epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Мы аддзякуем

Адказ беларусаў сатрапу Гітлера Вільгельму Кубэ на яго праект зямельнай рэформы

 

Гер гаўляйтэр Вільгельм Кубэ

Склаў праект рэформы:

Маскіруючыся груба,

Нам рыхтуе ёрмы.

Гер ахоплен тым жа шалам,

Што й ягоны фюрэр:

Мажа, шэльма, нашым салам

Ды па нашай скуры.

Землю нашу, як спакусу,

Суліць нам «сардэчна»,—

У арэнду беларусу

Аддае «навечна».

Апякуецца над намі

Вырадак гадзюкі,

Каб нямецкімі рабамі

Мы былі і ўнукі;

Спакушае селяніна

Жульніцкім манерам:

«Будзе вам жыццё — маліна

Пад нямецкім герам».

О, мы геру Кубэ верым

І аддзячыць зможам:

Той праект мы разам з герам

У зямлю паложым.

 

1942


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 265
Крыніца: скан