epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Над ракой Арэсай

А на рэчцы на Арэсе

Сталася прыгода!

Ідзе наступ на балоты

З поўначы, з усходу.

Янка Купала

 

Аб слаўных падзеях над ракой Арэсай расказаў у сваёй выдатнай паэме Янка Купала. У гэтым творы народны паэт Беларусі ўславіў гераізм савецкіх людзей, якія адважна пайшлі на штурм спрадвечнай багны, што да таго часу лічылася непрыступнай. Пад іх бальшавіцкім напорам «праклятае богам» балота, царства ліхаманкі і каўтуна, дзе, па народнаму павер’ю, раскашаліся адны толькі чэрці, пачало ператварацца ва ўраджайныя нівы. Чарцям прыйшлося пацясніцца і нехаця аддаць савецкім людзям 26 000 гектараў сваіх уладанняў. На гэтым плацдарме і замацаваліся першыя балотныя калгасы і саўгасы з тым, каб у далейшым павесці рашучы наступ на ўсю Палескую нізіну. За гады свайго даваеннага існавання яны яскрава паказалі, што ў гіблым балоце захаваны багаты скарб, які можна здабыць, калі ўзяцца за работу ўмела, арганізавана і напорыста, карацей кажучы — па-бальшавіцку. Яскравым доказам гэтага і з’яўляўся калгас імя БВА. За 11 даваенных год ім было асвоена каля 2000 гектараў тарфянікаў, на якіх калгаснікі вырошчвалі нябачаныя ў Беларусі ўраджаі. Напрыклад, у 1938 годзе на паасобных участках авёс даў 35 цэнтнераў з гектара, ячмень — 40 цэнтнераў, жыта — 28 цэнтнераў. Асабліва палюбілі беларускі тарфянік італьянскія каноплі: яны раслі такія, якіх самі італьянцы ніколі і ў вочы не бачылі — да 4 метраў увышкі.

Багатыя ўраджаі спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Аднае буйной рагатай жывёлы на калгаснай ферме было 650 галоў. Калгас меў свой паравы млын, цагельню, лесапілку, электрастанцыю. Калгаснікі жылі не толькі багата, але і культурна: у калгасе была сярэдняя школа, клуб, гукавое кіно, радыёвузел, яслі, радзільны дом. У 1940 годзе калгас паказваў свае дасягненні на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы і за выдатныя поспехі ў галіне паляводства і жывёлагадоўлі атрымаў узнагароду.

На ўсю Беларусь славіўся калгас імя БВА. Але гэта было да вайны, а што з ім сталася цяпер?

У калгас я прыехаў ноччу. Але гэта не была тая цёмная і глухая вясковая ноч, якая помніцца мне з дзіцячых год. У вокнах калгасных дамоў ярка свяцілі электрычныя лямпачкі. Сярод начной цішыні выразна і раўнамерна чохкаў лакамабіль, нібы гэта білася сэрца калгаснага пасёлка.

Нягледзячы на позні час, у калгаснай канцылярыі былі яшчэ людзі. Я не паспеў завесці гутарку аб калгасе, як у мяне пачалі распытваць аб літаратуры, аб беларускіх пісьменніках, пыталіся, хто над чым працуе. Успаміналі, як у 1932 годзе ў калгас прыязджаў Янка Купала. Некаторыя з прысутных у той час былі яшчэ школьнікамі. Цяпер ім ужо гадоў пад трыццаць, але яны добра памятаюць, як народны паэт расказваў дзецям аб сваім жыцці і пісьменніцкай працы. Некаторыя ўспамінаюць радкі з паэмы «Над ракой Арэсай», якая ў гэтым балотным краі карыстаецца вялікай папулярнасцю.

Пакуль мы гутарылі, у памяшканне ўвайшоў высокі светлавалосы чалавек. Прывітаўшыся са мной, ён скромна сеў убаку і амаль не ўмешваўся ў гаворку. Праз некалькі хвілін ён устаў і запытаўся, ці не хачу я адпачыць з дарогі. Тут толькі я даведаўся, што гэта старшыня калгаса Сцяпан Адамавіч Статкевіч. Аб ім я чуў ужо ў Бабруйску, як аб добрым гаспадару, у якога і рука цвёрдая, і арганізатарскія здольнасці немалыя, і спрыт ёсць у гаспадарчых справах. Усе гэтыя якасці цяжка было разгадаць пад вонкавым выглядам скромнага і негаваркога чалавека.

Абыходзячы лужыны, мы ішлі па прыціхшай калгаснай вуліцы.

— Хоць бы яшчэ крыху дарога патрымалася,— кажа заклапочаны Сцяпан Адамавіч.— Трэба вывезці тон 250 мінеральнага ўгнаення, а мы яшчэ і палавіны не вывезлі. Са станцыі Урэчча возім — за 50 кіламетраў, а машыны ўсяго дзве.

— Як жа вы ўсё ж выходзіце са становішча?

— Прыходзіцца выкручвацца.

Гэтае «выкручвацца» было сказана так, што я ўжо не сумняваўся: 250 тон угнаення будуць на полі ў сваю пару.

— Ветка побач, але што за карысць. Чыгуначнікі нешта ўсё мудруюць: нібыта няспраўная.

Між іншым, ветка мае сапраўды велізарнае гаспадарчае значэнне для ўсяго гэтага раёна. Асушаныя тарфянікі даюць належны эфект пры мінеральным угнаенні, а ўгнаенне гэта прыходзіцца вазіць за 50 і больш кіламетраў. Гэта, аказваецца, не пад сілу калгасам, у якіх няма аўтамашын і мала коней. Ветка мае выключнае значэнне і для вывазкі лесаматэрыялаў і хлебанарыхтовак. Скаргі на тое, што ветка не працуе, я чуў не ад аднаго Сцяпана Адамавіча, але і ад іншых людзей, у тым ліку ад кіраўнікоў Любанскага раёна. Добра было б, каб гэтыя скаргі дайшлі да вушэй тых, ад каго залежыць аднаўленне руху на ветцы.

У сваім сапраўдным выглядзе калгас паказаўся мне назаўтра, пры дзённым святле,— усё ў ім гаварыла пра аднаўленне і рост. 110 новых калгасных дамоў выразна абазначылі вуліцы пасёлка. Увесь паўночны край пасёлка занялі новыя гаспадарчыя будынкі: кароўнікі, свінарнікі, стайня, птушнік, сталярня, кузня, камбінат (млын, піларама, электрастанцыя). А над усімі будынкамі ўзвышаецца краса і гордасць калгаса — клуб на 250 месц, у якім у той дзень калгаснікі глядзелі кінакарціну «Непакароныя» і ўспаміналі цяжкія дні акупацыі, дні заўзятай барацьбы з ворагам, удзельнікамі якой былі яны самі. Калгас мае і свой цагельны завод, толькі ён знаходзіцца за 9 кіламетраў ад пасёлка, бо на месцы няма добрай гліны.

Каля лесапілкі ляжаць сцірты будаўнічага лесу. У гэтым годзе трэба пабудаваць новых 20 дамоў, дзіцячыя яслі, цялятнік, свінарнік, птушнік.

— Будуемся,— кажа Сцяпан Адамавіч, абводзячы вачыма калгасныя будынкі, нібы запрашаючы мяне ацаніць праробленую працу.

Усё, што сёння ёсць у калгасе, збудавана і набыта за пасляваенныя гады. У 1944 годзе калгаснікі вярнуліся сюды на папялішча. Усё дашчэнту было разграблена і знішчана фашысцкімі варварамі. Ад багацейшага і слаўнага на ўсю Беларусь калгаса засталіся нейкім чынам тры абадраныя домікі без акон і без дзвярэй ды адзін конь, які перабыў вайну ў лесе, у партызан.

— Знайшлі паламаную дугу і пачалі адбудоўваць калгас,— кажа стары калгаснік.

Бязмерна цяжкімі былі восень і зіма 1944 года. Прыйшлі людзі з лесу на голае месца: ні хаты, ні хлеба, ні жывёлы, ні інвентару. Рыдлёўкамі ўскапалі жанчыны 15 гектараў і пасеялі жыта. Усяго і змаглі асвоіць тады з усёй даваеннай пасяўной плошчы ў 2000 гектараў. Зямля, якая да вайны давала рэкордныя ўраджаі, выглядала дзікай і непрыветнай. Балота перайшло ў наступ. Былыя палеткі пазарасталі хмызняком і пустазеллем у рост чалавека. Здавалася, не хопіць чалавечых рук, каб зноў адолець непакорную балотную стыхію. А рукі былі слабыя, рукі старых дзядоў, жанчын і падлеткаў. Усе мужчыны, хто мог насіць зброю — каля трохсот чалавек,— з самага пачатку вайны змагаліся з ворагам у радах Савецкай Арміі, у партызанскіх атрадах. Некаторым не суджана было вярнуцца — яны аддалі сваё жыццё за свабоду і шчасце Савецкай Радзімы. Іншыя праследавалі фашысцкага звера, каб дабіць яго ў яго ж бярлозе. Сярод апошніх былі і цяперашні старшыня калгаса, артылерыст Сцяпан Статкевіч, і намеснік старшыні, яго сябра па зброі Дзмітрый Каленчанка, і матацыкліст танкавай часці, цяперашні брыгадзір першай брыгады Адам Кур’ян, і бортмеханік, цяперашні брыгадзір 3-й брыгады і парторг Дзмітрый Міхаленя.

Нялёгкі быў пачатак аднаўлення, але калгаснікі былі ўпэўнены, што не застануцца без падтрымкі, што родная савецкая ўлада дапаможа калгасу стаць на ногі. Так яно і было. Дзяржава дапамагла коньмі і насеннем, і калгаснікі пачалі патроху нанава асвойваць былое балота. У 1945 годзе пад пасевамі было ўжо 172 гектары. Ураджай, праўда, быў яшчэ нізкі. Але ўсё ж гэта быў паварот да жыцця: крыху хлеба і шмат надзей. А тут і падмацаванне падышло. Вярнуліся з фронту воіны Савецкай Арміі — людзі, моцныя духам і целам, вопытныя ў гаспадарчых справах.

Старшынёй калгаса быў выбраны Сцяпан Адамавіч Статкевіч, які да вайны працаваў у калгасе аграномам. Людзі яго ведалі як вытрыманага бальшавіка, добрага гаспадара і знаўцу балотнай глебы. Яму і даверылі кіраванне калгаснымі справамі і свае працавітыя рукі. Ён і яго сябры па праўленню пачалі арганізоўваць людзей і павялі іх у наступ на балота па ўсіх правілах стратэгіі і тактыкі.

— Выйшлі мы вясной з Каленчанкам на былое поле,— кажа Сцяпан Адамавіч,— а поля і няма: зноў балота. Праўда, нягразка, але бур’ян вышэй мяне. Сухая леташняя трава, як пасцель, усцілае зямлю. Як тут з плугам прыступіцца да гэтага дзірвана? Запаліў я запалку дый кінуў у сухую траву. Ну і пайшло шугаць! Сотні гектараў ахапіў агонь, хмара дыму закрыла сонца.

Так «агнявым налётам» на пустазелле былы артылерыст Сцяпан Статкевіч пачаў наступ на балоты.

Гектар за гектарам ачышчалі людзі ад пустазелля, ад лазы і бярэзніку, які буйна ўзяўся расці на тарфянішчы, прачышчалі калектары, спускалі лішнюю ваду. На дапамогу людзям прыйшла тэхніка — трактары Палескай МТС з адмысловымі балотнымі плугамі, якія пераварочвалі дзірваны на глыбіню да 50 сантыметраў. Зямля патроху зноў набывала ранейшы культурны выгляд і здольнасць радзіць хлеб. У 1946 годзе калгас засеяў плошчу ў два разы большую, а збожжа сабраў у пяць разоў больш, чым у 1945 годзе.

1947 год прынёс калгасу добры ўраджай. Кожны гектар даў у сярэднім 11 цэнтнераў збожжа, асобныя звенні сабралі па 22, па 25 цэнтнераў жыта з гектара. Удава-салдатка Аміля Барткевіч са сваім звяном дабілася ўраджаю па 28 цэнтнераў з гектара. Партыя і савецкі ўрад высока ацанілі сумленную працу калгаснікаў: 21 чалавек быў узнагароджан ордэнамі і медалямі. Старшыня калгаса Сцяпан Адамавіч Статкевіч, брыгадзіры Іван Шляпко, Адам Кур’ян, звеннявыя Канстанцін Бердніковіч і Аміля Барткевіч былі ўзнагароджаны ордэнамі Леніна.

Гэта была перамога, якая акрыліла людзей на далейшыя працоўныя подзвігі. З гэтым радасным адчуваннем перамогі і ўпэўненасці ў сваіх сілах калгаснікі ўступілі ў 1948 год.

Здаецца, усё было зроблена, каб ураджай быў яшчэ большы, чым у мінулым годзе. Радавалася Аміля Барткевіч, гледзячы на буйную азіміну, як яна дружна ідзе ў трубку, на цёмна-зялёную густую шчотку ярыны. Радавалася, што стрымае слова, якое дала Радзіме, калі атрымлівала ордэн Леніна. Не пашкадавала яна са сваім звяном ні працы, ні часу, каб выканаць узятае абавязацельства. Не адставалі ад яе са сваімі звеннямі камсамолкі Ліда Бердніковіч, Вольга Міхаленя, Тацяна Каваленя. Усе ў калгасе чакалі багатага ўраджаю.

Палілі дажджы. Багатая азотам глеба спрыяла буйному росту яравых. Пшаніца і авёс шпарка цягнуліся ўгару, але гэта не радавала вопытных калгаснікаў. Яны ў гэтым бачылі небяспеку. І нездарма. Слабая саломіна не вытрымала цяжару расліны. Шквальныя ветры і праліўныя дажджы палажылі авёс і пшаніцу, перашкодзілі нармальнаму апыленню і выспяванню. Калгас сабраў на некаторых участках шмат саломы і мала збожжа. Праўда, ураджай азімых быў высокі. Звяно Амілі Барткевіч сабрала па 28,7 цэнтнера жыта з гектара.

Але пшаніца падвяла. Калгаснікі яшчэ не знайшлі эфектыўнага спосабу змагацца з выляганнем, а гэта — сапраўдны біч балотных гаспадарак. Крыўдзяцца калгаснікі і на навуку, што не прыйшла ім на дапамогу ў гэтай справе: нашы селекцыянеры не вывелі яшчэ такіх гатункаў збожжавых, якія не вылягалі б на балотных глебах. А вырашыць гэту праблему неабходна, бо з кожным годам асушаных балот будзе ўсё больш і больш.

Недарод пшаніцы, аднак, не збянтэжыў людзей, не адбіўся сур’ёзна на становішчы калгаса і дабрабыце калгаснікаў. Калгас усё ж сабраў у сярэднім каля 10 цэнтнераў з гектара. Калгаснікі на працадзень атрымалі больш чым па 2 кілаграмы збожжа і па 5 кілаграмаў бульбы. Частку збожжа, што падлягала размеркаванню на працадні, агульны сход рашыў аддаць на будаўніцтва, у якое ўкладзена ў 1948 годзе 158 тысяч рублёў.

Знаёмячыся з калгасным жыццём-быццём, я зайшоў у дом старэйшага калгасніка, паважанага ў калгасе чалавека Канстанціна Адамавіча Бердніковіча. Разгаварыліся аб калгасных справах, аб мінулым і будучым.

— Ужо самае цяжкае перабылі,— кажа Канстанцін Адамавіч.— А было ж, як вярнуліся з лесу!.. І ўспомніць страшна, як было. А цяпер што ж, працуй добра, дык і будзе добра. І ў хаце дастатак, і ад людзей табе пашана, і савецкая ўлада любіць працавітых. Вось і мяне, старога, уважылі: ордэнам Леніна ўзнагародзілі. Гэта за ўраджай 1947 года.

— А як сёлета з хлебам у вас?

— А вось запрацавалі ўтраіх — я, дачка ды сын — 1200 працадзён, дык і з хлебам. Нешта пудоў каля паўтараста атрымалі. Ды бульбы шэсць тон. Карову маем ды цялушку, двух кабаноў кормім, пчолы ёсць — дзесяць калод. Як бачыце — не галадаем. Цяпер бы толькі і жыць,— кажа далей Канстанцін Адамавіч, як бы падводзячы вынік сваім думкам.— Ды вось здароўе падводзіць ужо... Да леташняга года на полі працаваў, а летась мне ўжо лягчэйшую работу далі — палявым вартаўніком назначылі. Дачка мяне падмяніла на полі, звеннявая. Нічога, спраўляецца пакуль што.

Ад бацькавай пахвалы Ліда паружавела і скромна апусціла вочы.

У Канстанціна Адамавіча ёсць прычыны ганарыцца сваёй дачкой. Першы год працавала яна летась звеннявой і ўсё ж вывела звяно на адно з першых месц у калгасе. Ураджай жыта звяно сабрала па 27,5 цэнтнера з гектара на плошчы 12 гектараў.

— Як жа вы дабіліся такога ўраджаю? — пытаюся я ў Ліды.

— Працавалі дружна, рабілі ўсё, што нам аграном раіў ды Сцяпан Адамавіч.

І Ліда пачала знаёміць мяне з правіламі агратэхнікі:

— На нашай зямлі вельмі шмат залежыць ад таго, як узарэш. Пакапаеш абы-як — пустазелле парасце, усё заб’е. Араць трэба на глыбіню 40—50 сантыметраў. Нашу глебу трактары аруць адмысловымі балотнымі плугамі. Мы ў гэтым — я кажу пра сваё звяно — мала што дапамагалі. Вядома, глядзелі, каб агрэхаў не было, каб глыбіня была патрэбная, каб пры дыскаванні добра была разроблена ралля. У тры сляды дыскавалі. Гною мы на тарфянікі не возім: азоту ў торфе і так хапае. А вось мінеральнае ўгнаенне трэба класці. Восенню мы рассеялі калійнай солі па 3 цэнтнеры на гектар, суперфасфату — па 1,5 цэнтнера, попелу — па адным цэнтнеры. Попел я па хатах збірала — ездзіла з фурманкай па пасёлку. Сеялі мы ўручную: я, Дар’я Хоцька, бацька нам дапамагаў. У МТС яшчэ не было сеялак на нашу глебу. Высявалі па 1,2 цэнтнера на гектар. Вясной падкармілі мінеральнымі ўгнаеннямі і пабаранавалі рунь. Глядзелі, каб вада на полі не застойвалася, пракопвалі канаўкі, прачышчалі дрэнажы. Жалі мы рукамі. Зжалі 12 гектараў за тыдзень. У часе жніва начавалі на полі, каб не траціць часу на пераходку. Выжыналі па 2 і па 3 нормы. Звяно ў мяне дружнае; як трэба, дык і ноччу працуюць. Ноччу мы скірдавалі і малацілі. Летась нам дождж шмат пашкодзіў. У гэтым годзе спадзяёмся лепшы ўраджай сабраць. Па азімых мы ўзялі абавязацельства даць 30 цэнтнераў з гектара. Думаю, што дадзім. Рунь восенню была добрая і з зімы добра выйшла.

Клопатамі аб калгасным ураджаі, аб узняцці грамадскай гаспадаркі калгаса жывуць тут усе, ад старшыні калгаса і сакратара партарганізацыі да кожнага радавога калгасніка. У людзей укаранілася цвёрдае перакананне: калі будзе ў калгасе, то будзе і ў калгасніка. Праўленне калгаса ўзяло правільную лінію — на хутчэйшае ўмацаванне грамадскай гаспадаркі. І калгаснікі ахвотна падтрымліваюць праўленне, калі трэба, дык ад працадня адрэжуць, а грамадскую гаспадарку падтрымаюць. Нават такая важная справа, як пабудова дома, не адрывае калгасніка ад яго звычайных абавязкаў: дом будуе будаўнічая брыгада, а з калгасніка толькі вылічваюць за гэта 80 працадзён.

Ёсць у Бабруйскай вобласці калгасы і багацейшыя за калгас імя БВА. У некаторых і на працадзень больш атрымалі і грашовы прыбытак за мільён пераваліў, але што да ўзняцця грамадскай гаспадаркі, то ў калгасе імя БВА ёсць чаму павучыцца.

Бліжэйшая мэта калгаснікаў — зрабіць калгас яшчэ больш заможным, чым ён быў да вайны.

У гэтым годзе будзе асвоена ўся даваенная пасяўная плошча. Ураджай ужо дасягае даваеннага. А вось з жывёлагадоўляй цяжэйшая справа. Праўда, на калгаснай ферме ёсць ужо 160 галоў рагатай жывёлы, але гэта ў пераважнай большасці яшчэ будучыя каровы, маладняк. Дойных кароў у калгасе толькі 24, а да вайны іх было 300. Будаваць таксама яшчэ шмат чаго трэба, хоць і пабудавана ўжо нямала.

Прабыўшы пару дзён у калгасе, я сам, непрыкметна для сябе, уцягнуўся ў яго клопаты і інтарэсы. Нават калі ехаў дадому і быў далёка ад калгаса, галава ўсё яшчэ была занята калгаснымі справамі. Над усім панавала пачуццё задавалення ад таго, што калгас ідзе ўгару, што людзі працуюць сумленна, што ўпарта ідуць да пастаўленай мэты: зрабіць калгас імя БВА слаўным на ўсю рэспубліку, якім быў ён да вайны.

 

* * *

Пасёлак саўгаса «Дзесяцігоддзе БССР» размясціўся на невялічкім астраўку мінеральнай глебы сярод абшараў асушаных балот. Першае ўражанне ад саўгаса такое, нібы вы трапілі на нейкую новабудоўлю: ляжаць сцірты падрыхтаванага будаўнічага лесу, радуюць вока новыя дамы рабочых, велізарныя будынкі кароўнікаў і свінарнікаў. Але ёсць яшчэ і зямлянкі; яны ўражаюць вока, як струпы зажываючых ран, як невясёлы напамінак аб перажытых цяжкіх часах. У такіх зямлянках да нядаўнага часу жылі ўсе рабочыя, што прыйшлі на папялішча і ўзяліся нанава адбудоўваць культурную савецкую гаспадарку. Цяпер у саўгасе пабудавана 120 новых дамоў. Але гаспадарка расце, рабочыя прыбываюць, і навічкам нейкі час даводзіцца яшчэ жыць у зямлянках.

Дырэктар саўгаса Цімафей Ягоравіч Смірноў, нягледзячы на свае 53 гады, чалавек рухавы і энергічны. Размаўляць з ім было лёгка і цікава, тым больш што мы аказаліся равеснікамі і ў нашых біяграфіях было сёе-тое агульнае.

У час Вялікай Айчыннай вайны тав. Смірноў — падпалкоўнік Савецкай Арміі — знаходзіўся на адказным участку і нямала папрацаваў на карысць абароны нашай Радзімы, рыхтуючы кадры савецкіх афіцэраў. Пасля дэмабілізацыі Цімафей Ягоравіч папрасіўся, каб яго паслалі на ранейшую работу ў саўгас «Дзесяцігоддзе БССР», дзе да вайны ён працаваў дырэктарам. Тут было дзе разгарнуцца, было да чаго прыкласці кіпучую энергію і вялікі гаспадарчы вопыт. З яго прыходам савецкая гаспадарка пачала хутка расці і мацнець. За багаты ўраджай 1947 года многія ў саўгасе былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, чатыром чалавекам было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Тав. Смірноў быў узнагароджан ордэнам Леніна.

Першае, аб чым у мяне запытаўся Цімафей Ягоравіч, адказаўшы на мой «добры дзень», гэта, ці не хочу я памыцца ў лазні. Я не мог устаяць супраць такой спакусы і праз пяць хвілін ужо ляжаў на верхняй паліцы і дзякаваў у душы Цімафею Ягоравічу за яго дагадлівасць і гасціннасць.

— Ну, як лазня?— спытаў гаспадар, калі я выйшаў у прылазнік.

— Цудоўная!— адказаў я, не крывячы душой, бо лазня была сапраўды цудоўнай — светлая, чыстая, з кранамі гарачай і халоднай вады, з параю,— адным словам, з усім тым, за што гэту добрую лазню сапраўды можна было пахваліць.

— На дзве палавіны,— падкрэсліў Цімафей Ягоравіч. Ён надаваў вялікае значэнне той акалічнасці, што ў яго лазні могуць адначасова мыцца абедзве палавіны чалавечага роду.

— Гэта для гаспадыні зручна: уся сям’я мыецца ў адзін дзень і гаспадыня адразу мяняе ўсю бялізну.

Гэтую характэрную асаблівасць дырэктара — прадумваць кожнае гаспадарчае пытанне да канца, да апошняй дробязі — я потым заўважаў не раз.

— Саўгас наш мае жывёлагадоўчы ўхіл, і асноўнае наша багацце — жывёла. Калі не ўтаміліся з дарогі, пройдзем паглядзім,— прапанаваў Цімафей Ягоравіч.

Выйшаўшы на вуліцу, я адразу ўбачыў вялікую стракатую чараду, якая пад апекай кароўніц ішла на вадапой. Жанчыны жартаўліва называлі сваіх падапечных паненкамі. «Паненак» было штук сто — пярэстыя красуні адна ў адну. Для іх у саўгасе існуе спецыяльны рэжым. Трымаюць іх асобна ад астатняга статка і пільнуюць, каб яны раней часу не сталі каровамі. Ранні ацёл тут не дапускаецца, бо ён шкодна адбіваецца на развіцці і прадуктыўнасці каровы. «Паненкі» будуць каровамі толькі ў наступным годзе, калі ім будзе па тры гады, але затое гэта будуць паўнацэнныя каровы.

Неўзабаве мы ўбачылі і другую чараду, якая вярталася з вадапою. Гэтыя вызначаліся сваёй самавітасцю, ступалі паважна, не спяшаючыся. Ды і цяжка было б ім праявіць асаблівую рухавасць, калі кожная несла вымя з цабэрак велічынёй. Глядзіш на якую-небудзь Анамалію ці Амплітуду і аж шкада яе, небараку: як яна, бедная, і носіць такое вымя! А Анамалія, аказваецца, зусім не бедная. Яна цалкам задаволена сваім лёсам: за год дала 5808 літраў малака, за што і занесена ў племянную кнігу.

З трэцяй чарадой мы знаёміліся ў кароўніку — прасторным і светлым, з індывідуальнымі кармушкамі, з электрычнасцю і нават з «чыгункай», па якой сюды дастаўляецца корм. У памяшканні каровы здаваліся яшчэ буйнейшыя. Адны з іх ляжалі, другія стаялі, прывязаныя на кароткія ланцугі. Час ад часу шумна ўздыхаючы, яны павольна рухалі сківіцамі. А тым часам малачко прыбывала. Тады ім на дапамогу прыходзілі Яўгенія Васільеўна Літошка, Надзежда Іванаўна Куневіч і іх сяброўкі. Яны падстаўлялі пад вымя вёдры. Так паўтараецца чатыры разы ў суткі. Цімафей Ягоравіч паказаў мне лепшых прадстаўніц малочнай чарады. З іх Аквітанія дала за мінулы год 6219 літраў малака, Астраханка — 6066 літраў, Атака — 6040 літраў, Анцілопа — 5992 літры. А ўсяго ў гаспадарцы налічваецца сто кароў, якія далі за год больш чым па пяць тысяч літраў малака. Усе яны занесены ў племянную кнігу. У 1948 годзе саўгас здаў дзяржаве 433 100 літраў, надаіўшы ад кожнай фуражнай каровы ў сярэднім па 4308 літраў.

Цімафей Ягоравіч водзіць мяне ад аднаго аб’екта да другога, абменьваючыся на хаду жартамі і дзелавымі рэплікамі з кароўніцамі, даяркамі, трактарыстамі, палявымі рабочымі. Часамі гэта з’яўляецца працягам гаворкі, пачатай яшчэ ўчора або заўчора. Тут жа на хаду вырашаюцца дробныя гаспадарчыя пытанні.

У свінарніку на ўсім былі відаць адзнакі тае ж самай гаспадарлівасці і дабрабыту, якія мы бачылі ў кароўніку. У катухах, выцягнуўшыся на ўсю сваю веліч, ляжалі дзябёлыя маткі. Ля кожнай з іх, улёгшыся шчыльнай чародкай, грэлася шматлікае патомства. Кожнай такой сямейцы забяспечаны належны догляд і ветэрынарны нагляд. Для свінаматак нават ёсць свая асобная «сталоўка». Ад свінаматкі патрабуецца адно — раджаць як мага больш. Каторая з гэтым абавязкам спраўляецца дрэнна і прыводзіць не дзесяць-дванаццаць, а ўсяго чацвёра або пяцёра парасят, тая плаціць сваім жыццём. Паводле заведзеных тут строгіх законаў, такую няўдзячную свінню ставяць на адкорм і рэжуць на сала, а яе месца займае другая, больш плодная.

Другая палова свінарніка прызначана для адкорму. Тут рыхтуецца таварная прадукцыя. Гэта прадукцыя пакуль што знаходзіцца ў выглядзе ладных падсвінкаў чатырох-пяцімесячнага ўзросту. Іх гладкія ружовыя азадкі і легкадумна закручаныя хвосцікі сведчаць аб тым, што жывецца ім тут нядрэнна. Калі з ладных падсвінкаў яны вырастуць у добрых кабаноў па 7—8 пудоў вагою, тады будуць адпраўлены туды, дзе з іх зробяць добрыя каўбасы, шынкі, паляндвіцы, карэйкі і ўсякія іншыя смачныя рэчы. Такім парадкам саўгас у мінулым годзе здаў па 90 пудоў свініны ад кожнай свінаматкі.

А вось і патрыярх усяго гэтага свінячага роду — велізарны кныр пудоў на васемнаццаць. Убачыўшы нас, ён хуценька, даверліва зарохкаў і падышоў да загарады. Цімафей Ягоравіч мяне своечасова папярэдзіў, каб я не вельмі з ім дружыўся і, чаго добрага, не ўздумаў гладзіць, бо так і без пальцаў можна застацца. У мяне і самога не было асаблівай ахвоты да гэтага. Я любаваўся магутным вепрам, заняўшы бяспечную пазіцыю крокаў на тры ад загарады.

Побач з свінарнікам знаходзіцца адмысловая кухня, дзе гатуецца няхітрая, але спажыўная свінячая страва. Тут Цімафей Ягоравіч вырашыў з свінаркамі і ветфельчарамі важную праблему — як на летні перыяд вывесці свіней у лагер, якім спосабам дастаўляць ім харч, як забяспечыць належныя бытавыя ўмовы людзям, што будуць іх даглядаць.

Праходзячы пасёлкам, дырэктар растлумачваў мне яго планіроўку, паказаў, дзе ў гэтым годзе будзе будавацца клуб на пяцьсот месц, дзе будзе пасаджан сад, не без гонару паказваў двухкватэрныя новыя дамы, якія ўжо выразна абазначылі вуліцы пасёлка.

Калі мы праходзілі міма вялікага дваццацікватэрнага дома, Цімафей Ягоравіча аклікнулі.

— А, Марыя Браніславаўна! Усялілася ўжо?— спытаўся ён, вітаючыся з жанчынай.

— Усялілася, Цімафей Ягоравіч.

— Ну і як?

— Ой, не кажыце! Нібы нанава на свет нарадзілася. Хочам сёння з Жэняй наваселле спраўляць. Просім і вас з таварышам, Цімафей Ягоравіч. Каб абавязкова прыйшлі.

Цімафей Ягоравіч прабаваў адмовіцца, спасылаючыся на занятасць, але жанчына і слухаць не хацела.

— Вы нас страшэнна пакрыўдзіце, калі не прыйдзеце. Мы будзем лічыць, што вы пагарджаеце намі.

Марыя Браніславаўна Таргонская —лепшая цялятніца. За тры гады яна выгадавала 100 цялят, забяспечыўшы сярэднесутачную прыбаўку ў вазе па 659 грамаў на кожнае цяля. За ўвесь час у яе не было ніводнага выпадку падзяжу.

Вечарам мы пайшлі павіншаваць Марыю Браніславаўну з наваселлем. Тут я пазнаёміўся з другой знатнай жанчынай — Яўгеніяй Васільеўнай Літошка — лепшай даяркай саўгаса. За мінулы год яна надаіла ад кожнай фуражнай каровы па 5259 літраў малака, выканаўшы гадавы план на 128 працэнтаў. А ўсяго за год яна надаіла 50 229 літраў малака. У Жэні сёння вялікая радасць: яна ўсялілася ў новую кватэру. Кватэра, праўда, яшчэ сыраватая, але жанчыны не бедавалі: праз дзён колькі высахне.

Гаспадыні частавалі ад шчырага сэрца, і Цімафею Ягоравічу — чалавеку, які амаль не п’е,— прыйшлося крута: трэба было падняць чарку і за лепшых людзей саўгаса, і за тое, каб цяляткі гадаваліся і каб дамы новыя будаваліся. Марыя Браніславаўна прасіла гасцей закусваць ды не аглядацца, бо яна не апошняе на стол паставіла. І наогул няхай госці не думаюць, што яна жыве бедна. Апрача звычайнай зарплаты, яна атрымала прэміяльныя за перавыкананне плана, ды ёсць жа яшчэ гарод, ёсць і карова. Перад Новым годам кабана закалола пудоў адзінаццаць, а к маю збіраецца калоць яшчэ аднаго. Дык ім дваім з дачкою ўсяго гэтага хопіць.

У гэтых словах не было ніякай наўмыснай пахвальбы. Гаварыла перапоўненае радасцю сэрца савецкай жанчыны. У ранейшыя часы ёй бы, гаротнай удаве, гора ды крыўды не абабрацца, а пры савецкай уладзе яна — паважаны чалавек. І дом у яе — поўная чаша, і за лёс дачкі яна спакойная: перад ёю шчаслівая, светлая будучыня.

Неяк адвячоркам мы сядзелі і марылі з Цімафеем Ягоравічам аб тым, які будзе гэты балотны край праз 10—15 год. Я намагаўся ўявіць сабе асушанай усю велізарную плошчу нашых балот. 4 мільёны гектараў! 40 000 квадратных кіламетраў. Асушыўшы гэтую плошчу, мы мірнай працай адваюем у прыроды цэлую краіну, большую па тэрыторыі за такія еўрапейскія дзяржавы, як Галандыя або Бельгія. Колькі ж можна вырасціць хлеба і выгадаваць жывёлы на такім абшары ўрадлівай зямлі! Я марыў аб тым недалёкім часе, калі наша Палессе стане жытніцай рэспублікі, фабрыкай хлеба і мяса.

У Цімафея Ягоравіча мары былі больш канкрэтныя і блізкія да ажыццяўлення. Яны складаліся ў яго галаве ў рэальныя планы развіцця гаспадаркі. А перспектывы ў саўгасе багатыя. Ужо цяпер уведзена ў севазварот 3570 гектараў даваеннай пасяўной плошчы, а ў саўгасе ёсць яшчэ вялікі запас балотнай зямлі, не поўнасцю асушанай. На ёй яшчэ пасуцца дзікія козы ды ходзяць чароды дзікіх свіней. Але ў бліжэйшыя гады гэта зямля будзе асвоена, і Цімафей Ягоравіч ужо запланаваў павялічыць пасяўную плошчу к 1954 году яшчэ на 1100 гектараў. Што да жывёлагадоўлі, дык тут Цімафей Ягоравіч мае намер змагацца за адно з першых месц у Саюзе. За пяць бліжэйшых год пагалоўе рагатай жывёлы ў саўгасе будзе павялічана амаль у тры разы. Адных дойных кароў будзе 600 штук. Каровы будуць пераведзены на стойлавае ўтрыманне, у поле выганяць іх будуць толькі на прагулку. У кароўнікі будзе праведзен водаправод, наладжана аўтаматычнае паенне і электрычная дойка. У выніку гэтых мерапрыемстваў і палепшання рацыёну ўдой павінен значна павялічыцца. Праўда, і ў гэтым годзе саўгас узяў абавязацельства надаіць ад кожнай каровы па 5000 літраў малака. Ёсць усе падставы меркаваць, што гэта абавязацельства будзе выканана.

Калі мы прыкінулі, колькі ж малака здасць саўгас дзяржаве ў 1954 годзе, беручы на карову мінімум 5000 літраў, і памножылі гэтыя пяць тысяч літраў на шэсцьсот, дык выйшла цэлае возера — тры мільёны літраў.

Так марылі і планавалі людзі саўгаса яшчэ да таго, як была апублікавана пастанова партыі і ўрада аб трохгадовым плане развіцця жывёлагадоўлі. Гэты план натхніць рабочых і кіраўнікоў саўгаса на новыя працоўныя подзвігі, і я не сумняваюся, што калектыў саўгаса перагледзіць свае мары і свае планы ў бок больш хуткага іх ажыццяўлення.

1949


1949

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан