epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Мая прынцыповасць

Вы, таварышы, заўсёды дакараеце мяне, што я чалавек непрынцыповы, асабліва калі справа даходзіць да крытыкі. Вы так часта аб гэтым гаворыце, што мне, нарэшце, надакучыла слухаць. Каб скончыць гэту гаворку раз і назаўсёды, я вам аўтарытэтна заяўляю, што я чалавек з цвёрдымі прынцыпамі, і дарэмна вы да мяне чэпіцеся. Я, напрыклад, прынцыпова ніколі не крытыкую сваіх прыяцеляў. Як жа гэта можна — выступіць, скажам, на вялікім сходзе і гаварыць пра свайго сябра ўсё, што ты пра яго ведаеш? А можа ж, ён гультай ці бюракрат, ці як-небудзь незнарок у дзяржаўную кішэнь залез. Дык ці абавязкова ж пра гэта перад усімі трэба плявузгаць? А дружба дзе? Можа, мне вечарам з гэтым чалавекам давядзецца за чаркай сустрэцца. Як жа я яму ў вочы пагляджу? У мяне дружба на першым месцы, а пакасціць сваім сябрам — гэта свінства, і вы, калі ласка, мяне на гэта не падбухторвайце.

Зноў жа возьмем начальства... Хіба ж я адважуся? Ды божа барані! Старшы ёсць старшы. Мы ж нават дзяцей навучаем: не гаварыце абы чаго на старшых. А я ж не дзіця. Я разумею, што калі, скажам, Іван Пятровіч начальнік установы, а я толькі яго намеснік, дык ён для мяне старшы, і гаварыць яму прыкрасці проста было б непрыстойна. Калі за ім водзяцца якія-небудзь грашкі, дык гэта не мая справа. Над ім таксама ёсць начальства,— няхай яно і разбіраецца, а мне чаго лезці? Вось мой другі прынцып, таксама цвёрды, і вы, калі ласка, не збівайце мяне з панталыку. Каб я калі што якое супроць начальства... Не, выбачайце, я не так выхаваны.

І наогул я чалавек разважлівы, памяркоўны і лічу, што з людзьмі не трэба сварыцца. Не чапай нікога, і цябе ніхто не зачэпіць. Гэта залатое правіла, якога я заўсёды трымаюся, і мне ні разу не прыходзілася каяцца ў гэтым. Яшчэ мяне мой дзед навучаў некалі: «Не чапайся ні з кім,— казаў ён.— Памятай, што шыбаючы на чужы лоб, трэба і свой падстаўляць». Праўда, я тады быў малады, дурны і часта прыходзіў дадому з гузамі на лбе. Але цяпер дзедава навука мне вельмі прыдалася. Ну, а калі хто мяне першы зачэпіць, тут ужо вы-ба-чай-це! Тут я за сябе пастаю. Тут я ўжо ўсё нутро яго выстаўлю на паказ людзям, навыварат выверну, як панчоху. Не толькі яго самога — усю радню яго перабяру па костачках. Начальству ўсяму парогі паабіваю і ўсё-такі давяду, што ён — сволач. Тут ужо кожны можа пераканацца, што я зусім не супроць крытыкі.

Вось яшчэ пра самакрытыку вы мне часта гаворыце. Ну, гэта я вам скажу, зусім ужо не для мяне. Дзе гэта відана, каб чалавек сам на сябе кляпаў! Вы ж ужо ведаеце, што я на свайго прыяцеля ніколі дрэннага слова не скажу. А хто ж мне найлепшы прыяцель, калі не я сам?

Дык вось які я чалавек, калі хочаце ведаць. А вы гаворыце! Павінен сказаць, што і не адзін я такі. Яшчэ не перавяліся ў нас людзі, якія прытрымліваюцца такіх самых прынцыпаў. Таму яшчэ і можна сяк-так жыць на свеце нашаму брату «стараверу», як нас часамі называюць. Праўда, бывае, што яшчэ і горш называюць. Але ж няхай сабе называюць. Ад гэтага мне нічога не робіцца. Я як быў Мікіта Самасей, так ім і застаўся.

 

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том 4. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, раман.— Мн., «Маст. літ.», 1975. - с. 97-98
Крыніца: скан