epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Міхаіл Сільніцкі

Ён мала пажыў. На дваццаць першым годзе аддаў Міша маладое жыццё, баронячы свой народ, сваю родную Беларусь ад фашысцкіх людаедаў. Міша бачыў радзіму ў крыві і пакутах, беларускія гарады ў руінах і попеле. Ён бачыў, як паміралі на фашысцкіх вісельнях і пад нямецкімі кулямі савецкія людзі, вінаватыя толькі ў тым, што яны не хочуць быць фашысцкімі рабамі. Сэрца яго не магло знесці гэтай крыўды і здзеку. Малады патрыёт пакляўся біцца з ворагам да таго часу, пакуль родная зямля не будзе ачышчана ад фашысцкай погані, калі зноў можна будзе вольна дыхаць чыстым паветрам родных палёў і лясоў.

Яго гарачая любоў да радзімы і пякучая нянавісць да нямецкіх акупантаў, яго беззапаветная храбрасць і мужнасць зрабілі тое, што просты сялянскі хлопец, калгаснік, стаў Героем Савецкага Саюза, імя якога будзе жыць вечна ў сэрцы народа. Яго подзвіг будзе натхняць людзей на новыя геройскія ўчынкі. 28 сакавіка 1942 года — дзень яго смерці — стаў днём яго славы і неўміручасці.

Міхаіл Сільніцкі нарадзіўся і пражыў дзіцячыя гады ў вёсцы Заполле Суражскага раёна Віцебскай вобласці. Хлопчык вызначаўся незвычайнай кіпучай энергіяй, цікаўнасцю і кемлівасцю. Ён хацеў сам усюды быць, усё бачыць і ўсё рабіць. Перашкод ніякіх не прызнаваў, страху ніколі не ведаў. Ён быў свавольны і гарэзны, і, пакуль не падрос, з ім шмат было клопату і бацькам, і настаўнікам.

«Гора мне з ім было,— расказвае пра яго маці Вера Мікалаеўна Сільніцкая.— Бывала, ні на адну хвіліну нельга пакінуць аднаго. Пасаджу за стол, дам есці. Еш, Міша, ды не ідзі нікуды, я зараз прыйду... Пакуль я падаю карову, дык мой Міша ўжо на Дзвіне аж на пятым плыце. Стаўлю даёнку і бягу без памяці на раку. Клічу, клічу — ды ўсё ласачкай. Пагразі, дык ён на злосць табе і ў ваду можа бултыхнуць. Выманю нарэшце як-небудзь. Бывае, расперажу фартух дый паскамі пацягну са злосці. Просіцца: «Мамачка, не буду!» А праз хвіліну, як толькі адвярнуся, ужо сядзіць на страсе альбо на вяршэчку бярозы. Баялася за яго вельмі. Ён жа тады яшчэ адзін быў у мяне. Ці паверыце, мусіла да ложка прывязваць, калі трэба было адлучыцца куды-небудзь з хаты».

Мішавы прыгоды не зусім канчаліся прыемна. Аднойчы Міша з цікавасцю наглядаў, як сусед робіць цэглу. Яму вельмі хацелася самому прыняць актыўны ўдзел у гэтай цікавай вытворчасці. Вось нарэшце зручны выпадак — сусед вылажыў цэглу сушыцца, а сам адышоўся. Міша з сваім сябрам, таксама Мішам, толькі гэтага і чакалі. Яны падышлі да цэглы. Міша паставіў нагу на цагліну, і на ёй астаўся выразны адбітак яго нагі. Гэта хлопцам вельмі спадабалася, і яны ўзяліся за работу. Праз кароткі час на ўсіх дзвюх тысячах цаглін красаваліся адбіткі дзіцячых ног. Тады хлопцам захацелася яшчэ памясіць гліну. Яны накіраваліся да ямы, у якой размакала залітая вадой гліна. Але тут ім не пашанцавала. Як толькі яны ўлезлі ў яму, гліна пачала іх засмоктваць. Сільніцкі сяк-так выбраўся, а яго сябар так заграз, што не мог крануцца з месца, і пачаў крычаць і прасіць ратунку. Прыбеглі абедзве маці. Паспрабавалі выцягнуць хлопца, але дзе там! У яго аж суставы хрусцяць, а ён не падаецца. Тады адна ўзяла хлопца пад пахі, каб не ўехаў глыбей, а другая стала адкопваць рыдлёўкай. Ледзьве выратавалі.

Чым больш падрастаў Міша, тым больш кіпела ў ім энергія, тым больш складанымі і небяспечнымі станавіліся забавы хлопца. Мішаў бацька, вясковы каваль, сталы і ўдумлівы чалавек, глядзеў на хлопца з непакоем і смуткам. «Што з яго выйдзе?» — думаў ён сабе. Лавіў Фёдар Іванавіч сінявокага, гарэзнага, рухавага, як жывое срэбра, хлопчыка, прыцягваў да сябе і спрабаваў угаворваць. Але Мішу нудна было слухаць бацькавы навучанні. Ён вырываўся з рук і бег, каб дзе-небудзь зрабіць новую штуку, а тым часам і сам не заўважаў, як бацькавы разумныя і ласкавыя словы западалі яму ў душу.

Паступова забавы і гульні Мішы рабіліся больш разумнымі і мэтанакіраванымі. Ён задумваўся над тым, кім ён хоча быць.

Жывучы на беразе Заходняй Дзвіны, Міша стаў выдатным плыўцом. Аднойчы бацька стаяў на беразе і з заміраннем сэрца глядзеў на штукі, якія Міша вырабляў у вадзе. Ныраючы, ён так доўга аставаўся пад вадой, што здавалася, ніколі ўжо не вынырне. Калі Фёдар Іванавіч стаў дакараць сына, што ён так рызыкуе, Міша на гэта адказаў: «Маракоў прымушаюць гэта рабіць, ды колькі яшчэ абучаюць, а я, гуляючы, вучуся. Калі прыйду ва флот, дык мяне і вучыць мала трэба будзе. Чаму ж ты мне не дазваляеш?» Міша марыў быць чырвонафлотцам.

З вёскі Заполле сям’я Сільніцкіх пераехала ў суседняе сяло Курына, дзе бацька ўступіў у калгас і працаваў кавалём у калгаснай кузні. Міша стаў вучыцца ў няпоўнай сярэдняй школе. Яму лёгка ўсё давалася, і ён добра вучыўся. Самыя горшыя адзнакі ў яго былі па дысцыпліне. Яго кіпучая энергія ніяк не мірылася са школьнымі правіламі. «Настаўнікі не разумеюць мяне, не ўмеюць са мной жыць»,— скардзіўся Міша бацьку. А Фёдару Іванавічу балюча было гэта слухаць. Ён ішоў да настаўнікаў і доўга раіўся з імі, што зрабіць, каб даць разумны выхад празмернай энергіі сына. Парашылі, што яму павінна дапамагчы фізічная праца. Міша стаў наведваць школу цераз дзень, а астатнія дні памагаў бацьку ў кузні. Гэта спачатку як быццам памагло, а потым усё пайшло па-ранейшаму. Толькі гульні Мішы пачалі набываць выразна вайсковы характар.

Пры школе быў гурток Асаавіяхіма, у якім былі лыжы і малакаліберныя вінтоўкі. Міша стаў самым гарачым удзельнікам гуртка. Усе грошы, якія бацькі давалі яму на яду і на прысмакі, Міша прастрэльваў у ціры. Калі маці дакарала яго за тое, што ён галодны цэлы дзень, Міша адказваў: «Чырвонай Арміі патрэбны снайперы. А што я галодны — гэта нічога. Снайпер павінен быць трывалым!»

Каля Курына ёсць высокая гара — Малінаўская. Гара гэта досыць крутая. На яе і ўлетку напрост цяжка ўзысці. А Міша катаўся з яе на лыжах. І калі ён на перапынку, ухапіўшы лыжы, узбіраўся на Малінаўскую гару, то тады ўсе вучні школы збіраліся паглядзець на выдатнае відовішча. Яны з зайздрасцю і захапленнем сачылі за ім. Кожны яго выкрутас выклікаў бурнае адабрэнне. Ніякія званкі тады не дзейнічалі, і настаўнікі павінны былі ўжыць энергічныя захады, каб сабраць вучняў у класы і пасадзіць за парты. А Мішу тым часам зніжалі адзнаку па дысцыпліне.

Калі Мішу не давалі лыж, ён арганізоўваў спаборніцтва ў бегу — ад аднаго тэлефоннага слупа да другога. Сам раздаваў узнагароды пераможцам і сароміў адсталых. Страсці разгараліся, час ішоў, пра ўрок забывалі, і настаўнікі зноў умешваліся, і адзнака па дысцыпліне ў Мішавым дзённіку зноў паўзла ўніз.

К 18 гадам Міша быў спрытным, стройным і дужым юнаком. На вечарынках ён быў першым танцорам і песеннікам, любіў беларускія песні і танцы і быў заўсёды душой вясёлай маладой кампаніі. На спартыўных спаборніцтвах ён звычайна заставаўся пераможцам. За работу браўся, і работа кіпела ў яго руках.

Улетку Міша працаваў сезоннікам: на цагельным заводзе, на водным транспарце, на ваенным будаўніцтве. Разам з тым ён наведваў вячэрнія шафёрскія курсы і добра вывучыў матор.

Зімою Міхась працаваў з бацькам у кузні. Ён быў ужо выдатным кавалём і добрым слесарам. За зіму ўдвух з бацькам яны прыводзілі ў парадак увесь калгасны інвентар, і вясна ніколі не заставала калгас «Шлях Леніна» непадрыхтаваным. Калі шмат збіралася работы, Міхась знімаў з галавы шапку, як толькі ён умеў гэта рабіць, і гаварыў: «Ну, стары, сёння я табе закурыць не дам» — і браўся за работу. Ды так браўся, што бацьку сапраўды не было калі закурыць. Асабліва любіў Міша коні каваць. Бацька ледзь паспяваў падрыхтоўваць яму падковы. Міша рабіў гэту работу так спрытна і хутка, што маці глядзела на яго са страхам. Яна баялася, што Міша скалечыць каню нагу. Але з ім гэтага ніколі не здаралася.

У 1938 годзе Сільніцкі ўступіў у камсамол і быў актыўным камсамольцам. У маі 1941 года ён быў прызваны ў Чырвоную Армію, а праз месяц маладому танкісту прыйшлося прымаць удзел у жорсткіх баях, адбіваючы націск гітлераўскіх орд.

У часе адной контратакі Міша быў паранены. Бой быў жорсткі і цягнуўся шэсць гадзін, але ўрэшце праціўнік вымусіў адысці нашу часць на зыходныя пазіцыі. Сільніцкага нельга было вынесці з поля бою, і ён трапіў у палон.

Тут ён упершыню ўбачыў сваімі вачыма здзекі і пакуты, якім падвяргаюць фашысцкія варвары савецкіх людзей. Сам ён цярпеў гэтыя страшэнныя пакуты.

Нягледзячы на познюю восень, палонных трымалі на дварэ, за агароджай з калючага дроту. Людзі мерлі як мухі ад прастуды, ад загніўшых ран, ад голаду. На ежу згаладалым гітлераўцы ўвалакалі ў загараду труп здохлага каня, і ашалелыя ад голаду людзі кідаліся на гэту здыхляціну. За кожны падазроны рух, за намёк на пратэст фашысцкія звяры расстрэльвалі палонных на месцы.

З жахам і нянавісцю глядзеў Міша на зверствы гітлераўскіх бандытаў. Ён рашыў — уцяку: альбо свабода, альбо смерць.

Сільніцкі стаў асцярожна загаворваць з суседзямі і хутка знайшоў аднадумцаў. У лагеры быў адзін камандзір Чырвонай Арміі, які ўжо даўно думаў і рыхтаваўся ўцякаць. Раз яго жонцы ўдалося перадаць яму ў збанку з малаком ножны для рэзкі дроту. Ноччу ў далёкім кутку загароды, дзе менш хадзіла варта, быў прарэзан дрот і Сільніцкаму разам з вялікай групай палонных удалося ўцячы. Вартавыя, праўда, схамянуліся і адкрылі агонь. Частка ўцекачоў была забіта, але астатнія апынуліся на волі.

Пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку, Сільніцкі пайшоў са Смаленшчыны на Віцебшчыну, у родную вёску, дзе свае людзі маглі б схаваць яго ад праследавання, дзе ён меў бы магчымасць паправіцца і падужэць пасля перанесеных пакут і галадоўкі.

Па дарозе Сільніцкі два разы ледзь не трапіў зноў у лапы фашысцкіх катаў.

Раз на Віцебшчыне паміж вёскамі Янавічы і Тадуліна Сільніцкі нечакана сустрэўся з атрадам карацеляў. Уцякаць было позна, ісці насустрач фашыстам азначала ісці на немінучую пагібель. На шчасце, выручыла жанчына, якая ішла па гэтай жа дарозе. Бачачы, што Сільніцкі баіцца трапіць у лапы жывадзёраў, жанчына дала яму на рукі дзіця, а сама з кашолкай пайшла побач з ім, быццам яго жонка. Так яны прайшлі праз вёску, і ніхто да іх не прычапіўся.

Другі раз небяспека пагражала яму ў калгасе, у якім ён спыніўся па дарозе і нейкі час працаваў кавалём. Шукаючы палонных, у вёску прыехалі фашысты і выстраілі ўсіх мужчын.

— Хто не з гэтага калгаса, выйдзі! — скамандаваў афіцэр.

Баючыся, каб праз яго не панеслі кары калгаснікі, Сільніцкі памкнуўся быў выйсці, але старшыня калгаса ўхапіў яго ззаду за вопратку і ўтрымаў на месцы. Гітлераўцам старшыня заявіў, што гэта яго сын і што ён будзе жыць і працаваць разам з ім. Так яшчэ раз выратаваўся Сільніцкі ад смерці, дзякуючы добрым людзям, савецкімпатрыётам, якія самі рызыкавалі жыццём дзеля яго паратунку.

Прыйшоўшы ў родную вёску Курына, Міхась Сільніцкі патроху працаваў з бацькам у кузні, а тым часам звязаўся з людзьмі, якія складалі ядро партызанскага атрада. Сярод іх быў таварыш Даніла Райцаў — камандзір атрада.

Таварышы патроху выяўлялі і вербавалі кадры, бралі на ўлік зброю, якая заставалася пасля адходу Чырвонай Арміі і была закапана насельніцтвам. Але ўсё гэта рабілася патаемна, справу мелі толькі з людзьмі пэўнымі, праверанымі. Нават мацеры Міша не гаварыў пра свае справы. Маці пыталася часамі: «Дзе ты ўсё ходзіш, Міша?» Ён на гэта, не то жартуючы, не то сур’ёзна, адказваў: «Гэта ваенная тайна».

Адзін бацька дагадваўся, дзе начамі прападае Міша. Часамі ў кузні ён асцярожна пачынаў пра гэта гаворку з сынам, але Міша заўсёды адказваў:

— Пачакай, бацька, хутка ўсё будзеш ведаць.

Пры гэтым ён яшчэ энергічней біў молатам па напаленым жалезе, і залатыя пырскі разляталіся ва ўсе бакі.

Тым часам пайшлі чуткі, што Чырвоная Армія перайшла ў наступленне, што немцы пад Масквой разбіты і адступаюць. Людзі збіраліся групкамі ўпотай і падоўгу гаварылі аб тым, хто што чуў, высмейвалі фашысцкую брахню і разыходзіліся па хатах з надзеяй на хуткае вызваленне. Па начах выходзілі на двор і падоўгу прыслухоўваліся, ці не пачуюць стрэлы гармат.

Аднаго разу да Курына дакаціўся далёкі гарматны гул. Гэтыя гукі смерці і разбурэння, якія заўсёды наводзілі жах на людзей, цяпер былі ўспрыняты як вестуны доўгачаканай свабоды. Людзі падымалі вышэй галовы і весялей глядзелі на свет. Яны ўсміхаліся самі сабе, і гэта ўсмешка была кожнаму зразумела.

Вось у гэтыя дні аднаго разу Міша прыйшоў дадому з вінтоўкай на рамяні. Ён сказаў, што Чырвоная Армія зусім блізка, што ў Курына прыходзілі разведчыкі Чырвонай Арміі і наладзілі сувязь з партызанамі і што цяпер ужо няма чаго асабліва баяцца.

— Усё ж такі асцерагайся, сынок. Так і загінуць нядоўга, а табе ж яшчэ толькі жыць і жыць,— казала яму Вера Мікалаеўна.

— Усё роўна, мама: дваццаць год жыві — жыць хочацца, сто год жыві — таксама жыць хочацца. Але каб па-людску жыць. А ў фашысцкай няволі хіба жыццё? Лепш загінуць з гонарам за сваю радзіму, чым жыць з ганьбай,— адказаў на гэта Міша.

Гаворачы, што цяпер ужо няма чаго асцерагацца і хавацца, Міша памыляўся. Пад уражаннем сустрэчы з чырвонаармейскай разведкай ён гатоў быў пераўменшыць небяспеку. На самай справе баявое жыццё партызан было цяжкім і небяспечным. Але цяга ў партызанскія атрады значна павялічылася, і атрад таварыша Райцава, які налічваў дагэтуль некалькі чалавек, хутка стаў расці і вырас у грозную сілу. Паліцэйскія і ўсе іншыя халуі фашыстаў павесілі насы. Самі акупанты таксама спахмурнелі і сталі баязліва азірацца па баках, чуючы блізкую пагібель. Але ад гэтага яны сталі яшчэ больш лютымі. Фашысты яшчэ больш жорстка сталі распраўляцца з мірным насельніцтвам і пасылалі шматлікія карныя атрады, спадзеючыся адным ударам справіцца з партызанамі.

Але партызаны карысталіся падтрымкай і дапамогай насельніцтва, і справіцца з імі акупантам было не так лёгка. Ніякія зверствы і катаванні не дапамаглі. Наадварот, чым больш лютавалі фашысцкія вырадкі, тым больш народных мсціўцаў бралася за зброю, каб адплаціць ненавіснаму ворагу за здзекі і пакуты нявінных людзей.

Аднойчы ў пасёлак Ноўкі ўварваўся атрад карнікаў. Яны сагналі ў адно месца ўсіх, хто не паспеў уцячы, і пачалі допыт.

— Камуністы і партызаны, выйдзіце! — скамандаваў афіцэр.

Ніхто з месца не крануўся. Афіцэр сціснуў зубы:

— Ага, значыць, паміж вас партызан няма? Тады скажыце, дзе яны?

Усе маўчалі, ніхто не вымавіў ні слова.

— Ах, так! Ну, вы ў мяне зараз загаворыце,— пагразіў афіцэр і аддаў загад па-нямецку.

Тады да шарэнгі людзей падышоў обер-яфрэйтар і, тыкаючы кожнаму пальцам у грудзі, пачаў з правага фланга адлічваць.

— Айн, цвай, драй, фір...

Кожнага пятага ён хапаў за грудзі і вывалакаў з шарэнгі. Няшчасных расстралялі тут жа, на вачах у астатніх, і афіцэр зноў звярнуўся да шарэнгі:

— Цяпер вы, напэўна, скажаце, дзе партызаны.

Але зноў ніводнага слова не пачуў ён у адказ, і зноў обер-яфрэйтар пачаў лічыць з правага фланга.

— Айн, цвай, драй...

Цяпер ён вывалакаў з шарэнгі кожнага чацвёртага. І іх таксама расстралялі на вачах ва ўсіх. Калі і пасля гэтага ніхто не вымавіў ні слова, раз’юшаны афіцэр крыкнуў:

— Вы ўсе партызаны! Усіх расстраляць!

Так па-геройску загінула некалькі дзесяткаў патрыётаў — мужчын і жанчын пасёлка Ноўкі. Кожны што-небудзь ведаў пра партызан, але сярод іх не знайшлося ніводнага здрадніка.

Не могучы ўзяць партызан сілай, акупанты пускаліся на ўсялякія хітрыкі. Часта яны падсылалі шпіёнаў да сваякоў і знаёмых партызан, каб што-небудзь пранюхаць пра партызанскія справы.

Раз у дом Сільніцкага зайшла жанчына.

— Ці не знойдзецца ў вас сена прадаць хоць пудоў колькі? — запыталася яна.— Кароўчыну яшчэ ўхавала ад немцаў, дык карміць няма чым.

А перад гэтым якраз партызаны адбілі ў фашыстаў склад з сенам і раздалі яго сялянам.

— Дзе тое ў нас сена,— адказала Вера Мікалаеўна.— Схадзіце вунь у тую вёску, за раку, там лугі вялікія. А ў нас якое ж сена.— А сама падумала: «Дарэмна ты, мілая, прыкідваешся сіратою. Ведаю я, чаго табе трэба».

У гэты час па вуліцы праехала фурманка, а на ёй некалькі чалавек узброеных, у сялянскай вопратцы. Жанчына так і прыліпла да акна. Адзін з тых, што сядзеў на возе, павярнуўся тварам да хаты, але, заўважыўшы ў акне незнаёмую жанчыну, хутка адвярнуўся. Усю справу ледзь не сапсаваў малы Коля.

— Мамачка, наш Міша паехаў,— крыкнуў ён у захапленні. Маці так і ўмлела.

— Які табе Міша, што ты выдумаў,— сказала яна лагодна.

— Дальбог, Міша! Я па галаве пазнаў,— стаяў на сваім Коля.

— Дурны ты, гэта табе здалося. Міша наш далёка-далёка. Ён сюды не можа прыехаць,— угаворвала Колю Вера Мікалаеўна, старючыся гаварыць як мага спакайней.

Міша забягаў дадому толькі на кароткі час, змяніць бялізну ды праведаць, ці здаровы. Цяпер ледзь не кожны дзень адбываліся сутычкі атрада з акупантамі і дыверсійныя акты — падпалы складаў, гіадрывы мастоў і чыгуначнага палатна. Усё гэта не адбывалася без Мішы Сільніцкага. Усюды ён быў самым актыўным і адважным.

Уступіўшы ў партызанскі атрад, Міша адразу ж узяўся вывучаць трафейную зброю, якой больш за ўсё было на ўзбраенні атрада. Так за некалькі дзён ён дасканала вывучыў нямецкія станковы і ручны кулямёты. Пасля гэтага стаў абучаць таварышаў і падрыхтаваў аддзяленне кулямётчыкаў.

Міша страшэнна не любіў сядзець на месцы і заўсёды шукаў сустрэчы з ворагам. Калі праходзіла некалькі дзён без схваткі з фашыстамі, ён прыходзіў да камандзіра атрада і прасіў даць яму «работу». Пры гэтым ён уносіў рад прапаноў і сам вызываўся на аперацыі, якія патрабавалі вялікай адвагі і спрыту.

Такім чынам, ён аднойчы прабраўся ў занятую немцамі вёску Жалезнякі і з-пад носа ў акупантаў вынес два кулямёты і сем вінтовак, якія былі схаваны жыхарамі. Другі раз Сільніцкі разам з партызанамі таварыша Курмялёва ўварваўся ў вёску Прысушына, дзе было 40 фашыстаў, і адкрыў па іх агонь з кулямёта. Восем гітлераўцаў былі забіты, а астатнія разбегліся.

У баі Сільніцкі вызначаўся вялікай адвагай і ініцыятыўнасцю. Раз, каля вёскі Астраўное, партызаны вялі бой з атрадам фашыстаў колькасцю ў семдзесят чалавек. Сільніцкаму даручана было зайсці фашыстам у фланг і падтрымаць кулямётным агнём наступленне партызан. Міша па сваёй ініцыятыве спусціўся на лёд Заходняй Дзвіны і, прыкрываючыся высокім берагам, зайшоў фашыстам у тыл. Раптоўна адкрыўшы агонь з блізкай адлегласці, ён пасеяў паніку сярод фашыстаў, і тыя кінуліся ўцякаць, усцілаючы поле дзесяткамі трупаў.

Кулямёт сабе Міша здабыў у баі. Бой быў гарачы і ўпарты. Гітлераўцаў было значна больш, чым партызан, і яны нахабна лезлі ўперад. Асабліва дакучаў кулямёт, які паліваў свінцом пазіцыі партызан. Міша ляжаў за пнём і адну за другой пасылаў трапныя кулі ў наступаючых фашыстаў. І тут кулямётная чарга ўзвіхрыла снег побач з ім, другая прасвістала над галавой: нямецкі кулямётчык страляў па ім. Злосць узяла Мішу. Ён рашыў расквітацца з фашыстам. Скінуўшы пінжак і шапку, Міша палажыў іх ля пня на віду у нямецкага кулямётчыка, а сам паўзком стаў падбірацца да гітлераўца. Калі Міша непрыкметна падпоўз да гітлераўца, той усё яшчэ страляў па Мішавай вопратцы. Прыкончыўшы фашыста адным ударам, Міша захапіў кулямёт, скрынку з патронамі і вярнуўся да сваіх.

З гэтым кулямётам Міша не расставаўся да канца сваіх дзён, і нямала фашысцкіх вырадкаў лягло ад яго трапных стрэлаў. З гэтым жа кулямётам Міша быў і ў апошнім сваім баі.

Гэта было 28 сакавіка 1942 года. Для знішчэння партызанскага атрада нямецкае камандаванне выслала карны атрад колькасцю каля чатырох рот. У немцаў была адна супрацьтанкавая гармата, пяць мінамётаў рознага калібру, 13 ручных і станковых кулямётаў, 50 аўтаматаў. Рэшта фашыстаў была ўзброена вінтоўкамі. Яны збіраліся знянацку напасці на партызан у раёне гуты Ноўка і знішчыць іх.

Камандзір партызанскага атрада Даніла Райцаў загадзя ўведаў аб намерах фашыстаў. Яшчэ напярэдадні яму аб гэтым данесла яго разведка. Міша таксама ведаў пра гэта. 27 сакавіка ён ездзіў у разведку здабываць весткі пра карнікаў.

У партызанскім атрадзе было ўсяго паўтараста байцоў, чатыры кулямёты і дваццаць пяць аўтаматаў. Але таварыш Райцаў рашыў даць бой карнікам. Ён распалажыў сваіх байцоў у раёне вёскі Плоты так, каб знянацку ўдарыць па фашыстах з фронту і з флангаў. Аднаму кулямётнаму разліку ён загадаў размясціцца на ўскраіне вёскі Плоты і па сігналу «чырвоная ракета» ўдарыць у тыл карнікам. Гэта заданне было дадзена самаму стойкаму і храбраму партызану Міхаілу Сільніцкаму. Міша са сваім разлікам размясціўся на вышках крайняй хаты. Адгэтуль відаць была вёска Курына, дзе прайшлі яго юнацкія гады і хлапецкія гульні. Цяпер там асталіся бацька і маці, сястра і меншыя браты, якім пагражала страшэнная небяспека ад гітлераўскіх разбойнікаў. Крыўдна стала Мішу за сябе, за сваю сям’ю і родную вёску, за родную Беларусь, якой стаў на грудзі каваны фашысцкі бот. Ён ляжаў за кулямётам і цярпліва чакаў.

На павароце дарогі паказаўся галаўны дазор немцаў. Партызаны яго прапусцілі, не выдаючы свайго месцазнаходжання, і падрыхтаваліся да бою. За дазорам ішлі асноўныя сілы карнікаў. Сцепаючыся ад холаду, паўбіраўшы галовы ў плечы, яны пляліся за санямі, на якіх ляжала іх зброя. Яны падышлі ўжо на сто метраў, а партызаны ўсё не адкрывалі агню. Толькі калі фашысты падышлі метраў на пяцьдзесят, партызаны раптам секанулі па калоне з кулямётаў, аўтаматаў і вінтовак.

Шмат фашыстаў лягло трупамі. Яшчэ больш курчылася ад болю, сплываючы крывёй. Астатнія кінуліся ў бакі. Але і тут іх касілі партызанскія кулі. Здагадаўшыся, што яны трапілі ў агнявы мяшок, фашысты кінуліся назад. Тады ўзвілася чырвоная ракета і загаварыў кулямёт Сільніцкага. Праз кароткі час шэсцьдзесят трупаў фашысцкіх салдат і афіцэраў валяліся на снезе. Але і становішча Сільніцкага было крытычным. Карнікам другога выхаду не было, як толькі прарвацца назад. Тут быў толькі адзін кулямёт. Фашысты гэта заўважылі і насядалі ўсё мацней. У Сільніцкага засталося ўсяго тры стужкі патронаў, і ён вёў агонь вельмі эканомна: толькі калі фашысты падымаліся на ўвесь рост, даваў па іх кароткую чаргу.

Калі ў Сільніцкага засталася толькі адна стужка патронаў, да фашыстаў падышло падмацаванне. Сільніцкі апынуўся ў агнявым кальцы.

Ён біўся да апошняга патрона і, калі больш не было чым страляць, рашыў адысці да сваіх. У час перабежкі куля прашыла яму нагу. Ён упаў і папоўз, цягнучы за сабой кулямёт. Гітлераўцы ўзрадаваліся і рашылі ўзяць адважнага партызана жывым.

Калі яны сталі падпаўзаць да яго, Сільніцкі выхапіў наган і стаў расстрэльваць фашыстаў з блізкай адлегласці. У гэты час куля прабіла яму правую руку. Сільніцкі бачыў, што яму ўжо не выратавацца, што прыйшоў яго канец, але малады патрыёт і не думаў здавацца. Ён рашыў біцца з ненавіснымі ворагамі да апошняга дыхання. Ён узяў наган у левую руку і, калі фашысты падпаўзлі на пяць метраў, выпусціў два апошнія патроны. Два гітлераўцы былі забіты напавал. Тады Сільніцкі выхапіў фінку, кінуўся на фашыстаў і закалоў яшчэ двух вырадкаў.

Зранены, сплываючы крывёй, ён біўся да апошняга дыхання, пакуль не перастала біцца яго мужнае сэрца.

Так загінуў адзін з лепшых сыноў беларускага народа, камсамолец, партызан-кулямётчык Міхаіл Сільніцкі.

Немцы адышлі, панёсшы вялікія страты ад партызан.

Яны нават не здолелі забраць усіх трупаў сваіх салдат. Назаўтра цэлы дзень над месцам бою кружыліся нямецкія самалёты. Людзі чакалі, што вось-вось фашысты прыедуць забіраць сваіх забітых. Бацькі даведаліся аб смерці Мішы 29-га зранку. Калі сцямнела, Фёдар Іванавіч крадком завёз труп Мішы да сваіх знаёмых у суседнюю вёску Заполле, дзе Міша нарадзіўся і жыў у маленстве. Сюды сярод ночы сышліся людзі з суседніх вёсак — Кулакова, Кабыльнікаў, Плотаў, каб назаўсёды развітацца з курынскім хлопцам Мішам Сільніцкім, якога яны так любілі за кіпучую натуру і чулае сэрца, за вясёлы характар, за песні, за танцы, за геройства і вернасць народу.

Людзі прынеслі ядлаўцовыя вянкі, кветкі, зробленыя з каляровай паперы. Адна дзяўчына з вёскі Плоты прынесла шырокую блакітную стужку. Як толькі маглі, прыбралі дзяўчаты Мішу ў апошняе падарожжа.

Мужчыны, нягледзячы на вялікую небяспеку трапіць пад нямецкія кулі, пайшлі ноччу на Курынскі могільнік капаць магілу.

На досвітку камякі сырога жвіру глуха ўпалі на сасновае века труны.

Цяпер над адзінокай Мішавай магілай шумяць пасаджаныя клапатлівай рукой бярозкі і кусцікі бэзу. Але недалёка той час, калі над радзімай Мішы Сільніцкага зноў будзе развявацца чырвоны сцяг. І тады ў яго роднай вёсцы, на высокім беразе Заходняй Дзвіны, будзе пастаўлены помнік Герою Савецкага Саюза Міхаілу Сільніцкаму, і падарожны з пашанай прачытае на пастаменце кароткі надпіс аб яго подзвігу. І плытагоны, зняўшы шапкі, праплывуць міма яго, і разам з імі ўніз па Дзвіне, аж да самага Балтыйскага мора, паплыве легенда аб подзвігу маладога патрыёта. Слава аб ім будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне і будзе запальваць у сэрцах людзей гарачую любоў да сваёй радзімы, да свайго народа і яго слаўных сыноў.

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан