epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

На Бабруйскай шашы

Імчыць наш газік. Па баках —

З крыжамі танкі, лом усякі,

І ўсцяж — павержаныя ўпрах

Былыя Гітлера ваякі.

Брыдуць жывыя стараной,

Дакладней — ледзь жывыя фрыцы.

А гэта што там за герой?

Арыйка, мабыць,— у спадніцы.

Не разбярэш адразу тут:

Адзета постаць недалужна:

— Што? Дзеўка?

— Найн. Штаны капут,

«Герой» нам адказаў паслушна.

Адзін з фашысцкіх бараноў —

Ён марыў пакарыць планету,

І вось пляцецца без штаноў

Плюгавы «заваёўнік свету».

Імчыць наш газік... Той жа лом,

І тыя ж трупы ўздоўж дарогі,

І фрыц, што сам ідзе ў палон,—

Адзнакі нашай перамогі.

«Дрыжыце ўсе, ён сілу льва займеў!» —

Крычалі халуі пра Гітлера-ваяку.

Мы ж, не пазнаўшы, што ён — леў,

Пабілі проста — як сабаку.

 

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 272
Крыніца: скан