epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Мой сусед

Ахвотна б, добрыя людзі, пазнаёміў я вас з сваім суседам, толькі яму цяпер няма часу — ён вельмі заняты. Вось чуеце, як ён грузна паварочваецца ў крэсле, часамі ўстане, пройдзе з кутка ў куток па пакоі ды зноў садзіцца і ўсё нешта шэпча сам сабе. Гэта ён верш складае. Старыя, нерухавыя і малапаэтычныя мазгі варочаюцца ў галаве грузна і павольна, як і гаспадар у сваім крэсле. З натугаю выціскаецца слова за словам.

Што ж вы думаеце — не так лёгка скласці верш такі, каб ён згадзіўся і ў свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, і 1 Мая, і яшчэ ў шмат якія драбнейшыя святы, і гэта ўсё ў той час, калі ўпартыя мазгі, як прывычны конь, заварочваюць на старую дарожку. Але «терпение и труд все перетрут», прыказвае часта мой сусед і працуе не без вынікаў.

Ніхто з вас, я думаю, не пасаромеецца прызнацца, што ў нейкі пэўны час, пры нейкіх пэўных умовах яму даводзілася перарабляць старое на новае. Напрыклад, працерлася ў вас адзежына,— узяў пераніцаваў яе, падлатаў трохі — і зноў новая. Гэта ўсё ж такі лягчэй, чым справіць сапраўды новую.

Вось мой сусед таксама зразумеў выгаднасць гэтай справы, і ён перакройвае і перафарбоўвае старое на новае. Сёння перад ім ляжыць такі матэрыял:

 

Уж сотни долгих лет прошли,

Величья полные и славы,

А над одной шестой земли

Все тот же он — орел двуглавый —

 

Парит над царственным венцом,

Как он велик в размахе крыльев!

И шлют враги со всех концов

Поклон ему в немом бессилье.

 

Под ним Помазанник свою

Диктует волю всему миру.

Ему я нынче гимн пою

И лобызаю край порфиры.

М. Луковицын

 

Дык вось вы самі бачыце, што мой сусед заняты цяпер вельмі важнаю справаю. Калі ж вам ужо так хочацца бліжэй з ім пазнаёміцца, дык — калі ласка! Хоць я з сваім суседам знаём толькі нядаўна і знаёмства ў нас, можна сказаць, шапачнае, але, дзякуючы дапамозе іншых маіх мілых суседзяў, сякія-такія весткі аб ім сабраў.

З’явіўся некалі Лукавіцын у наш горад маладым ды свежым. Пад носам у яго быў цёмны пушок, а на тужурцы — светлыя бліскучыя гузікі. І называлі ўсе яго і за вочы і ў вочы — Міхаіл Іванавіч, а калі гаварылі аб ім з незнаёмым, то дадавалі: «Лукавіцын — настаўнік гімназіі».

Настаўнікам Лукавіцын быў — пашукаць такога: старанны, паслухмяны і заўсёды ў начальства навідавоку. Да вучняў ён адносіўся па-бацькоўску строга і клапаціўся не толькі аб іхніх ведах, але і аб выхаванні, і аб набыцці імі добрага тону. Аднаму, напрыклад, свайму вучню ён паставіў чатыры па паводзінах за тое, што вучань прайшоў па вуліцы з сваёй знаёмай дзяўчынаю. Другога вучня Лукавіцын пяць разоў выклікаў на зіме, дамагаючыся, каб той сказаў «рюмка». Вучань кожны раз гаварыў «румка» і садзіўся з «едзініцаю».

Клопаты Лукавіцына аб чыстаце вымаўлення «рюмкі» скончыліся тым, што вучань у канцы года меў «круглую едзініцу» і канчаткова «сеў» на другі год, а настаўнік быў здаволены, што выпаўніў свой абавязак.

Лукавіцын лічыў сваім абавязкам любіць паэзію. Пераймаючы «певца Фелицы», ён сам нярэдка пісаў оды і розныя іншыя высокапаэтычныя рэчы на ўсялякія выпадкі, чым і прымусіў уздыхаць па сабе не адно кісейнае стварэнне.

Жанатым Лукавіцын ніколі не быў. Нягледзячы на свае паэтычныя грашкі, чалавек ён быў разважны, сур’ёзны і практычны. Ён умеў трымаць сэрца сваё на аброці, прыкрываючы яго ў патрэбныя моманты панцырам практычнага розуму ад небяспечных стрэл амура. На словах да жаніцьбы ён адносіўся скептычна, называў гэта «абабіцца» і «надзець хамут». Ён нават нейкі час быў патайным прыхільнікам «свабоднай любві» — ідэі ў той час даволі рэдкай, але для распусных ласуноў больш выгоднай, чым цяпер, бо слабейшая палавіна «вольнага саюзу» абаранялася законам куды слабей, як цяпер; апрача гэтага, на яе лажыўся і ўвесь цяжар грамадскай думкі.

Усе вынікі захаплення Лукавіцына ідэяй «свабоднай любві» першай паспытала на сабе яго хатняя работніца, калі ў іх «вольны саюз» умяшаўся трэці саюзнік, не столькі грозны сваім ростам і фізічнай сілаю, колькі катэгарычнаю заяваю аб сваіх правах на жыццё і на ўвагу да яго з боку двух іншых саюзнікаў.

Такое празаічнае ўмяшанне трэцяй асобы ў «вольны саюз» вельмі не спадабалася Лукавіцыну, і ён павярнуў быў сваю шляхетную спіну. Але дзяўчына, якая была вельмі пакорліваю, пакуль не стала маткаю, раптам зрабілася дзёрзкаю і такою ж упартаю ў сваіх дамаганнях, як і трэці саюзнік. «Нібы чэрці на яе ўсселі»,— дзівіўся Лукавіцын. У адной непрыемнай для Лукавіцына размове яна пешчаную шчаку яго пакрыла гучнаю аплявухаю, а яго паэтычную асобу такою, хоць не паэтычнаю, але адборнаю лаянкаю, што наш славеснік пры ўсёй сваёй прыдзірлівасці не знайшоў ніякіх заган у правільнасці яе рускага вымаўлення.

Апрача ўсяго гэтага, дзяўчына пагразіла яшчэ судом, а трэці саюзнік сваім прарэзлівым «у-ва» выказаў поўную салідарнасць у гэтай справе. Баючыся скандалу ў свеце і большай матэрыяльнай адказнасці, Лукавіцын прымушан быў памірыцца. Даўшы дзяўчыне сто рублёў, ён паставіў умову, каб яна «з сваім байструком і на вочы больш не паказвалася».

Пасля гэтага Лукавіцын стаў больш асцярожным у выяўленні свае прыхільнасці да ідэі «свабоднай любві», хоць нашы тутэйшыя хадзячыя газеты ніяк не хацелі забыцца аб яго існаванні,— праз нейкі час побач з Лукавіцыным упарта сталі называць імя выкладчыцы французскай мовы.

Нягледзячы на такую, здавалася б, відавочную прыхільнасць майго суседа да «свабоднай любві», недзе на дне не то душы, не то сэрца, не то нейкага іншага матэрыяльнага ці нематэрыяльнага органа яго хавалася думка аб сямейным шчасці.

Але Лукавіцын рашыў усебакова падрыхтаваць сябе да гэтай справы. Першая частка падрыхтоўкі была — заваяваць сабе моцнае становішча ў грамадзе, другая — знайсці сабе жанчыну, якая б не столькі вызначалася сваім хараством, розумам, характарам... адным словам, яго цікавіў больш матэрыяльны бок справы.

Але для ўсяго гэтага патрэбен быў час.

Што такое час? Гэта — нішто: яго нельга ўбачыць, пачуць, памацаць, панюхаць, папрабаваць на язык; ім нельга заткнуць дзірку ў страсе або ў бюджэце; яго нельга запрэгчы ў плуг, запрасіць на шклянку гарбаты.

Час — гэта нешта бясконца бясчулае і бесстаронняе: якія б ні адбываліся акты найвышэйшай гуманнасці ці нечуванага здзеку над асобаю чалавека, ён застаецца спакойным і безудзельным.

Час — гэта нешта нечувана шпарка-імклівае. Шпаркасць яго прабегу нельга змераць самымі дакладнымі прыладамі. У той жа час нешта нязменнае і нерухомае, бо ўсе тыя адзінкі, якімі мы мераем час, гэта не адзінкі часу, гэта толькі светлавыя, цеплавыя і іншыя з’явы, якія адбываюцца з пэўнай заканамернасцю і якія ніякага дачынення да часу не маюць.

Нягледзячы, аднак, на сваю вечную нерухомасць і безудзельнасць, якую разнастайную афарбоўку прымае час у розных людзей і як па-рознаму скарыстоўваюць час гэтыя розныя людзі! Ёсць час наш і час даўнейшы, час залаты і час пракляты, час доўгі, час кароткі. Адзін у свой час быў вялікім чалавекам, а ў нашы часы нічога не варт. Другі стаў бы вялікім чалавекам, але ён не мае часу, каб заняцца сваёю вялікаю справаю. Адзін не мае часу носа ўцерці за работаю, а другі ные ад таго, што не ведае, куды яму дзець лішні час. Ёсць людзі, якія «ўбіваюць» час, скарыстоўваюць час, нават папярэджваюць час і проста марна трацяць час.

Каб не залічылі нас да людзей апошняй катэгорыі, мы, я думаю, пакінем разважаць аб часе. Я хачу сказаць яшчэ толькі тое, што гэты час моцна падвёў Лукавіцына. Справа ў тым, што яму заняць моцнае становішча так і не ўдалося, як не ўдаецца надоўга замацавацца на рачным лёдзе вясною. Прыйшла вайна, і ўсякія моцныя становішчы даволі моцна захісталіся. Прыйшла рэвалюцыя, і чым мацней было становішча, тым з большым грукатам яно рухнула і паплыло ў паводцы гісторыі.

Але не будзем забягаць наперад... Лукавіцыну пашчаслівілася не папасці ў сусветную мясарубку — імперыялістычную вайну. Яму не даводзілася бачыць, як смяецца з-пад снегу зямлісты твар мёртвым аскалам зубоў, як вытыркаюць крывавым мясам куксы рук і ног, як павуцінне калючага дроту перавіваецца чалавечымі кішкамі. Яму ў напружанай цішыні акопнай ночы не даводзілася чуць жаласнага далёкага енку і звярынага скавытання смяртэльна параненага. Ён гарэў патрыятызмам і нянавісцю да ворага і з нецярплівасцю чакаў, калі «христолюбивое» павергне супастата. А павергнуць супастата (чужымі, праўда, рукамі) Лукавіцыну вельмі хацелася, трэба было абавязкова, бо вайна парушала ўсе яго планы.

Аднак тое не здарылася, чаго хацеў Лукавіцын,— узнялася рэвалюцыя. Ён адразу скеміў, што справа дрэнь,— прыціх, спароў гузікі і зняў цэшку. Пажары, страляніна па начах у горадзе — недзе некага білі, а хто каго — Лукавіцына гэта не вельмі абыходзіла. Хоць, праўду кажучы, ён хацеў, каб лепш білі бальшавікоў, але трымаў язык за зубамі і не рыпаўся, баючыся, хаця б яго самога ніхто не чапаў. Маленькую актыўнасць Лукавіцын выявіў толькі ў час белапольскай акупацыі. Актыўнасць выявілася ў тым, што ён на сваіх дзвярах прыбіў картку: «Міхал Цыбульскі — шчыры паляк». Затое з надыходам бальшавікоў ён яшчэ глыбей залез у норку, вылазячы час-часом толькі ў вёску, каб памяняць на хлеб якую-небудзь адзежыну. Часамі ішоў з мяшком на ссыпны пункт і збіраў ля вазоў рассыпаныя бульбіны; часамі браў саначкі, ехаў за чатыры вярсты ў лес і цягнуў адтуль саматугам сырыя хваёвыя палены, але часцей стараўся ноччу каля платоў.

Але вось з’явіўся нэп, а разам з ім ажылі і моцна пацёртыя надзеі Лукавіцына. Ён азнаёміўся патрошку з савецкімі законамі, прыгледзеўся да парадку, застаўся на службу і стаў праяўляць актыўнасць. Заміж тужуркі з гузікамі і шапкі з цэшкаю на ім з’явілася скураная куртка і кепка. Тутэйшыя адказныя людзі спачатку толькі заўважвалі яго, адказваючы кіўком на прывітанне, а пасля і руку сталі паціскаць.

Цяпер Лукавіцын зусім «савецкім» чалавекам стаў. Больш таго — ён да ўсякага, нават самага дробнага, пытання падыходзіць не іначай, як з «марксісцкага пункту погляду». Калупае, напрыклад, на лекцыі вучань у носе, а Лукавіцын яму і давядзе, што калупаць у носе — гэта значыць нічога не рабіць, а хто нічога не робіць, той і не есць, і вучню, такім чынам, не трэба было б даваць есці. Раней дык так і рабілі — пакідалі вучня без абеду, але ён, Лукавіцын, на гэты раз даруе вучню, прымаючы пад увагу яго пралетарскае паходжанне.

Тыя, што не зналі Лукавіцына раней, адносяцца да яго з пашанай і нават некаторым страхам, лічачы яго за глыбокага марксіста, а тыя, што і раней яго зналі, пасмейваюцца ў кулак і зайздросцяць яго спрыту, але маўчаць.

Яшчэ адна вялікая перамена сталася з Лукавіцыным — ён стаў шчырым беларусам. Як толькі загаварылі аб беларусізацыі, ён зразу змікіціў, што тут смажаным пахне, і стаў не толькі проста беларусам, але нават адным з выдатных. Ва ўсякім разе ён сам сябе за такога лічыць.

А муза, якая некалі адышла ад Лукавіцына ў шыкоўным убранні прыдворнай дамы, з’явілася цяпер зноў да яго ўжо ў саматканай беларускай спадніцы і з чырвонаю хустачкаю на галаве. Чырвань гэта, пераламляючыся ў практычнай галаве Лукавіцына, перафарбоўвае ранейшыя творы яго зусім у сучасны колер. А што гэта так, дык вось вам верш, які мой сусед апрацаваў, пакуль мы з вамі гутарылі. Ён мо не зусім гладкі і не вельмі мастацкі, але затое зусім сучасны і вельмі характэрны для майго суседа:

 

Ў змаганні дзесяць год прайшлі

Так поўны велічы і славы:

Над шостай часткаю зямлі

Пунсовы ўецца сцяг яскравы.

Аздобіў голавы вянком

Ён тых, хто быў адвагі поўны,

І шлюць яму з усіх бакоў

Праклёны ворагі працоўных.

Пад ім абраннікі сваю

Дыктуюць волю ўсяму свету...

Я ім сягоння гімн пяю.

Я ўсё аддам за чырвань гэту!

 

А ў канцы подпіс: Міхась Цыбулевіч.

Кажуць, што гэты мой сусед — таварыш Лукавіцын-Цыбульскі-Цыбулевіч — падаў заяву, каб яго ў паэты залічылі і пасведчанне выдалі.

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан