epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Мандат

(Байка)

Аслу раз выдалі мандат,—

Няйначай, памылкова.

(Такія і ў людзей памылкі — не наўда,

Але аб іх пасля размова).

Ад шчасця гэтага ў Асла

Аж галава кругом пайшла,

І вылецеў з яе апошні розум —

Як п'яны стаў Асёл, хоць быў цвярозым:

Такога ўраз задаў разумнік тону,

Такога шуму нарабіў, такога звону,

Што не спрачаліся жывёлы ані крышку

І палічылі ўсе Асла за шышку.

— Ну й розум! Вось дык галава! —

Яе раз гучалі хвалы словы.

Другі дык ледзь не цалаваў

Капыцікі асловы.

А «галава» з мандатам у паўметра

Стаіць над яслямі ў хляве:

Ніводнай думкі ў галаве —

Жуе сабе авёс, псуе сабе паветра.

Пры гэтым бедныя жывёлы

І чхнуць баяцца без дазволу.

Адзін вось толькі Лыска,

Калі Асла пабачыць блізка,

Заўсёды брэша: «Гаў-гуў-гуў!

Цярпець я дурня не магу!»

Ды Лыска той сядзеў на ланцугу.

 

Бывае іншы раз і з нашым братам,

Што галаву заменьваюць мандатам,

Ды мы справаджваем такіх аслоў

Без лішніх слоў.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 188
Крыніца: скан