epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Пачатак шчасця

Паабапал дарогі старыя прысады з голым апруцянелым галлём стаяць маўклівыя і задуманыя, нібы ўспамінаюць сваю нядаўнюю летнюю прыгажосць. На шырокай прасторы па ўзгорках і нізінах параскіданы купкі шэрых будынкаў — былыя хутары. Тут людзі шукалі сабе лепшай долі, слухаючы воўчае выццё, пераймалі воўчыя законы.

За дубовымі брамамі, пад хрыплы брэх ваўкадаваў, павукі-крывасмокі ткалі тут сваю павуціну, каб мацней заблытаць вясковую беднату. І бедната гнула свой горб на кулацкім палетку, поўнілася нянавісцю і адначасна з зайздрасцю пазірала і на шырокі палетак і на дубовую браму. Гэта і быў для яе недасягальны ідэал, іншага шляху бедната не ведала.

Але прыйшла пралетарская рэвалюцыя, і не ўстаялі супроць яе дубовыя брамы, парвала яна павуціну кабалы, і крывасмокі апынуліся там, дзе ім і быць належыць. А працоўнае сялянства — беднякі і сераднякі — пераканалася, што лепшая доля зусім не на тым шляху, дзе яны яе шукалі. Цяпер яны самі ствараюць сабе лепшую долю дружнай калектыўнай працай, і толькі гэтыя параскіданыя купкі будынкаў напамінаюць аб іх ранейшым шляху.

Але дзе ж тыя Бабінічы. Я ўглядаюся ўдалечыню, ці не ўбачу дзе больш кампактную масу будынкаў? Дарэмна — гэта і ёсць самыя Бабінічы, і машына хутка спыняецца каля будынка сельсавета.

У будынку ціха і амаль пуста. У адным з пакояў знаходзім сакратара і парторга. Пытаемся пра Марыну Дзяжурную.

— Ды яна тут,— адказвае сакратар і адчыняе дзверы ў суседні пакой.

На канапе сядзела звычайная вясковая жанчына. Іменна звычайнай яна і павінна быць, бо геройства ў краіне сацыялізма становіцца масавай з’явай, бо героем у нас можа быць кожны, для каго праца стала справай гонару і славы, бо людзі ўсвядомілі, што яны працуюць цяпер не на эксплуататараў, а на сябе, на сваё савецкае грамадства.

...Невысокая, зграбная постаць, крыху шыракаваты ружовы твар, яшчэ больш ружовы ад таго, што Марына, відаць, саромеецца. Яна яшчэ не прывыкла да таго, каб ёй аддавалі столькі ўвагі.

Мне хочацца пагутарыць з Марынай у яе штодзённай хатняй абстаноўцы, і я прапаную паехаць да яе ў хату. Марына згаджаецца, але яна крышку збянтэжана: хаты свае ў яе яшчэ няма, яна жыве ў падсуседзях у аднаго дзеда — дзядзькі яе мужа. У калгас Марына ўступіла толькі чатыры месяцы таму назад, і хата яе засталася ў лесе на былым хутары. Праўленне абяцала перавезці, ды яшчэ ўсё не выбрала часу.

Зараз старшыні калгаса, відавочна, сорамна за тыя кватэрныя ўмовы, у якіх жыве Марына. Ён заяўляе, што заўтра ж выедуць фурманкі перавозіць Марыніну хату.

Марына з мужам і чацвярыма дзецьмі займае невялікую баковачку. Старэйшай дзяўчынцы, Валі, восем гадоў, самай меншай, Веры, пяць месяцаў. Мы перазнаёміліся. Марына пачала расказваць пра сваё жыццё, а Вера, карыстаючыся зручным выпадкам, утулілася матцы ў пазуху і пачала падмацоўвацца. Час ад часу яна адрывалася ад свайго полудня і надзяляла нас шчасліваю мурзатаю ўсмешкаю. Трое астатніх з цікавасцю разглядалі незнаёмых ім людзей.

Бацька Марыны памёр яшчэ не старым чалавекам, пакінуўшы шэсць дачок і двух сыноў. Матцы даводзілася крута, і кожная з дачок памагала ёй як магла. Марыне таксама рана прыйшлося сесці за кудзелю. Зімою прала, а летам пасвіла,— вучыцца не было калі. Так і засталася малаграматнаю аж да гэтага часу. Мне крыху сумна, што Марына сама не здолее прачытаць нават гэтых радкоў, якія я пра яе пішу, але работнікі сельсавета супакойваюць мяне. Яны абяцаюць навучыць Марыну добра чытаць і пісаць. Марына і сама рада вучыцца, яе толькі крышку палохаюць цяжкасці гэтай справы. Я запэўняю, што гэта не так ужо і цяжка, ва ўсякім разе не цяжэй, як трапаць у дзень па 66 кілаграмаў ільну.

Падросткам пайшла Марына за плугам і з касою, хадзіла на падзёншчыну да кулакоў на палявыя работы і да купцоў трапаць лён, зарабляла па 20—25 капеек у дзень. Замуж выйшла на 22 годзе за Аляксандра Дзяжурнага, які толькі што дэмабілізаваўся з Чырвонай Арміі. Сям’я ў свёкра была — 16 душ, Марына прыйшла семнаццатай. Не соладка жылося ў такой сям’і маладой нявестцы. Хутка Аляксандр аддзяліўся ад бацькі на чатыры дзесяціны балоцістай пасекі. І маладыя гаспадары цвёрда рашылі стварыць сабе шчасце на гэтых чатырох дзесяцінах. Напорна ўзяліся за карчы ды за балота, пачалі патроху забудоўвацца. Каня ў іх не было, і бярвенне на хату Марына з мужам насіла на плячах.

Папрацавалі колькі гадоў, аглянуліся — працы шмат уложана, а шчасця таго яшчэ і не відаць нідзе. Тым часам і калгасы пачалі расці, а Марына ўсё яшчэ ўпарта дабівалася свайго шчасця на чатырох дзесяцінах. І толькі ў гэтым годзе пераканалася яна канчаткова, што не тут яе шчасце, што яно там, дзе людзі працуюць дружным калектывам, дзе, памагаючы ім, стракочуць на полі трактары і гудуць складаныя малатарні, дзе нядаўнія беднякі сталі заможнымі калгаснікамі.

Кінула тут Марына свой хутар і з усёй сваёй сям’ёй накіравалася ў калгас... На руках у яе падаваў свой голас за новае жыццё самы малады член калгаса — Вера, якая пабыла аднаасобніцай усяго толькі адзін месяц.

Прыйшоўшы ў калгас, Марына адразу не магла выходзіць на работу: бульбяное поле знаходзілася кіламетраў за пяць ад яе хаты, дзіцяці ж нельга было ні з сабою ўзяць, ні дома пакінуць. Трапаць лён — іншая справа: тут не так далёка, можна было адлучыцца дзіця пакарміць.

Да свайго рэкорда Марына часта перавыконвала норму, даючы ў дзень да 12 кілаграмаў ільну, але аб рэкордах не думала. Стаханаў, думала,— гэта іншая справа: ён жа ў шахце працуе, вугаль здабывае, а яна ж толькі лён трэпле. Трэпле яна яго ледзь не з маленства, як і яе сяброўкі, але не памятае ні аднаго выпадку, каб праз лён хто-небудзь героем стаў. Але тут хутка і пра Пярцову загаварылі, пра яе выдатны рэкорд — 56,3 кілаграма. А тым часам у сельсавеце лепшыя трапальшчыцы сабраліся на шклянку чаю. Марынінай брыгадзе ніхто нават і не намякнуў пра гэта. Тут вось і ўзяло за жывое Марыну і яе таварышак па брыгадзе. Моцна пакрыўдзіліся жанчыны: гэта яны, значыць, горшыя?! А потым рашылі,— не, давядзём, што мы не горшыя за іх. І давялі. Патрабавалі ад праўлення і ад брыгадзіра лепшай арганізацыі работы: каб траста была сухая, каб яе было ў дастатковай колькасці, каб не было перабояў, як гэта раней часта здаралася, каб паставілі чалавека, які б абцягваў жмені мятай трасты.

Марына ўважліва слухала, што ёй расказвалі пра метад Пярцовай, і для яе стала справай гонару перагнаць Пярцову. Нават Марыніна таварышка, шасцідзесяцігадовая Сцепаніда Шугаева, дае па 25 кілаграмаў, а Марына ж у самай сіле, ёй і сорам цягнуцца ў хвасце за Сцепанідай, і Марына, як па ступеньках, што ні дзень, то ўсё больш набліжаецца да рэкорда Пярцовай: 30 кілаграмаў, 43,2 кілаграма, 50 кілаграмаў і, нарэшце, 1 снежня прыносіць ёй перамогу, яна абганяе Пярцову і ставіць усебеларускі рэкорд — 66,6 кілаграма. Ад Марыны стараюцца не адставаць яе таварышкі па брыгадзе: Шугаева Сцепаніда, Бальшакова Проска, Шугаева Малання. Яны хоць і не далі такой высокай выпрацоўкі, як Марына, але сістэматычна перавыконвалі свае нормы ў некалькі разоў.

— Колькі ж вы працадзён зарабілі на льне? — пытаюся я ў Марыны.

Старшыні калгаса (прозвішча яго Кудзевіч) прыйшлося тут густа пачырванець: Марына не ведае, колькі ў яе працадзён, яна кніжкі свае нават і ў вочы не бачыла. Старшыня супакойвае, што кніжка яе знаходзіцца ў праўленні і працадні запісваюцца. Ці ведае ён сам, колькі Марыне запісана працадзён? Я ў гэтым не ўпэўнен.

Марына Міхайлаўна Дзяжурная — маладая калгасніца; гэтыя яе першыя крокі ў калгасе — слаўны пачатак. Сельсавет прэміраваў яе за выдатную работу ста рублямі, райсаюз абяцаў прэміраваць нікелевым ложкам і матрацам. Гэта для Марыны, якая толькі пачынае абжывацца ў калгасе, не малое падтрыманне. Але галоўнае — гэта ўсведамленне таго, што яна — адна з лепшых жанчын краіны, якія ідуць у першых радах будаўнікоў сацыялізма.

Гэта і ёсць пачатак шчасця, якое не далося Марыне на хутары, на чатырох дзесяцінах.

 

1935


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том 4. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, раман.— Мн., «Маст. літ.», 1975. - с. 64-67
Крыніца: скан