epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Мір належыць простым людзям

Чатыры гады таму назад разгромлены нямецкі фашызм вымушаны быў скласці зброю і здацца на капітуляцыю. Быў пераможаны самы моцны і самы небяспечны вораг Савецкай краіны і ўсяго чалавецтва, які намерваўся ператварыць усе народы свету ў сваіх нявольнікаў, растаптаць брудным капытом усе здабыткі чалавечай культуры, устанавіць на зямлі царства цемры і грубай сілы. Краіну за краінай таптаў ён пад ногі, заводзячы свой звярыны «новы лад». Ап’янелы лёгкімі перамогамі на Захадзе, ён рынуўся на Краіну Саветаў і тут знайшоў сваю пагібель. Аб магутную скалу савецкага ладу і савецкага нязломнага духу разбіліся саманадзейныя фашысцкія орды, а іх «бог» — крыважэрны маньяк Адольф Гітлер — здох у берлінскім падзямеллі, нібы той скарпіён ад свайго ўласнага яду. Чалавецтва было выратавана ад самай страшнай небяспекі. Сумленныя людзі ўсяго свету былі бясконца ўдзячны савецкаму народу, які ўзяў на свае плечы асноўны цяжар страшэннай вайны, яны благаслаўлялі імя найвялікшага стратэга Генералісімуса Сталіна.

Праз дзень савецкі народ урачыста і радасна адсвяткуе гадавіну вялікай перамогі, услаўляючы мудрую партыю бальшавікоў і свайго любімага правадыра. Савецкім людзям ёсць чаго радавацца і чым ганарыцца. Яны збудавалі першую ў свеце сацыялістычную дзяржаву, дзе няма эксплуатацыі чалавека чалавекам; яны адстаялі сваю сацыялістычную Радзіму ад імперыялістычных драпежнікаў, яны разграмілі самага лютага з іх — нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сваёю адданай працай на заводах, на калгасных палях, у навуковых лабараторыях яны павялічваюць багацці і магутнасць свае Радзімы, крок за крокам набліжаюць наша грамадства да вялікай мэты — камунізма.

У савецкага народа светлае аблічча і чыстае сумленне. Мы нікога не закоўваем у ланцугі, не забіваем, не хапаем за горла, каб адабраць здабыткі чые-небудзь працы. Мы не квапімся на чужыя землі і не збіраемся занявольваць іншыя народы. Да кожнага, самага невялікага, народа мы ставімся з пашанай і прызнаём за ім свяшчэннае права наладжваць сваё жыццё так, як ён сам лічыць патрэбным. У гэтым наша вялікая сіла, у страху перад якой бляднеюць імперыялістычныя завадатаі, рыцары залатога мяшка і атамнай бомбы. У бяссільнай злосці яны паклёпнічаюць на нашу краіну, іх даводзяць да шаленства нашы поспехі ўнутры краіны і нашы перамогі на міжнароднай арэне.

Так, мы не адмаўляем — ёсць у нас такія перамогі. Аб гэтым сведчыць тое, што існуюць краіны народнай дэмакратыі, народы якіх, натхнёныя нашым прыкладам, скінулі з плеч ярмо памешчыкаў і капіталістаў і, ідучы праложаным намі шляхам, з поспехам перабудоўваюць сваё жыццё на новы, сацыялістычны лад. Перамогі гэтых народаў з’яўляюцца і нашымі перамогамі на міжнароднай арэне. Хай гэта — перамогі не нашых гармат, затое — нашых ідэй. Што да гармат, дык нашы рукі чыстыя, чаго ніяк нельга сказаць пра рукі труманаў і бевінаў, на якіх запяклася кроў не аднаго народа. Затое ідэі нашы маюць такую сілу, што супраць іх не могуць устаяць ні гамінданаўскія генералы, ні труманаўскія мільярды, ні англійскія ваенныя караблі.

Мы ганарымся тым, што ідзём у авангардзе дэмакратычных сіл чалавецтва, радуемся, што нашы высокія ідэі перамагаюць грубую сілу драпежнікаў і гвалтаўнікоў. Але радасць наша — не бесклапотная. Мы выразна бачым на гарызонце злавесны цень сцярвятніка. Гэта родны брат таго сцярвятніка, якому мы скруцілі шыю чатыры гады таму назад і пер’е якога развеялі па ўсёй Еўропе. Новы драпежнік адрозніваецца ад старога толькі тым, што гняздзіцца не ля Брандэбургскіх варот, а на Уол-стрыце, у засені статуі Свабоды. Мы чуем яго крыважэрны клёкат, якім ён склікае сваіх пабрацімаў на крывавы баль новай сусветнай вайны. Драпежная зграя ўжо крамсае пакутнае цела народаў Грэцыі, Інданезіі, В’етнама, але кроў гэтых народаў толькі раздражняе апетыт, але не задавольвае прагнасці драпежнікаў. Ім трэба шмат — мора чалавечай крыві. Прагнасць і боязнь таго, што здабыча можа выслізнуць з іх кіпцюроў, падганяе іх дзейнічаць як найхутчэй і надае ім надзвычайную актыўнасць. На скорую руку яны пякуць ваенныя саюзы і пакты, накіраваныя супраць краіны сацыялізма, якая з’яўляецца перашкодай на шляху ажыццяўлення іх злачынных планаў. Хто з халуёў хістаецца або, прадаючы інтарэсы свайго народа, спрабуе таргавацца, каб вытаргаваць лішні срэбранік, таго гаспадары з Уол-стрыта заганяюць у саюз выспяткамі і штурханцамі.

Урэшце, ахвотнікаў прадаць свой народ за амерыканскія долары знаходзіцца нямала. На гэта вельмі сквапнымі аказаліся сацыял-здраднікі тыпу Этлі, Бевіна, Шумана, Блюма, Спаака, Ланге. Яны доўга не таргуюцца і прытрымліваюцца рыначных цэн, устаноўленых яшчэ Юдам. Гандаль ідзе так бойка, што член амерыканскага кангрэса лічыць, што народы Еўропы ўжо ў яго кішэні. У сваёй афіцыйнай прамове ён заявіў, што за амерыканцаў (чытай — амерыканскіх імперыялістаў) з Савецкім Саюзам будуць ваяваць іншыя народы. Відаць, наконт гэтага амерыканскія імперыялісты атрымалі цвёрдыя запэўненні ад тых еўрапейскіх дзеячаў, якім выплачвалі срэбранікі, але паны імперыялісты забыліся запытацца ў саміх народаў, ці згодны яны быць гарматным мясам і ці гатовы яны памерці за інтарэсы мільярдэраў.

Рашучым адказам на спадзяванні падпальшчыкаў вайны з’явіўся Сусветны кангрэс прыхільнікаў міру, які нядаўна адбыўся ў Парыжы і ў Празе. Гэты кангрэс паказаў, што фронт міру праходзіць не толькі па дзяржаўнай мяжы, якая аддзяляе Савецкі Саюз і краіны народнай дэмакратыі ад капіталістычнага Захаду. Ён пераразае кожную капіталістычную краіну, аддзяляючы кучку драпежнікаў ад масы простага народа. Шэсцьсот мільёнаў простых людзей вуснамі сваіх прадстаўнікоў заявілі на ўвесь голас, што яны не хочуць вайны і нязгодны паміраць за сусветнае панаванне амерыканскіх капіталістаў, што яны актыўна будуць змагацца за тое, каб сарваць злачынныя замыслы імперыялістычнай зграі. А калі вайна ўсё ж будзе развязана, яны не будуць у ёй удзельнічаць і прыкладуць усе захады, каб хутчэй з ёю пакончыць. На трыбуне змянялі адзін другога прадстаўнікі 72 краін, пасланцы розных народаў і рас. Рознасць моў і неаднолькавы колер скуры не перашкодзілі ім быць адзінадушнымі ў сваім гнеўным пратэсце супраць падпальшчыкаў вайны. Калі на трыбуну ўзышоў выдатны прадстаўнік амерыканскіх неграў спявак Поль Робсан, зал прывітаў яго бурнымі воплескамі, выказваючы гэтым сімпатыю да прыгнечаных народаў і гарачы пратэст супраць ілжывай амерыканскай дэмакратыі, супраць расавай дыскрымінацыі і суда Лінча.

Магутна прагучэў на Сусветным кангрэсе голас вялікай Краіны Сацыялізма. Пісьменнік Аляксандр Фадзееў, акадэмік Волгін, маці двух Герояў Савецкага Саюза Любоў Касмадзям’янская, Герой Савецкага Саюза Аляксей Марэсьеў і іншыя савецкія дэлегаты заявілі, што савецкія людзі не хочуць вайны, што мы заняты творчай працай і нам для ажыццяўлення нашых грандыёзных планаў перш за ўсё патрэбен мір, за які мы будзем змагацца ўсімі сродкамі супраць злачынных замыслаў імперыялістаў.

«Няхай ведаюць падпальшчыкі новай вайны,— сказаў глава савецкай дэлегацыі Аляксандр Фадзееў,— народы свету могуць раззлавацца і жорстка пакараць іх».

Савецкі Саюз крочыць у авангардзе ўсіх дэмакратычных сіл і міралюбівых народаў, таму аўтарытэт яго як непахіснага змагара за мір расце з кожным днём. Таму так горача віталі нашых дэлегатаў у Парыжы і ў Празе. Таму з такой злосцю паклёпнічаюць на нашу краіну прадажныя пісакі з лагера падпальшчыкаў вайны.

Удзельнікі Сусветнага кангрэса прыхільнікаў міру абвясцілі Маніфест, у якім сцвярджаецца, што народы перасталі быць пасіўнымі і маюць намер актыўна і канструктыўна змагацца за мір.

«Смеласць і яшчэ раз смеласць у змаганні за мір,— гаворыцца ў Маніфесце.— Мы здолелі згуртавацца. Мы здолелі зразумець адзін аднаго. І мы выказваем нашу гатоўнасць і нашу волю выйграць гэта змаганне за мір — змаганне за жыццё».

Святкуючы гадавіну слаўнай перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, беларускі народ выказвае сваю гатоўнасць усімі сіламі і сродкамі змагацца за мір супраць падпальшчыкаў новай вайны. Мы за мір, бо ведаем, што такое вайна для народа, які з’яўляецца яе ахвярай. На працягу трыццаці апошніх год на беларускі народ тры разы абрушвалася навала агню і жалеза, і самая страшная, якую мы нядаўна перажылі,— навала нямецка-фашысцкіх варвараў. Мы за мір, бо яшчэ свежыя магілы нашых блізкіх і родных, закатаваных фашысцкімі вырадкамі, бо яшчэ нямала трэба палажыць нам працы і сілы, каб узняць з руін нашы гарады і сёлы, знішчаныя вайной. Мы за мір, бо ваяваць нам няма патрэбы: мы заняты творчай працай, ажыццяўляем сталінскі план аднаўлення і далейшага развіцця нашай гаспадаркі і культуры. Мы за мір, бо мы за жыццё: за тое, каб цвілі сады, каб людзі цешыліся здабыткамі сваёй мірнай працы, каб павялічваліся скарбы нашай сацыялістычнай культуры, каб шчаслівымі раслі нашы дзеці і каб над імі не вісела пагроза смерці ад рукі забойцы.

Беларускі народ, які нядаўна перажыў жахі страшэннай вайны, усёй душой ненавідзіць падпальшчыкаў новай вайны і будзе змагацца за мір усімі сродкамі. Яго не запалохае бразганне зброі новых ахвотнікаў да сусветнага панавання. Ён цвёрда верыць у магутнасць нашай сацыялістычнай Радзімы, у геній вялікага правадыра народаў таварыша Сталіна, у непераможную сілу соцень мільёнаў простых людзей усяго свету, што ўзняліся на барацьбу за мір.

1949


1949

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан