epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Пальчык

— Жэнька! Уставай, дачушка! — будзіць маці.— Што гэта ты сабе думаеш? Вунь Петрык даўно ўжо ўстаў, снедае. Уставай, пазабаўляй яго трохі!

І сапраўды — Петрык ужо ўстаў. Ён сядзіць у калысцы, прывязаны поясам за вяровачкі. У руках у яго вялікая галка камякоў (бульбяной кашы). Ён ужо іх сам пад’еў і нос накарміў, начапляў на шчокі і на мяккі лён — рэдкія светлыя валосікі. Мухі старанна ўвіхаюцца каля яго і рады, што Петрык не вельмі цярэбіцца. А таму, па праўдзе кажучы, і часу няма: вачаняты яго пільна ўтаропіліся ў акно. Там час ад часу паказваюцца круглыя вушы, а потым рогі, а то і ўся каровіна галава і плыве павольна паўз акно. Петрык рад — у ладкі плешча і крычыць:

— Мама, му!

Але вось часам галава прыпыніцца, у шыбу ўпрэцца вільготная наздратая пыса і зашуміць моцна, нюхнуўшы паветра. Тады ўжо страшна Петрыку — ён зажмурвае вочы, закрываецца ручкаю і крычыць на ўсю хату тоненькім прарэзлівым галаском.

А Жэнька чуе, што Петрык пішчыць, і чуе, што каровы рыкаюць. І вярзецца ёй, што Петрык сядзіць на бярвеннях пад хлявом. Да яго ідзе Струкавых Падласка, рогі наставіла і галаву ўвагнула, убароць хоча. Петрык крычыць і ножкамі трапеча, а Падласка ўсё бліжэй ды бліжэй, і ўжо адзін рог яе ўпёрся ў Петрыкаў жывоцік. Жэнька і сама хоча крыкнуць, каб адагнаць Падласку, але не можа: праз горла дух праходзіць, як праз дзірку ў капшуку, а голасу няма. Яна хоча падбегчы ды выцяць Падласку дубцом, але ногі не слухаюць. І нават не чуецца яна — ёсць у яе ногі ці няма. Але вось Петрык абхапіў карову ручкамі за шыю, а карова пацалавала яго, Петрыка, у лобік і прыгарнула да сябе. Глядзіць Жэнька — адно ж гэта не карова, а іх мама. Вось яна расце, расце аж пад страху, потым аж пад вілачкі на страсе, а потым аж пад неба, і тады ўсё знікае.

— Ды ўстань жа ты, Жэнька! Вось успалася!

Яна чуе мамчын голас.

— Устаю. Ужо ўстала, ужо,— мармыча яна праз сон, а вачэй ніяк не расплюшчыць. Галаву ахутаў туман і прыціснуў да падушкі. Вось ён зноў закрыў усё. А мухі і ля яе стараюцца — роем гудуць, лезуць у нос, казычуць за павекі, залазяць у куткі губ.

— Уставай, ідзі авечкі выгань, а то пастух перагоніць.

Узадралася сяк-так, працерла вочы.

Выганяць авечкі — гэта яе штодзённы абавязак: тут ужо нічога не зробіш, трэба ўставаць.

Глянула з замілаваннем на сваю ляльку Ганульку, якая спала побач з ёю, абцягнула на ёй сукенку — «спі, спі, малая». Паглядзела пасля і пагладзіла кацянятак, якія ляжалі ў рэшаце на прымурку і над якімі яна прыняла шэфства яшчэ тыдзень таму назад, як толькі нарадзіліся, выцерла Петрыку носік, які ўжо аж у губу ўпёрся, і пайшла выганяць авечкі.

Пакуль яна сёе ды тое, тое ды гэта — Ганульку да толку прывяла ды сама ўмылася, дык маці ўжо і печ засланіла.

— Ну, слухай, кажа, што я табе буду казаць. Бацька пайшоў касіць і будзе да вечара. Я пайду жаць на Падгор’е і таксама да вечара буду. Дык ты глядзі, каб хто ў хату не ўлез ды не пакраў чаго — не пакідай адамкнёнай. Есці будзеш камякі ў печы, а малако кіслае ў шафе на другой паліцы. Петрыку малако на прыпечку ў горшчыку. Удзень парсючку піць занясеш — пад лаваю ў чыгуне стаіць. Ды свінням бульбяніку назбірай. Петрыка пасадзіш ды цацак дасі, дык ён і пагуляе, пакуль ты. Глядзі, Петрыка не пакідай аднаго, а то коні стопчуць, бегучы з выгану.

— А ты ж мне васількоў прынясеш? Прынясі, мамачка! Сіненькіх-сіненькіх. І бярозкі. Я спляту Ганульцы сваёй вяночак. Яна ўжо вялікая ў мяне, жаніцца будзе, дык ёй вяночак трэба.

Жэньцы таксама хочацца на поле жаць ды васількі рваць. Але яна яшчэ не ўмее жаць,— раз прабавала ды палец абрэзала — яшчэ знак ёсць. Ды дома трэба быць — парсючку піць занесці. Бо калі парсючок галодны будзе, дык і сала не нарасце, і скваркі не будзе. А не хочацца адной дома быць. Дзень доўгі, доўгі. Чакай, пакуль сонца стане над дзядзькавым хлявом, потым над Марылінаю хатаю, потым зробіцца чырвонае, вялікае-вялікае, як рэшата, і спусціцца нізенька, што качаргою можна дастаць. Потым стане хавацца вунь за той лясок. І як будзе ўжо толькі трошкі беражок відаць, тады аж мама прыйдзе. А Петрык нягодны такі — не хоча гуляць з цацкамі, а ўсё плача ды на рукі лезе. А насіць яго доўга, дык і рукі млеюць, і спіна баліць, бо ён цяжкі, як гляк.

Пад’ела спяшаючыся — Петрык не даваў. Яму ўжо даўно абрыдла сядзець прывязанаму. Сцерла стол, узяла ляльку Ганульку і выйшла з Петрыкам на руках на вуліцу. Пуста на вуліцы, нікога няма, толькі Міхасёва свіння рабая ляжыць сярод вуліцы. Выцягнулася пад сонцам, а каля яе парасят з дзесяцера мітусяцца. Коўзаюцца па ёй, куцаюць, а яна толькі ляжыць ды стогне з вялікай прыемнасці. Петрык рад — ручкамі махае і пішчыць ад радасці. Ён і сам бы ахвотна пакуцаўся разам з парасятамі, каб яго пусцілі. А Жэньцы маркотна адной. Пайшла, глянула ў Алесіных пад акно — няма нікога, дзеці недзе пайшлі. Толькі калі яна схадзіла ў гарод, назбірала зяленіва і прыйшла зноў на вуліцу, дык тут ужо былі Аўдоля і Юзік Алесіных, Настулька Трацякова ды Сцёпка Уласавых.

— А мы сёння халаднік елі — ага! З цыбуляю ды з агуркамі. Смачны, смачны,— пахваліўся Сцёпка.

— А ў нас цялусацка маленькая ёсць, а ў вас няма — ага! — пахваліўся ў сваю чаргу Юзік.

— А наш хлеў новы, а ваш сталы.

— А ў нас дзед ёсць, а ў вас няма, а ў вас толькі баба. Дзед за лепс, як баба.

— А ў нас... а ў нас сабака лабы, а ваш чолны, ага! Лабы ж халошы, а чолны гадкі.

— А ў нас... а ў нас... а ў нас... Аўдолька, сказы, сто ў нас, а то я не ведаю,— захныкаў Юзік.

— А наш сабака ды вашага задушыць,— сказала Аўдоля, заступаючыся за брата.— Як схопіць за горла ды — гар-гар-гар! дык вашаму і капут.

Цяпер ужо Сцёпка насупіўся і стаяў, не ведаючы, чым яму пакрыць сваіх апанентаў.

— А мой тата касіць пайшоў,— кажа ён нарэшце.

— І мой тата пайшоў, і дзядзька пайшоў,— сказала Настулька.

— Дык і мой тата пайшоў,— не ўцярпела Жэнька,— бо сягоння ж усе людзі пайшлі касіць. Я нават ведаю, дзе мой тата косіць. Хадзем пад вароты, дык я пакажу.

Пасадзіўшы Петрыка, яна ўзлезла на вароты, узялася адной рукой за шуло, а з другой брыль над вачыма зрабіла. Да Зарэчча, дзе косяць касцы, вёрст са дзве, а можа, і больш, і на зялёнай сенажаці відаць толькі белая чарада не то гусей, не то кароў, больш нічога не разабраць. Але Жэньцы хочацца паказаць, што яна ўсё добра бачыць:

— Вунь там кусцікі, кусцікі, кусцікі, а потым вялікае дрэва. А каля таго дрэва мой тата вунь косіць у белай кашулі і ў шарачковых портках, паяском зялёным падпяразаны...

— І я бачу,— сказаў Сцёпка.— Вунь мой тата сквалкі есць. Плаўда, Настулька?

— Вот ілгун, ці ты ж бачыш з зямлі? — абарвала яго Жэнька.

Але Сцёпка доўга не здаецца і клянецца, што бачыць, як яго тата «сквалкі» есць.

Пасля пайшлі на прыгуменне, каб адтуль паглядзець, дзе жыта жнуць. Але тут зусім ужо нельга было нічога ўбачыць, апрача жытняга мора, па якім час ад часу прабягаў лёгкі ветрык. Толькі дзе-нідзе з гэтага мора вытыркалі, як падводныя каменні, шапкі мэтлікаў ды, нібы крыло белай птушкі, паказвалася на момант хусцінка жняі.

Тады прыйшлі зноў на вуліцу і распачалі гульню. Сцёпка быў за гаспадара. Ён зрабіў сабе касу з лазовага дубца, які знайшоў каля свінога хлеўчыка, ды пайшоў касіць на Зарэчча. Жэнька была за гаспадыню.

Каб Петрык ёй не перашкаджаў, яна пасадзіла яго ў каляску і дала ў ручку моркву, якую вырвала ў гародзе, як збірала свінням бульбянік. Сама яна стала ўвіхацца каля печы, якую знарок для гэтага зрабіў муляр Юзік у пяску каля прызбы. Не паспела яна ўхадзіцца, як ёй нешта стала нядобра — вельмі ж забалеў жывот. Юзік ужо хацеў па доктара ехаць, каб той прыехаў ды банькі паставіў. Але Юзікаў конь хадзіў на выгане, ніяк не хацеў лавіцца і нават два разы ўбрыкнуў Юзіка (нягледзячы на тое, што ён быў гліняны і што абедзве заднія нагі яго былі адбіты).

Тым часам пакуль Юзік сабраўся па доктара ехаць, дык і без яго ўсё добра абышлося: у Жэнькі нарадзілася дзяўчынка Ганулька.

За бабу была Аўдоля, а за куму Настулька. Яны абедзве прыйшлі на вотведы і прынеслі па вялікім гаршку ўзвару з груш і чарніц ды па місцы аладак. Кума дык яшчэ і на сукеначку прынесла. Вось яны пачаставаліся ды сядзяць сабе, дудукаюць пра сёе, пра тое, а Жэнька дзіця купае.

Толькі гэта яна пакупала ды сабралася грудзей даць, як Петрык дзіка, прарэзліва крыкнуў і зайшоўся з плачу. Каля яго стаяла худая чорная свіння. Першы схамянуўся Сцёпка і, падскочыўшы, сцебануў свінню знячэўку «касою» па спіне. Яна спужалася, віскнула і стала ўцякаць. З яе ляпы выпаў кусочак морквы і разам з ім акрываўлены Петрыкаў пальчык.

Жэнька абхапіла брата і стала крычаць моцна, дзіка, аднатонна. Крычалі абое да хрыпаты, да знямогі.

Прыйшла Сцёпкава бабка Тацяна, прымачыла ручку зёлкамі і перавязала чыстаю анучкаю, а пальчык падняла і абмыла.

Матцы наказалі. Прыбегшы з поля, яна застала Жэньку з дзіцем, прытуліўшыся на палу ў кутку. Хлапец яшчэ плакаў слабенькім ахрыплым галаском, а дзяўчо толькі ўсхліпвала зрэдку ды трэслася ўсім целам. Маці выхапіла ў яе з рук дзіця, а самую яе схапіла за валасы, сцягнула з пола і кінула аб зямлю. Сама яна стала галасіць над дзіцем ды прыказваць.

Жэнька паднялася з зямлі і ўткнулася галавою ў пасцель. Яна не магла моцна плакаць, толькі плечы яе ўздрыгвалі ды збянтэжана трэслася — мышыны хвосцік — тоненькая светлая коска.

А на стале ляжаў беленькі, чысценькі, малюсенькі пальчык. Той самы пальчык, якім Петрык раніцою паказваў у акно і казаў: «Мама, му!»

1927




Беларуская Палічка: http://knihi.com