epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Пачэсны абавязак — быць салдатам вялікага паходу

Чытаючы ў часопісе «Камуніст» артыкул М. С. Хрушчова «Да новых поспехаў літаратуры і мастацтва», я знаходзіўся пад уражаннем незабыўнай сустрэчы кіраўнікоў партыі і ўрада з прадстаўнікамі савецкай інтэлігенцыі. Зноў паўсталі ў памяці і цёплы сонечны летні дзень, і сардэчная цеплыня пачуццяў, якой была сагрэта ўся атмасфера гэтай сустрэчы.

Вялікае ўражанне зрабіла на ўсіх прысутных яркая і мудрая прамова М. С. Хрушчова, прасякнутая бацькоўскімі клопатамі аб шчасці і дабрабыце народа, аб росквіце навукі, літаратуры і мастацтва, добразычлівыя ў адносінах да творчых работнікаў.

Мікіта Сяргеевіч вельмі трапна ахарактарызаваў рух нашай краіны да камунізма, як вялікі ленінскі паход. У гэтым слаўным паходзе Савецкая краіна пераадолела крутыя горы і ўзнялася на вялікую вышыню.

Слухаючы прамову Мікіты Сяргеевіча, мы як быццам самі ўзняліся на вышыню вялікай будоўлі, і перад намі разгарнуліся неаглядныя ясныя далі і цудоўныя перспектывы нашага заўтра.

Мікіта Сяргеевіч, дарэчы, напомніў нам аб добрым правіле камуністаў — не заспакойвацца на дасягнутым, бо гэта не апошняя вышыня: наперадзе яшчэ больш высокія рубяжы, якіх мы павінны дасягнуць.

Нам, работнікам літаратуры і мастацтва, вельмі прыемна было пачуць з вуснаў таварыша Хрушчова, што партыя лічыць нас сваімі вернымі памочнікамі ва ўсіх яе справах. Мы з гонарам усвядомілі, што з’яўляемся ўдзельнікамі вялікага паходу, у якім на нашу долю выпала адказная і пачэсная задача — камуністычнае выхаванне працоўных, фарміраванне новага чалавека. З усведамленнем вялікай адказнасці перад партыяй і народам мы ўспрымалі ўказанні Мікіты Сяргеевіча на тое, што нашы творы павінны выхоўваць у савецкіх людзей новыя, камуністычныя маральныя якасці. Патрэбны творы, якія б абуджалі захапленне ўсім выдатным і цудоўным у нашай сацыялістычнай рэчаіснасці і выклікалі непрымірымасць да ўсяго антыгра- . мадскага, адмоўнага ў жыцці.

Я і мае сябры па зброі (я маю на ўвазе сатыру) былі задаволены тым, што і гэта зброя лічыцца патрэбнай і дзейснай у слаўным паходзе за камунізм пры ўмове, вядома, што яна будзе вострай і накіраванай дакладна ў цэль.

Указанне на тое, што крытыка павінна служыць самаачышчэнню нашага грамадства, павінна быць першай запаведдзю для кожнага савецкага сатырыка і камедыёграфа.

Вельмі каштоўнымі з’яўляюцца парады Мікіты Сяргеевіча нашым літаратурным крытыкам, якія, не замоўчваючы недахопаў, павінны чула і ўважліва адносіцца да кожнага мастацкага твора, да кожнага творчага работніка, які шчыра імкнецца адлюстраваць нашу цудоўную рэчаіснасць. Але крытыка павінна быць бязлітаснай і непрымірымай, калі яна бачыць перад сабой спробу працягнуць варожыя нам буржуазныя погляды.

Сустрэчы кіраўнікоў партыі і ўрада з творчымі работнікамі сталі ў нашай краіне добрай традыцыяй. Яны пашыраюць наш кругагляд, дазваляюць глыбей уразумець свае задачы і сваю адказнасць перад партыяй і народам, натхняюць на творчую працу. Яны служаць выражэннем таго новага, што адрознівае становішча вучоных і мастакоў у сацыялістычным грамадстве.

І сапраўды, хіба мы можам уявіць сабе нешта падобнае ў капіталістычнай краіне, хоць бы ў той жа Амерыцы. Хіба можна ўявіць сустрэчу, скажам, прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі з лепшымі пісьменнікамі і мастакамі сваёй краіны? А калі б такая сустрэча ўсё ж адбылася, дык чым бы натхніў амерыканскі прэзідэнт сваіх пісьменнікаў на творчы подзвіг? Якія высокія ідэі запалілі б іх творчую фантазію, выклікалі б высакародны творчы парыў?

Ідэя ўдушэння кубінскай рэвалюцыі, падаўлення вызваленчай барацьбы каланіяльных народаў? Ці ненавісная ўсяму свету ідэя гонкі атамнага ўзбраення і распальвання халоднай вайны?

У сапраўднага мастака, які думае аб шчасці народа (а сапраўдны мастак не можа не думаць пра гэта), такія ідэі выклікаюць толькі агіду і абурэнне.

Мы, савецкія пісьменнікі, шчаслівыя, што ў нас ёсць невычэрпныя крыніцы высокіх ідэй, якія натхняюць нас на творчую працу — наша родная Камуністычная партыя. Мы шчаслівыя, што ў нас ёсць мудрыя кіраўнікі гэтай партыі на чале з Мікітам Сяргеевічам Хрушчовым, якія па-бацькоўску клапоцяцца пра нас і пра нашы творчыя поспехі.

Наш абавязак адказаць на клопаты партыі канкрэтнымі справамі, новымі мастацкімі творамі, у якіх бы праўдзіва і ярка былі адлюстраваны велічныя справы нашага народа.

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан