epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Махальнік Іваноў

Байка

Таму ўжо будзе, мусіць, з год,

Вучэбную стральбу праходзіла пяхота.

Дык вось страляў аднойчы ўзвод

Ці, можа, нават рота.

А тут раптоўна Шэф вярхом аднекуль — шасць:

Цікава паглядзець, а як страляе часць?

Ці вока вернае, ці цвёрдая рука

Ў чырвонага стралка?

Зайгралі «пападзі»,

Гарыць чырвоны флаг.

Стралкі — на лінію. Ляглі ўсе па упорах.

Вось выстраліў адзін,

Вось разам — пах-пах-пах!

І лезе ў нос, і дражніць востры пах

(Калісьці Шэф таксама нюхаў порах).

Вось скончылі. Адбой.

Начальнікі здаволены стральбой:

Той тры папаў, той пяць.

Ахвота тут і Шэфу пастраляць.

Ён пяць патронаў у кішэнь,

Нагледзеў лепшую мішэнь,

Прылёгшы на упор,

І стрэльбу да пляча прыпёр.

Зажмурыў вока — бах! Пад носам землю ўзрыла.

Другі раз. Гэта ўбок завыла.

Яшчэ за імі тры,—

Усе «за малаком».

— Ах, чорт вас пабяры! —

Злуецца Шэф цішком.—

Хоць бы адну папаў, а то скандал страшэнны!

Але махальнікі падходзяць да мішэні,

Давай яму махаць

(У іх быў добры нюх):

Дзве, тры, чатыры, пяць!

У самы, значыць, круг.

Шэф хоча вынікі другім праверыць разам,—

Махальнікаў назначыў зноў жа тых

І ўзяў патронаў... халастых.

Дык што ж вы думалі? — ніводнай не прамазаў.

Як далажыў махальнік Іваноў:

«У цэнтру самую ўсе пяць загналі зноў».

І дзіва дзіўнае было там цэлай часці,

Што можна з халастых ды «ўсе пяць куль» папасці.

А ваенком дык Іванова нават пахваліў:

— Ты,— кажа,— Іваноў, сапраўдны падхалім.

 

У падхалімаў так вядзецца век-вяком!

Ці б’е начальства ў цэль, ці шле «за малаком»,

Ды знойдуцца заўсёды Івановы,

Што памахаць яму гатовы.

 

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 217-218
Крыніца: скан