epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Наўздагон за модаю

Нехта кажа, што я ў цэлым

Устарэў душой і целам:

Не прыстаў мне модны стыль,

І пара мяне ў утыль.

 

Хто ж дыктуе стыль той модны?

Ну вядома — «свет свабодны».

Хто не хіліцца да мод,

Той як быццам ідыёт.

 

Што ж рабіць мне — «ідыёту»?

Трэба брацца за работу,

Каб ніхто не мог пакпіць.

І работа ўжо кіпіць.

 

Каб трымаць на ўзроўні марку,

Грыву адпусціў на карку

Я з апошніх валасоў

На тарзанаўскі фасон.

 

Каб адсталым не памерці,

І ў мастацтве на тры чвэрці

Скінуў я стары свой груз,—

Памяняў на новы густ.

 

Што мне Моцарты і Глінкі!

Я не бачу ў іх жывінкі

І аддаў бы ўсіх зараз

За адзін сучасны джаз.

 

Як прыйшлося да гаворкі,

Дык і Горкі мне — не Горкі,

І праслаўлены Талстой

Леў зусім ужо не той.

 

Я засунуў іх пад лаўку

І чытаю толькі Кафку,

А часцей яшчэ Камю,

Што падобны на Кюзьмю.

 

Для хутчэйшага прагрэсу

Ўзяўся я за антып’есу

І рубаю з-за пляча

Твор для антыгледача.

 

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 291
Крыніца: скан