epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Мікітка

Носік бурачковы

Пасінелы трошкі,

Портак шарачковых

Выцерты калошкі,

 

Латаны кажушак

Ці такая ж світка,

Лапці на сем вушак —

Вось які Мікітка.

 

Як бяжыць у школу,

Без канца вясёлы,

Як бяжыць са школкі,

Весялей ў тры столкі.

 

Прынясе трасянкі,

Дасць вады Рагулі,

А пасля за санкі

І пайшоў на гулі.

 

Яго «бот» лыковы

Скуратом падшыты,—

Не дагнаць нікому,

Не злавіць Мікіты.

 

Калі ж вёска ў змроку

Гляне бляскам вокан,

Для хлапецкай песні

Свет, здаецца, цесны.

 

Перад вамі, дзеці,

Скрозь яснеюць далі,

Жывяце па свеце

Вы без «анамалій».

 

З вамі напрадвесні

Я, салідны дзядзя,

Пеў бы, здэцца, песні

Ў піянератрадзе.

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 205-206
Крыніца: скан