epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Малітвы па-беларуску

1. Отча наш
2. Цару нябесны
3. Багародзіца
4. Верую
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7


На ўвагу папам-беларусам

 

Мітрапаліт Варшаўскі Юры

Рашыў зрабіць славяншчыне хаўтуры:

Загадаў ён Віленскай кансісторыі,

Каб усе папы, каторыя

Могуць ужыць беларускай мовы,

Гаварылі б на ёй прамовы.

Я думаю (хоць можна й памыліцца),

Што скора па-беларуску будуць і маліцца,

Дык, каб бацькам духоўным услужыць,

Я рад малітвы ім пералажыць

На беларускую з славянскай мовы.

Вось тут чатыры ўжо гатовы.

 

1. Отча наш

 

Для папоў Заходняй Беларусі

 

Наш бацька нябесны, збавіцель ты наш!

Маленні нас, грэшных, бязгрэшны, уваж!

Аб хлебе насушным цябе не прашу:

Дадуць прыхаджане — я й сам насушу,

Прасіць я не буду яец ды кілбас,—

Скаромнае ёсць пакуль што яшчэ ў нас.

А вось аб чым шчыра цябе я малю:

Ты сам, як калісьці, сыдзі на зямлю,

Даведайся раз хоць авечак сваіх,

Бо нас не баяцца ўжо — служак тваіх:

Ва ўсе распаўзацца пачалі бакі,

Бляюць што папала, іх крадуць ваўкі.

Ты ў кучку збяры іх ды ў толк прывядзі

І плотам высозным вакол абвядзі,

Каб воўк бальшавіцкі сюды не залез,

Штодзень не цягаў каб ён нашых авец.

 

2. Цару нябесны

 

Для папоў Савецкай Беларусі

 

Ох, цар наш нябесны!

Мне жыць стала цесна:

З авец мне карысці

Няма, як калісьці,

Бо воўны не далі,

Ваўкамі ўсе сталі.

А я — ні славечка,

Маўчу, як авечка,

Баюся і пікнуць

Ды рад бы дзе знікнуць,—

Хоць лезці ўжо трэба

Жывому на неба.

 

3. Багародзіца

 

Для папоў Савецкай Беларусі

 

Прасвятая багародзіца!

Ты не бачыш, што тут робіцца!

Дык сядзі ж там ды не кратайся,

Як даўней, ты, дзева, радуйся,

Дый за нас там, багародзіца,

Бо самім нам не прыходзіцца.

 

4. Верую

 

Для ўсіх папоў і попікаў, а асабліва для «жывых».

У гэтай малітве скарочаны штаты з 12 членаў на 7

 

 

1

У бога бацьку верую,

Пакуль асмінай мераю,

А як мераць перастану,

Дык і верыць не стану.

 

2

Я верую і ў сына

(Хоць жыта і з мякінай),

Ды хто ж бы не паверыў,

Каб гэтулькі намераў?

 

3

Вось будзе саладуха!..

Я верую і ў духа,

З якога дапамогай

Намераў гэтак многа.

 

4

Самлела ўжо спіна...

І ў цэркаў ядыну

Павінен я верыць,

Каб болей намераць.

 

5

Пра той свет не дбаю,

Бо я не чакаю

Прыходу другога

Ні чорта, ні бога.

 

6

Я веру: хоць трэсне,

Ніхто не ўваскрэсне.

 

7

Хоць як бы ні верыў,

А жыта намераў

Аж сорак асмін.

Амін!

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 62-64
Крыніца: скан