epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Мачаха

(Байка)

Здароў і дуж быў селянін Антось,

І рукі залатыя ў дзядзі,

І нават галава нішто,

Ды толькі лёс яго не гладзіў:

Дзве жонкі ўжо ляглі ў магілу,

А пасля іх дзяцей — як бобу,

І самых гэтакіх бубноў,

Што аднаму дагледзець не пад сілу.

Ну, што рабіць? Ён ажаніўся зноў

І ўзяў, браткі мае, аздобу:

Ні з твару цётка, ні з грудзей,

І ўсё не так, як у людзей,

Не надта вабіць і Антося,

Ды што ж, калі ўжо так прыйшлося...

Жыве Антось — бяда, дый годзе,

І не відаць канца бядзе:

Хоць жонка хараством — як пудзіла ў гародзе,

А што ні год малое прывядзе.

І пачалося тут сіротам пекла:

Не раз іх «мама» тая пугай секла.

Сваіх заўсёды вунь як песціць,

А тым шкадуе, бедным, есці;

Таго штурхне, таго рване за вушы,

Усіх без меры працай душыць.

Адзенне ж тое — лахманы!

Нікому й не паскардзяцца яны,

Бо і за скаргу гэтаксама

Не гладзіць іх ліхая «мама».

А языком яна перад людзьмі —

Не трэба й роднай лепшай мамы,

Хоць ты вось так яе вазьмі

Ды прылажы да рапы:

— Я за сірот, здаецца б, аддала душу,—

Чуць на руках іх не нашу,—

Так распінаецца кабеціна ў мане,

Што ні канца, ні краю:

— Хаця б яны глядзелі так мяне,

Як буду я старая.

Яны ў мяне не пасынкі, не падчарыцы — госці.

А што ў іх толькі скура й косці,

Дык гэта ўжо завод такі,

Такія ж іх былі і мацяркі.

 

Ох, мачахі! І добрыя ж усе яны без меры,

Ды толькі чорт ім верыў.

 

Ёсць у мяне адзін знаёмы «заг»,—

Два скачуць у яго, а іншыя ў слязах.

Аднак я думаю, што хутка дзеткі самі

Прапішуць іжыцу такой вось «маме».

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 172-173
Крыніца: скан