epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Нескарыстаныя магчымасці

Савецкая літаратура, узгадаваная Камуністычнай партыяй,— роднае дзіця савецкага народа. Яна непасрэдная і актыўная ўдзельніца ўсіх велічных спраў нашага народа. Партыя вызначыла ёй месца на пярэдняй лініі змагання за справу камунізма.

Вось чаму партыя так клапоціцца аб ідэйным і мастацкім росце савецкай літаратуры. Кожная пастанова партыі па ідэалагічных пытаннях уздымае нашу літаратуру яшчэ на адну ступень у яе няспынным росце. Кожная пастанова партыі ачышчае нашу літаратуру ад усяго таго, што ўжо аджыло свой век, ператварылася ў смецце і перашкаджае рухацца наперад.

Іменна кіруючыся ўказаннямі партыі, мы раскрытыкавалі і асудзілі некаторыя ідэйна заганныя творы, якія мелі месца ў нашай літаратуры, выкрылі і асудзілі рэцыдывы нацыяналізму ў некаторых крытычных работах, нанава перагледзелі нашу літаратурную спадчыну і далі ёй больш правільнае асвятленне. У выніку творчая атмасфера ў нашай арганізацыі стала значна чысцейшай. Аб тым, што наша пісьменніцкая арганізацыя не без поспеху змагалася за далейшы рост літаратуры, гавораць і такія факты, як рост нашых маладых пісьменніцкіх кадраў.

І ўсё ж, нягледзячы на ўсе гэтыя бясспрэчныя дасягненні, мы ніяк не можам сказаць, што мы цалкам задаволены нашымі поспехамі. Не можам мы гэтага сказаць па той прычыне, што задачы, якія партыя, народ і само жыццё паставілі перад нашай літаратурай, перавышаюць гэтыя нашы поспехі. У нас яшчэ не напісаны паўнацэнныя мастацкія творы аб героях нашай прамысловасці, не адлюстраваны ў дастатковай меры тыя вялікія падзеі, якія адбываюцца ў заходніх абласцях Беларусі, на што ўказвае нам ЦК КП(б)Б. Мы яшчэ не маем падстаў для таго, каб цалкам быць задаволенымі і якасцю таго, што напісана. Калі ў нас ёсць шмат твораў, якія па праву залічаюцца ў наш актыў, то яшчэ мала твораў, якія з’яўляліся б радаснай падзеяй у нашым творчым жыцці, заваявалі б сабе ўсеагульную любоў і высокую ацэнку шырокага савецкага чытача. Усведамляючы ўсе гэтыя прабелы ў нашай творчасці, мы павінны паставіць сабе пытанне — што нам рабіць, каб з гонарам выканаць пастаўленыя перад намі задачы. Мне думаецца, што адказ на гэта пытанне мы можам знайсці ў герояў нашых твораў, у нашай сацыялістычнай практыцы. Што робяць савецкія людзі на прадпрыемстве, калі яны бачаць, што ўзровень вытворчасці або якасць прадукцыі іх не задавальняе? Яны не ставяць пытанне перад дзяржавай аб зніжэнні плана або аб зніжэнні патрабаванняў да якасці прадукцыі, яны не просяць даць ім больш рабочай сілы і станкоў. Яны перш за ўсё глядзяць, ці зрабілі яны самі ўсё для ўздыму вытворчасці, ці няма ў іх такіх рэзерваў, якія далі б ім магчымасць з гонарам выканаць і перавыканаць свой план.

Мне думаецца, што, ідучы па прыкладу перадавых людзей прамысловасці, і мы маглі б пашукаць у сябе такіх рэзерваў. Такія рэзервы ў нас, напэўна, знойдуцца, калі мы не будзем абмяжоўвацца агульнымі аглядамі літаратуры за пэўны перыяд, а падыдзем індывідуальна да кожнага пісьменніка і паглядзім, што ён зрабіў для падняцця якасці.

Сам па сабе ўзровень мастацкага твора не заўсёды з’яўляецца паказчыкам таго, наколькі пісьменнік выкарыстаў свае творчыя магчымасці. Пры аднолькавай якасці твораў двух пісьменнікаў мы пра аднаго скажам, што ён папрацаваў у сілу сваіх магчымасцей і дабіўся пэўнага поспеху, а другому скажам: «Не, брат, гэта нас не задавальняе. Мы твае магчымасці ведаем,— ты мог бы зрабіць шмат лепш». Я хачу сказаць, што неабходна ўлічваць індывідуальныя магчымасці кожнага пісьменніка, каб меркаваць, працуе ён у поўную меру сваіх сіл і здольнасцей ці не.

У нас ёсць нямала прыкладаў, калі пісьменнікі па-сапраўднаму змагаюцца за якасць літаратуры і дабіваюцца значных вынікаў. Не падкрэсліць гэта — значыць няправільна асвятліць сапраўднае становішча справы. Сярод пісьменнікаў мы знойдзем вельмі мала такіх таварышаў, якія не прыклалі б у гэтым сэнсе пэўных намаганняў і не дабіліся б пэўных поспехаў. Але нават у тых таварышаў, якія дабіліся найбольш значных вынікаў, знойдуцца яшчэ сякія-такія нявыкарыстаныя рэзервы. Каб давесці гэта сваё палажэнне, я хачу патурбаваць нашых найбольш выдатных паэтаў і пісьменнікаў. Возьмем хоць бы Аркадзя Куляшова, які, можа, найбольш плённа змагаўся за якасць у сваёй творчасці і дабіўся значных поспехаў, прымножыўшы здабыткі беларускай паэзіі. У працы Аркадзя Куляшова праявіліся дзве выдатныя якасці, неабходныя кожнаму паэту. Куляшоў узнімае важнейшыя актуальныя палітычныя тэмы, якія хвалююць усю нашу грамадскасць, і вырашае гэтыя важнейшыя тэмы паэтычнымі сродкамі. Я гэта хачу спецыяльна падкрэсліць таму што далёка не ўсе паэты знаходзяць гэтыя сродкі, калі бяруцца вырашаць палітычную тэму. Гэтыя дзве асаблівасці, гарманічна спалучаныя, абумоўліваюць высокую ідэйную і мастацкую якасць яго твораў. Ужо адно гэта спрыяе ўзняццю агульнага ўзроўню нашай паэзіі, бо на яго прыкладзе вучацца маладыя паэты, і не толькі беларускія. Аднак і ў творчасці Аркадзя Куляшова напэўна знойдуцца сякія-такія нявыкарыстаныя магчымасці або незаўважаныя ім недахопы, якія маглі б быць падказаны паэту нашай крытыкай.

Я не бяруся тут даваць якія-небудзь творчыя рэцэпты Куляшову, хачу толькі зазначыць адну асаблівасць у яго творчасці, якая мне кінулася ў вочы. Асаблівасць гэта заключаецца ў тым, што ў аснову кампазіцыі твора Куляшоў часта бярэ якую-небудзь рэч. З гэтай рэччу ён звязвае лёс герояў, праз якіх выяўляе ідэю твора. Такімі рэчамі з’яўляюцца: сцяг — у паэме «Сцяг брыгады», карандаш — у вершы тае ж назвы, ліст — у вершы «Ліст з палону» і ў «Простых людзях», цымбалы, камсамольскі білет, падкова і інш. Гэты прыём з’яўляецца адным са сродкаў паэтычнага праламлення замыслу. Куляшоў умее па-майстэрску ім карыстацца і ў большасці выпадкаў дабіваецца належнага эфекту. Але бываюць выпадкі, калі гэты прыём не зусім сябе апраўдвае і абмяжоўвае магчымасці аўтара. Гэта бывае тады, калі на ўзятую ў аснову кампазіцыі рэч ускладаецца занадта вялікая нагрузка, калі аўтару хочацца больш шырока паказаць рэчаіснасць, паўней выказаць думкі і пачуцці герояў, а рэч не дае магчымасці ўсяго гэтага зрабіць, праз яе нельга ўсяго гэтага апасрэдваць. Тады аўтар вымушаны бывае адрывацца ад жывой рэчаіснасці і пускацца разам з гэтай рэччу ў сферу ірэальнага, дзе ўжо адсутнічае логіка падзей і ўчынкаў, дзе фантазія аўтара з’яўляецца адзіным законам. Талент Куляшова дае яму магчымасць выходзіць са становішча і ў такіх выпадках, але з меншым эфектам. Наогул Куляшоў мае здольнасць ператварыць у паэзію самы, здавалася б, непаэтычны матэрыял. Можа, таму ён не асабліва задумваецца пры выбары аб’екта. З гэтага боку мяне не зусім задавальняе рэчка Пятлянка ў паэме «Новае рэчышча» ў тым сэнсе, што гэта — вельмі малы аб’ект для гераічных намаганняў людзей, а таму і ўсе хваляванні, звязаныя з упарадкаваннем Пятлянкі і з пабудовай электрастанцыі, трацяць у сваёй значнасці.

Па-сапраўднаму змагаецца за якасць у сваёй творчасці і Максім Танк. Сваімі паэтычнымі творамі ён як бы рассоўвае наша прывычнае наваколле, выводзіць чытача на шырокі прастор, адкуль далёка відаць тое, што робіцца на свеце. Яго вершы, як зарніцы, асвятляюць часамі далёкія ад нас геаграфічна, але блізкія нам па духу з’явы і факты. Гэта асаблівасць творчасці Максіма Танка сугучна шырыні нашых поглядаў, нашых інтарэсаў і нашых клопатаў аб лёсе працоўных іншых краін. Але хацелася б, каб, захоўваючы гэту сваю асаблівасць, Максім Танк часцей звяртаўся да паэтычных аб’ектаў, якія знаходзяцца побач з намі ў нашай сённяшняй рэчаіснасці, каб промні яго паэзіі часцей азаралі вобразы нашых савецкіх людзей, на гераічныя подзвігі якіх са здзіўленнем глядзіць увесь свет. Ад гэтага паэзія Максіма Танка стала б яшчэ больш багатай і шматграннай.

Пятрусь Броўка належыць да тых нашых паэтаў, якія добра адчуваюць пульс жыцця, уважліва прыглядаюцца і прыслухоўваюцца да таго, чым жыве краіна, да яе штодзённага поступу наперад, і гэта знаходзіць непасрэднае адлюстраванне ў яго творчасці. Гэта жывіць яго творчыя замыслы і надае яго паэзіі патрэбную актуальнасць. Я памятаю, як у чэрвені месяцы 1944 года, калі амаль уся наша Беларусь была яшчэ акупіравана, Пятрусь Броўка чытаў нам на беразе Сожа сваю паэму «Ясны кут», прысвечаную аднаўленню краіны. Пасля таго ён напісаў рад значных твораў, у якіх паказаў вобразы савецкіх людзей — будаўнікоў сацыялізма. І ўсё ж Пятрусь Броўка не выкарыстаў у поўнай меры ўсіх сваіх магчымасцей. І ў яго ёсць нявыкарыстаныя рэзервы. Мне здаецца, што гэтыя рэзервы Петрусю Броўку трэба шукаць па лініі больш глыбокага псіхалагічнага раскрыцця вобразаў савецкіх людзей. Я гэта гавару ў тым сэнсе, што побач з многімі паўнакроўнымі вобразамі ў творчасці Петруся Броўкі мы часам сустрэнем і такія, якія не сагрэты ў поўнай меры цяплом паэта. Яны выглядаюць так, нібы сам аўтар толькі нядаўна з імі пазнаёміўся, паспеў пазнаць толькі некаторыя рысы іх характару, мала ведае іх біяграфію і ўсе абставіны іх жыцця. Пры агульнаправільнай і зразумелай нам лініі паводзін гэтых герояў ім часамі не хапае тых малапрыкметных рыс і рысачак, якія робяць вобраз не толькі тыповым, але і індывідуальным, канкрэтным, непаўторным. Гэта бывае не толькі ў Петруся Броўкі, а і ў многіх з нас, калі мы паказваем савецкіх людзей, недастаткова пазнаёміўшыся з імі ў жыцці.

Было б лішнім з майго боку даводзіць, што Міхась Лынькоў з’яўляецца пісьменнікам, які сур’ёзна дбае аб ідэйнай і мастацкай якасці сваіх твораў. Гэта відаць адразу пры першым знаёмстве з раманам «Векапомныя дні». Як па значнасці пастаўленай задачы, так і па важнасці падзей, якія ў ім адлюстроўваюцца, гэты твор Міхася Лынькова стаіць вышэй таго, што напісана ім да гэтага часу. Але я хачу зазначыць, што М. Лынькоў таксама не выкарыстаў усіх магчымасцей для таго, каб раман «Векапомныя дні» не меў тых недахопаў, якія ўжо цяпер мы ў ім заўважаем. Перш за ўсё я маю на ўвазе рыхласць кампазіцыі і празмерную колькасць матэрыялу. Прычынай гэтага недахопу з’яўляецца не толькі тое, што твор шырока ахоплівае падзеі, а і тое, што ў Міхася Лынькова мае месца пэўная недаацэнка пабудовы твора, што ён у некаторай меры паўтарае недахопы свайго рамана «На чырвоных лядах». Перш за ўсё заканамерна паставіць пытанне, што аўтар ставіць у цэнтр увагі — паказ падзей, якія адбываліся на Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны, ці паказ людзей, якія былі рухаючай сілай гэтых падзей? Мне могуць сказаць, што гэта ўсё роўна, што падзеі без людзей не бываюць. На самай справе гэта далёка не ўсё роўна. Па-першае, значных і цікавых падзей можна апісаць так многа, што для пісьменніка няма тут пэўнай мяжы. Да таго, што напісана, заўсёды можна дадаць яшчэ адну падзею і працягнуць твор далей. Па-другое, паказваючы падзеі, можна ў кожным паасобным выпадку выводзіць на сцэну новых людзей, якія ўсплываюць на хвалі гэтай падзеі, а потым, што вельмі часта бывае, бясследна знікаюць. Такія персанажы мільгаюць у нас перад вачыма, як выпадковыя сустрэчныя на вуліцы, не пакідаючы глыбокага следу ў нашай душы і ў памяці. Зусім іншая справа, калі аўтар ставіць у цэнтр увагі лёс людзей, праз якіх ён хоча выказаць ідэю твора. Тут ён адразу вызначае сабе пэўныя межы, бо будзе паказваць толькі тыя падзеі, якія дапамогуць яму паўней раскрыць вобразы гэтых людзей. Мне думаецца, што ў рамане «Векапомныя дні» ёсць пэўны нахіл іменна ў бок паказу падзей як такіх. Адгэтуль шмат эпізодаў, якія непасрэдна не маюць дачынення да лёсу асноўных дзеючых асоб, і шмат эпізадычных вобразаў, якія не атрымліваюць свайго належнага развіцця.

Другой прычынай рыхласці з’яўляецца часткова і тое, што Міхась Лынькоў вельмі любіць дэталь. Гэта наогул добрая якасць: без любві да мастацкай дэталі не можа быць сапраўднага пісьменніка. Аднак жа і тут трэба захоўваць меру. Кожная мастацкая дэталь апраўдана тады, калі яна дапамагае раскрыць хоць бы ўскосна асноўны замысел твора. Калі ж яна не мае да гэтага ніякага дачынення, а падаецца толькі таму, што цікавая сама па сабе, тады яна з’яўляецца непатрэбным баластам, які толькі замаруджвае развіццё дзеі і без патрэбы адводзіць увагу чытача ў бок ад асноўнага. Міхась Лынькоў асабліва тады захапляецца дэталлю, калі з’яўляецца магчымасць паказаць тую ці іншую з’яву або асобу з боку камічнага ці, ва ўсякім разе, забаўнага. Калі яму такая магчымасць сустрэнецца па дарозе, то ён не пашкадуе адвесці для гэтага пяць-шэсць старонак.

Падагульняючы сказанае, я хачу яшчэ раз падкрэсліць, што мы яшчэ далёка не выканалі пастаўленых перад намі задач па ўзняццю ідэйнай і мастацкай якасці нашых твораў. Не выканалі не таму, што ў нас няма больш для гэтага магчымасцей, а, галоўным чынам, таму, што мы не поўнасцю выкарыстоўваем свае магчымасці.

1950


1950

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан