epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Мода

(Байка)

Якімсьці чынам, невядома,

З вар’яцкага шпіталя ці то дома

Ды збегла раз няшчасная кабета,

Якая з малых год

Была паклонніцаю мод

І розум страціла праз гэта.

Было, між іншым, лета.

Яна тут зараз цераз плот

І скокнула ў гарод

Ды, завязаўшы нек па-свойму хустку,

Давай тут прыбіраць старанна галаву:

Лісцё ўтыкае морквы і капусту,

І кроп, і іншую траву.

Пасля па вуліцы прайшла, як быццам каралева,

Хоць грудзі голыя і цела ўсё свіціцца,

Аж сэрца, гледзячы, сціскаецца ад жалю.

Аднак жа паабапал — справа, злева —

За ёю бегла разявак мо з трыццаць,

Галёкалі, іржалі.

І нават нейкія два франты,

Згубіўшы свой «шляхетны» сорам,

Таксама любаваліся уборам,

Хвалілі, што «пікантны».

А колькі модніцам-кабетам

Іх пахвала абыдзецца і грошай і турбот,

Няшчасныя не думалі аб гэтым.

Назаўтра ўжо ва ўсіх паклонніц мод,

Якія пераймаць заўсёды рады,

Дык не адзін заўважан быў распорак,

А ззаду й спераду — па сорак.

На галаве ж у іх не грады

І нават не гарод,

А проста — цэлае шматполле:

Бульбянік тут развесіў голле,

Там далей — іншы корапьплод;

На самай макаўцы ячмень

Пад вецярком сабе шумеў,

А далей сырадэля

Так міла белым тварыкам глядзела,

І роем навакол гулі

Двухногія чмялі.

 

Якія ж выведу я тут маралі?

Каб на галовах не аралі,

Заводзячы севазварот шматпольны?

Ды не, браткі, зусім

Я клапачуся не аб гэтым,

І байку прысвячаю ўсім,

Хто слепа модзе пакланіцца здольны:

Дзяўчатам ды кабетам,

А больш за ўсіх дык маладым паэтам.

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 179-180
Крыніца: скан