epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Мядзведзі

(Байка)

Паслухай вось, суседзе,

Што бацька мой расказваў мне.

Калісьці ў нашай старане

Вялося шмат мядзведзяў.

Цяпер-то рэдка тут яны,—

Згубілі войны ды аблавы,—

Тады ж па вёсках цыганы

Вадзілі іх дзеля забавы.

«Міхалка, дагары ляжы!

Міхалка, паскачы нам Юрку!

Міхалка, зараз пакажы,

Як баба крэхча на прымурку!»

Мядзведзь пакажа. Чаму не — уга!

Без меры жвавы наш Міхалка,

Бо ў носе кольца ланцуга,

А ў цыгана ж якая палка!

«Міхалка, казака танцуй!»

Панёс Міхась (бо давядзецца рэбрам).

Сапе Мядзведзь, звініць ланцуг,

Цыган паважна звоніць срэбрам.

Міхалка скача — пот ліе,

А Цыгану даход дае.

 

Хто тут — Мядзведзь, а хто — Цыган,

Што заграбае чыстаган,

Не цяжка дагадацца:

Вы гляньце цераз акіян —

На іх «свабоднае» мастацтва.

 

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 164
Крыніца: скан