epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

На алкагольным фронце

Вось вы кажаце — алкаголь, п’янства і ўсё такое... Тут і гаварыць доўга няма чаго. Вядома, што гэта рэч шкодная. А калі б мне хто ў гэтым не паверыў, дык няхай запытаецца ў такога свядомага савецкага грамадзяніна, як Сымон Лында, які сам, можна сказаць, зубы з’еў на гэтым, а нядаўна чуць інвалідам не стаў на алкагольным фронце.

Прыехаў я надоечы з вёскі. (У адпуску быў.) Прыехаў, іду па вуліцы (па Савецкай, здаецца). Бачу, Лында чыкіляе з палачкаю. Усё больш на адну, на правую, нагу намагае, а левую за сабою валачэ па тратуары.

— Здароў, кажу, Лында! Што ты, кажу, лынды б’еш у той час, як людзі працуюць?

— Нічога, кажа, не зробіш, прыходзіцца біць. Нага баліць, дык і на службу не хаджу.

— А што, пытаюся, скула села ў непатрэбным месцы?

— Ды не, кажа, на алкагольным фронце пастрадаў.

— Напэўна, кажу, які-небудзь нявытрыманы хуліган, напіўшыся, дручком па галёнках залавіў?

— Каб жа, кажа, хуліган, дык бы не такая крыўда была, а то найлепшы прыяцель — Мішка Трапач — нагу выкруціў. Але і яго тут вельмі нельга вінаваціць — выпіўшы быў здорава. А пачалося гэта ўсё вось з чаго. Да гэтага часу ў газету я бадай што й не пісаў. Толькі як часамі хто рукі на сябе наложыць, ці аўтобус неасцярожна на цётку наедзе, ці яшчэ што падобнае, дык я тагды свежанькае ў рэдакцыю, і праўда — друкавалі. Ганарару, то можна сказаць, што й не плацілі і прозвішча пад нізом не прапісвалі, а друкаваць друкавалі. Артыкулаў жа ніякіх дагэтуль не пісаў. Спецыяльнасцей, як сам ведаеш, я ніякіх не прайшоў. Усякія лічбы там, планы ды перспектывы — гэта для мяне кітайская грамата, а напісаць, што «на ўсе сто працэнтаў» трэба падцягнуцца, ды індустрыялізацыя, што ваабшчэ, наогул і ўсё такое, дык гэта й без мяне любы журналіст напіша. А тут, бачу, у газетах пачынаюць асцярожна супроць алкагалізму і ўсякіх там напіткаў выказвацца. Вось, думаю, тут дык і я магу. Раней дык думаў, што пра гэта й пісаць не можна, каб часам броварнай прамысловасці не пашкодзіла. А калі так, дык гэта я магу. Сеў дый напісаў. Напісаў, панёс у рэдакцыю. Проста самому рэдактару ў рукі. Узяў рэдактар, чытае, а я гляджу і не змігну, і дыхнуць баюся. Адно ж бачу — што далей, то твар у майго рэдактара ўсё святлее, святлее. «Унаравіў, думаю. Быць не можа, каб не пайшло». І праўда,— прачытаў рэдактар артыкул, паглядзеў на мяне прыветна дый кажа: «Маладзец ты, кажа, Лында. З цябе, як відаць, людзі будуць. Толькі, кажа, памылак у цябе — страх як многа. Калі ты яшчэ правапіс трохі падвывучыш, дык вельмі проста, што з цябе чалавек можа выйсці». А артыкул, і праўда, вельмі лоўкі выйшаў. З слязою артыкул. Я чуць не штодзень яго цяпер перачытваю. Як прачытаю, колькі шкоды бывае чалавеку ад гарэлкі ды колькі пакуты ён праз яе пераносіць, дык аж сцішна зробіцца, аж самога сябе шкода стане. «Як жа гэта, думаю, быў я дагэтуль такою цёмнаю масаю, што такой вялікай шкоды не разумеў?» І надрукавалі мой гэты артыкул. На трэцяй старонцы надрукавалі. І прозвішча спаўна далі: «Сымон, значыць, Лында». Я, прызнацца, вельмі рад быў. Зямлі не чуў пад сабою. У той жа дзень папёр у рэдакцыю па ганарар. «Так і так,— кажу рэдактару,— хацеў бы я трохі падзаняцца сам з сабою. А тут грошы выйшлі і правапісу няма за што купіць. Можа б, вы мне ганарарчык без чаргі выпісалі, таварыш рэдактар?» — «Чаму ж не, кажа. На правапіс я, кажа, заўсёды гатоў. Каб на што другое, а на правапіс, кажа, і без чаргі можна...» Сціснуў гэта я чатыры рублі ў кішэню. Іду, паціху факстрот насвістваю, а сам думаю, куды мне гэты надкаштарысны прыбытак павярнуць. «Калі, думаю, хлопцу сандалікі купіць, дык летам ён і без сандаляў можа добра бегаць, а зімою і зусім ужо ніякай карысці няма з сандаляў. Ні да чаго хлопцу сандалі. Калі, скажам, ванначку купіць, малую купаць, дык гэта і зусім ужо ні к чаму: ванначку жонка заўсёды ў суседзяў пазычае». А тут якраз аднекуль чорт Мішку Трапача нагнаў. Здалёк яшчэ ўбачыў мяне. «Чытаў, крычыць, чытаў! Што ж ты дагэтуль свой талент хаваў? Ну, і стыль жа ў цябе! Чартоўскі стыль! Проста Карамзінаўскі. Нехаця слёзы плывуць».— «Кінь, кажу, трапацца, Мішка,— і зусім тут ніякага таленту няма. Проста ўзяў вось дый напісаў,— няхай, думаю, добрыя людзі чытаюць». А самому Мішкавы словы як маслам па душы. Аж шчокі загарэліся. Бо ведаю, што не брэша Мішка: ёсць ува мне гэты самы талент. Вось, здэцца, і чую, як ён там у мяне ўсярэдзіне варочаецца. «Дык цяпер спырснуць трэба»,— кажа Мішка. «Што спырснуць?» — пытаюся. Прызнацца, і не дагадаўся зразу. «Ды талент жа твой гэты самы. Абавязкова, кажа, трэба спырснуць, а іначай засохне, ні на сабаку не варт будзе». Я тут стаў адмаўляцца, што й нялоўка нек, і так нек яно выходзіць, як быццам сам сябе за вушы выдраў. А сам і думаю: «Чорт яго ведае, можа, Мішка праўду кажа. Усё ж такі, як-ніяк, талент — не пусцяковіна якая-небудзь. Не спырснуўшы, яно сапраўды нек чорт ведае як выйдзе. А то, думаю, яшчэ начытаюцца майго артыкула дый сапраўды прыхлопнуць усякія алкаголі. Вось тагды і пырскай, чым хочаш, калі што якое». А Мішку як чорт падтыкае: «Дадому, кажа, мы не пойдзем. Нашто. Далёка гэта, ды зноў жа ўсякія сямейныя трагізмы могуць здарыцца. А вось тут, кажа, за вуглом ёсць у мяне адзін знаёмы, Косця Жавалкін. Слаўны хлопец, душа-чалавек. Калі спырснуць што якое, ніколі не адмовіцца. І жонка яго, кажа, слаўная — падтрымае кампанню. І агурочкі ў яе маласоленыя, храбусткія, смачныя». Нічога не зробіш — угаварыў мяне Мішка Трапач. Захапілі мы з сабою сёе-тое патрэбнае, на колькі майго ганарару хапіла, і прыперліся да Жавалкіна. Ён рад, вядома. Яна таксама рада. Спырснулі мы па адной. Нічога, добра. Прапусцілі па другой. Яшчэ лепш. Нейкая такая цёплая хваля пракацілася па вантробах. А ад яе ўсялякія шляхетныя пачуцці пачалі шавяліцца. Здэцца, так абняў бы ўвесь свет дый прытуліў да грудзей, так мне яго шкода стала. «І да чаго, думаю, людзі цёмныя і несвядомыя: п’юць, захлынаюцца ў атруце і самі не бачаць, дзе іх пагібель. А вось я, Сымон Лында, прыйшоў, каб выратаваць гэтых няшчасных. І выратую. Быць не можа, каб не выратаваў. Вось яшчэ адзін артыкул напішу і выратую». Хацеў там жа й напісаць, ды толькі чарніла ў Жавалкіна не знайшлося. А як выпілі яшчэ чарак па дзве, дык Мішка ў азарт увайшоў, кулакамі па талерках пачаў стукаць ды ўсякія страшныя лозунгі крычаць: «Ты гэта правільна, Лында, наконт гарэлкі пісануў. Дальбог, крычыць, правільна. На ўсе паўтараста процантаў! Далучаюся! Далоў яе, праклятую! Знішчым да каплі. Каб і духу яе не было, зненавіднай!» Ну, я тут таксама расчуліўся. Да гаспадыні падсеў, душу сваю пачаў выварочваць ды за пазуху лапаць. А яна нішто сабе кабеціна. Уважыцельная кабеціна. І чалавек яе, сам Косця Жавалкін, таксама нішто сабе чалавек. Адным словам — чалавек. Другі на яго месцы пачаў бы крыўды свае выказваць ды да морды дабірацца або бутэлькі і крэслы аб галаву ламаць, а гэты нічога... Больш я ўжо не памятаю, што было. Прачнуўся назаўтра рана. І то яшчэ б мо не прачнуўся, але сон пачаў сніцца. Здэцца, ляжу я на насыпе чыгункі і нага мая левая на рэйцы ляжыць. Хачу я нагу прыняць і не магу. Як дзеравянны ўвесь,— не паварушу ні рукою, ні нагою. А тут поезд падыходзіць, ляскаціць. Заплюшчыў я вочы са страху ды ляжу. А паравоз як загрукоча ды як хрусне маю нагу, дык я й прачнуўся з болю. Прачнуўся і рад, што на ложку ляжу. На вуліцы ламавікі бразгацяць, рэйкі на трамвай возяць. Побач са мною Мішка спіць, носам высвіствае. Нага мая правая ў боце, а левая толькі ў шкарпэтцы і сапраўды-такі баліць у суставе. Папрабаваў паварушыць — яшчэ горш. Што за трасца? Стаў штурхаць Мішку ў бок: «Уставай, дадому пара». Прачнуўся той і зразу за сваю нагу хапаецца. «Вось, ліха на яго, кажа, бот цесны — намуліў, аж крануць нельга... Але што за чорт? — мне ж здаецца, я ўставаў скідаць бот. Такі я добра памятаю: нага забалела, дык я прачнуўся, сцягнуў бот дый зноў лёг».— «А я, кажу, зусім, здаецца, не прачынаўся, ды мая нага босая». «Ну, брат, гэта загадка некая»,— дзівіцца Мішка. Ды тут якраз гаспадыня прыйшла на дапамогу. «І зусім тут, кажа, Міхал Антонавіч, ніякай загадкі няма, а вы вельмі проста, памыліўшыся, ды заміж свайго іхні бот сцягнулі. Я нават і бачыла, хацела яшчэ папытацца, нашто гэта вы іхні бот з нагі цягнеце, а пасля думаю, усё роўна спрасонку нічога не дапытаешся». Тут мне ўсё стала ясна. «Бот, кажу, ліха яго бяры, але нашто ты мне, сукін кот, нагу выкруціў? Ідзі ж, кажу, чорт, цяпер па рамізніка, бо я хадзіць не магу». Пакульгаў ён, прывёў рамізніка, і мы паехалі. Калі я паехаў да доктара, дык той сказаў, што з сустава зрушана, а цяпер вось і цацкайся, пакуль сціхне.

Лында заклапочана паглядзеў на сваю нагу, а я паспачуваў яму ды пайшоў дадому. Шкода ўсё-такі. Такі, можна сказаць, свядомы грамадзянін на алкагольным фронце, і такое няшчасце здарылася.

1930


1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан