epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Недарэчная штука

І на якое яна ліха патрэбна? І які яе чорт выдумаў гэту вёску? Па-мойму, дык зусім гэта лішняя выдумка — «буржуазные предрассудки». Нашто, калі і без яе можна абысціся. Трэба табе есці — ёсць у горадзе «Фрыц». Выпіць для разнастайнасці можна і ў «Венгжэцкага». Трэба адзенне — ёсць «Белшвэй». А больш што? Ды больш, бадай што, нічога і не трэба. Кабеціна часам — дык і гэта знойдзеш. Уга! Колькі хочаш. Дык на чорта ж, скажыце вы мне, тая вёска патрэбна?

Але ж патрэбна ці не патрэбна, а ўсё-такі яна ёсць. Лозунг «Тварам да вёскі» таксама ёсць. Вось і ляпнулі мяне раз гэтым самым тварам ды ў гэту самую вёску. «Наладзь, кажуць, змычку. Ты чалавек з галавою дый з языком, дык табе гэта — раз плюнуць».

Вы думаеце, мне надта хацелася ехаць? Каб майму непрыяцелю так жыць на свеце хацелася. Але ж хоць калі, дык трэба.

«Адбуду, думаю, дык нечага рупіць не будзе». Палажыў гэта я ў партфель «Сялянскую бібліятэчку», ручнічок, шчотку, што адзежу чысціць, пушачку ваксы, бутэлек са тры піва і яшчэ што самае патрэбнейшае, сеў і паехаў.

Не ўспеў я гэта, прыехаўшы, добра павярнуцца да яе, як яна ўжо павярнулася да мяне ўсім сваім тварам, дый не адным, а цэлаю сотняю. Глядзіць, дзівіцца. Але ж куды той твар! — адзін смех толькі: не раўнуючы, як фіга. Я б свайго аднаго на гэтакіх дваццаць не памяняў. У мяне ж дык хоць ёсць што й людзям паказаць і самому паглядзець, а то дуля некая сушаная, а не твар.

Вось калі сабралі сход, дык я й пачаў наладжваць гэту самую змычку.

— Вы ўжо, кажу, напэўна чулі прыказку «Тварам да вёскі»?

— Чуць, кажуць, то чулі, аж абрыдла ўжо слухаючы, але бачыць то ні разу не бачылі.

— Дык вось, кажу я,— гэты самы твар і ёсць.

Паўставалі, хто сядзеў, аж раты паразяўлялі — глядзяць.

— Гэта гэты самы, значыцца? Дык вось ён які! А мы, кажуць, думалі, што гэта нават і не твар. Дзякуй вам, што сказалі!

— Спажывайце, кажу, здаровенькі, а твар самы сапраўдны.

Пасля гэтага прачытаў я ім даклад аб міжнароднам, аб унутраным і наогул аб палажэнні.

— Вось самае горшае палажэнне, што налог вялікі, а ўзяць няма адкуль,— абазваўся тут некі дурань.— Карову прадаваць не хочацца, бо яна ўсяго адна і ёсць.

— Сам, кажу, вінаваты — гадаваць не ўмееш. Вось гэта ты чытаў? — Ды тыц яму «Быдлам» у нос.

— Гадаваць-то мы б патрапілі,— кажа другі,— ды вось на полі слаба родзіць.

А я яму «Угнаеннем глебы» ў зубы.

— Вось табе, кажу, адказ на гэта.

— Як жа яно будзе радзіць? Спачатку спёка, а цяпер вось дажджы шкодзяць.

— Ёсць, кажу, і ад гэтага лякарства. Вось вам «Барацьба са шкоднікамі». Працуйце, кажу, не лянуйцеся, рабіце, як вас вучаць, дык усё добра будзе.

— Зрабілі б, кажа, усё, але сілы не хапае.

А я ім «Сялянскім бытам і фізкультурай» у храпу.

— А гэта, кажу, што?

Бачу, тут некая кабеціна расхадзілася — крычыць, рукамі махае, наперад тышчыцца. Сама худая, а жывот вялізны, вялізны — ну, мо хіба трошкі меншы, як у мяне. Вось я, доўга не чакаючы,— саўгель ёй «Парадамі цяжарным».

— На, кажу, пачытай. З гэтакім жыватом не можна гэтак ціснуцца. Я вунь свой, як вока, шаную.

За таею кабетаю палезла яшчэ адна, але ў мяне ўжо не было чым ёй саўгануць.

Зараз падняўся крык, лямант, але што мне да таго? Я сваю справу зрабіў — змычку наладзіў.

«Ну й дурні ж!— думаў я назаўтра, едучы назад у горад.— Зусім не знаюцца на смаку ў жыцці — гібеюць у гэтай вёсцы. Ці не лепей жа было б у горадзе? Тут сабе служы шэсць гадзін у дзень — дый не знайся. Надакучыць, седзячы ў канцылярыі,— можна для разнастайнасці наганяй даць каму-небудзь, можна з машыністкаю шуры-муры завесці дый ці мала што карыснага яшчэ можна выдумаць за шэсць гадзін. Вечарком можна ў «Сквер», у Губернатарскі, у ... дый многа куды яшчэ можна... Вось заводаў ды фабрык у нашым горадзе нямнога, але гэта, можа, й лепей — яны толькі паветра псуюць. Парк або сад — вось гэта рэч іншая. Вунь цяпер, кажуць, на старым яўрэйскім могільніку таксама робяць «сквер»: выварочваюць каменне, раўнуюць, праводзяць дарожкі, канаўкі, насаджваюць дрэвы. Працы, праўда, шмат затраціцца, грошай таксама, але ж затое і карысць! Дый неабходна, бо цесна гуляць стала: колькі ў дваццатым, скажам, годзе пяць чалавек займала месца, там цяпер адзін не стоўпіцца. Дык вось так, значыцца.

Калі абрыдла табе так працаваць у горадзе,— бяры водпуск і ідзі ў дом адпачынку. Мала — захварэць можна. А як жа! Цяпер адзін дурань толькі не хварэе. А захварэўшы — у Крым. Кажуць, што ў Крым ездзяць сухотныя. Дурань гэта выдумаў, бо ў каго ў грудзях сухоты, дык у таго яны і ў кішэні, а Крым гэтага не любіць. Крым — старонка цёплая і публіку любіць цёплую...»

Дык вось я тады рашыў, што вёска гэта саўсім недарэчная штука і патрэбна яна хіба што дзеля змычкі.

Ну і набрахаў, скажаце вы. Хлусіць — дык, не падсеючы, і нічога гэтага не было.

Няхай сабе, абы гладка. Як улежыцца, то мо й праўда будзе.

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан