epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

«Наш»

Хай пяро не міне

Навуковых «глыбінь»:

Зацікавіў мяне

«Навуковец» адзін.

 

«Аб’ектыўны» наскрозь

І лаяльны той спец,—

«Тэндэнцыйнасці» вось

Ён не можа цярпець.

 

Каб «тэндэнцый» не знаць,

Каб не псулі настрой,

Рад палітыку гнаць

З кабінета мятлой.

 

Часам Маркса заве,

Каб «патрапіць у лад»,

Ды ў яго галаве

Метафізікі склад.

 

Не вылазіць ніяк

Ён з сваіх каляін:

І бядняк, і кулак —

«Наагул селянін».

 

Бо вазьмі ж тут разжуй,

Не жаваў чаго век:

Пралетар і буржуй —

«Наагул чалавек».

 

Ды які ж бо там чорт

Ім паставіў драты?

І рабочы, і Форд —

«Па заводу браты».

 

А «наогул»-то ён

«Нашым шляхам ідзе».

«Не прадасць за мільён

Пралетарскіх ідэй».

 

Так, на словах-то наш,

Толькі к чорту глядзіць:

Яго маслам ты маж,

А ён дзёгцем смярдзіць.

 

1929


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 125-127
Крыніца: скан