epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Новая екценія

Да абнаўленскага

руху на Беларусі

 

К табе мая малітва:

Ты нам мітрапаліта

Падай, госпадзі!

 

Яшчэ прашу нясмела:

Клабук яму ты белы

Падай, госпадзі!

 

І мне ты на забаўку

Хаця ўжо камілаўку

Падай, госпадзі!

 

Апроч таго, я ў бога

Прашу зусім нямнога,

Падай, госпадзі!

 

Лагоднай я натуры,

Штодзень ты мне хаўтуры

Падай, госпадзі!

 

І кожную нядзелю

Па дваццаць пяць вяселляў

Падай, госпадзі!

 

Не ў год раз, а на месяц

Ты радаўніцаў з дзесяць

Падай, госпадзі!

 

А коляды, вялікдзень

Хаця па разу ў тыдзень

Падай, госпадзі!

 

Ты з вёсак і мястэчак

Двухногіх мне авечак

Падай, госпадзі!

 

І вострыя мне ножны,

Авец каб стрыгчы можна,

Падай, госпадзі!

 

Тады з аднэй авечкі

Я воўну дам на свечкі

Табе, госпадзі!

 

Ратуй мяне ў няшчасці

І ад бальшавіцкай напасці,

Госпадзі, памілуй!

Госпадзі, памілуй!

Госпадзі, памілуй!

 

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 52-53
Крыніца: скан