epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Пакутнікі-сумяшчальнікі

Некаторыя юрысконсульты ўхітраюцца займаць па 8—12 пасад па сумяшчэнню ў розных установах.

З газет

 

І кім жа яны, і чаму ж яны

Так бязлітасна перагружаны?

Не адказныя, не начальнікі,

А пакутнікі-сумяшчальнікі.

З імі добра мяне пазнаёмілі!

Яны стогнуць і ў Мінску і ў Гомелі,

Яны стогнуць па ўсёй старонцы —

Юрысконсульты-абіронцы.

Ці бароняць яны, не бароняць,

А нагрузачкі не правароняць:

І па дзесяць пасад і па восем,

І вясною пацеюць, і ўвосень.

Не такі ўжо й народ ганарысты:

І па пяцьсот бяруць, і па трыста,

Ды «сякія-такія» працэнты

Плацяць ім установы-кліенты.

Як за месяц усё пазбірае,

Ад нагрузак яго распірае...

Але ўсім ім пабіў рэкордзік

Нейкі віцебскі Чарнамордзік.

Ён на свой «аблакацкі» агузак

Узваліў аж дванаццаць нагрузак.

Абслужы вось тут кожнае месца,

Атрымай па два разы на месяц!

Варта б кожнаму тут чарнамордзіку

Завесці сабе хоць па «фордзіку».

А то прэ ён, каторы, пяшком,

Сапучы пад цяжкім мяшком,

Аж язык ля вушэй матляецца —

Ледзь даніну сабраць упраўляецца,—

Змокне ад поту, задыхаецца,

І сэрца ў яго, і дыхавіца,

Пад нагрузкамі гнуцца калені,

І, каб нагрузак паменшыць вагу,

Скідае ён лішні баласт на бягу,

Зусім не патрэбны баласт — сумленне.

 

1932


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - c. 240
Крыніца: скан