epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

На «Крэсах Усходніх»

Да прамовы пана Сікорскага

 

Пан клапоціцца на «Крэсах».

Аб чыіх жа інтарэсах?

Можна бачыць і сляпому —

Не аб нашых жа, вядома.

Воўчы зуб не памагае,

Дык палітыка другая

У яго як бач паспела —

Хвост пусціць лісіны ў дзела;

Ходзіць, губкамі мыляе,

Канстытуцыяй віляе,

Мякка сцеле, гладзіць вусы

Украінцу й беларусу:

«Мы вас любім, мы вам рады,

То чыноўнікі ўсё, гады,

Вас там крыўдзілі дагэтуль —

Мы пакажам ім за гэта.

Вось вам цацак (папяровых),

Вось вам школы, вось вам мовы...»

Ходзіць пан лісой-хітрушкай

Перад крэсаваю птушкай.

Беларус, глядзі не каркай,

Бо адчуеш сваім каркам,

Чаму пан такі стаў добры:

Кось-кось-кось — пакуль ў аглоблі,

Потым па баку дугою

Ды ў жывот яшчэ нагою.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 59
Крыніца: скан