epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Падарожнае

Тррр! Тррр! Тррр!

Чэк, чэк — па-нёс, толькі вітрыны мільгаюць.

Эх, слаўна! Куды твой конь проці аўтамабіля! Тут табе, перш за ўсё, пугі не трэба. Фурману не трэба стаяць на колінках у перадку і шалыгаць каню і пад чэрава, і пад лыткі, выбіраючы больш балючае месца.

Другое — аўтамабіль не прыпыняецца праз кожныя дзесяць крокаў, нібы за маленькаю патрэбаю, як гэта любяць рабіць ляныя коні, ды не аглядаецца назад, каб паглядзець, які ў фурмана настрой і як пуга служыць.

Трэцяе — аўтамабіль не пудзіцца. Няхай табе сто паяздоў зараз ідзе, няхай шыпіць, няхай гудзе — ён не рване і не панясе цябе без памяці на вуліцы і не расквасіць табе галаву аб вугал або аб слуп.

Чацвёртае — аўтамабіль ніколі не ржэ, калі ты яму есці не даў. І хоць ты яму месяц не давай, дык не здохне, а будзе сабе ціхенька стаяць.

Ды ці мала аўтамабіль мае пераваг у параўнанні з канём ці з кабылаю; ніколі, напрыклад, аўтамабілі не брыкаюцца, калі збяруцца некалькі разам, ніколі ў яго жывот не забаліць, ніколі ён да жарабца не захоча, ніколі жарэбным не ходзіць, і не трэба асцерагацца, каб не перасіліць; ніколі ён табе ў чужую канюшыну, віку, авёс або капусту не ўваб’ецца, і не трэба за яго з суседзямі грызціся ды па судах цягацца за патраву.

Эх, слаўная жывёліна! Гэта ж яшчэ мо паўгадзіны толькі й едзем, а ўжо вёрст дванаццаць укацілі. Каб каня з гэткаю шпаркасцю прагнаў, дык ён бы і захропся, і засопся, і пад хамутом мокра ў яго было б. А каб на каня села 18 чалавек, гэтак, як на аўтамабіль, дык ён бы і з месца не крануў.

Але вось — тырк! тырк! — і стаў. Яшчэ разоў са два папяўся — нічога, не бярэ.

Нічога не зробіш, трэба злазіць. Ды ў самай жа гразі, ліха яму.

А можа, папхнем трохі?

— Ану — паднапніся!

Пнуцца, крэхчуць мужчын з дванаццаць, пхнуць яму ўзад, а ён і вухам не вядзе. Вось зараза жывёліна! Шафёр кажа, што некая там шрубка ці мутэрка згубілася і прыйдзецца гадзін са дзве пастаяць, пакуль ён зноў усё наладзіць.

Гадзін са дзве! На якое ж ліха стаяць, калі можна сесці.

Добра, што пагутарыць ёсць з кім,— селянін коні пасе. А ў аўтамабілі такая публіка надзіманая едзе: сядзяць, губы пазамыльваўшы,—хоць бы табе слова. Сапраўдныя ангельцы!

— Дзень добры, дзядзька!

— Добры дзень!

— Што, коні пасеш?

— Але, пасу.

— А нашто ты іх пасеш?

— Бо яны ж есці хочуць.

— А нашто ты іх наогул трымаеш?

— А што ж — я жонку запрагу, ці што?

— А ты аўтамабіль купі: як я паглядзеў, дык гэта жывёліна лепшая за каня, выгаднейшая.

— Для вас, можа, яно і так, а ў нашым палажэнні яно не падходзіць.

— А чаму?

— Ды вось чаму: перш за ўсё — як ты яго купіш? Ён жа некалькі тысяч каштуе, а я тысячы рублёў і ў руках не трымаў, і ў сне не бачыў. Другое — коні я вось вывеў на паплавец, яны й шчыплюць. А калі ў хляве, дык я ім сена залажу, сечкі замяшаю, ім больш нічога і не трэба. А аўтамабіль ты на пашу не выганіш, і сечкі ён не будзе есці — падавай яму бензіну. А бензін грошы каштуе. А грошай у мяне кот наплакаў. Зноў жа — вунь я кабылу трымаю, дык яна мне штогод па жарабяці водзіць; праз гадоў два-тры глядзіш — і запрагаць можна. А аўтамабіль ніякага прыплоду не дае і даваць не думае. Таксама са мною ніколі не здаралася, каб у каня якая-небудзь шрубка адкруцілася ці мутэрка згубілася, і праз гэта ніколі не стаяў я тры гадзіны на дарозе так, як вы вось цяпер. А гною хіба ваш аўтамабіль настоіць хоць воз за зіму? А мая кабыла, хоць, здэцца, не вялікая штука, а патом вазоў дзесяць за зіму дасць. Зноў жа — на кабыле, калі дома я, то еду я; няма мяне — едзе сын, а часам і жонка. І ўсе ўмеюць кіраваць ёю, і ўсіх яна слухае. А тут — купіў ты аўтамабіль, то купляй разам і фурмана. А сам возьмешся кіраваць, дык яна або саўсім не пойдзе, а не — паімчыць цябе, куды сама захоча, пакуль не будзе капут і ёй і табе разам з ёю. Дык вось чаму гэта жывёліна не падходзіць у нашым палажэнні.

Як вылажыў мне дзядзька ўсё гэта, дык мяне і думкі ўзялі. Думаў я, думаў... Часу для гэтага ў мяне хапіла, бо аўтамабіль яшчэ не скора пайшоў. Дык вось думаў я, думаў, а калі селі зноў у аўтамабіль, дык я і расказаў свайму суседу, надзіманаму «ангельцу» ўсё, што я думаў пра аўтамабіль і што сказаў мне наконт яго дзядзька. Мой сусед падумаў трохі ды кажа:

— Так, тут пэўная няўвязка ёсць. Нам трэба ўдасканаліць або каня, або аўтамабіль. Разумеецца, мы маглі б загадаць нашым конскім заводам, каб яны выпускалі ўдасканаленых коней, напрыклад, з маторам: трэба табе куды-небудзь недалёка — можаш на траве ехаць або на сечцы, а калі трэба далёка дый скора надта, дык наліў бензіну, закруціў ззаду дый няхай пухкае. Але ў наш век індустрыі, па-мойму, лепш трэба ўдасканаліць аўтамабіль. Для гэтага трэба пабудаваць такі аўтамабіль, каб ён траву і сечку еў. А калі будзе сечку есці, то, нябось, нідзе не дзенецца — і гной будзе настойваць. А яшчэ калі ўставіць яму такую прыладу, каб ён і аўтамабілянят раджаў, дык тагды нічога больш і не трэба, тагды й кожны селянін яго ахвотна купіць, бо яны шмат таннейшыя будуць. Па-мойму, гэта саўсім не цяжка зрабіць пры нашых дасягненнях у тэхніцы.

Адказ майго суседа мяне ўзрадаваў і заспакоіў. Я аддаўся марам, і мая фантазія стала далей развіваць план «ангельца». Праз некалькі хвілін у мяне самога ўжо быў прыладжан ззаду матор і я са шпаркасцю кулі імчаўся з аднаго раёна ў другі, выконваючы свае інструктарскія абавязкі.

Тым больш непрыемна было мне злазіць з аўтобуса і сваімі ўласнымі галёшамі чэрпаць местачковую гразь.

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан