epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Мы не паклонімся богу

Мы не паклонімся богу,—

Бога стварыў чалавек.

Шырай жа к праўдзе дарогу!

Лганству не месца ў наш век.

 

К чорту касцёлы, капліцы,

Цэрквы, званіцы, званы!

Досыць працоўным маліцца

Рэчам папоўскай маны.

 

Хай будзе сотня і болей

Разам ляжаць плашчаніц,

Мы перад імі на доле

Не распластаемся ніц.

 

Годзе біць лоб аб падлогу,

Славячы «сына», «айца»!

Бой, што абвешчаны богу,

Мы давядзём да канца.

 

Шырай жа к праўдзе дарогу!

Лганству не месца ў наш век.

Мы не паклонімся богу,—

Бога стварыў чалавек.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 74-75
Крыніца: скан