epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Нам памятны дваццаты год

Нам памятны дваццаты год

І Беларусь пад панскім гнётам;

Таптаў зямлю шляхецкі бот,

Палітую крывёй і потам.

 

Але народа вольны дух

Скарыць не здолеў вораг прагны:

Героя смерць раджала двух,

Пайшлі на бой лясы і багны.

 

Таго, хто гвалт і здзек тварыў,

Спаліў агонь народнай кары,

І ветру вольнага парыў

Развеяў над краінай хмары.

 

У рукі ўласныя свой лёс

Узяў народ вольналюбівы,

На вогнішчах палацы ўзнёс,

Ператварыў балоты ў нівы.

 

З вялікай брацкаю сям’ёй

Пад сцягам Леніна ён крочыў,

Ды раптам над яго зямлёй

Згусціўся змрок фашысцкай ночы.

 

Не знаюць літасці звяры,

Крывёю залілі абшары,

Гараць і крышацца муры,

Хаваюць пад сабой ахвяры.

 

Ідуць, закованыя ў сталь,

На нас драпежнікі і каты.

Народ, на бой рашучы ўстань!

Устань для помсты і расплаты!

 

Хай партызан былых сыны

Сваіх бацькоў прадоўжаць славу:

Няхай заплацяць груганы

Жыццём за чорную расправу!

 

За кулю — кулі, кроў — за кроў,—

Знішчай раз'юшаных звяроў!

 

1941


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 258-259
Крыніца: скан