epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Майстры крывавага джаза

Гарматныя каралі збываюць свае вырабы за межы пад выглядам музычнага інструмента.

З газет

 

«Джаз!

джаз!

джаз!

Да ведама

ўсіх капельмайстраў джаза!

Найлепшыя струманты —

гэта ў нас:

Бравурна-зычныя

Струманты музычныя —

Бяры

і грымі

і наярвай адразу...»

Згуба камусьці,

а ім —

барышы,

Для гэтага ў фірмы

пэўныя шансы,

Тут

толькі ўмей —

раздзімай,

варушы,

Каб найхутчэй

закружыліся ў танцы.

Модныя фірмы

У ЗША,

Не застануцца і лорды

ззаду:

Розныя маркі,

адна душа

У фабрыкантаў

крывавага джазу.

 

«Хто аматар ладзіць джаз?

Лепшы струмант — гэта ў нас,

Струмант зычны і адборны:

Ёсць фаготы, ёсць валторны,

Можам даць мільён габояў,

Кожны з іх на пяць набояў;

Галасістыя ёсць флейты,

Толькі граць на іх умей ты:

Не зважай, што хто заплакан,

Націскай сабе на клапан —

Пік-пок!

Пік-пок!

Каго музыкай праніжа,

Распластае рукі крыжам,

Адтанцуе галубок.

Пік-пок!

Пік-пок!

Ёсць карнеты-а-пістоны:

Не зважай на енкі-стогны

Ды закладвай сабе стужкі,

Ды наігрывай частушкі —

Тра-та-та!

Тра-та-та!

Хай танцуе бедната,

Хай тлусцеюць каралі,

Што машыну завялі.

Мір сусветны? Забабоны!

Ёсць зенітныя трамбоны,

Дальнабойныя басы.

Ой, басы дык басы! —

Дубам стануць валасы,

Калі грымне такі бас,

Дасканалы выйдзе джаз —

Раз — ба-бах!

Два — бу-бух! —

У танцораў зойме дух,

Ад вялікай весялосці

Ўрассыпную ляцяць косці.

Джаз адменны, беззаганны,

Дык шалёна скачацца,

Аж ніколі больш з нагамі

Галава не ўбачыцца.

Ой, люлі! Ой, люлі! —

Весяляцца каралі.

— Ёсць раялі! Вось раялі!

А ў іх гусенічны ход.

Каб без працы не стаялі,

Пасылаем мы на Ўсход.

Жар факстрот! Сып чарльстон

На раялі ў трыццаць тон.

Хай танцуюць кулі й рыкшы,

Танцаваць яны прывыкшы.

Тром! Тром!

Рыта-та!

Хай паскача бедната,

Хай танцуе весела

Крывавае месіва,

Адпачне пасля ў зямлі,—

Хай балююць каралі!»

 

Як грымнуць музыкі

ў правінцыі Жэхэ,

Аж да Жэневы

коціцца рэха;

Дзе страву гатуюць

пад назвай

«мір»,

Там

вельмі дарэчы

такі гарнір.

Драпежнікі

пішуць вайны закон

Агнём

і жалезам

на жоўтых скурах,

І сочыцца

мірны алей

з языкоў

У лорда Сесіля

і Поля Банкура,

І ў тых,

што за імі

ў цяньку стаяць,—

Дыпламаты

і дыпламатыкі,—

Кожны

правілы знае

«на яць»

Імперыялістычнай граматыкі;

Кожны

другога

раззброіць рад,

А сам —

нібы кветка мімозы;

На вуснах у кожнага —

шакалад,

А за пазухай —

бамбавозы.

Бяльмом жа на воку

савецкі «госць»,—

Простыя словы,

а сэнс вялізны:

Яго дэкларацыі —

у горле косць

Акулам

імперыялізму.

«Каб свет не захлынаўся

больш

у крыві,

Увесь расшматаны

на рызманы,

Давайце раззброімся:

я і вы,—

Начыстую

і без маны».

Ах, як бы ахвотна

вы

гэты рот,

Паны дыпламаты,

заткнулі!

Ды воплескаў буру

з усіх шырот

Яму пасылаюць

абедзве паўкулі,

І музыка ладзіцца

наадварот:

Пад гэту

скакаць давядзецца факстрот

І самай найбольшай у свеце

акуле.

І песня тады прагучыць:

— Ой, люлі!

Адбалявалі сваё

каралі!

Па каралях

пралетарскай шарэнгаю —

Плі!!!

 

1933


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 243-246
Крыніца: скан