epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Муза падвяла

Па шумнай люднай вуліцы

Пясняр ідзе...

То к вуглу ён прытуліцца

І стане дзе,

То крокамі ўжо шпаркімі

Бяжыць-ляціць,

То сочыць ён за хмаркамі —

Ўгару глядзіць.

Нахіл імажыніста меў

Пясняр-мастак

І словамі квяцістымі

Складаў верш так:

«Кажух за кажухам па сіняй чарэні,

Як зайцы,

І залатым зубам дзень

Выскаляецца!!.»

Яшчэ хацеў так добра ён

Зрабіць зварот,

А нехта тут — аглобляю

Ў пяснярскі рот.

І зубы разбягаюцца,

Як дзікія,

І дзень не выскаляецца,

А хныкае.

Пясняр жа з кіем гоніцца

За музаю:

«Дальбог,— крычыць,— разбойніца,

Патузаю!

Не лезь ка мне, шалёная,

Сляпіцаю,

Бо завяду ўсё роўна я

Ў міліцыю!»

 

1923


1923?

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 87-88
Крыніца: скан