Вешае гальштук на плячо. Перабірае ў куфэрку рэчы.) І кнігі шкада пакідаць. Можа, і ў лесе можна будзе чытаць. (Адбірае тры-чатыры кнігі.) Вазьму. А сукенка? (Адчыняе шафу, вымае сукенку.) Гэта ж мая самая лепшая. Занясу да цёткі Надзі. (Прыслухоўваецца.) Машына! (Глянула ў акно.) Немцы. Сюды ідуць. (Кідае сукенку і зачыняе хутчэй шафу. Залазіць пад ложак.)

У пакой уваходзяць два салдаты з аўтаматамі, Нагель і Мюлер з пісталетамі ў руках, Скробат у чорным плашчы. Твар Скробата закрыты капюшонам.

Нагель. Вылецела дзічына.

Салдаты з аўтаматамі абходзяць пакоі.

Мюлер. У гэтым яшчэ трэба пераканацца.

1-ы салдат. Там нікога няма, пан маёр.

Нагель. Цікава, кватэру часова пакінулі ці зусім?

Мюлер. Яна была не замкнёна.

Нагель. Калі часова, тады ў кватэры вобыску не рабіць, рэчы ўсе няхай застаюцца як ёсць, як быццам нас тут не было.

2-і салдат. Тут нехта толькі што быў, пан маёр. Куфэрак адчынены і кнігі на падлозе. (Заглянуў пад ложак і, адскочыўшы, наставіў аўтамат.) Ён тут!

Усе схапіліся за зброю.

Нагель. А ну, вылазь, хто там ёсць!

Адказу няма.

Дастаць!

Адзін з салдат рыўком адсоўвае ложак. З падлогі ўсхопліваецца Таня. Яна стаіць пад наведзенымі на яе дуламі, прыціснуўшы да грудзей гальштук. Дулы паволі апускаюцца.

Мюлер. Піянерка.

Нагель. Што ты тут робіш?

Таня. Гэта мой дом.

Нагель. Чаго ж ты ў сваім доме пад ложак хаваешся?

Таня. Ад немцаў усе хаваюцца.

Нагель. Усе дрэнныя людзі. Партызаны.

Таня маўчыць.

Ты таксама партызанка?

Таня. Я яшчэ малая.

Нагель. А як вырасцеш?

Таня. Тады вас тут не будзе.

Немцы пераглянуліся.

Нагель. З кім ты жывеш тут?

Таня. З мамай.

Нагель. Дзе мама?

Таня. Мые бялізну ў аднаго начальніка.

Нагель. Калі прыйдзе?

Таня. Сёння не прыйдзе. Ноччу хадзіць няможна.

Мюлер. Хто тут яшчэ жыве?

Нагель. Нашто нам гэта ведаць? Няхай жывуць на здароўе. (Да Тані.) Вось бачыш, ты нас баялася, а мы цябе не чапаем, хоць ты і піянерка. І ў кватэры нічога не чапаем. Гэта ад нас збег адзін злачынец. Нам сказалі, што ён у ваш двор забег. Вось мы яго і шукаем. Просім прабачэння, што патурбавалі. (Салдатам.) Абшукаць двор!

Салдат ы выходзяць.

Мюлер. У мяне ёсць некаторыя меркаванні, пан маёр. (Ківае ў бок Скробата.) Я хачу пагаварыць з вамі адзін на адзін.

Нагель і Мюлер выходзяць у другі пакой. Таня стаіць усё ў той жа позе. Скробат паглядае на Таню праз дзіркі ў капюшоне, садзіцца, барабаніць пальцамі па стале. Таня з жахам глядзіць на яго пальцы. Скробат заўважае гэта, хутка хавае руку, але ўжо позна.

Таня (ціха, нібы сама сабе). Чорныя ногці!

Скробат (кідаецца да Тані). Ціха! (Хоча закрыць рот рукой.)

Таня (вырываецца, расчыняе акно, крычыць на ўсю моц). Чорныя ногці! (Хоча ўцячы праз акно. Скробат сцягвае яе з падаконніка, душыць за горла. Таня хрыпіць.) Чорн... чорн... (Б'ецца ў сутаргах.)

Убягаюць Нагель і Мюлер.

Нагель. Што вы робіце?

Скробат (са скрыўленым ротам). Яна мяне пазнала.

Нагель. Адпусціце!

Скробат. Крычыць. На вуліцы пачуюць.

Нагель. Заткніце рот.

Мюлер моцна хапае Таню за рукі. Скробат дрыжачымі рукамі спрабуе запхнуць Тані ў рот гальштук.

І гэтага не ўмееце. (Падыходзіць і спрытна затыкае Тані рот.)

1-ы салдат (уваходзіць). У дварэ нікога няма, пан маёр.

Нагель. Бярыце яе ў машыну. Глядзіце, каб не ўцякла.

Салдат заломлівае Тані рукі, штурхаючы перад сабой, выводзіць.

Мюлер. Яна магла нам усю справу сапсаваць.

Нагель (Скробату). Чаму так выйшла?

Скробат (паказвае пальцы). Вось. Вы самі вінаваты.

Нагель. Можа, мы вінаваты і ў тым, што задуманая аперацыя правалілася?

Скробат. Я ўсё зрабіў, што мог.

Нагель. Каб выратаваць сваіх сяброў.

Скробат. Гэта страшнае і незаслужанае абвінавачанне.

Нагель. Хто ведаў пра аперацыю? Шэф, я і вы. Хто ж з нас папярэдзіў камуністаў?

Скробат. Я не папярэджваў. Клянуся.

Нагель. Вы водзіце нас за нос, таварыш упаўнаважаны. Грошы бераце ў нас, а служыце ім. Мусіць, забыліся, чый вы ўпаўнаважаны.

Скробат (спалоханы). Як вы можаце гэтак думаць, пан маёр!

Нагель. Для гэтага ў мяне ёсць усе падставы. У нас ёсць даныя, што дзякуючы вашаму ўмеламу кіраўніцтву колькасць злачынных элементаў у горадзе павялічылася. Сотні людзей выведзены ў лес. Туды ж цэлымі фурманкамі і нават грузавікамі вывозіліся зброя, цёплае адзенне, медыкаменты.

Скробат. Я не мог усяму гэтаму перашкодзіць.

Нагель. Яны не слухаюць партыйнага кіраўніцтва?

Скробат. Слухаюць. Яны робяць тое, што сказала партыя.

Нагель. А што яна сказала?

Скробат. Тое, чым канчаюцца зводкі Саўінфармбюро.

Нагель. Смерць нямецкім акупантам?

Скробат. Так. І я не ў сілах гэтаму перашкодзіць.

Нагель. Тое, што маглі, вы таксама не зрабілі. Дзе актыў, які вы абяцалі нам сабраць на могілках?

Скробат. Не ведаю. Тут нешта здарылася.

Нагель (злавесна). Даўно мы з вамі не размаўлялі па-шчырасці, пан Скробат. Я скажу хлопцам, каб яны вамі сёння заняліся.

Скробат увабраў галаву ў плечы, нібы чакаючы ўдару.

Вы хочаце загладзіць сваю віну і заслужыць наша давер’е?

Скробат. Мне больш нічога не застаецца.

Нагель. Даю вам такую магчымасць. Як вы думаеце, дзе цяпер вашы прыяцелі?

Скробат. У лесе. А калі не, дык хутка там будуць.

Нагель. І вы павінны туды ўцячы... ад гестапа. Дарогу ведаеце?

Скробат. Не.

Нагель. Хто ведае?

Скробат. Маці гэтай дзяўчыны.

Нагель. Прасачыце, як вернецца, і скажыце, каб завяла. Вернецеся зноў для падпольнай работы і раскажаце нам, дзе штаб, якая ахова, подступы, пароль. Зразумелі задачу?

Скробат. Зразумеў.

Нагель. А калі хочаце, можаце з імі застацца. Мы гэтага не баімся. Зараз яшчэ знімем вас у гэтым балахоне. Мюлер, апарат пры вас?

Мюлер дастае фотаапарат і здымае.

Вось так. А цяпер адкіньце капюшон, каб твар відаць быў. Мы з вамі робім вобыск. Падымайце матрац. Мюлер, шчоўкніце нас!

Мюлер фатаграфуе.

Вось так. Дакумент пераканаўчы. Вазьміце са сцяны гэту картку.

Скробат знімае картку.

Гэта хто?

Скробат. Мікіта.

Нагель. Якога вы загадалі прыкончыць?

Скробат. Так.

Нагель. Вельмі добра. Пан Скробат, ён жа Нёманскі, разглядае картку свае ахвяры. Паказвайце яе мне! Вось так. Шчоўкніце, Мюлер, нас яшчэ разок.

Мюлер фатаграфуе.

Цяпер, калі хочаце, можаце да нас не варочацца.

 

Заслона

 

Дзея працягваецца назаўтра рана ў той жа дэкарацыі. Асцярожна ўваходзіць Алена. Яна прыглядаецца да ўсяго, нібы першы раз у гэтай хаце. Падняла кнігі, што ляжалі на падлозе, патрымала і палажыла ў куфэрак. Адчыніла шафу. Убачыла сукенку, кінутую абы-як, расправіла, павесіла на вешалку. Заглянула ў адзін пакой, у другі. Вярнулася назад і села ля стала.

Алена. Яна яшчэ прыходзіла сюды. (Ціха заплакала. Выцірае слёзы рогам хусткі.) Дзе ж ты, дзіця маё роднае? Дзяўчынка мая дарагая. Можа, яны цябе застрэлілі, як ты ноччу ішла па вуліцы. І ты ляжыш дзе-небудзь у руінах, прабітая кулямі. А можа, схапілі цябе каты на страшную пакуту і выпытваюць, крамсаюць тваё кволае цела.

У пярэдняй пачуўся стук дзвярэй і шоргат. Алена хуценька ўстала. Твар яе засвяціўся надзеяй.

Можа, яна.

Суседка (за парцьерай). Можна зайсці?

Алена (засмучаная). Заходзьце.

Суседка (уваходзіць). Вы, мусіць, мяне не ведаеце?

Алена. Ведаю. Вы жывяце напроці.

Суседка. Гора ў вас вялікае.

Алена. Вы, можа, ведаеце што пра маё гора?

Суседка. Бачыла, як прыйшла ваша малая.

Алена. Дык вы яе бачылі?

Суседка. Падышла, спачатку ў акно паглядзела. Потым дзверы адчыніла асцярожненька. Толькі зайшла, зараз і немцы тут.

Алена. Гестапаўцы!

Суседка. Чорт іх ведае, хто яны такія, толькі пяцёх з машыны вылезла. Чатыры ў нямецкай форме, а пяты ў чорным балахоне. Так і кінуліся да вашых дзвярэй.

Алена з жахам схапілася за галаву.

У мяне сэрца так і зайшлося. Можа, думаю, яна праз акно як выскачыць. Не.

Алена. І што ж далей?

Суседка. А далей самае страшнае. Спачатку ціха было, а потым раптам расчыняецца акно і яна ў акне паказалася на момант. Уся трымціць ад страху ды як крыкне: «Чорныя ногці!» І тут я бачу: балахон той схапіў яе за шыю.

Алена. Чорныя ногці?

Суседка. «Чорныя ногці!» — гэта я добра чула.

Алена. Беднае маё дзіця! Яна звар’яцела ад страху.

Суседка. Дзіва што можна звар’яцець. Зараз бачу, валакуць яе, небараку, у машыну. Салдат рукі заламаў назад, а яна, бедная, і крыкнуць не можа, рот заткнулі, нягоднікі.

Паўза. Алена ціха плача.

Дык вось я і зайшла. Можа, памагчы што трэба.

Алена. Што ж вы мне паможаце, дарагая мая? Сілы ў вас няма такой, каб мне памагчы.

Скробат (уваходзіць). Добры дзень. Што ў вас, Алена Сцяпанаўна! Бяда якая здарылася?

Алена. Бяда, таварыш Нёманскі. Вялікая бяда.

Суседка. То я пайду ўжо. (Выходзіць.)

Алена. Таню гестапаўцы схапілі.

Скробат. Што вы кажаце!

Алена. Суседка бачыла, як яе валаклі ў машыну.

Скробат. Не ўпадайце ў роспач, Алена Сцяпанаўна. Выпусцяць, яна ж дзіця яшчэ.

Алена. Вы ж ведаеце, якое гэта дзіця.

Скробат. Будзем спадзявацца на лепшае. Я разумею ваша матчына гора, але ж не трэба рукі апускаць. Давайце падумаем, што нам рабіць.

Алена. Я і хацела з вамі параіцца.

Скробат. Дзе нашы ўсе?

Алена. У лес пайшлі. Немцы хацелі накрыць усіх на могілках.

Скробат. Не казалі, хто выдаў?

Алена. Ніхто нічога не ведае.

Скробат. Нам з вамі таксама трэба ў лес ісці.

Алена. А як жа Танюша?

Скробат. Чым жа вы ёй дапаможаце?

Алена. Даведацца, ці жывая. Можа, перадачу будуць прымаць.

Скробат. Яны і вас схопяць. Ёй не дапаможаце, а сябе загубіце. І справе можаце пашкодзіць.

Алена. А калі яе выпусцяць?

Скробат. Да знаёмых зойдзе ці да сваякоў. А нам трэба падавацца зараз жа, каб не было позна.

Алена. Можа, вы і праўду кажаце. Пайду клунак збяру. Вы пачакайце трошкі. (Выходзіць на кухню і праз хвіліну, аглядаючыся, убягае ў пакой.) Які жах!

Скробат (усхапіўся). Што такое?

Алена. Там у склепе немец.

Скробат. Які немец?

Алена. Нежывы, здаецца.

Скробат. Яшчэ гэтага не хапала. (Выходзіць на кухню.)

Алена. Ну што — жывы?

Скробат (з кухні). Мёртвы. (Уваходзіць.) Нажом яго шарахнулі.

Алена. Відаць, той, што каля Вікці круціўся. Гэта Саша яго.

Скробат. Цяпер нам тут і аднае хвіліны нельга заставацца.

Алена. Я ўжо і сама бачу.

Скробат. Толькі рукі ў кроў запэцкаў. (Растапырвае пальцы.)

Алена. Ідзіце, я палью. (Выходзіць на кухню. Алена варочаецца адна.) Чорныя ногці! У яго чорныя ногці!

 

Карціна дзевятая

Лагер партызанскага атрада. Злева штабная зямлянка. Справа, пад елкаю, самаробны стол і лаўкі каля яго. У глыбіні лесу, паміж дрэвамі, відаць партызанскія зямлянкі і буданы з яловых лапак. На сцэне — Братка, Цётка, Рунец, Кузьмін, камандзір узвода Канцавы, Радыст з рацыяй за плячамі, Чэпік з вінтоўкай напагатове, накіраванай на радыста.

Братка. Ты дзе яго знайшоў?

Чэпік. Ён сам мяне знайшоў, таварыш камандзір. Я ў сакрэце ляжаў. Чую — нешта шастае ў кустах. Я думаў, кабан дзікі, адно ж ён вылазіць з бандурай за плячамі. Проста на мяне. Тут я яго за шкірку — хадзі сюды!

Братка. Гэта што ў цябе за плячамі?

Радыст. Рацыя.

Братка. А як ты сюды трапіў?

Радыст. З самалёта. На парашуце спусціўся.

1-ы партызан. Брэша і не чырванее.

Братка. Хто цябе паслаў і для чаго?

Радыст. Партызанскі штаб, што ў Маскве. Для абслугоўвання атрадаў таварыша Камлёва.

Братка. Добра цябе немцы брахаць наўчылі.

Радыст. Чэснае камсамольскае, таварыш камандзір!

Канцавы. Як прозвішча начальніка Партызанскаа штаба?

Радыст. Рымарэнка.

Кузьмін. Гэта яму і немцы маглі сказаць.

2-і партызан. Шпіён, ясна.

Кузьмін. Услед за намі паслалі, каб разведаў, дзе атрад, і радзіраваў немцам.

Радыст (пратэстуючы). Таварыш камандзір!

Братка. Што «таварыш камандзір»? Чым ты дакажаш, што не шпіён?

Радыст. Дакументаў у мяне няма, але ж і так відаць.

1-ы партызан (іранічна). Відаць як на далоні.

Радыст. Вось і рацыя савецкая.

Канцавы. Такія і ў немцаў ёсць.

Братка. Проста дзіва! Скінулі цябе з самалёта і якраз на наш атрад. Як быццам там ведаюць, дзе мы знаходзімся.

Радыст. Мяне пасылалі да таварыша Камлёва. Лётчык скінуў не там, дзе трэба. Я блукаў па лесе і наткнуўся на яго. (Паказвае на Чэпіка.)

1-ы партызан. Выкручваецца, гадзіна.

Канцавы. Чаго з ім цацкацца? Дазвольце, таварыш камандзір. (Вымае пісталет і падморгвае Братку.) Я адвяду яго за зямлянку.

Рунец. Чакайце, таварышы! Трэба яму выпрабаванне даць.

Братка. Прыдумаў?

Рунец. Шыфр у цябе ёсць?

Радыст. Ёсць.

Рунец. Пакажы.

Радыст. Ён у мяне ў галаве.

Рунец. Звязацца з Масквой можаш?

Радыст. Магу.

Рунец. Няхай перадасць аб аперацыях атрада «Смерць фашыстам», і каб паслязаўтра раніцой было гэта ў апошніх паведамленнях.

Братка (радысту). Чуеш? Калі паслязаўтра не будзе ў апошніх паведамленнях, мы з табой цацкацца не будзем.

Радыст выцірае рукавом спацелы лоб.

Канцавы. А калі ён не з Масквой звяжацца, а немцаў выкліча? Мы ж не можам праверыць, які шыфр у яго галаве.

Братка. Атраду быць у баявой гатоўнасці. Таварыш Канцавы, выстаўце ўзмоцненую варту. (Радысту.) Зарубі сабе на носе: калі немцы нападуць на нас, ты першы кулю схопіш. Хадзем, я прадыктую данясенне ў Партызанскі штаб.

Цётка (Рунцу). Каб яны яго ў расход не пусцілі.

Рунец. Не пусцяць, пакуль не выпрабуюць.

Цётка. А можа такое быць, што падасланы?

Рунец. Колькі хочаш.

Цётка. Вось тут і ўгадай.

 

Карціна дзесятая

Лагер партызанскага атрада. Дэкарацыя папярэдняй карціны. На варце ля зямлянкі стаіць Чэпік.

Уваходзяць Алена з клункам за плячамі і Скробат. За імі Акуліч з вінтоўкай напагатове.

Акуліч. Стой!

Алена і Скробат спыняюцца.

Чэпік. Папаўненне прывёў?

Акуліч. Трэба яшчэ разабрацца, што гэта такое. Так проста і садзяць па нашай сцежцы. А пароля не ведаюць. Гэты нават з пісталетам. (Вымае з кішэні пісталет.) Аддаваць не хацеў. Дзе камандзір?

Чэпік. Тут. (Ківае на зямлянку.)

Акуліч. Далажы. Або папільнуй іх, дык я сам.

Чэпік (бярэ вінтоўку напагатоў). Ідзі дакладвай.

Акуліч ідзе ў зямлянку.

Чэпік. Садзіся, цётка. Ды клунак знімі, далей ісці няма куды.

Алена. А мне далей і не трэба.

Чэпік (прыглядаецца). О-о! Здаецца, знаёмая! Я чуў, што вы нажную машыну прадаяце. Здарова, маці!

Алена. Здароў, сынок!

Чэпік. Памагаць нам прыйшлі?

Алена. Прыйшлі. Ледзь жывыя выбраліся.

Чэпік. Ці пазналі вы мяне?

Алена. Адзенне другое, дык не зразу і пазнаеш.

З зямлянкі выходзяць Братка і Акуліч.

Братка. О-о! Каго я бачу! А тут мне дакладваюць, што чуць не шпіёнаў злавілі. Добры дзень, таварыш Нёманскі. (Паціскае руку.) Алена Сцяпанаўна! Нарэшце і вы да мяне ў госці прыйшлі.

Скробат. Строгасці тут у цябе. Абяззброілі, чуць не застрэлілі.

Братка. Хлопцы службу знаюць.

Акуліч. Пісталет куды загадаеце, таварыш камандзір?

Братка. Аддаць па прыналежнасці.

Акуліч (аддае пісталет Скробату). Дазвольце ісці на месца, таварыш камандзір.

Братка. Дзякую за службу, таварыш Акуліч.

Акуліч. Служу савецкаму народу.

Братка. Можаце ісці.

Акуліч адыходзіць.

Скробат. І шмат у цябе такіх арлоў?

Братка. Усе паўтараста. Алена Сцяпанаўна! Занясіце клунак у зямлянку. Там і ложак ёсць, можаце адпачыць, калі хочаце.

Алена. Я б хацела сваіх пабачыць... калі яны тут.

Братка. Тут.

Алена. Можа, і Таня?

Братка. Не, Тані няма. Вы адпачніце пакуль што, я іх паклічу.

Алена. Калі ласка. (Бярэ клунак і ідзе ў зямлянку.)

Братка. Таварыш Чэпік! Паклічце сюды таварышаў, што з горада прыйшлі. А ў восем ноль-ноль прывядзіце таго... радыста.

Чэпік. Ёсць, таварыш камандзір. (Адыходзіць.)

Скробат. Колькі ты ад нас папаўнення атрымаў?

Братка. З горада да мяне прыйшло... восемдзесят тры, здаецца.

Скробат. А не цэніш.

Братка. Вельмі нават цаню.

Скробат. Ад партыйнай арганізацыі адарваўся. Аб планах сваіх нічога не паведамляеш.

Братка. Пашлеш планы, а іх перахопяць. Вунь якую правакацыю супраць нас задумалі,

Скробат. А мы іх усё ж перахітрылі.

Братка. Апрача таго, я ўстанавіў сувязь з падпольным абкомам.

Скробат. Вось як! Я чуў, што ёсць такі.

Братка. І што датычыцца баявых аперацый, я выконваю яго заданні.

Скробат. Гэта ты так вырашыў?

Братка. Не, ёсць загад.

Скробат. Ад каго?

Братка. Ад Цэнтральнага Камітэта і Партызанскага штаба.

Скробат. У гэтага абкома ёсць сувязь з ЦК?

Братка. Ёсць.

Скробат. А з намі няма. Як у цябе са зброяй?

Братка. Здабываем.

Скробат. Там на мяне нават ручныя кулямёты настаўлялі.

Братка. І станковыя ёсць.

Скробат. Максімы?

Братка. Тры нямецкія і два нашы. Нават артылерыя ёсць.

Скробат. Хвалішся.

Братка. Процітанкавая гармата. Хадзем пакажу. (Адыходзяць.)

З зямлянкі выходзіць Алена. Да яе падбягае Вікця.

Вікця. Мама! (Цалуюцца.) Ты адна?

Алена. Вунь з гэтым чалавекам. (Ківае ўслед Скробату.)

Вікця. А... (Не адважваецца запытацца.)

Алена (садзіцца на лаўку. Са смуткам). А Танюшы няма. Гестапаўцы схапілі.

Вікця абхапіла матчыну шыю рукамі і прыпала да грудзей.

Вікця. I пра бацьку нічога не чула?

Алена. Нічога. Можа, разам яны там. А можа, і жывога няма. (Убачыўшы, што падыходзяць Рунец і Цётка.) Адыдзіся крыху, мне трэба з гэтымі людзьмі пагаварыць.

Вікця адыходзіцца.

Рунец. Алена Сцяпанаўна! Прыйшлі!

Алена. Прыйшла і чалавека прывяла.

Рунец. Мы яго там сустрэлі.

Алена. А каго прывяла, і не ведаю.

Цётка. Як — каго? Гэта ж таварыш Нёманскі. Вы ж яго ведаеце.

Алена. Я яго не ведаю. Душы яго не ведаю.

Рунец. Вы ведаеце, хто яго паслаў да нас.

Алена. Даруйце. Можа, я ад гора здурнела.

Рунец. Нейкая ж прычына ёсць у вас?

Алена. Што гэта можа значыць: «чорныя ногці»?

Цётка. Нічога не разумею. Якія ногці?

Алена. Калі гестапаўцы зрабілі налёт на маю кватэру, там быў адзін у чорным балахоне з закрытым тварам. Суседка бачыла, як Танюша кінулася ў акно з крыкам: «Чорныя ногці!», а ён сцягнуў яе з падаконніка і стаў душыць.

Цётка. Чорныя ногці?.. Пачакайце...

Алена. Прыгледзелася я, дык у яго ж чорныя ногці.

Рунец (да Цёткі). «Чорны манікюр» — помніш?

Цётка. Гэта абсурд.

Рунец. Хто мог хавацца пад балахонам? Немец? Не. Нехта баяўся, каб не пазналі.

Цётка. Але падазраваць яго!

Алена. Каб жыў быў Андрэй Пятровіч, ён бы мог сказаць пра яго нешта больш важнае.

Рунец. Што ж Мікіта мог вам пра яго сказаць?

Алена. Што Нёманскі хадзіў у СД.

Цётка. Дык вось адкуль у вас падазрэнне! Цяпер зразумела. Мікіта мог яшчэ і не тое сказаць. Дзіўна толькі, што вам, беспартыйнай, сказаў, а нам пра гэта ні словам не заікнуўся. Вы, мусіць, не ведаеце, што Страказа пісала.

Алена. Вось якая бяспамятная стала. За сваім горам пра чужое забылася. (Вымае з-за пазухі паперку.) Заходзіла я зноў да тае прыбіральшчыцы пра Андрэя Пятровіча пытацца. Пра яго яна нічога не ведае, а ад Страказы запіску перадала.

Рунец чытае запіску і, усхваляваны, перадае Цётцы. Тая прачытала, і яны моўчкі пераглянуліся.

Рунец. А самому Нёманскаму Андрэй Пятровіч гаварыў пра гэта?

Алена. Меўся сказаць, але я не ведаю: больш не бачылася з мужам.

Цётка. А Мікіта хіба ваш муж?

Алена. Таму ён мне адной і сказаў пра гэта.

Рунец (да Цёткі). Што скажаш цяпер пра яўрэйскія могілкі?

Цётка. Што ж цяпер рабіць?

Рунец. Судзіць.

Цётка. Тады трэба Братку папярэдзіць. Я пайду ў зямлянку нібыта вады напіцца, а ты прышлі яго да мяне. (Ідзе ў зямлянку.)

Алена. Дык гэта ён, гэты д'ябал з чорнымі кіпцюрамі, загубіў іх!

Падыходзяць Братка і Скробат.

Скробат. З поўначы і з усходу ў цябе подступы ахоўваюцца добра, а з гэтага ж боку нічога няма.

Братка. Там балота.

Скробат. Непраходнае?

Братка. Хто ведае сцежкі, прайсці можна. (Да Рунца.) А дзе ж Цётка?

Рунец. У зямлянцы. Ёй нешта дрэнна стала, пайшла вады напіцца.

Братка. Ці ёсць там вада яшчэ, трэба паглядзець. (Ідзе ў зямлянку.)

Скробат. А ты тут ужо камісарыць пачаў?

Рунец. Правёў гутарку з байцамі.

Скробат. Як маральны стан?

Рунец. У бой рвуцца.

Скробат. Братка, мусіць, хоча, каб ты тут застаўся. Заставайся, калі хочаш. Я вярнуся ў горад, а там будзе відаць.

Рунец. Гэта як партыйная арганізацыя скажа.

Скробат (Цётцы, якая з Браткам выйшла з зямлянкі). Што, нездаровіцца?

Цётка. Нічога, прайшло ўжо.

Братка. Сядайце, дарагія госці. Пагаворым.

Скробат. Госці, а на стале чамусьці нічога няма. (Садзіцца.)

Братка. Будзе. (Становіцца ў Скробата за плячамі.) Зараз усё будзе. Вікця, Кузьмін! Ідзіце сюды!

Вікця і Кузьмін падыходзяць.

Скробат. Аб чым гаварыць будзем?

Братка. Ёсць аб чым.

Скробат. Ды ты сам хоць сядзь, а то стаіш над душою.

Братка. А душа што... адчувае што-небудзь?

Скробат. Не люблю, калі за плячамі стаяць. Пра што гаворка?

Братка. А хоць бы пра подступы, якімі ты цікавішся.

Скробат. Што гэта значыць?

Братка. Ты для каго гэтыя весткі збіраеш?

Скробат. Ты што — жартуеш? (Намацвае ў кішэні пісталет.) Я абавязан ведаць пра баявую гатоўнасць атрада.

Рунец. Вымі рукі з кішэняў!

Скробат. Гэта што яшчэ такое?

Рунец. Вымі, табе кажуць! Ну!

Скробат павольна вымае рукі.

Братка. А гэта дай мне пакуль што. (Адбірае пісталет.)

Рунец. Палажы на стол! Лапы палажы на стол!

Скробат. Што вы — падурнелі? (Кладзе рукі на стол.)

Рунец. Наадварот, паразумнелі.

Цётка. Нам твой чорны манікюр падабаецца.

Рунец. Каго ты душыў гэтымі рукамі?

Скробат. Я?! Душыў?

Рунец. Успомні. У чый дом у чорным балахоне прыходзіў?

Скробат. Калі? Што вы, таварышы! У якім балахоне?

Цётка (з абурэннем). Падлюга. Яшчэ таварышамі называе.

Рунец. У СД чаго хадзіў?

Скробат. Калі? Хто гэта бачыў?

Рунец. Муж гэтай жанчыны, якога ты на той свет адправіў — таварыш Мікіта.

Кузьмін. Ох! Дык гэта... (Парываецца да Скробата.)

Братка (спыняе яго). Сядзь!

Алена. Ты думаў, праўду ў зямлю загнаў, а яна наверх выйшла.

Кузьмін (становіцца на калені перад Аленай). Карай мяне, маці. Я забіў Андрэя Пятровіча.

Алена (з жахам адхіснулася). Ты!

Вікця. Гэта няпраўда, Саша! Ты не забіваў!

Кузьмін. Гэта праўда, Вікця.

Рунец. Смяротны прысуд вынесла падпольная арганізацыя. Кузьміну даручана было яго выканаць. Мы аднолькава вінаваты і з роспаччу схіляем галовы перад памяццю нашага таварыша, перад пакутамі жонкі і дачкі. Гэты гад (паказвае на Скробата) узвёў на яго паклёп.

Алена. Ваша спачуванне не загоіць маіх страшных ран. Дараваць мне вам цяжка, але і праклінаць не хачу. Няхай навекі будуць пракляты тыя, хто прынёс нам гора і пакуты. І тыя вырадкі, што прадалі сваё сумленне ворагу.

Цётка. Запіску падсунуў, правакатар пракляты.

Рунец. Вось яе сапраўдная запіска. (Чытае.) «Родныя мае: Вусаты, Цётка, Алена Сцяпанаўна, Братка, Мікіта... (Яшчэ раз падкрэслівае.) Мікіта! Пасылаю вам сваё апошняе прывітанне. Заўтра, калі сонца гляне на нашу пакутную зямлю, мяне ўжо не будзе на свеце. Яны возьмуць маё жыццё, але не вырвуць з маіх грудзей веры ў нашу перамогу. Бывайце назаўсёды, мае дарагія! Адпомсціце за мяне, за ўсе крыўды і пакуты нашага народа».

Усе глыбока ўсхваляваны. Доўгая паўза.

Што ж ты маўчыш, гад? Можа, і цяпер яшчэ будзеш адпірацца?

Скробат. Усё... Канец мой прыйшоў.

Рунец. Як здраднікам стаў?

Скробат. Катаванняў не вынес. Спужаўся, думаў, што ўсё загінула. Упаў, а ўстаць не змог. Іх баяўся і вас баяўся. Баяўся смерці, баяўся пакуты. А больш за ўсё баяўся ганьбы, каб людзі не ўведалі.

Рунец. І нічога гэтага ты не пазбег.

Алена. Дзе дачку дзеў, ірад?

Скробат. Яе няма на свеце.

Алена. Ты забіў яе?

Скробат. Яна не магла жыць, ведаючы, хто я.

Алена заплакала наўзрыд.

Рунец. Правакацыя на могілках твая справа?

Скробат. Мая.

Братка. Сюды чаго прыйшоў?

Скробат. Каб потым іх прывесці.

Рунец. Пачаў з маладушнасці і кончыў здрадай. Такі твой ганебны канец, Скробат-Нёманскі. І калі зноў заззяе сонца над нашай зямлёй, не тваё сэрца сагрэюць яго праменні. Не твае дзеці прытуляцца да грудзей свайго бацькі з гордасцю за яго подзвігі. Народ уславіць сваіх герояў — жывых і мёртвых, а цябе калі ўспамяне хто, дык толькі з праклёнам. Які прысуд вынесем здрадніку?

Братка. Смерць!

Цётка. Смерць!

Кузьмін. Смерць!

Вікця. Смерць!

Братка. Вунь вядуць і таго. (Глядзіць на гадзіннік.) Зараз будуць перадаваць апошнія паведамленні. (Уваходзіць радыст і за ім Чэпік з вінтоўкай напагатове. Братка адчыняе дзверы зямлянкі. Да радыста.) Зараз вырашыцца твой лёс.

З зямлянкі, дзе стаіць прыёмнік, чуваць голас дыктара, які паведамляе аб асобных баявых эпізодах на фронце і ў тыле ворага.

Рунец. Ціха, таварышы!

Усе напружана слухаюць.

Голас дыктара. Народныя мсціўцы з атрада «Смерць фашыстам», якім камандуе таварыш Б., напалі на паліцэйскую казарму ў населеным пункце М. Восем паліцэйскіх забіта. Захоплена шаснаццаць вінтовак, два ручныя кулямёты і шмат патронаў.

Братка (радысту). Ну, друг, прабач. Давай я цябе пацалую. (Моцна абнімаюцца.)

Рунец. А цяпер перадай Цэнтральнаму Камітэту Камуністычнай партыі, што здраднік Радзімы Скробат-Нёманскі па прыгавору камуністаў-падпольшчыкаў расстраляны. Падпольная арганізацыя працягвае барацьбу ў тыле ворага.

Канец

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў у пяці тамах. Том 3. П'есы.— Мн., «Маст. літ.», 1975. - с. 185-260
Крыніца: скан