epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ну як не выпіць?

Я часцяком яго ў карчме,

Бывала, спатыкаў пад мухай.

«Ну, што ты, браце, ачумеў?

Пакінь ты піць, прашу, паслухай!»

І чуў адказ: «Ну як не піць?

Вакол няпраўда, здзекі, гора.

Як бедны люд яшчэ цярпіць!

А я гатоў бы выпіць мора».

Прайшлі бурлівыя гады,

Уціхла бура-навальніца,

І ніва жытам маладым

Пад вольным ветрам каласіцца.

І вось спаткаліся мы зноў

Пасля васьмі гадоў разлукі.

Сядзіць ён з чаркаю ў піўной,

І ўжо ў яго трасуцца рукі.

«А, сябар! Ты? І нават п’ян?

Ты зноў, напэўна, п’еш, як воду?»

«Ну як не выпіць, кажа, за слабоду?

Гатоў я выпіць цэлы акіян».

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 115
Крыніца: скан