epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Наглядная геаграфія

Пасля доўгачасовай гарачай і халоднай апрацоўкі на савецка-германскім фронце обер-лейтэнант Рудольф Крохер вярнуўся, нарэшце, дадому.

— Дзеткі, бацька прыехаў! — крыкнула фрау Амалія і кінулася на вуліцу.

— Дзякаваць богу, жывы і здаровы,— думала Амалія, падыходзячы да фаэтона. А Рудзі сядзеў і не кратаўся, чакаючы, пакуль жонка падыдзе да яго. Амалія кінулася яму на шыю і на момант замерла. Толькі пасля гэтага яна глянула мужу ў твар.

— Божа мой! Што гэта ў цябе! — крыкнула яна.

— Гэта Арол,— з невясёлай усмешкай адказаў Рудзі.

Страшны шрам на ўсю правую шчаку зусім не падобны быў на птушку.

— Вас іст дас — Арол? — здзіўлена глянула Амалія на мужа.

— Рускі горад.

Амалія, разумеючы, кіўнула галавою.

— Сэрца маё зныла па табе. Чаму ты так доўга не ехаў?

— Я да цябе на адной назе скакаў,— горка пажартаваў Рудзі і адкрыў плед, каб злезці з воза. На возе побач са здаровай правай нагой ляжала драўляная калодка, праўда, дасканала падробленая пад левую нагу.

— І гэта Арол? — запыталася Амалія.

— Не, гэта ўжо Орша.

Амалія памагла мужу злезці, і ён, апіраючыся на яе плячо, пачыкільгаў у хату.

— І пасля гэтага цябе яшчэ не адпускалі? — з крыўдай у голасе спытала жонка.

— Фюрар лічыць што і на такіх нагах можна дайсці да пераможнага канца,— сумна ўсміхнуўся Рудзі.

Вечарам, мяняючы Рудольфу бялізну, Амалія ўбачыла на ім, як на добрай геаграфічнай карце, апрача Арла і Оршы, яшчэ цэлы рад буйных і дробных населеных пунктаў — рускіх, украінскіх і беларускіх. Сярод іх быў адзін нямецкі — Шталупенен, але знаходзіўся ён на такой нязручнай мясцовасці, што Рудзі нават Амаліі саромеўся яго паказаць, пакуль яна сама не знайшла.

Цэлую ноч Рудзі і Амалія правялі ў гутарцы. Амалія абмацвала які-небудзь населены пункт, а Рудзі расказваў ёй доўгую і жаласную гісторыю, як яго ў гэтым пункце білі. Амалія пры гэтым плакала і пакрывала пацалункамі Оршу і яе ваколіцы альбо якую-небудзь партызанскую вёску Камлюкі.

На світанні так дайшлі яны да Шталупенена. Гісторыя была вельмі жаласная, і Амалія плакала, як бабрыха, але калі справа дайшла да пацалунка...

Рудзі не ведаў, што яму рабіць. Ён хацеў далікатна асцерагчы жонку. Але яна глыбока ўздыхнула і прамовіла:

— А ў Шталупенен няхай табе фюрар пацалуе.

Так яны на тым і пагадзіліся.

 

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том 4. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, раман.— Мн., «Маст. літ.», 1975. - с. 89-90
Крыніца: скан