epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Партызаны

АКТ ПЕРШЫ
  Карціна першая
  Карціна другая
АКТ ДРУГІ
  Карціна трэцяя
  Карціна чацвёртая
АКТ ТРЭЦІ
  Карціна пятая
  Карціна шостая
АКТ ЧАЦВЁРТЫ
  Карціна сёмая


П'еса ў чатырох актах, дзевяці карцінах

 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Даніла — начальнік партызанскага атрада. Данілава маці.

Марылька — Данілава сястра, 14 год.

Рыгор — Данілаў сябар.

Дзед Бадыль.

Настуля — яго ўнучка, 20 год.

Батура — паляк, бежанец, 40 год, гаворыць з акцэнтам.

Тадора Куксёнак.

Кастусь — малады партызан.

Халімон

Міхаль партызаны.

Антон

Скіба — падпольны работнік, ваенком дывізіі.

Начдыў.

Кулагін — камандзір палка.

Пані Яндрыхоўская — памешчыца.

Пан Яндрыхоўскі — яе сын, начальнік павета.

Маргун — кулак.

Кацярына — яго дачка, Рыгорава каханая.

Шмігельскі — шляхціц, Кацярынін жаніх.

Ксёндз.

Сяржант.

Пасыльны.

Жанчына з клункам.

Хлопцы, дзяўчаты, партызаны, жаўнеры.

 

АКТ ПЕРШЫ

 

Карціна першая

Дзея адбываецца ў часы белапольскай акупацыі ў БССР. Вясковая вуліца. На прызбе свае хаты, самай крайняй у вёсцы, сядзіць Рыгор. Побач стаіць Даніла, прыкурвае ад Рыгоравай папяросы.

Даніла (праводзіць вачыма Маргуна, які праходзіць па вуліцы). Задраў нос і дзень добры не скажа.

Рыгор. Перамену чуе.

Даніла. А быў жа такі мякенькі, хоць ты яго да раны прыкладай!

Рыгор. Гарматы цэлую ноч гулі недзе. На начлезе я быў; як ляжаш ды прыложыш вуха да зямлі, дык аж страшна.

Даніла. Няўжо такі нашы не ўтрымаюцца?

Рыгор. Цяжка — босым ды галодным. Палякаў дык француз, кажуць, корміць і адзявае.

Даніла. Шкада пакідаць матку з Марылькай, а, мусіць, прыйдзецца.

Маргун (углядаецца некуды далёка, потым гукае). Каця! (Махае рукой да сябе.)

Рыгор. Табе-то нельга аставацца, калі што якое. Як даведаюцца, што камітэтчыкам быў...

Даніла. А ты — смел?

Рыгор. Да мяне не прычэпяцца, я нікуды вельмі не ўмешваўся.

Даніла. Зямлю панскую араў?

Рыгор. Я ж не сам яе браў.

Даніла. Ты хочаш сказаць, што твая хата з краю?

Рыгор. З краю не з краю, але ўсё ж мне зацішней, як табе.

Даніла. Думаеш у зацішку прасядзець?

Рыгор. Кажуць, што і палякі зямлю будуць даваць.

Даніла. Тры аршыны... Гэта, мусіць, цесць твой казаў табе? (Ківае на Маргуна, які ідзе назад.)

Рыгор. Які ж ён мой цесць? Ён мяне на ражне бачыў бы. Я табе як найлепшаму сябру, а ты кпінкі строіш.

Даніла. А хто цябе ведае, ты ж круцішся з ёю.

Рыгор. Яна ўсё круціць. Сяджу вось і пільную, хачу пагаварыць. Няхай бы сказала ўжо альбо гэта, альбо тое.

Даніла. Укляпаўся чорт ведае ў што. Людзі свет пераварочваюць, а яму бабская спадніца ўсё засланіла.

Рыгор. Паспагадаў бы, дык ён яшчэ лаецца.

Даніла. І буду лаяцца, бо мне злосць. Каб я цябе не ведаў, а то разам жа гадаваліся. Быў хлопец як хлопец, а тут чорт ведае што...

Рыгор. Што ж я дрэннае раблю? Люблю дзяўчыну, хачу з ёй пажаніцца, хачу зямлі кусочак, каб было на чым з ёю жыць спакойна і шчасліва. Хіба гэта грэх вялікі? Крыўды ж я нічые на хачу.

Даніла. Зямлі кусочак! Далі ж табе зямлю, толькі яе абараняць трэба. Пажыць хочаш спакойна ды шчасліва? Гэта за панамі? А ў парабкі да пана ты не ласкаў? А ў салдаты — галаву палажыць за таўстапузых — ты не ласкаў?.. І гэта каханая твая паглядзіць на цябе, галетніка, ды нос адверне. Яна толькі забаўляецца з табою, як кошка з жабай,— гадка з’есці і шкада кінуць.

Рыгор. Ціха, братка, вунь яна ідзе.

Даніла (махае рукой). Прапаў чалавек. (Адыходзіць.)

Рыгор. Можа, яшчэ і не прапаў, дарэмна ты мяне адпяваеш. (Адзін.) Як кошка з жабай... Выходзіць, што я — жаба. Трэба з ёй сур’ёзна пагаварыць. Калі я — жаба, дык пайшла яна к чорту!

Ідзе Кацярына. Яна хоча прайсці міма, нібыта не заўважаючы Рыгора.

Дзень добры, Каця! І прывітацца ўжо не хочаш.

Кацярына. Я задумалася ды не бачу.

Рыгор. Пра што ж ты задумалася?

Кацярына. Пра гусей думаю. Хаця б яны ў шкоду не ўлезлі.

Рыгор. Можа, пра гусака пра якога?

Кацярына. І пра гусака. Без гусака і гусь прапашчая.

Рыгор. То сядзь, пасядзі крыху, пагаворым. (Устае, бярэ яе за руку і садзіць на прызбу.)

Кацярына. Бацька гукаў.

Рыгор. Вытрывае.

Кацярына. Скажуць людзі — сама да хлопца прыйшла.

Рыгор. Ніхто і не бачыць, з вуліцы не відаць.

Кацярына. Дык што ты мне скажаш?

Рыгор (бярэ яе за руку і перабірае пальцы). Люблю я цябе вельмі.

Кацярына (смяецца). Я гэта ўжо ведаю.

Рыгор. Жыць без цябе не магу.

Кацярына. Ты яшчэ зімой гэта казаў і ўсё жывеш.

Рыгор. Табе жартачкі, а я, можа, і не жыў бы, каб не спадзяваўся.

Кацярына. Што ж зрабіць, каб ты жыў?

Рыгор. Я табе казаў ужо.

Кацярына. Куды ж ты мяне прывядзеш? У гэты хлевушок? (Паказвае на хату.)

Рыгор. Жыву ж я тут з маткаю.

Кацярына. Дык ты век лепшага не бачыў.

Рыгор. Абжывёмся. Некалі новую паставім.

Кацярына. На чым жа гэта ты абжывешся? На дзвюх дзесяцінах?

Рыгор. Калі бальшавікі ўтрымаюцца, то і зямля будзе.

Кацярына. Утрымаюцца... Чакай Пятра, сыр з’ясі.

Рыгор. Не буду ж я галетнікам цэлы век.

Кацярына. Хто гэта ведае, што некалі будзе. А цяпер — сёння свята вось, а ты босы сядзіш, абуцца няма ў што. Порткі палатаныя.

Рыгор. Табе порткі важней за чалавека.

Кацярына. Усё добра, калі яно адно да другога. Падумай жа ты сам: прыйдзе гадавое свята, паз’язджаецца бацькава радня да яго ў госці — у брычках, на стаенніках, самі разадзетыя. А ты прыйдзеш — вахлак вахлаком. І за стол з табою сорам будзе сесці.

Рыгор. Багатага будзеш шукаць?

Кацярына. Хачу знайсці такога, каб ён мне падабаўся гэтак, як ты, і каб быў багаты, ну... хаця як Шмігельскі.

Рыгор. Я-то яшчэ багатым магу быць, а Шмігельскі прыгожым — трасцу з хваробаю.

Кацярына. Як жа ты можаш быць?

Рыгор. Я яшчэ не ведаю... зарэзаць хіба каго... Вернуцца паны, зарэжу якога-небудзь тысячніка...

Кацярына. Тады цябе з магілай пажэняць.

Рыгор (трацячы цярплівасць). Дык чаго ж ты ад мяне хочаш?

Кацярына. Нічога я ад цябе не хачу. Гэта ж ты ад мяне хочаш.

Рыгор. Чаго ты мучыш мяне?! Не любіш, дык не дражніся, скажы проста. Нечага ўжо — адзін канец.

Кацярына. Чаго б я з табой важдалася, каб не любіла. Можа, гэта мае першыя і апошнія любошчы. Невядома, з кім жыць прыйдзецца.

Рыгор. Людзі праўды шукаюць, людзі свет пераварочваюць, а я хаджу, як тручаны таракан. Ты мне свет засланіла. Праз цябе я нічога не бачу.

Кацярына (пакрыўджаная). Засланіла? Дык я магу адсланіць. (Парываецца ісці.)

Рыгор (хапае Кацярыну за руку). Чакай, Каця! Даруй, я сам не ў сабе. Іншы раз такая злосць падшыбае, што я гатоў смерць зрабіць.

Кацярына. Каму?

Рыгор. Табе альбо сабе.

Падыходзіць Скіба з вінтоўкай, у моцна паношаным летнім чырвонаармейскім абмундзіраванні.

Скіба. Полк тут даўно прайшоў?

Рыгор. Ніякі полк тут не праходзіў. Мы не бачылі.

Скіба. То гэта я не на тую дарогу трапіў, мусіць? (Знімае шапку і выцірае пот рукавом гімнасцёркі.) Кваску б глынуць, у роце перасохла.

Рыгор (устае). Зараз прынясу.

Скіба. І хлеба кусочак... за адным махам.

Рыгор ідзе ў хату.

(Стомлены, садзіцца на прызбу і ставіць каля сябе вінтоўку.) Шукай яго цяпер.

Кацярына. Што?

Скіба. Я кажу — полк... Два дні цяпер будзеш шукаць.

Кацярына. А як жа гэта вы?..

Скіба. У лесе, у дазоры быў... Сарокін, чорт, падвёў.

Маргуноў голас. Каця!

Кацярына. Чаго?

Маргун (з'яўляецца). Што ты тут робіш? Калі-та зваў... У печы выгарала.

Кацярына. Я тут затрымалася... Салдат дарогі пытае. (Адыходзіць.)

Маргун. Якой яму дарогі?

Скіба. Полк даганяю. Не бачылі, не праходзіў тут?

Маргун. Які полк?

Скіба. Абы-які... Часць якая-небудзь не праходзіла?

Маргун. Дома ўжо твой полк.

Скіба. Як дома?

Маргун. Бачыў я на бальшаку... адвячоркам учора. Без стрэльбаў. «Куды вы?» — пытаюся. «Годзе,— кажуць,— наваяваліся! Дома жонкі з дзецьмі без хлеба сядзяць».

Скіба. Гэта не нашы, відаць.

Маргун. Вашы... Прыйдзеш дадому, якраз іх застанеш.

Скіба маўчыць.

А гэту замінку мне пакінь. (Паказвае на вінтоўку.) Лягчэй ісці будзе... Я фунты два сала дам на дарогу.

Скіба. Нашто яна табе?

Маргун. Зайцоў пужаць... каб саду не псавалі.

Скіба. Гэта не на зайцоў.

Маргун. Нічога, добра будзе.

Скіба. Гэта на свалачэй.

Маргун (нібы гэта не пра яго сказана). Яна, мусіць жа, і не вельмі цяжкая. (Працягвае руку да вінтоўкі.)

Скіба. Ну, ну!.. (Бярэ вінтоўку.) Яна кусаецца.

Маргун (ступае крок назад). Я паглядзець толькі.

Рыгор выносіць кубак квасу і кавалак хлеба і дае Скібу. Скіба прагна п’е, потым бярэцца за хлеб.

Галасы. Ён сюды ішоў.

З’яўляюцца: Даніла, яго маці, Халімон, Тадора, дзед Бадыль, Батура, вымазаны ў гліну, з кельняй у руцэ.

Даніла. Добры дзень, таварыш.

Скіба. Добры дзень.

Даніла. Можа, за якою патрэбаю да нас?

Скіба. Полк даганяю.

Маргун. Дэзерцір, відаць.

Скіба. Яшчэ што выдумаў! Сам птушка добрая.

Даніла. А дакументы ёсць?

Скіба. А ты хто такі будзеш?

Дзед Бадыль. Гэта наша савецкая ўлада... камітэт.

Скіба дастае з кішэні дакументы, загорнутыя ў брудную насоўку, і дае Данілу. Даніла разглядае дакументы, іншыя моўчкі глядзяць, як Скіба есць хлеб.

Данілава маці. Небарака, сухі хлеб есць.

Скіба. Малака б кубачак, то ён і не быў бы сухі. Даніла (падаючы Скібу дакументы). Паглядзі там, мама, можа, ёсць крыху.

Данілава маці адыходзіць.

Дзед Бадыль (спагадліва). Выгаладаўся.

Скіба. Ад учарашняга абеду не кусаў нічога.

Дзед Бадыль. Як жа гэта ты так, сынку?

Скіба. Адстаў. У лесе мы былі. Сарокін, расцяпа, падвёў мяне.

Дзед Бадыль. Сам, сынку, варонай не будзь, дык і сарока не падвядзе.

Тадора. А палякі ці далёка?

Скіба. Недалёка... Раніцой ледзь мяне не сцапалі.

Тадора. А не чулі, як яны?..

Дзед Бадыль. Можа, не вельмі здзекуюцца з народа?

Скіба. Здзекуюцца... да смерці забіваюць.

Тадора. Забіваюць?

Маргун. Не ўсіх жа, мусіць! Гэта толькі хто зарабіў.

Скіба. Жывёлу забіраюць, хлеб... што на вока трапіць, тое і грабуць.

Тадора. Божа мой, божа! Што ж гэта будзе?

Дзед Бадыль. Што ж, бяда будзе.

Халімон. І з поля ж мы, таварыш, не ўсё сабралі. Аўсы яшчэ, гарохі зялёныя.

Скіба. Збірайце хоць зялёнае.

Данілава маці выходзіць са збанком малака і дае яго чырвонаармейцу.

Дзякую, цётачка.

Даніла. Дык не стойце, мужчыны. Бярыце косы, граблі, запрагайце коні.

Усе паспешна разыходзяцца.

Маргун. А, пашыліся мышы ў норы. (Да Батуры, які таксама занепакоіўся.) А табе ж чаго баяцца? Гэта ж вашы... Ты ж паляк, здаецца?

Батура (загадкава падміргвае). Не пазналі сваіх нашы, бярозавай далі кашы. (Адыходзіць. За ім паважна адыходзіць і Маргун.)

Скіба (услед Данілу). Таварыш старшыня!

Даніла (спыняецца). Што?

Скіба. Пакажыце ж мне дарогу. (Калі Даніла вярнуўся.) Не пазнаеш мяне, таварыш Дрыль?

Даніла (углядаецца). Твар як бы знаёмы, а прыпомніць не магу.

Скіба. А я цябе помню. Мы ў валасным камітэце сустракаліся.

Даніла. А, гэта вы да нас з горада прыязджалі! Таварыш Кудзін, здаецца. Але ж у дакументах...

Скіба. Я ўжо не Кудзін, я Скіба... разумееш?

Даніла. У вайсковым адзенні і не пазнаць... У армію падаліся?

Скіба. Так мне зручней. Забяжыш адзін у вёску, і адразу відаць, хто чым дыша: хто малаком поіць, а хто мяркуе, каб вінтоўку з рук вырваць. І з сваімі людзьмі трэба сувязь наладзіць. Трэба сказаць каму-нікаму з камуністаў, каб не спяшаліся выязджаць адгэтуль.

Даніла. А як жа?

Скіба. А так, што пакінуць народ у няшчасці без дапамогі, без кіраўніцтва мы не можам. Народ ужо ведае, што такое свабода, што такое савецкая ўлада. Ён ужо не захоча цярпець панскіх здзекаў, не захоча ісці зноў у ярмо і падымецца на акупантаў. Весці яго ў бой павінны будзем мы, камуністы, каб не павёў хто іншы. І мы павінны быць уперадзе, павінны быць гатовы на пакуты і на смерць за інтарэсы працоўных, інакш народ за намі не пойдзе. Так робіць таварыш Ленін і ўсе лепшыя людзі нашай партыі. Ты гатоў на гэта, не збаішся?

Даніла. Збаяцца-то не збаюся, але ці патраплю?

Скіба. Памагаць будзем. Сувязь я сам з табой наладжу, назаві толькі вернага чалавека, які будзе ведаць, дзе ты знаходзішся.

Даніла. Каго ж бы тут?.. Каб не засыпацца.

Данілава маці (падыходзіць). Сынок, што ж ты сабе думаеш! Усе людзі аж разрываюцца, каб прыхаваць хоць што збольшага, а табе і не ў галаве.

Даніла. Зараз, мама, вось толькі чырвонаармейца на дарогу накірую.

Скіба (ківае на Данілаву маці). А можа, яна?

Даніла (крыху падумаўшы). Мама, паглядзі на гэтага чалавека.

Данілава маці. Я ж яго бачыла ўжо.

Даніла. Добра паглядзі — гэта свой чалавек. Можа, ён калі і пра мяне будзе пытацца — кажы яму ўсё.

Маці (углядаецца). Як жа яго зваць хаця?

Даніла. Скіба. Толькі глядзі, мама, нікому ні слова, ані-ні.

Маці. Сама разумею, не малая.

Скіба. Глядзі, маці, добра, каб пазнала. У мяне да таго часу і вусы могуць падрасці, і барада.

Маці. Па вачах пазнаю, вачэй не пераменіш. Вунь якія яны... Калючыя ды хітрыя.

Марылька (падбягае). Мамачка, вайна! Вайна ідзе! Палякі на гасцінцы. Я адна баюся дома быць.

Скіба. Ну, аставайцеся здаровы! (Бярэ вінтоўку і адыходзіць.)

Маці (Данілу). А як жа ты, сынок? Дадому ж табе нельга ісці?

Даніла. Нельга, мама.

Маці. А куды ж ты?

Марылька. Можа, зноў на вайну, а нас з мамаю пакінеш?

Даніла. Перачакаю хоць у лесе, а тады буду бачыць.

Данілава маці. Але ты з бальшавіцкім войскам не пойдзеш?

Даніла. Сказалі, што і мне тут работа будзе.

Данілава маці. Хто сказаў?

Даніла. Таварышы, што кіруюць.

Данілава маці. Тут яшчэ страшней, як зловяць.

Даніла. Гэта навала ненадоўга.

Данілава маці. Каб жыта як пасеяць... Без хлеба будзем.

Даніла. Я буду прыходзіць час-часом. Няхай крыху ўляжацца.

Данілава маці. Гадавала я вас — гаравала, думала, хоць старасць спакойная будзе. Тады над малым калацілася, начэй недасыпала, а цяпер... (Выцірае вочы рагом хусткі.)

Даніла. Што зробіш? Пагаруем яшчэ крыху. Даб’ёмся яшчэ і лепшага.

Данілава маці. А мой ты сынок! Заб’юць, дык будзе табе лепшае.

Даніла. А заб’юць, дык не наракайце на мяне, што пакінуў вас адных. Не здуру загінуў. За такую справу гінулі і не такія, як я. (Да Марылькі.) Не плач, Марылька. Гэта я так сабе. Мы яшчэ з табой будзем жыта сеяць... Ну, аставайцеся здаровы! (Паварочваецца і шпарка крочыць.)

Данілава маці (хрысціць яго наўздагон). Шчасліва табе, сынок!

Даніла (паварочваецца). Марылька, есці мне прынясеш у лес, на Барсукову гару. А ты, мама, вінтоўку схавай... У страху заткні. Я пасля забяру. (Пайшоў.)

 

Карціна другая

Восень. Веранда панскага дома.

Пан Яндрыхоўскі (сяржанту). Жаўнераў з флігеля не выпускаць. У вёсцы не павінны ведаць, што тут атрад,— трэба захапіць іх знянацку.

Сяржант. Слухаю пана капітана. (Казырае і адыходзіць.)

Пан Яндрыхоўскі ходзіць па верандзе, суровы і рашучы.

Маргун (падыходзіць да веранды, несучы пад пахай закручаны ў прасціну партрэт). Добры дзень, панок! Як шчасліва вярнуліся?

Пан Яндрыхоўскі не адказвае.

Прыйшоў даведацца, можа, памагчы што трэба. У пана ж цяпер і слуг мала.

Пан Яндрыхоўскі. Учора грабіў, а сёння памагаць прыйшоў.

Маргун. Дальбог жа, панок, нічога і пальцам не крануў. Што я — пустадомак які, каб на панскае квапіцца? Вы, можа, мяне не ведаеце, бо рэдка ў маёнтку былі, а мама ваша добра мяне ведае.

Пан Яндрыхоўскі. А гэта што ў цябе?

Маргун. Партрэт вашага таты-нябожчыка. Зайшоў гэта я ў палац, калі пачалі бальшавікі распараджацца. Бачу — валяецца. Божа мой літасцівы! Гэтакі здзек! Я ціхенька пад паху ды занёс дадому. Схаваю, думаю сабе. Пані дзякуй скажа.

Пан Яндрыхоўскі (бярэ партрэт). За партрэт дзякую, але калі ты таксама грабіў, дык гэта цябе ад кары не выратуе.

Маргун. Божачка!.. (Да пані Яндрыхоўскай, якая ўваходзіць з ксяндзом.) Панечка даражэнькая, закіньце хоць вы слова за мяне! Паніч кажа, што я грабіў вас.

Пані Яндрыхоўская. Не, Маргун не такі чалавек. (Убачыўшы партрэт.) Партрэт Вацлава! Ах, як я рада! Я так засмучона была гэтай стратай. (Глядзіць на партрэт.) Любы Вацлаве! Памёр ты ў цяжкую часіну. Які жаль, што табе не давялося парадавацца разам з намі.

Маргун. Няхай бы мне рукі пагнула, калі б я хоць пальцам крануў. Праўда, бралі некаторыя... і з двара валаклі і лес секлі. Дык вось жа яны ў мяне ўсе і запісаны. (Дастае паперу.)

Пан Яндрыхоўскі. Покаж.

Маргун (дае паперу). Толькі, панок, каб яны не ведалі.

Пані Яндрыхоўская. Баязлівец! А як жа я не баюся, кабета?

Маргун. У пані варта моцная, у пані сын — начальнік вялікі. Чаго пані баяцца?

Пан Яндрыхоўскі (глядзіць у спіс). Халімон Калядка — гэта хто?

Маргун. Дрэва на хату з панскага лесу.

Пан Яндрыхоўскі. Колькі?

Маргун. Пнёў трыццаць.

Пан Яндрыхоўскі (адзначае ў спісе і чытае далей). Мікола Бадыль?

Маргун. Зямлю панскую араў.

Пан Яндрыхоўскі. Тадора Куксёнак?

Маргун. Хату перасыпала — дваццаць пнёў.

Пан Яндрыхоўскі. Даніла Дрыль?

Маргун. О, гэта птушка! Камітэтчыкам быў, зямлю панскую дзяліў, лес раздаваў. Ды і ў доме ж у панскім распараджаўся: што пад школу, а што сабе пад канцылярыю забраў.

Пан Яндрыхоўскі. Дзе ён цяпер?

Маргун. У лесе туляецца.

Пан Яндрыхоўскі. А злавіць яго можна?

Маргун. Ад дому ён далёка не адыходзіцца — я дасачыў яго. Сягоння досвіткам жыта сеяў на сваёй палосцы. Але ж голымі рукамі яго не возьмеш. Каб на гэты час ды жаўнеры.

Пан Яндрыхоўскі (дае свісток. Да Маргуна). Тваю паслугу я буду помніць.

Сяржант (прыйшоўшы на свісток, казырае). Што пан капітан загадае?

Пан Яндрыхоўскі. Вось спіс. Даставіць усіх мне ў павет.

Сяржант. Слухаю пана.

Пан Яндрыхоўскі. Таго Дрыля мусіш дастаць мне з-пад зямлі.

Сяржант. Слухаю пана.

Пан Яндрыхоўскі (паказваючы на Маргуна). Гэты чалавек можа быць табе карысным.

Маргун. Дазволіце ісці?

Пан Яндрыхоўскі. Ідзі.

Маргун, не надзеючы шапкі, сыходзіць з ганка.

Старастам будзеш.

Маргун (павярнуўшыся, нізка кланяецца). Шчыра дзякую, панок.

Пан Яндрыхоўскі. Гм... Значыць, тут распараджаўся нейкі Даніла Дрыль.

Маргун. Бацька гэтага Дрыля ў астрозе памёр, і сын шыбеніцы варты.

Маргун і сяржант выходзяць.

Пан Яндрыхоўскі. Хацеў бы я мець яго ў сваіх руках. Гэты хам распараджаўся ў маім доме, як у сваім хляве. У тую залу, якая бачыла цвет польскай арыстакратыі, ён пусціў чараду мужыцкіх дзяцей, каб іх тут навучалі камунізму. Партрэты продкаў маіх выкінулі ў смецце і на іх месца павесілі партрэты бальшавіцкіх камісараў.

Ксёндз. Гэта абраза ўсяму старадаўняму роду Яндрыхоўскіх.

Пан Яндрыхоўскі. Я не супакоюся, пакуль не змыю гэту абразу кроўю нягодніка.

Ксёндз. Пазнаю ў пану рыцара, патомка слаўнага роду Яндрыхоўскіх. Свой шляхетны гонар і славу айчызны продкі пана ставілі вышэй за ўсё.

Пані Яндрыхоўская. Але не варта праз якогасьці хлопа траціць столькі сваіх нерваў. Хлоп атрымае тое, што ён заслужыў, а ў цябе ёсць дзяржаўныя справы.

Пан Яндрыхоўскі. Дзякую маме за напамінак. Сапраўды, мяне чакаюць у павеце справы важныя і неадкладныя.

Ксёндз. Каб яны не былі важныя, то не ўзялі б афіцэра з фронту і не прызначылі б на гэту пасаду.

Пан Яндрыхоўскі. Назначыўшы мяне начальнікам павета, вышэйшая ўлада ўсклала на мяне адказнасць за ўціхаміранне павета, і я не пашкадую на гэта сваіх сіл, я выб’ю з іх гэты бальшавіцкі дух. Я навучу іх шанаваць бога, пана і польскую ўладу. Буду вучыць іх пакорлівасці, аж пакуль яны не будуць цалаваць мае пантофлі, як цалавалі ойцу майму.

Ксёндз. Чэрнь узбуджана і разбэшчана бульшавікамі. Ці хопіць у нас сілы ўціхамірыць яе?

Пан Яндрыхоўскі. Сіла ў нас вялікая, і мы не адны: нас падтрымліваюць нашы прыяцелі — Францыя і Англія. Нашы саюзнікі — голад і разбурэнне ў Савецкай Расіі. Пакуль што мы ставім сабе мэтай — аднаўленне Жэчы Паспалітай Польскай у межах 1772 года, а там — хто ведае?!

Ксёндз. Калі пан бог дапаможа, дык самыя нязбытачныя мары здзейсняцца.

Пан Яндрыхоўскі. Ну, мамуся, як ні прыемна мне ў родным доме, пад тваім крылом, але мушу ехаць. (Падыходзіць і развітваецца.)

Пані Яндрыхоўская (абнімаючы сына). Болесь, дзецко мое! Не забывай пра мяне.

Пан Яндрыхоўскі. Варту ў маёнтку я пакідаю — няхай мама жыве спакойна. А тых арыштаваных няхай вядуць да мяне ў павет.

Пані Яндрыхоўская. Я мушу з імі пагаварыць.

Пан Яндрыхоўскі. Нашто мамусі той клопат? Я сам імі займуся

Пані Яндрыхоўская. Ты зоймешся імі як урадовец, а я хачу пагаварыць як гаспадыня маёнтка, які яны разграбілі.

Пан Яндрыхоўскі. Як сабе мама хоча, але я прасіў бы шанаваць сваё здароўе. У мамы нервы слабыя і сэрца мяккае. А я абяцаю пагаварыць з імі і за маму таксама. (Да ксяндза.) Пакідаю пад апеку свентэго ойца матку сваю. Маю надзею, што ў набожных размовах яна пазбудзецца смутку ад разлукі са мной.

Ксёндз. Зраблю ўсё, што толькі ў маёй сіле, каб пані Разалія не смуткавала.

Пан Яндрыхоўскі. Довідзэня, мамуся! (Цалуе руку.) Я буду наведвацца. (Выходзіць.)

Пані Яндрыхоўская (услед сыну). Няхай пан бог дасць яму розум і сілу выканаць місію, якую ўсклала на яго айчызна. Няхай найсвентшая матка боска будзе заступніцай роду Яндрыхоўскіх і ўзвялічыць яго ва ўсёй славе.

Ксёндз. Амэн. Як пані здрове? Учора пані скардзілася, што ў плячах коле.

Пані Яндрыхоўская. Дзякую, ойча. Цэлую ноч не спала і цяпер яшчэ не дужа добра сябе адчуваю.

Ксёндз. Я пані лякарства прывёз. Рад буду, калі яно зменшыць пакуты пані.

Пані Яндрыхоўская. А што за лякарства?

Ксёндз. Такое шмараванне з розных зёлак і тлушчу, зробленае паводле рэцэпта аднаго выдатнага доктара, майго знаёмага. Няхай пані нанач нашмаруецца ды ўкрыецца добра, дык з ласкі пана бога да раніцы ўсё як рукой зніме.

Пані Яндрыхоўская. Дзякую, ойча, паспрабую.

Ксёндз. Пані Разалія хацела, здаецца, імшу адслужыць?

Пані Яндрыхоўская. Так... За тое, што шчасліва вярнулася, і за поспех зброі войска нашага.

Ксёндз. Калі пані загадае?

Пані Яндрыхоўская. А проша, ойча, да сталовай, там за шклянкай кавы мы і дамовімся.

Выходзяць.

Чуваць гоман, галашэнне і паасобныя выкрыкі жаўнераў. Неўзабаве з’яўляюцца, абкружаныя жаўнерамі, арыштаваныя Міхаль, Халімон, Тадора Куксёнак, дзед Бадыль, Рыгор. За імі натоўп сваякоў і знаёмых. Сяржант, які камандуе канвоем, бяжыць у палац і варочаецца з паняй Яндрыхоўскай.

(Выходзіць з палаца.) А той Дрыль?

Сяржант шэпча пані нешта на вуха.

Пані Яндрыхоўская. Напэўна?

Сяржант. Маю надзею.

Пані Яндрыхоўская (Да арыштаваных сялян). Слухайце, вы!.. Я запрасіла вас сюды не ў госці. Я мушу пакараць бунтаўшчыкоў, што паднялі руку на маё дабро. Хто хоча сабе палёгкі, няхай выйдзе і скажа ўсю праўду, як перад богам, хто яго падбухторваў на нядобрую справу. (Усе маўчаць.)

Сяржант. Пан капітан загадаў мне даставіць іх у павет сягоння ж.

Пані Яндрыхоўская. То нічога. Болесь прабачыць пану за спазненне. (Да дзеда Бадыля.) Ну, вось ты, стары... падыдзі бліжэй.

Дзед Бадыль падыходзіць.

Як цябе зваць?

Дзед Бадыль. Міколам людзі дражняць, а па прозвішчу Бадыль.

Пані Яндрыхоўская (глядзіць у спіс). Чаму ты маю зямлю араў?

Дзед Бадыль. Бо свае не меў.

Пані Яндрыхоўская. Хто цябе навучыў гэта рабіць?

Дзед Бадыль. Зямлю араць? (Горка засмяяўшыся.) Калі яшчэ падлеткам быў, дык свёкар твой на стайні лазой вучыў. А потым і сама пані вучыла. А як пані да Аршавы выехала, то я і падумаў: дай паспрабую, можа, як і без вучыцеляў патраплю сабе хлеба нарабіць.

Пані Яндрыхоўская. Ты, стары пёс, павінен бы маладых навучаць.

Дзед Бадыль. Навучаў, як умеў. Што вы, блазнота, сабе думаеце, казаў я ім. Гэта ж грэх, каб зямля пуставала. Яна павінна хлеб людзям даваць.

Пані Яндрыхоўская. Мала цябе, відаць, вучыў мой свёкар. Прыходзіцца мне давучваць на той самай стайні.

Дзед Бадыль. Інакшай ласкі я і не чакаў. Так спрадвеку было: дзе панская сіла, там мужыцкая спіна. Не хочацца мне, да сівых валасоў дажыўшы, пад твае бізуны класціся, але твой верх цяпер.

Пані Яндрыхоўская. Я на тваю старасць не забываюся. Старая скура цвёрдая — загадаю бізуноў дзесяць лішніх дабавіць.

Дзед Бадыль. Няхай табе, панечка, бог заплаціць за тваю дабрату. (Павольна адыходзіць пад штуршкамі жаўнераў.)

Батура (з натоўпу). На бога спадзявайся, ды сам не давайся.

Пані Яндрыхоўская (недачуўшы). Што там яшчэ?

Батура. Я кажу, панечка, што мы заўсёды на бога спадзяёмся.

Пані Яндрыхоўская. Галган!

Галасы ў натоўпе. Данілу злавілі! Данілу вядуць!

Два жаўнеры з вінтоўкамі напагатове вядуць Данілу. Ён у падранай кашулі, на твары запечаная кроў, за ім ідуць заплаканыя Данілава маці і Марылька. Маці трымае ў руках Данілаву світку.

Сяржант (дакладвае пані). Вось ён, проша пані.

Пані Яндрыхоўская (разглядвае Данілу ў ларнет). Вось ты які!

Даніла. Які ўсе добрыя людзі.

Пані Яндрыхоўская. Пра тваю дабрату я чула. Гэта ты з вялікай дабраты пачаў маё дабро раздаваць?

Даніла. Дабро народнае, і народ мяне выбраў на гэта.

Пані Яндрыхоўская. Маўчы, хаме!.. Народ... Быдла драпежнае, якому ўдалося на момант загараду разламаць. Але ў пачцівага грамадства ёсць досыць добрых пастухоў, якія загоняць быдла зноў на месца.

Даніла. Чуеце, людзі! Вы не людзі! Вы—быдла. Пані выпусціла ўжо на вас сваіх сабак, якія загоняць вас у стайню. І зямля, якую вы аралі,— гэта яе зямля, гэта пані палівала гэту зямлю потам і слязьмі, гэта яе галоднае дзіця заходзілася з плачу, у разоры лежачы. І лес яе. Але пані сягоння ласкавая. Яна сама сягоння дзеліць свой лес, надзяляе, не шкадуючы,— па дваццаць пяць, па пяцьдзесят дубцоў, абы ваша спіна магла знесці. Дзякуйце ж пані, кланяйцеся ў ногі.

У натоўпе рух і абурэнне.

Пані Яндрыхоўская. Тут не бальшавіцкі мітынг. Спыніць!!!

Жаўнеры кідаюцца на Данілу, штурхаюць прыкладамі, адводзяць да дзеда Бадыля.

Данілава маці (накідвае на Данілу світку, якую ўвесь час трымала ў руках). Апраніся, сынок, прастынеш.

Пані Яндрыхоўская. Слухайце, быдла! Я кабета. Я маю ў сабе сэрца і маю ў сэрцы бога. Бог вучыць нас быць літасцівымі і да жывёлы. Я хацела многа вам дараваць. Але вы — быдла дзікае і драпежнае. Шкадаваць вас — гэта пладзіць грэх і злачынства. Літасці мае вам не будзе. Хто збудаваў з майго лесу хату, той разбярэ яе сваімі рукамі і дрэва прывязе мне ў маёнтак; хто сабраў з майго поля збожжа, той ссыпле яго ў мой свіран. (Да Данілы.) А з табою, хлопе, размова будзе сваім парадкам.

У натоўпе ўзрушаныя галасы і галашэнне жанчын.

Тадора (падае на калені і, сашчапіўшы рукі, падпаўзае бліжэй да пані). Панечка, даражэнькая, злітуйся над беднаю ўдавою!

Пані Яндрыхоўская. Чаго хочаш, няшчасная? Кажы віну сваю.

Тадора. Лесу... дваццаць пянёчкаў высекла... хатка зусім спарахнела.

Пані Яндрыхоўская. Будзеш мець дваццаць бізуноў.

Тадора. Богам прашу, панечка, змілуйся, хаткі не раскідай. Сіроты малыя... супроць зімы.

Пані Яндрыхоўская. Што ж, загадаеш мне тваіх шчанят гадаваць?

Тадора ўпала ніц і ляжыць нейкі час нерухома. Яе адцягваюць жаўнеры.

Даніла (да дзеда Базыля). Эх, дзед! Давай хіба закурым з гора.

Даніла бярэ ў дзеда Бадыля капшук, павольна развязвае і глядзіць на жаўнера, які з-за плячэй падазрона сочыць за яго рухамі. У Данілы адразу выспявае намер: ён сыпле ў вочы жаўнеру жменю махоркі і кідаецца наўцёкі. Другі жаўнер мерыцца ў яго з вінтоўкі, але Данілава маці забягае жаўнеру наперад, засланяючы Данілу.

Данілава маці (махаючы рукамі, як на раз’юшанага быка). Куды ты мерышся, гад?! Куды?!

Жаўнер робіць два крокі ўбок, каб бачыць цэль, але маці зноў забягае яму наперад. Жаўнер страляе — Данілава маці падае, распасцёршы рукі. Марылька кідаецца да маткі з жахлівым крыкам: «Мама! Мама!» Некаторыя жаўнеры кідаюцца наўздагон за Данілам, астатнія гоняць у стайню арыштаваных. Бачачы, што жаўнеры мерацца страляць, натоўп разбягаецца. Пані Яндрыхоўская ўцякла ў палац яшчэ пры першым стрэле. На сцэне застаецца толькі Марылька. Яна прыпала да матчыных грудзей, плечы яе ўздрыгваюць ад рыдання.

Марылька (глядзіць некуды ўдалячынь, уцірае слёзы рукавом саматканай світкі, якая на яе занадта доўгая, і галосіць).

 

А мамачка, зязюлечка,

Чым я цябе так угневала,

Што ты маўчыш, не акажашся?

Вусны твае знямелыя,

Грудзі твае халодныя.

А братачка мой родненькі,

Ужо ж мы з табой сіротачкі.

Давай, братка, парадзімся,

Як мамку нам назад вярнуць.

Мо мы слязьмі гарачымі

Сагрэем грудзі мамчыны,

Загоім раны страшныя,

Адгонім смерць паганую.

 

Зноў заходзіцца з плачу і прыпадае да матчыных грудзей.

Заслона

 

АКТ ДРУГІ

 

Карціна трэцяя

Хата дзеда Бадыля. Налева — печ. У процілеглым куце — стол пад абразамі. Дзед Бадыль стаіць ля печы, успёршыся локцямі на прымурак, кашляе. Настуля шые і спявае.

 

Пятрова ночка невялічка,

Ды не выспалася дзевачка.

Ягадкі брала — драмала,

Села перабіраць — заснула. (2 разы)

Наехаў Іванка — не чула.

Махнуў ён пужкай — не дамахнуў,

Пакаціў пярсцёнкам — не дакаціў, (2 разы)

Распрануў сурдуцік дый накрыў.

Спі, мая дзевачка, высыпайся.

Не к татухну едзеш — к свёкарку, (2 разы)

Не к матухне едзеш — к свякроўцы.

Яны шкадаваці не будуць,

Яны цябе раненька пабудзяць.

 

Дзед Бадыль. Кінь, дзеткі. Годзе табе сляпіцца, цёмна ўжо.

Настуля. Хацела табе кашулю скончыць дацямна!

Дзед Бадыль. Скончыш заўтра. Можа, не памру яшчэ за гэту ноч.

Настуля. Я не на смерць табе шыю.

Дзед Бадыль. А яно, дзеткі, няхай будзе чыстая. Дыхаць нешта цяжка стала. Нядуж я ўжо.

Настуля. Не гавары так, дзядуля, не наганяй мне смутку.

Дзед Бадыль. Добра, што цябе крыху падгадаваў.

Настуля. Загоіцца спіна, паправішся ды пажывеш яшчэ гадкоў дзесяць. На маім вяселлі тупнеш яшчэ.

Дзед Бадыль. Ды яно дай божа. Некалі як яшчэ і тупаў!

Настуля. Ціха! (Прыслухоўваецца.) Нехта з бразготкамі едзе. (Глядзіць у акно.) Дзядулечка, да нас у двор заязджаюць!

Дзед Бадыль. Хто заязджае?

Настуля. А хто іх ведае.

Дзед Бадыль. Мо жандары зноў?

Настуля. Ды не, так нейкія... Адзін пажылы, а другі малады.

Дзед Бадыль. То ці не сваты, глядзі?

Настуля. Што ты, дзядуля! Да каго ж яны маюць быць?

Дзед Бадыль. Ды ўжо няйначай, як да мяне.

Настуля. Няўжо да мяне? Дзедачка, што ж мне рабіць? Адзета ж я абы-як.

Дзед Бадыль. Пазнаюць нашу дачку і ў андарачку.

Заходзяць Скіба і Антон.

Скіба. Добры вечар вам, ці рады вы нам? Калі рады, прывітайце нас, а не рады — адсылайце нас.

Дзед Бадыль. Добры вечар... Мы ж яшчэ не ведаем, што вы за людзі, каб радавацца.

Скіба. Людзі мы ліхія, прыехалі грабіць старога.

Дзед Бадыль. Спазніліся крыху. Знайшліся такія, што раней за вас управіліся. Цяпер, як той казаў, голаму разбой не страшан.

Скіба. У саміх яшчэ вялікі скарб захаваўся.

Дзед Бадыль. Гаворыце вы ўсё загадкамі, што мне, старому, і адгадаць цяжка. Няхай хіба ўжо ўнучка адгадвае.

Настуля сарамліва апускае вочы.

Сядайце, мабыць, здарожыліся.

Скіба. А такі здарожыліся.

Скіба і Антон садзяцца ля стала на лаве.

Дзед Бадыль. Адкуль жа самі будзеце?

Скіба. Здалёк, з-пад самага горада.

Дзед Бадыль. Вунь як!

Скіба. Добра, што ў маладога конь добры. Каб які, то прыстаў бы ў гэтакай дарозе.

Дзед Бадыль. Пад горадам, мусіць, людзі лепш жывуць, як у нас.

Скіба. Гэта як хто. Малады вунь не скардзіцца: хлеба ёсць, дзякаваць богу, і да хлеба.

Антон. Толькі едакоў малавата, дык прыехалі, можа, у вас ці не раздабудзем.

Дзед Бадыль. Мяне ж ты, хлопча, не возьмеш, ядок я слабы, два зубы ў роце асталіся... Хоць і тым, сказаць, работы няма.

Антон. А мы возьмем едака з маладымі зубамі.

Скіба. То сядайце і вы з намі, бацька, бо нам усё здаецца, што вы хочаце нас хутчэй выправадзіць.

Дзед Бадыль. І рад бы, чалавеча, сесці, ды не магу.

Скіба (спагадліва). Ага... Застудзіліся недзе. Гэтыя ж скулы як апануюць, дык няма горшага ліха.

Дзед Бадыль. Скулы, чалавеча, скулы... Не трэба горшай скулы на мужыцкае цела, як пан.

Антон. Дык гэта вас...

Дзед Бадыль. Схвасталі, сынок, усяго, жывога месца не пакінулі. Ляжу на жываце, а павярнуцца не магу. Стану вось так, пастаю, успёршыся, ды зноў кладуся. Цяпер-то ўжо зажываць пачало.

Скіба. За што ж яны вас?

Дзед Бадыль. Каго за лес, каго за зямлю, а каго проста для постраху. Удаву Дрыліху дык тую зусім застрэлілі.

Скіба. За што ж яны?

Дзед Бадыль. Ды нізавошта. У сына мерыўся жаўнер, а яна забегла наперад, дык ён і бахнуў.

Скіба. А сын дзе ж?

Дзед Бадыль. Не захацеў здзекаў цярпець. Сарганізаваў, чуваць, такіх малайцоў, як сам, ды дае панам дыхту. Хіба ж вы не чулі? Даніла Дрыль — пра яго ж на сотні вёрст чуваць.

Скіба. Чулі крыху... Дык гэта ён, значыць, з вашай вёскі?

Дзед Бадыль. Але... (Да Настулі.) Запалі, унучка, газоўку ды накрый стол... Будзе лад ці не будзе, а пачаставаць людзей трэба.

Настуля завешвае фіранкамі вокны, запальвае газоўку і накрывае стол.

Ці паверыце, і частаваць вельмі няма чым. Збожжа ўсё забралі, у панскі свіран завезлі. Падсвінка думаў карміць, дык жаўнеры былі панаязджалі — вывалаклі з хлява і тут жа, на маіх вачах, распатрашылі і — у кацёл. Бульбай жывімся. Схадзі хіба, Настулька, пазыч у каго-небудзь крышан сала.

Скіба. Ды вы не турбуйцеся, мы ў дарогу без прыпасу не едзем. У нас і сала, як вы кажаце, крышан ёсць, і нават чарка знойдзецца. (Да Антона.) Ідзі, Антон, вазьмі там у возе.

Антон выходзіць.

Дзед Бадыль (нібы апраўдваючыся). Сватам гэта і не даспадобы, вядома, што ў голую хату трапілі, але я хлусіць не ўмею — што няма, то няма. Дзеўка — золата, а на пасаг выбачайце.

Скіба. Пра гэта мы яшчэ пагаворым. Няхай маладыя абзнаёмяцца.

Дзед Бадыль. Пакутуем, чалавеча. Проста гінем і не ведаем, адкуль паратунку чакаць.

Скіба. То, мусіць, з вашай вёскі не адзін гэты Дрыль у лес пайшоў?

Дзед Бадыль. Дзе бачылі! Народ у нашай вёсцы спакойны, баязлівы. Усяго і злосці ў нашага чалавека, што скляне ад шчырага сэрца, зачыніўшыся ў хаце. Дык каму гэта баліць? Як тая прыказка кажа — пана клянуць, а пан тлусцее. Бальшавікі былі — о, гэта баявы народ! З тымі да трох не гавары.

Скіба. А пра бальшавікоў і ў вас успамінаюць часамі?

Дзед Бадыль. Чаму не! Каб ім, кажуць, так ды гэтак.

Скіба (спахмурнеўшы). За што ж гэта? Зямлю ж, можа, яны давалі?

Дзед Бадыль. Тады яны давалі, а цяпер, калі нам крута, дык ніводзін і носа не пакажа. Няхай жа бы прыехаў каторы ды сказаў, што рабіць.

Уваходзіць Антон з бутэлькай і торбачкай. Настуля ставіць на стол талерку і чарку. Антон наразае сала. Настуля рэжа хлеб.

Скіба. Небяспечна ім паказвацца. Прыйшоў ён, скажам, да вас, а вы ўзялі ды жандарам на яго падказалі.

Дзед Бадыль (пакрыўджана). Гэта ты ўжо, чалавеча, не туды загнуў. Я табе не падбрэхіч які-небудзь панскі.

Скіба (налівае і падносіць дзеду чарку). То вып’ем, бацька... за бальшавікоў.

Дзед Бадыль (насцярожана). За якіх бальшавікоў?

Скіба. Ну ды за гэтых самых.

Дзед Бадыль. За якіх — за гэтых? Нешта я не цямлю.

Скіба. Ну, за такіх, як ваш Даніла.

Дзед Бадыль. Ды ўжо ж, калі так наважылі. (П’е.) Падай, унучка, чым душу заткнуць.

Настуля падае закусіць.

Скіба. Бачу я, стары, што ад цябе няма чаго хавацца. Праўду мне казалі, што чалавек ты свой.

Дзед Бадыль. Як, дык хіба ты?..

Скіба. Выбачайце, што мы вас крыху ашукалі. Прыехалі мы не ў сваты, а з народам пагаварыць.

Дзед Бадыль (нездаволены). То ты сват, то ты не сват, а ўрэшце хто цябе ведае, што ты за чалавек. Можа, знарок выпытваеш у мяне?

Скіба. Хіба я падобны да такога?

Дзед Бадыль. Бог цябе ведае. Хто табе мог пра мяне гаварыць?

Скіба. Даніла. І сваты гэтыя ён выдумаў.

Дзед Бадыль. А, ён-то можа выдумаць. Дык вы з ім бачыліся?

Скіба. Бачыўся. Вось і чалавек з яго атрада. (Паказвае на Антона.) Не дасць салгаць.

Дзед Бадыль. Як жа ён там?

Антон. Нічога. Паклон вам перадаваў. Пра сястру, пра Марыльку, прасіў даведацца.

Дзед Бадыль. Жыве сірата. Баіцца адна ў хаце, дык у людзей жыве. Гуртам неяк мы яе дагледзім ужо.

Скіба. Няхай і ўнучка не гневаецца, што падманулі.

Настуля. Я і рада, што так выйшла. Не наўме цяпер вяселле. І дзед нядужы, як жа ж бы я яго пакінула?.. Толькі па падаконню людзей назбіралася — сватоў прыйшлі глядзець. Як уведаюць...

Скіба. А не трэба, каб яны і ведалі. Мы вось і будзем сабе барыш піць,— няхай думаюць, што ў нас усё на лад ідзе. А людзі няхай у хату ідуць. Там і з гармонікам чуваць нехта.

Дзед Бадыль. Ты, чалавеча, асцярожна. Да нас часцяком палякі наведваюцца. І сягоння, здаецца, ці не тут яны.

Скіба. Трэба, каб пасля гулянкі сабраліся людзі пэўныя. Вы мне паможаце ў гэтым.

Дзед Бадыль. Шапні, унучка, Батуру. Няхай Халімон прыйдзе, Міхаль, з маладых, можа, хто.

Настуля (углядаючыся ў акно). Дзядзька Батура! Ідзіце ў хату. Няхай усе ідуць.

Дзед Бадыль лезе на печ. У хату ўваходзяць Батура з гармонікам, за ім чарада хлопцаў і дзяўчат. Батура з-за парога грае вяселле.

Дзед Бадыль. Зарана, пане музыканце, зарана. Можа, яшчэ і вяселля не будзе.

Батура. Што, ганьбу дзеўцы даюць?

Дзед Бадыль. Пасаг вялікі загарадзілі.

Батура. Чулі, дзяўчаты, як з вашага брата здзекуюцца? Заспявайце сватам, каб аж ім моташна стала. ( Грае.)

Дзяўчаты (пяюць).

 

Ласы сватка, ласы,

Яго губы, як кілбасы,

Абручамі галава збіта,

Саломаю барада сшыта.

 

Скіба. Вось мы і хацелі хоць на абручы на гэтыя ўтаргаваць што-небудзь.

Дзяўчаты (пяюць).

 

Калі сват прыехаў па грошы,

Каб табе выезд харошы,

Каб ты калёсы паламаў

Ды на спіцы вочы павымаў.

 

Скіба. Вось даюць! І ўсё свату, а малады сядзіць сабе, як у бога за плячыма. Гэта ж ён жэніцца, а не я. Што вы да мяне маеце?

Дзяўчаты (пяюць).

 

Гонар, гонар маладому —

Пасе качкі каля дому,

Паіць водзіць на рэчку,

Палыгаўшы на вуздэчку,

Каторая падыхае,

Тую ззаду папіхае,

Каторая нежывая,

На вячэру спажывае.

 

Антон (да Скібы). Вось і мне перапала! Давай хіба міру прасіць.

Скіба. Дзяўчаткі! Мы людзі памяркоўныя, давайце памірымся.

Батура. Ага, памякчэлі!

Дзяўчаты (пяюць).

 

А ў нашага свата

Вясёлая хата:

Бычкі ў смычкі граюць,

Падцёлкі ў свісцёлкі,

Бараны ў арганы,

А конікі ды ў гармонікі.

 

Скіба. Гэта ўжо крыху лепш.

 

Дзяўчаты (пяюць).

А ў нашага свата

Святліца — не хата,

Печ яго пабялёная,

Чэсць яго ухвалёная.

 

Дзед Бадыль. Вось бач, сваток: хто нам слова добрае, дык мы таму два.

Скіба. Але ж пра маладую забыліся. Яна сядзіць зусім маркотная.

Дзяўчаты (пяюць).

 

За гарою бяроза вецце гне,

Там наша Настачка вянкі ўе, (2 разы)

За ёю дзедухна паслы шле.

— Пакінь, Настачка, вянкі віць,

Хадзі са мною мёду піць.

— Не пакіну, дзедухна, вянкі віць,

Не пайду з табою мёду піць.

А мне вянкі віць — любата,

А мне мёду піць — сухата.

 

Пакуль дзяўчаты пяюць, Настуля садзіцца ля Батуры і шэпча нешта яму ў вуха. Ён, відаць, прыемна здзіўлены, крадком паглядае на Скібу і адказвае нешта Настулі. Яна кіўком падзывае Кастуся і шэпча яму. Той неўзаметку выходзіць з хаты.

 

Знаць, табе, Настачка,

Замуж хочацца,

Што ў цябе слёзачкі

Дый не коцяцца.

Хоць бы ты, Настачка,

У гарод пайшла,

Хоць бы ты, Настачка,

Цыбульку з’ела.

 

Настуля (пяе ў адказ).

 

Каса ж мая, косачка, каса русая!

Часала я косачку дзевятнаццаць год, (2 разы)

Прайграла я косачку ў адзін вечарок.

Наехалі купчыкі, дружкі-баяры,

Раздзялілі косачку дый на дзве касы, (2 разы)

Абматалі косачку вакол галавы,

Надзелі на косачку шаўковы чапец,

Ды ўжо таго чэпчыка павек не скідаць.

 

Батура раптам урэзаў польку. Пары закруціліся ў танцы. Антон танцуе з Настуляй, Скіба таксама знайшоў пару — пажылую вясёлую кабету.

Батура (грае і прыпявае ўперамежку).

 

Дзяўчыначка, кохам цебе,

Не еш хлеба — вазьму цебе;

Не еш хлеба, не пі воды,

Вазьму цябе для выгоды.

Ішоў Тодар з Тадораю,

Знайшлі лапаць з абораю,

Ох, я Тодар, ты Тадора,

Табе лапаць — мне абора.

Табе лапаць — абувацца,

Мне абора — разжывацца.

Скачы, скачы, хлопча, смела,

Пакуль твая скура цэла!

Не сягоння — заўтра рана Будзе твая скура драча.

Будзе драна бізунамі,

Што не ўмееш жыць з панамі.

 

Уваходзяць два жандары. Танцоры застываюць у чаканні.

Жандар. Хто тут прыезджы?

Скіба. Я, пане, ды вось гэты хлопец. (Паказвае на Антона.)

Жандар. Дакументы!

Скіба. Якія ж, пане, дакументы ў свата? Вось мой дакумент. (Паказвае на Антона.) Дзеўцы хлопца добрага трэба, а не дакумент.

Батура. Ну, пану свату сваё, а пану сяржанту сваё: такі яго абавязак — дакументаў пытаць. Гэта мы ўсе ведаем, што ты за чалавек, а пан сяржант не ведае.

Скіба. Ды пашукаю, можа, які заваляўся. (Дастае кашалёк і доўга поркаецца.) Вось няхай пан сам разбярэцца, каторы тут, я непісьменны. (Падае паперкі жандару. Той доўга разглядае.)

Батура. То свуй чловек, пане, гжэчны католік.

Жандар. А пан цо — поляк?

Батура. Так, пане. Од немцув уцеклэм. Взенлэм тутай собе кобетэ... Правдзівей, она мне взенла.

Жандар. А для чэго ж додому не вруціл се?

Батура. Чэкалэм паньства. Сподзевалэм се, жэ ойчызна пшыйдзе тутай. Пшэце ж цо кольвек слышалэм о намярах пана Пілсудскего.

Жандар. Досконале! Так і стало се. (Да Скібы.) Ну, маш. (Аддае паперы.) Больш я веру чловеку (ківае на Батуру), як тваім тым паперам. (Да Антона.) А ты што, жаніх?

Антон. Так, пане.

Жандар. Чаго захацеў! Мы ваюем, а ён жэніцца.

Скіба. Цяпер жа толькі і жаніцца, бо за бальшавікамі ж і гарэлкі не было, не было як вяселле гуляць. (Налівае чарку і падносіць жандару.) Проша!

Жандар (адхіляючы чарку рукой). Не п’ю.

Жандары выходзяць. Батура зноў грае польку, але танцы ўжо не ладзяцца.

Батура (скончыўшы граць). Ну, сваты, мусіць, здарожыліся. Трэба ім спакой даць.

Дзяўчаты (пяюць).

 

Дадому, госцікі, дадому,

Паелі конікі салому.

 

Батура грае марш. Хлопцы і дзяўчаты выходзяць. Батура ў дзвярах падморгвае Скібу і выходзіць таксама.

Настуля (калі ўсе выйшлі). Зараз прыйдуць. Я Кастуся раней паслала.

Скіба. Толькі каб ніхто лішні не зайшоў.

Настуля. Я пайду пастаю ля варот. Калі што якое — у акно пастукаю. (Выходзіць.)

Дзед Бадыль. А скажы, таварыш, бальшавіцкае войска ці далёка?

Скіба. Мястэчка Гневань чулі?

Дзед Бадыль. Уга! Дзіва што! Колькі разоў быў там.

Скіба. Вёрст, мусіць, семдзесят будзе.

Дзед Бадыль. Гэта калі кругом, па бальшаку. А лясамі, нацянькі, і палавіны не будзе.

Скіба. Дык жа балота.

Дзед Бадыль. Гэта хто не ведае, а я ў гэтым лесе, як у сваім гародзе,— кожную сцяжынку ведаю.

Скіба. Ну, прайсці, можа, і можна.

Дзед Бадыль. Ездзілі некалі. І цяпер, каб грэблю дзе-нідзе падправіў ды буралом расчысціў... Што ж, гаспадара няма...

Уваходзяць Міхаль і Халімон, моўчкі вітаюцца са Скібам за руку і садзяцца.

Скіба (круціць цыгарку, пасля перадае кісет мужчынам). Закурвайце.

Уваходзяць Батура, Рыгор і Кастусь.

Батура. Вось, здаецца, і ўсе нашы.

Кастусь. Больш не будзе. Некаторых дома няма.

Скіба. Ну, добра... Будзем знаёміцца. Зваць мяне — Скіба. А гэта вось — партызан, Данілаў таварыш. Дакументаў я вам не пакажу, бо пры сабе іх не трымаю, а запісачка ад Данілы ёсць. (Дастае паперу.) Можа, хто пазнае яго почырк?

Халімон. Хіба Рыгор вось, сябар яго. З вайны ж яму Даніла пісаў не раз.

Рыгор (узяўшы паперку). Праўда, яго рука.

Батура. Ну, то чытай, што ён там піша.

Рыгор (чытае). «Паклон вам, цітвянцы. Чакаю вас да сябе ў госці, ды ніяк дачакацца не магу. Мусіць, вам бізуны панскія вельмі да смаку прыйшліся?»

Халімон (штурхнуўшы локцем Міхаля). Чуў ты! Гэта дык паклон!

Дзед Бадыль. Такі зарабілі, няма чаго крыўдаваць.

Скіба. Наздзекаваліся з вас тут, я чуў.

Халімон. Бачылі ж, можа, едучы... Толькі каміны тарчаць, як пасля пажару, а хатамі нашымі пані свой паравічок апальвае.

Скіба. А як жа людзі жывуць?

Халімон. Вось у Міхаля хлеб забралі, а ў мяне хату, дык я прыйшоў да яго ды кажу: «Мой хлеб, а твая хата — давай разам жыць». Так і жывём прыпяваючы... трынаццаць душ у адной хаце.

Скіба. І надоўга вам гэтага хлеба хопіць?

Халімон. Хопіць на месяц. А там паначэпліваем торбы ды пойдзем з дзецьмі па падаконню: «Падарыце, калі ласачка». Трынаццаць душ — трынаццаць торбаў і торбачак — за адзін раз колькі назбіраеш.

Скіба. Жарты твае невясёлыя, чалавеча. Ад іх мурашкі па целе бягуць.

Халімон. Плакаць прабавалі — не памагае, дык мы давай жартаваць.

Скіба. Ну і як жа вы ўсё-такі думаеце жыць?

Міхаль. Думаем, таварыш, што, можа, хутка перамена якая будзе.

Скіба. А хто гэту перамену зробіць?

Міхаль. Можа, чырвоныя паноў прагоняць.

Скіба. Чырвоныя... А вы ж якія? Белыя?

Міхаль. Мы так сабе... ніякія.

Скіба. Вось гэта ж і дрэнна, што ніякія. Я разумею: ваяваць — гэта цяжка, гэта нават страшна, але ж у Чырвонай Арміі хіба не такія людзі, як і вы? Ім таксама паміраць не хочацца. І жонкі ў іх ёсць, якія без іх гаруюць, і дзеткі, якіх яны любяць і шкадуюць. Дык чаму ж яны могуць ваяваць, а вы не? Чаму вы чакаеце, каб яны вам свабоду на талерцы паднеслі?

Дзед Бадыль. Праўду, чалавеча, кажаш! Эх, мужчынкі, каб мне вашы гады! Не ляжаў бы я на печы, не падстаўляў бы азадка пад панскія бізуны.

Халімон. Вы, таварыш, няправільна гаворыце.

Скіба. Чаму ж няправільна?

Халімон. Таму, што армія — гэта вялікая сіла, а нас тут — жменька. Паспрабуй сунуцца супроць паноў.

Дзед Бадыль. Жменька... Вазьмі жменьку ды сыпні ў вочы, як той Даніла.

Скіба. Вас жменька ды ў суседняй вёсцы жменька — вось і прыгаршчы. А колькі ў нас такіх вёсак! І ў кожнай знойдуцца людзі, у якіх на сэрцы накіпела. Я ўжо не гавару пра горад.

Міхаль. І вам, гарадскім, крута цяпер прыйшлося.

Скіба. Клопат у нас з вамі адзін — выратавацца ад белапанскай погані і ўзяць назад зямлю і фабрыкі. А хіба горад без вас можа з гэтым справіцца? А вы без горада? Вы скардзіцеся, што на вас забыліся, што вам ніхто не дапамагае, але як жа можна таму памагчы, хто сам нічога не робіць? Варушыцеся, не давайце сябе ў крыўду, не забывайцеся, што вы — людзі.

Дзед Бадыль. Пані іначай не называе нас як быдлам.

Скіба. І абыходзіцца з вамі, як з быдлам. А вы пастаўце сябе так, каб ніхто не асмеліўся вас пальцам крануць. Біце ў зубы. Няхай кожная сволач ведае, што здзекі ёй так не пройдуць. Вось Даніла — гэта маладзец. Варушыцеся, і вам памогуць. Памогуць рабочыя, паможа бальшавіцкая партыя, якая мяне і да вас сюды прыслала. А бальшавіцкая партыя — гэта вялікая сіла, гэта лепшыя рабочыя Петраграда, Масквы і ўсёй Савецкай Расіі, гэта вялікі розум Леніна.

Дзед Бадыль. А скажы, таварыш, ці праўда гэта, што Леніна забіць хацелі?

Скіба. Праўда. Стралялі ў яго гады ў прошлым годзе і паранілі. Але гэта яго не магло запужаць. Ні царскія турмы і ссылкі, ні кулі контррэвалюцыянераў не запужалі яго.

Дзед Бадыль. Дык цяпер ён здаровы?

Скіба. Здаровы.

Дзед Бадыль. Таму ў яго і стралялі гады, што ён цвёрда стаіць за народ.

Скіба. Нават калі ў пасцелі ляжаў паранены, ён кожную хвіліну думаў пра народ, пра рабочых і сялян.

Дзед Бадыль. Вось каб мы ўсе за сябе так стаялі, як ён за нас, дык бы гэтых паноў тут і духу не было.

Скіба. Я ж пра гэта і кажу. Пад кіраўніцтвам Леніна і яго памочнікаў наша Чырвоная Армія разбіла Калчака і Дзянікіна. Яна разаб’е і белапалякаў. Чырвоная Армія б’е пана ў лоб, а вы біце яго ў патыліцу. Чым мацней будзем біць, тым хутчэй наша зямля і нашы заводы будуць зноў нашымі. Вось што я хацеў вам сказаць. Сягоння вы, можа, са мной не згодзіцеся, а заўтра падумаеце і пераканаецеся, што гэты Скіба не брахаў.

Міхаль. Загадаў ты нам, таварыш, загадку.

Скіба. Загадку гэту няцяжка адгадаць. Трэба толькі выбраць, што лепш: начапіць на плечы торбу ці ўзяць вінтоўку. Па-мойму, калі нават і памерці прыйдзецца, дык лепш з вінтоўкай у руках, як пад панскімі бізунамі.

Халімон. Ну дык як, Міхаль?.. Торбы начэпім?

Міхаль (панура). К чортавай матары!

Халімон. А ты, бежанец, што скажаш?

Скіба. Што, хіба не тутэйшы?

Батура. Радзіўся я ў Брэсце, каб торбамі трэсці, сюды ўцёк, адно ж і тут чую — торбы ды торбы.

Кастусь. Мусіць, прыйдзецца дзядзьку гармонік убок адлажыць.

Скіба. А нашто? Я заўважыў, што апрача гармоніка, ён яшчэ і язык востры мае, і па людзях, напэўна, з ім ходзіць. А добры язык ды яшчэ пры гармоніку — гэта многа значыць.

Халімон. Ён заўсёды на людзях... і з гармонікам, і печы людзям робіць.

Дзед Бадыль. Вось толькі я, мусіць, вам непатрэбны?

Скіба. Для вас, бацька, ёсць вельмі важная работа: калі зробіце, проста героем будзеце. А толькі трэба мне гэта щ штабе абмеркаваць, а вы тым часам папращляйцеся. Я накажу вам тады.

Дзед Бадыль. Паміраць збіраўся, а калі так, то прыйдзецца адлажыць на потым.

Батура. Што ж ты, Рыгор, маўчыш?

Рыгор. А што ж мне казаць?

Батура. Скажы, пойдзеш з намі ці...

Рыгор. Падумаю.

Батура. То, можа, мы памыліліся, што паклікалі цябе сюды?

Скіба (насцярожана). А што такое?

Дзед Бадыль. З старасцянкаю знюхаўся, а яна яго з панталыку збівае. Глядзі, сынок, каб ты праз яе сабакам не стаў!

Рыгор (са злосцю). Ды адчапіцеся вы ад мяне! Што вам да таго, старасцянка ці не старасцянка. Яна нікому вока не запарушыла.

Скіба (да Рыгора). Вось што, хлопча! Кахай сабе там каго хочаш, толькі язык трымай за зубамі. Памятай, калі што якое, дык мы жартаваць не любім. (Да Антона.) Ну, Антон, паехалі. (Да сялян.) Бывайце здаровы! Што вы надумаеце, я ўведаю праз Данілу.

Дзед Бадыль. Едзьце здаровенькі. Дзякуй за навуку.

Скіба. Пасля будзем дзякаваць адзін аднаму, як справу зробім.

Скіба і Антон выходзяць.

 

Карціна чацвёртая

Ноч. Лес. Пасярэдзіне сцэны будан з яловых лапак. Крыху ўбаку, пры агні, два партызаны — адзін з перавязанай рукой, другі з мыліцай.

1-шы партызан. Хутка і ноч канчаецца, а іх усё няма.

2-гі партызан. Колькі цяпер тае ночы.

1-шы партызан. Хопіць, каб чалавеку памерці.

2-гі партызан. Яны каля моста ў алешніку будуць падпільноўваць, каб знянацку...

1-шы партызан (кладзецца дагары на мох). Эх, мама, мама... (Гледзячы ў неба.) Некаму суджана апошні раз сёння глядзець на гэтыя зоркі.

2-гі партызан. Таму ўжо не да зорак будзе. Шмат вельмі ты зоркамі любаваўся, калі табе нагу прастрэлілі.

1-шы партызан. Ну, так гаворыцца.

Паўза.

А лес як маркотна шуміць! Нібы галосіць па кім.

2-гі партызан. На тое ён і лес, каб шумець.

1-шы партызан запявае, 2-гі падхоплівае. Пяюць спачатку вельмі ціха, пад канец на ўвесь голас.

 

Ты, дуброва, дуброва,

Дубровачка зялёная!

Ах, і што ж ты, дуброва,

Не радзіла нам нічога?

Не радзіла, дуброва,

Ані хмелю, ні ячменю,

А зрадзіла, дуброва,

Густы ельнік ды бярэзнік.

А па ельнічку частым

Там два брацікі гулялі, (2 разы)

Шчасце-долю здабывалі.

Браты долю здабывалі,

Ў ланцугі іх закавалі,

Закавалі, пасадзілі,

Каб па свеце не хадзілі, (2 разы)

Каб народу не будзілі.

Ой, скажы ж мне, любы браце,

Як цяпер нам распазнаці,

Калі дзянёк, калі ночка,

Калі зіма, калі лета.

Па тым лета пазнавалі,

Што зязюлі кукавалі,

Па тым зіму пазнавалі,

Што жалезы прыстывалі.

 

Канец песні пяецца пад акампанемент гармоніка, хоць нікога не відаць.

1-шы партызан (хутка садзіцца, бярэ ў руку вінтоўку). Хто ідзе?

2-гі партызан. Гэта, мусіць, бежанец.

Падыходзяць Батура з гармонікам і дзед Бадыль з торбай на плячах і парай запасных лапцей.

1-шы партызан. О, дзядзька Батура ваяку нам прывёў яшчэ аднаго.

Батура (вітаючыся за руку). А чым не ваяка?

2-гі партызан. Ляжаў бы ты, дзед, лепш на печы.

Дзед Бадыль. Ляжаў, сынок, ды прыпякло вельмі, не ўлежаў.

2-гі партызан. Што ж ты ў нас рабіць будзеш?

Дзед Бадыль. А гэта начальства ведае, нашто я патрэбен.

Батура. Дзе ж вашы сокалы?

2-гі партызан. Паляцелі сокалы на здабычу.

Батура. А вы, як падбітыя жураўлі, сядзіце ды курлыкаеце.

1-шы партызан. Чакаем, павінны былі б вярнуцца ўжо.

Батура. Мусіць, ці не ідуць. Мы чулі нейкія галасы ў лесе.

Усе прыслухоўваюцца.

2-гі партызан. З песнямі, значыцца, усё добра.

Чуваць далёкая песня многіх мужчынскіх галасоў. Яна паступова набліжаецца і мацнее. Батура падыгрывае, партызаны пры агні падцягваюць.

 

Гляну, гляну я ў аконца

Супроць яснага сонца,

Супроць яснага сонца,

Ці не ўбачу чарнаморца.

Чарнаморац з вайны едзе,

Ён сямёра коней вядзе.

— Выйдзі, выйдзі, мая міла,

Калі верна ты любіла.

 

Падыходзяць партызаны. Яны нясуць адбітыя ў белапалякаў скрынкі з патронамі і карабіны.

Даніла (падыходзіць). А госці! Як здаровенькі? (Вітаецца за руку з дзедам і Батурам.)

Дзед Бадыль. Здароў, сынок! Што гэта твае хлопцы такія вясёлыя? Ці не грошы ў гэтых скрынках?

Даніла. Не, гэта арэхі, дзед.

Дзед Бадыль. Арэхі?

Даніла. Але. Паноў частаваць будзем.

Дзед Бадыль. То гэта, можа, гэтыя самыя... кулі ці як іх?

Даніла. Але, патроны.

Дзед Бадыль. Дзе ж вы іх узялі?

Даніла. У іх жа. Падпільнавалі на дарозе і адабралі.

Дзед Бадыль. Ай, малайцы! (Смяецца.) Значыць, іх пальцам ды ім жа ў вока.

Даніла. У самае вока. (Да 1-га партызана.) Антон з сваімі хлопцамі не вярнуўся?

1-шы партызан. Не.

Дзед Бадыль. Ці не той гэта Антон, што да мае ўнучкі сватаўся?

Даніла. Той самы.

Дзед Бадыль. Ах, каб ён здароў быў! Дзе ж ён, хоць бы пабачыць.

Даніла. Таксама ў арэхі пайшоў, толькі на другую дарогу. А яшчэ, калі ўдасца, дык хлопцы сягоння такога звера прывязуць, што дзед толькі ахне.

Галасы. Глядзі, бежанец тут!

— Урэж што-небудзь, дзядзька Батура, нам сягоння весела!

Батура. А паможаце?

Галасы. Давай!

Батура грае, партызаны танцуюць.

Даніла (да партызан). Досыць, хлопцы! Ідзіце гатуйце вячэру, каб хапіла на ўсіх. Людзі прыйдуць галодныя, а можа, і параненыя будуць.

Партызаны разыходзяцца; праз нейкі час на заднім плане відаць агні.

Ну, дзядзька Батура, як ты дзе паварочваешся?

Батура. Па вёсках хаджу, людзям праўду кажу, дзе прыпеўкаю, а дзе жартам з дзеўкаю.

Даніла. А людзі што кажуць?

Батура. Паноў клянуць ды цябе хваляць.

Даніла. Не ўсе, мусіць, хваляць.

Батура. Ёсць такія, што і цябе клянуць, але ж я тых за людзей не лічу.

Даніла. Ну, а як там хлопцы? Рыгор як маецца? Не збіраецца да нас? Нешта Скіба крывіўся, гаворачы пра яго.

Батура. Як жа маецца... За спадніцу трымаецца.

Даніла. У Маргунішкі?

Батура. Як той клешч. А яна хвастом круціць. Рыгор-то ёй, відаць, даспадобы, але каб да яго твару ды Шмігельскага хутар.

Даніла. То, мусіць, хутар перацягне?

Батура. Вядома, Маргун не дачакаецца, калі Шмігельскі ў сваты прыйдзе.

Даніла. Скіба нават апасаўся, каб ён чаго ёй не выказаў пра нас. Але я сказаў, што ведаю Рыгора з малых год.

Батура. Ды ён-то наш, каб толькі ад яе адарваць.

Даніла. А як там Марылька?

Дзед Бадыль. Мы яе не пакідаем... Па матцы нудзіцца, небарака.

Батура. Плакала вельмі, калі хавалі.

Даніла, засмучаны, садзіцца на скрынку з патронамі.

Але нябожчыца не будзе на нас крыўдзіцца — хораша мы яе пахавалі. Усім сялом праводзілі на могілкі. Ельнікам зялёным дарогу ўслалі ад вёскі аж да самай магілы.

Даніла. Дзякуй добрым людзям за клопаты ды спагаду.

Дзед Бадыль. Як тут не спагадаць! У нежывога б сэрца зайшлося, гледзячы.

Даніла. Можа, хоць нядоўга мучылася?

Дзед Бадыль. Не, сынок. Адразу, як даў у грудзі, дык і слоўца не вымавіла.

Даніла. Нашто ёй было кідацца ратаваць мяне!

Дзед Бадыль. А нашто ж маці?.. Хіба яна магла спакойна глядзець, як сына забіваюць?

Даніла. А мне не верыцца, што яе няма. Здаецца, прыйду дадому, і яна зноў, узрадаваная, будзе завіхацца каля печы, а пасля сядзе ля стала і не адрываючыся будзе глядзець на мяне, пакуль я буду вячэраць. (Паўза.) Убачыш Марыльку, дзядзька Батура, дык падвесялі яе, скажы, няхай яна не нудзіцца, скажы, што я хутка прыеду дадому... Хочацца мне самому пабачыць яе... Баюся, каб з ёю чаго-небудзь не зрабіла гэта гадаўё.

Дзед Бадыль. Ты толькі асцярожна, сынку, калі думаеш у вёску прыходзіць. Там жа гэтыя гіцлі і шныраць заўсёды. Яны так і думаюць, што ты не ўцерпіш ды прыйдзеш даведацца.

Даніла. Я гэта ведаю.

Батура. Мо што добрае чуваць з таго боку?

Даніла. Ёсць весткі, і не благія... Панам нядоўга панаваць засталося.

Батура. А як нядоўга?

Даніла. Месяц ці два — гэтага я сказаць не магу, а толькі таварыш Скіба перадаваў, каб мы былі напагатове, Чырвоная Армія чакае ад нас дапамогі. Рыхтуй хлопцаў.

Батура. Хлопцы гатовы. З пяці вёсак, дзе я бываю, чалавек сорак знойдзецца. Але зброі ў іх няма. Вінтовак чатыры, не больш.

Даніла. У нас цяпер польскіх крыху ёсць. А калі не хопіць, таварыш Скіба абяцаў нам падкінуць. Як толькі заварушацца паны адступаць, трэба перасцерагчы па вёсках, няхай людзі коней у лес хаваюць, бо забіраць будуць.

Дзед Бадыль. А мне што за работу дасі? Мусіць жа, не так сабе клікаў?

Даніла. А дзед ужо сабраўся як мае быць?

Дзед Бадыль. Наказваў жа ты, што ў вялікую дарогу.

Даніла. Дарога не малая, і работа важная. (Чуваць працяглы далёкі свіст.) Вось і госця, мусіць, едзе. Халімонаў свіст чуваць. Дзядзька Батура, ты можаш знайсці такога чалавека, які б даставіў адну пісульку начальніку павета пану Яндрыхоўскаму? Трэба зрабіць так, каб яна неўзаметку ў яго на стале апынулася.

Батура. А калі гэта трэба?

Даніла. Заўтра. Як мага хутчэй, а то мы спазніцца можам.

Батура. Есць у мяне адна жанчына.

Даніла. Вось і добра.

Халімон (шпарка падыходзіць да Данілы). Так што даставілі ў спраўнасці, начальнік.

Даніла. Давайце сюды.

Халімон. Міхаль, каб ты спруцянеў, што ты там марудзіш?

Міхаль (з цемры густым басам). Ісці не можа ад страху.

Халімон. То нясі.

Міхаль. Нясу. (Праз хвіліну, абхапіўшы ўпол, нясе паню Яндрыхоўскую. У яе звязаны назад рукі, а рот заткнёны канцом шаля.)

Даніла. Нашто рот заткнулі?

Міхаль. Вішчэла, як свіння ў плоце.

Даніла. А рукі?

Халімон. Дзярэцца, каб яна папрэла.

Даніла. Развяжыце.

Міхаль развязвае рукі, папружкай падвязвае сабе штаны. Халімон вымае з рота шаль.

Пані Яндрыхоўская. В іме ойца і сына і свентэго духа, амэн. Матка боска, дзе ж гэта я?

Даніла. У мяне ў гасцях.

Пані Яндрыхоўская. А вы — начальнік?

Даніла. Начальнік.

Пані Яндрыхоўская. Ваш твар... я вас недзе бачыла, але цяпер... нічога не памятаю.

Даніла. Завуць мяне Даніла Дрыль. Мы, здаецца, знаёмы.

Пані Яндрыхоўская абамлела.

Дзед Бадыль. Хе-хе. Відаць, што знаёмы.

Халімон. Міхаль, давай дзікалону, пані выпрудзілася.

Міхаль. Дзе я табе вазьму?

Халімон. Пад вываратам... Цэлая лужына. (Міхаль пайшоў.)

Халімон (прыкладае вуха да грудзей пані). Жывая, сэрца дрыгае.

Міхаль прыносіць у шапцы ваду. Халімон мачае руку і пырскае пані ў твар. Яна лыпае вачыма і павольна садзіцца.

Дзед Бадыль. Папырскаць бы яе, гадаўку, як яна нас пырскала.

Пані Яндрыхоўская (становіцца на калені і сашчэплівае рукі). Божа літасцівы! Малюся табе, як сын твой маліўся ў садзе Гефсіманскім. Калі можна, хай абміне мяне келіх пакуты гэтай. Нашлі агонь нябесны, хай грымне пёрун і спапяліць ушчэнт нягоднікаў, што паднялі руку на верную служку тваю.

Дзед Бадыль (замахваецца кіем). Ах, поскудзь! Вось як трахну, дык будзе табе і пёрун!

Даніла. Чакай, дзед. Мы ўсё зробім па парадку.

Пані Яндрыхоўская. Болесь, дзецко мое. Бывай навекі!

Даніла. Не памірай, пані, ты нам патрэбна.

Пані Яндрыхоўская. На здзекі? Лепш смерць.

Даніла. Мы караем, але не здзекуемся... Болесь — гэта ваш сын, начальнік павета?

Пані Яндрыхоўская. Мой сын.

Даніла. Гэта тое ваша дзецко, ад якога ўвесь павет стогне? (Пані Яндрыхоўская маўчыць.) Вы ведаеце, што ад яго ўвесь павет стогне?

Пані Яндрыхоўская. Мой сын выконвае тую місію, якую ўсклала на яго айчызна.

Дзед Бадыль. Пачакай, мы яшчэ патаўком яму гэту мысію.

Даніла. А на паню таксама айчызна ўсклала місію — народ катаваць?

Пані Яндрыхоўская. Я слабая кабета, я не магу нікога катаваць.

Халімон. Ах, каб ты папрэла, слабая! Міхаль, пакажы ёй, як яна цябе размалявала.

Міхаль (з сур’ёзным выглядам распяразвае папружку. Гледзячы на Данілу). Паказаць?

Даніла. Не трэба. Пані і так добра памятае.

Дзед Бадыль. Сама ж на стайні была, здаецца.

Даніла. А без хлеба і без прытулку пані людзей пакінула, з торбамі пусціла — гэта таксама ад слабасці ды ад вялікай дабраты?

Пані Яндрыхоўская маўчыць.

А ў турмы пазасаджвала... Дык вось што, пані... За здзекі з людзей, за катаванне я вас... асуджваю на смерць.

Пані Яндрыхоўская закрывае твар рукамі, ногі яе слабеюць.

Халімон (падтрымліваючы паню). Стой, каб ты папрэла, чаго валішся без пары!

Даніла. Але я дарую вам жыццё, калі вы зробіце адну рэч.

Пані Яндрыхоўская. Калі гэта ў маіх сілах.

Дзед Бадыль (Данілу, узрушаны). Як гэта ты даруеш? А калі я не дарую? А калі твая маці, нябожчыца, не даруе?

Даніла. Не гарачыся, дзед, даслухай да канца. Я кажу так не таму, што шкадую гэту гадзіну, а таму, што хачу выратаваць людзей, якіх чакае смерць. (Да пані.) У лапах вашага сына знаходзяцца тры мае партызаны. Іх чакае расстрэл. Дык напішыце сыну свайму, гэтаму сукінаму сыну, начальніку павета пану Яндрыхоўскаму, каб ён іх зараз жа выпусціў. Напішыце таксама, каб ён выпусціў тых сялян, якіх вы засадзілі ў турму, і вярнуў ім усе страты. Не забывайцеся, што з вамі будзе, калі я не выратую гэтых людзей.

Пані Яндрыхоўская. Але ж гэта справа дзяржаўная, сын можа мяне і не паслухаць.

Даніла. Пішыце так, каб паслухаў. Слязу пусціце. Вы гэта ўмееце, вучыць вас не трэба. Вось вам папера і аловак. (Бярэ ў будане паперу і аловак і падае пані Я ндрыхоўскай.)

Халімон. Проша, пані, да стала. (Бярэ Яндрыхоўскую пад руку, падводзіць да пня і садзіць на купіну.) Крэсла хоць крыху занізкае, але мяккае.

Даніла. Пішыце, я чакаю.

Пані Яндрыхоўская прабуе пісаць, але рукі яе калоцяцца, аловак скача па паперы, нічога не выходзіць.

Халімон. Пані пісаць не можа. Яна моцна здарожылася.

Даніла. Няхай пасядзіць, адпачне. Падаглядай яе тут... (Да Батуры і дзеда Бадыля.) А мы тым часам пагаворым, што трэба рабіць.

Лезе ў будан. За ім Батура і дзед. Там яны ціха размаўляюць паміж сабою. Пані Яндрыхоўская, як скамянелая, сядзіць каля пня. Каля пані ўвіхаецца Халімон.

Халімон. Выбачай, пані! Я і забыўся, што праз нас ты не павячэрала сягоння. А дарога вялікая — па каменні, па карэнні... пані вымерхалася. Міхаль, там хлопцы бульбу варылі, нясі сюды. Ды хлеба пабольш.

Міхаль. Нясу. (Пайшоў.)

Пані Яндрыхоўская. Я не хачу есці.

Халімон. Не хачу, а сама на нагах стаяць не можа. Алоўка і то не ўтрымае ў руках.

Пані Яндрыхоўская. Я не буду есці.

Халімон. Не пляці, пані, глупства! Ты мо знарок хочаш з голаду памерці, каб нашых хлопцаў расстралялі?

Міхаль прыносіць кацялок бульбы і вялізную лусту хлеба.

Еш, пані, не саромейся.

Міхаль. Увесь век наша ела і не саромелася.

Пані Яндрыхоўская. Я не магу.

Халімон. Чаго там — не магу! Выменці гэты кацялок бульбы, то яно нідзе дзенецца. І ногі прутчэйшыя стануць, і рукамі павалодаеш. Каб толькі як пісьмо напісала, а там хоць і ў рот нічога не бяры.

Пані Яндрыхоўская. Дай мне спокуй, чалавеча.

Халімон (расчаравана). Спокуй, бачыш ты! Мусіць, пані нашай стравы не густуе?

Міхаль Вядома, яна да пшыкаладу прывыкшы. (Падсоўвае да сябе кацялок і з апетытам есць.)

Пані Яндрыхоўская моцна ўздыхнула і пачала пісаць.

Халімон (Міхалю таямніча). Піша. Глядзі, глядзі, як выкручвае!

Пані Яндрыхоўская (папісаўшы яшчэ крыху, згортвае паперку ў дзве столкі і падае Халімону). Аддайце свайму начальніку.

Халімон (разглядаючы паперку). Накруціла па-свойму. Нічога не разабраць. (Гукае.) Начальнік, гатова!

Даніла, дзед Бадыль і Батура вылазяць з будана.

Даніла. Давай сюды. (Бярэ паперку, разглядае, а потым перадае Батуру.) Па-польску. Ты што-небудзь тут разбярэш?

Батура (узяўшы паперку). Каб друкаванае, то яшчэ б сяк-так.

Даніла. Чорт яго ведае, што яна тут напісала.

Батура. То што будзем рабіць?

Даніла. Што ж, падвядзе, дык сама сябе. Панясеш гэта. А каб мацней было, прыпішам ад сябе. (Да Халімона.) Халімон, кладзі паню спаць. Падсцялі ёй што-небудзь. (Садзіцца да пня і піша.)

Халімон. Проша, пані, у люлю бай. (Бярэ паню Яндрыхоўскую пад руку. Да Міхаля.) Ідзі надзяры крыху моху пад бок.

Міхаль. Скулу ёй пад бок.

Халімон. Ідзі. Скула ёй і без твае ласкі сядзе.

Міхаль і Халімон з паняй Яндрыхоўскай адыходзяць.

Даніла (да Батуры). Вось якую ноту я яму напісаў. (Чытае.) «Пані Яндрыхоўскі! Калі ты, сабачая твая душа, заўтра ж не выпусціш маіх трох хлопцаў і ўсіх сялян, дык мамашы тваёй будзе капут. А табе самому я ўсё роўна прадрылюю некалі дзірку ў лобе. Гэта піша табе Даніла Дрыль». (Да Батуры.) Хопіць?

Батура. Дзіркі ў лобе? Хопіць аднае.

Даніла. Пісаць ці хопіць?

Батура. Па-мойму, ясна.

Даніла. Дык даставіш?

Батура. Заўтра раненька будзе там. (Згортвае паперку і кладзе ў шапку.)

Даніла (дзеду Бадылю). А цябе, дзед Мікола, ведаеш, хто сюды запатрабаваў?

Дзед Бадыль. Ну, мусіць жа, ты?

Даніла. Той, што ў сваты прыязджаў зімою.

Дзед Бадыль. Таварыш Луста?

Даніла. Але. Скіба.

Дзед Бадыль. А ён тут?

Даніла. Не, яго тут ужо няма, але ты хваліўся тады, што добра ведаеш гэты лес і дарогу аж да Гневані.

Дзед Бадыль. Я не хваліўся, я такі і ведаю.

Даніла. Дык вось табе работа: прайсці таею дарогаю, якую ты ведаеш, праз гэты лес да самай Гневані.

Дзед Бадыль. Усяго?

Даніла. Усяго.

Дзед Бадыль. Дык што ж гэта за работа! Ён, мусіць, жарцікі з мяне строіць.

Даніла. Гэта не жарцікі. Там ты зойдзеш у штаб дывізіі, знойдзеш Скібу і раскажаш, кудэю ты ішоў і якая дарога. Толькі падрабязна: дзе можна прайсці, дзе праехаць конна, дзе з возам, а дзе толькі ўлегцы; дзе гразка і сцежка завалена бураломам; дзе брод цераз рэчку і як глыбока — па пояс табе ці аж па бараду.

Дзед Бадыль. Ага, разумею. Дык гэта бальшавіцкае войска будзе ісці сюдэю?

Даніла. Паны лічаць, што праз гэты лес і балота войска прайсці не можа.

Дзед Бадыль. Няхай яны сабе лічаць па-свойму, а мы па-свойму палічым.

Даніла. У іх уся сіла на бальшаку, там яны думаюць сустрэць нашых.

Дзед Бадыль. А ім адгэтуль па баку.

Даніла. Па баку. Толькі, дзед, глядзі не прагаварыся як-небудзь. Гэтым ты можаш шмат людзей загубіць.

Дзед Бадыль. Што я, блазан? Ды хто да мяне, старога, прычэпіцца?

Даніла. А калі затрымаюць паны?

Дзед Бадыль. Дык патраплю, што сказаць. Свята надыходзіць, Ушэсце. У Гневані заўсёды фэст вялікі быў. Колькі ўсякіх старцоў ды багамольцаў збіралася! Скажу — на багамолле іду. Смерць блізка, дык ахвяраваўся цудатворнаму вобразу памаліцца. Дні за тры і затупаю памаленьку.

Даніла. Спяшацца не трэба. Пройдзеш аднаею сцежкаю, убачыш, што гразка, нельга праехаць,— вярніся назад, прайдзі другою, паглядзі.

Дзед Бадыль. Яно ж так — старцу міля не круг.

Даніла. Можа, прыйдзецца там і месяц, і больш прабыць. А назад — дадуць табе каня і будзеш ехаць уперадзе з камандзірам, паказваць дарогу. У вёску ў сваю ўедзеш — не пазнаюць.

Дзед Бадыль. Як Курапаткін...

Воддаль чуваць галасы партызан: «Антона... забілі... забілі!» Даніла спахмурнеў. На імправізаваных насілках прыносяць забітага і кладуць перад буданом. Зараз жа збіраюцца партызаны: і тыя, што вярнуліся з паходу,— са зброяй, панурыя, стомленыя, і тыя, што гатавалі вячэру. Даніла павольна знімае з галавы шапку. За ім усе партызаны. Глыбокае маўчанне.

Вось і ажаніўся ты, сынок, з сырою зямелькаю.

Даніла. Загінуў яшчэ адзін баявы наш таварыш. Загінуў ён за сваю радзіму, за свой народ, за новае жыццё, за савецкае. Я бачу слёзы на вашых вачах. Шкада нам Антона, і яшчэ большы гнеў кіпіць у нашым сэрцы. Няхай жа гэты гнеў паліць нам грудзі, каб мы не ведалі спакою, пакуль наш народ стогне ў няволі, каб мы не скарыліся і не пайшлі зноў у ярмо. За гвалты, за катаванні і здзекі — смерць белапанскай сволачы!

Партызаны (уздымаючы зброю). Смерць!!!

Даніла. За смерць нашых таварышаў!

Партызаны. Смерць!!!

Даніла. За слёзы ўдоў і сірот!

Партызаны. Смерць!!!

Даніла. І калі хто з нас пусціцца ў сабачую скуру і перакінецца на бок ворага — няхай пральецца яго чорная кроў і няхай ваўкі расцягаюць яго паганае мяса!

Партызаны. Смерць!!!

Даніла. Пахавайце яго на ўзгорку пад трыма хвоямі, дзе ляжаць ужо два нашых таварышы. (Да Батуры, які збіраецца адыходзіць.) Лёгкія табе ногі, дзядзька Батура! Спяшайся з запіскай, каб мы не спазніліся. І табе, дзед Мікола, шчасліва назад вярнуцца!

Партызаны падымаюць насілкі з забітым. Батура і Бадыль адыходзяць.

Заслона

 

АКТ ТРЭЦІ

 

Карціна пятая

Дэкарацыя першай карціны. Хлопцы, дзяўчаты і Батура з гармонікам сядзяць на прызбе Рыгоравай хаты.

Настуля. А пані што? Напісала?

Батура. А то дзе ж яна дзенецца?

Настуля. А далей што?

Батура. А далей панеслі гэту пісульку пану Яндрыхоўскаму.

Настуля. Самому Яндрыхоўскаму?

Батура. Самому Яндрыхоўскаму.

Настуля. У самыя рукі?

Батура. Яшчэ чаго захацела! Добра, што ў канцылярыю.

Настуля. Ну і што?

Батура. Ну, і ў дзесяць гадзін раніцы ён гэту пісульку ўжо ў руках трымаў.

Настуля. Чытаў?

Батура. Яшчэ і як чытаў.

Настуля. Узлаваўся, мусіць?

Батура. Кажуць, са злосці сам сябе ледзь за гэта самае не ўкусіў.

Настуля (задаволена рагоча). Так яму і трэба. А далей што?

Батура. Вось назола! Адкуль я ведаю, што далей?

Настуля. Адкуль жа дзядзька гэта ведае, што расказаў?

Батура. Сарока на хвасце прынесла.

Настуля. То няхай бы яна ўсё прынесла.

Батура. Хвост малы, усё не змясцілася. Як прыляціць другі раз, то будзеш і ведаць.

Рыгор. Цікава, выпусціць ён партызан ці не?

Настуля. Выпусціць. Дзіва што выпусціць.

Кастусь. Чорт яго ведае. Можа, такі заядлы гад, што і маткі адшкадуе.

Рыгор. Ну, будзем жа чуць.

Батура. Я так думаю, што выпусціць. (Перабірае галасы гармоніка.)

Кастусь (падахвочвае.) Ну, ну, дзядзька!

Батура (грае, прытупвае і пяе).

 

Як вылезу з заканурка,

Як выскачу з хаты —

Паглядзіце, дзяўчатачкі,

Які я багаты!

І гумно ў мяне,

І жупан на мне,

Як пайду я па вуліцы,

Не чапай мяне.

Гумно з хатаю,

Світка з латаю —

Сцеражыцеся, дзяўчаткі,

Бо пасватаю.

Есць у мяне ў хаце

Месца парасяці

І кароўка стаіць —

Будзе блізка даіць.

 

Настуля. Цяпер за дзядзьку любая пойдзе.

Кастусь. А як жа! Уся выгода ў хаце — карова, парасяты, куры.

Батура (падыгрывае і спявае).

 

Былі куры у Батуры,

Ды паны паелі.

Каб яны ж павыдыхалі

Да гэтай нядзелі.

 

Рыгор. Не падохнуць, пад’еўшы кураціны.

Батура. Самі не падохнуць, дык трэба ім дапамагчы ў гэтым.

Рыгор. Як ты ім дапаможаш?

Батура. А так, як Даніла дапамагае... Але ж і ўз’еліся цяпер паны на яго. Яндрыхоўскі ўвесь павет падняў на ногі.

Рыгор. Загіне ён некалі.

Настуля (запявае, іншыя падхопліваюць. Батура падыгрывае).

 

У гародзе на градзе

Вырасла вяргіня,

Хто за Леніным ідзе,

Дык той не загіне.

 

Кастусь.

 

А я пану капітану

Ў ногі кланяцца не стану,

Вазьму ў рукі кулямёт,

Праб’ю пана навылёт.

 

Батура (грае і спявае).

 

Былі куры у Батуры,

А цяпер на кухні;

Будуць есці паноў дзвесце,

Каб яны папухлі.

 

(Схамянуўшыся.) Ой, старасцянка ідзе!

Кастусь. Няхай ідзе, а мы будзем сабе спяваць. Хіба і паспяваць ужо няможна? (Запявае.)

 

Што за губы ў мае любы —

Чырвоныя вішні:

Двух мілуе,

Трох цалуе,

А я ў яе лішні.

 

Пакуль пяюцца частушкі, падыходзіць Кацярына і садзіцца на прызбе. Да яе падсоўваецца Рыгор і нясмела бярэ руку. Яна не адымае рукі, але не вельмі ласкавая з ім.

Батура (запявае).

 

Мая люба, як галуба,

Сівая, рабая —

Маладога палюбіла,

Пра мяне не дбае.

А я, стары, не сцярплю

Дый Настульку палюблю.

 

Абнімае і цалуе Настульку, якая сядзіць побач з ім.

Настуля (бароніцца). Ой, дзядзька, барада колецца.

Батура (правёўшы рукой па густой шчотцы барады). Якая там барада! Першы пушок паказаўся.

Усе смяюцца. Батура грае.

Настуля (пяе).

 

На вуліцы весяло,

Аж рагоча ўсё сяло;

Ліпне дзядзя з барадой

Да дзяўчыны маладой.

 

Батура. Ах, вы смяяцца з мяне! Не буду граць, спявайце насуха.

Настуля. Дзядзечка, грай, я ўжо хораша спяю.

Батура. Ну, паглядзім. (Грае.)

Настуля (пяе).

 

На вуліцы гармонь грае,

Мяне маці не пускае;

Пусці, маці, паглядзець,

Там Батура маладзец.

 

Батура. Во! Гэта мне, як маслам па душы. (Грае.)

Кацярына (запявае. Яе ніхто не падтрымлівае).

 

Стол дубовы сярод хаты,

На ім абрус чысты,

Мяне сватае багаты

Кавалер фарсісты.

 

Кастусь (ёй у тон).

 

Чорная, насатая,

Чорт цябе пасватае.

 

Усе рагочуць.

Кацярына (пакрыўджана). Добра, што ты... бязносы.

Кастусь. Не гневайся, панна старастоўна, з песні слова не выкінеш.

Настуля. Пан Шмігельскі ідзе.

Усе глядзяць у той бок, адкуль ідзе Шмігельскі. На ім фрэнч колеру хакі, сіняя шляхецкая шапка і бліскучыя боты. Кацярына адымае ў Рыгора руку і крыху адсоўваецца. Рыгор сядзіць насуплены.

Пан Шмігельскі (толькі да Кацярыны, не зважаючы на іншых). Добры дзень, панна Катажына!

Усе (з перабольшанай ветлівасцю). Добры дзень, пане Шмігельскі!

Пан Шмігельскі. Як маецеся? (Цалуе Кацярыне руку.)

Усе. Як самі тэпаеце?

Шмігельскі (з пагардай агледзеўшы прысутных). Кампанія ў панны Катажыны хоць не вельмі ганаровая, але затое вясёлая.

Кацярына. Я тут выпадкова прыпынілася.

Батура. Вы-пад-ко-ва! (Падміргвае Рыгору.) Чуў?

Шмігельскі (не зважаючы на Батуру). Чаму пані на фэсце не была?

Кацярына. Так неяк, паленавалася.

Шмігельскі. Дарэмна. Там бы панна Катажына знайшла кампанію больш пожондную. Кірмаш вялікі быў. Свінні ладныя былі, хоць не дужа шмат. Пан Заруба кныра вывез — ах, каб пані бачыла, што гэта за кныр! Пудоў на пятнасце, калі не венцэй. Майго панна Катажына бачыла? Дык амаль што такі самы. Пан Халяўскі з маладою жонкай да касцёла прыязджаў. Таксама кабыла важная. Праўда, крышачку ніжэйшая за маю, але таксама фармальная і спераду і ззаду. Ойца вашага бачыў, словам перакінуўся. Маю велькі інтэрас да яго. (З намёкам.) І да панны Катажыны тым часам. Гэтымі днямі завітаю. Давідзэнечка! (Цалуе Кацярыне руку і, ні на каго не гледзячы, адыходзіць. Усе, апрача Кацярыны, праводзяць яго насмешлівым поглядам.)

Батура (ківае галавой у бок Шмігельскага, нібы гаворачы: «Бачылі, што за ён!»). Пан Шмігельскі!

Кастусь. Фрэнч ангельскі!

Настуля. Парфума ды мыла!

Рыгор. І сам — дурніла!

Рагочуць. Кацярына пакрыўджана. Яна ўстае і, ні з кім не развітваючыся, адыходзіць.

Батура (да Рыгора). Бедны Рыгорка, будзе табе горка. Цяпер цэлы тыдзень будзеш перапрошваць.

Рыгор. Альбо буду, альбо не.

Кастусь. Каб у яго такі кныр быў, як у Шмігельскага, дык бы і перапрошваць не трэба было.

Жанчына з клункам (праходзячы па вуліцы). Ці не пакажаце, людзі добрыя, дарогу на Глінішчы?

Батура. А чаму ж не. Такой маладзіцы я не толькі ў Глінішчы, а да самай Масквы паказаў бы дарогу. (Устае, падыходзіць да жанчыны і адводзіць яе ад прызбы.) Ідзі, кабетка, вось гэтай дарогай. Там будзе рэчка і мост, дык ты ў рэчку не лезь, а цераз мост ідзі. (Ціха.) Ну, што сарока прынесла?

Жанчына з клункам. Спазнілася. (Аглядаецца на хлопцаў і дзяўчат, хутка гаворыць Батуру нешта напаўголасу.)

Батура (напаўголасу). Шкада. Каб крыху раней. (Уголас.) Як пройдзеш мост, дык увойдзеш у лес. А як выйдзеш з таго лесу, дык і Глінішчы недалёка. (Варочаецца на прызбу, бярэ гармонік і ціхенька грае сумны матыў.) Дык вось, атрымаў пан Яндрыхоўскі тую пісульку ў дзесяць гадзін, а ў шэсць гадзін тае ж раніцы партызанаў тых...

Рыгор. Што?

Кастусь. Настуля. (Устрывожана). Расстралялі?

Батура не адказвае і грае той жа сумны матыў. Усе маўчаць, а потым пяюць.

 

Трава палягае,

Віхура галосіць,

На свежыя раны

Пясочку наносіць.

Нясіце ж вы, ветры,

Жалобу матулі:

Скасілі сыночка

Варожыя кулі.

І вечар праходзіць,

І ночка мінае,

Матуля над сынам

Паноў праклінае: —

Бадай вам, панове,

Спазнацца з труною,

Як вы разлучылі

Сыночка са мною.

Бадай вам, панове,

На сэрца атруты,

Як ён да сырое

Зямелькі прыкуты.

Бадай жа з сваіх вам

Не цешыцца дзетак,

Каб вы галасілі

Над трунамі гэтак,

Каб вы галасілі —

Сціханку не мелі,

Як вусны сыночка

Навек анямелі.

Міхалю, Міхалю,

Прыйду к табе ў маю,

Любімую песню

Табе праспяваю.

На свежай магіле

Я кветак пасею.

Мо матчына гора

Я гэтак развею.

Расціце ж вы, кветкі,

Расціце вы, ружы,

Як быў ён высокі,

Як быў жа ён дужы.

Я буду вас, ружы,

Слязьмі паліваці —

Хай высахнуць грудзі.

На тое ж я маці.

 

Хвіліну ўсе маўчаць.

Батура. Што ж вы так спахмурнелі? Сумам паноў не возьмеш.

Настуля. Хлопцаў шкада.

Батура. Вестка гэта ўвесь павет абляціць. Усю краіну. Сотні стануць на іх месца. Мы станем...

Падыходзіць Маргун. У руках у яго скрутак паперы і шклянка з клеем.

Добры дзень, пане стараста! Вы, здаецца, у гміне сягоння былі? Што чуваць на белапольскім... цьфу, каб на яго ліха!.. На белым свеце?

Маргун. Навіны важныя. Заработкі вам прывёз.

Прыклейвае на сцяну аб’яву.

Батура. Гэта добра. Хоць на газу якую капейчыну зарабіць. Можа, і заработкі добрыя?

Маргун. А вось пачытайце.

Усе зацікаўлены, устаюць і падыходзяць да аб’явы.

Кастусь (чытае). «Ужо восем месяцаў, як у павеце арудуе банда атамана Дрыля, якая тэрарызуе самых паважаных і шаноўных жыхароў павета і лепшых сыноў айчызны. Ад яе прынялі пакуты пан Монця, пан Дзюбецкі, пан Шчакала, пані Яндрыхоўская. Гэта банда асмельваецца нападаць на абозы і штабы, дэзарганізуе тыл нашай арміі, якая ратуе край ад нехрысцяў-бальшавікоў. Усяму насельніцтву павета ставіцца ў абавязак: калі хто нападзе на след банды, зараз жа паведаміць польскай уладзе. Хто будзе ведаць хоць што-небудзь пра банду альбо яе атамана і не заявіць, той будзе строга пакараны, як зраднік. За галаву атамана вызначаецца ўзнагарода — 15 тысяч марак польскіх».

Маргун. Вось калі хто ведае, дзе ён паварочваецца, дык пятнаццаць тысяч як у кішэні.

Батура. Гэта не так проста, пане стараста.

Настуля. Няхай дзядзька сам ідзе ў такія заработкі.

Маргун. Каб я ведаў, дзе ён туляецца.

Батура. То і мы ж не ведаем.

Кастусь. Хто пойдзе па Данілаву галаву, той сваю няхай дома пакідае.

Маргун. Нагнаў ён вам страху.

Кастусь. Не так нам, як панам.

Маргун. Баязліўцы! (Адыходзіць.)

Хлопцы праводзяць яго злымі і насмешлівымі поглядамі.

Кастусь. Бач, чаго яны захацелі!

Батура. Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў.

Настуля. І няўжо гэта знойдзецца гад, што такога чалавека прадасць?

Разыходзяцца.

Рыгор (адзін. Прачытвае яшчэ раз аб'яву). Пятнаццаць тысяч... (Стаіць у роздуме.) Тады б Кацярына і не глянула на пана Шмігельскага.

 

Карціна шостая

Бедная сялянская хата. Уздоўж задняй сцяны, бліжэй да дзвярэй — пол, далей — ложак. На стале цьмяна гарыць газоўка. Рыгор адзін сядзіць на лаве, папраўляе лапаць — кладзе лату на пратаптаную пяту.

Рыгор (скончыўшы работу, пакручвае лапаць у руцэ, з горкім смехам). Няшчасце ты маё! Няўжо мяне доля з табой навек пажаніла? (Кідае лапаць аб падлогу.) Хоць бы раз абуць такія бліскучыя боты, як у пана Шмігельскага. Ці хаця б дзёгцем вымазаныя, як у Маргуна. (Чуцен стук у шыбу. Рыгор падыходзіць да акна і ўглядаецца ў цемру ночы. Трывожны і ўсхваляваны адыходзіць ад акна і ідзе ў сенцы. У сенцах чуваць прыглушаная гамонка. Рыгор уваходзіць у хату адзін, завешвае посцілкамі вокны, тады прыадчыняе ў сенцы дзверы.) Заходзь.

Уваходзіць Даніла, моцна стомлены.

Ну і адвага ж твая! Ты, мусіць, яшчэ не ведаеш, якую паперу пра цябе расклеілі?

Даніла. Ведаю.

Рыгор. Як жа ты адважыўся прыйсці?

Даніла. Я ж да цябе.

Рыгор. Да мяне-то да мяне, але ж мог хто-небудзь убачыць.

Даніла. Я ў вёску не заходзіў, а да твае хаты з лесу вельмі зручна падысці. Паноў няма ў вёсцы?

Рыгор. Былі сягоння, не ведаю, ці паехалі, ці тут яшчэ.

Даніла. А я па Марыльку прыйшоў. Баюся, каб чаго не зрабілі. Яны ж цяпер раз’юшаныя.

Рыгор. Як шалёныя сабакі.

Даніла. У каго яна?

Рыгор. Трэба ў Батуры запытацца — ён павінен ведаць.

Даніла. Дык ты, можа, прывядзеш яе сюды?

Рыгор. Пазней, як усе спаць палягуць.

Даніла. Ну, добра... Да цябе ніхто не ходзіць?

Рыгор. А хто да мяне пойдзе?

Даніла. Дык я крыху падрамлю. Стаміўся вельмі. Тую ўсю ноч не спаў.

Рыгор. Кладзіся насмелую. Я пабуджу.

Даніла (бярэ пад галаву лахман і, апранены, кладзецца на пол). А да нас ты так і не збіраешся?

Рыгор. Нельга мне.

Даніла. Чаму нельга?

Рыгор. Прычына ёсць. Я магу сабе ўвесь інтэрас сапсаваць, як даведаюцца.

Даніла. Прычына... гэта даўганосая такая, чарнявая?

Рыгор. Угадаў.

Даніла. Усё ныеш?

Рыгор. Ныю.

Даніла. А яна што?

Рыгор. Вось гэтай штукі баіцца. (Паказвае на лапаць.)

Даніла. Плюнуў бы ты на яе.

Рыгор. Не магу.

Даніла. Праз яе ты ад сяброў адрокся ды з ворагам звязаўся.

Рыгор. З якім ворагам? Што ты гаворыш, сам не ведаеш што?

Даніла. Памятаеш, як нас жандары да пані прыгналі. Яна тады ў спісачак глядзела. А хто, па-твойму, склаў ёй гэты спісачак?

Рыгор. А што я ведаю. Мог і Шмігельскі скласці.

Даніла. Шмігельскі ўсяго не ведае, хто што рабіў. Гэта, няйначай, Маргунова работа.

Рыгор. А калі і Маргунова, дык хіба Каця вінавата?

Даніла. Яна, думаеш, вялікая прыяцелька нашаму брату?

Рыгор. Я ад яе нічога не чуў такога.

Даніла. Яшчэ пачуеш.

Рыгор. Тады тое будзе, а цяпер лепш скажы, як мне з лапцей у боты перабрацца, тады яна мая будзе.

Даніла. Лапці няхай будуць. Хутка мы ў іх паноў будзем абуваць.

Рыгор. Ой, не ведаю! Нешта на тое не паказвае. Умацаваліся яны тут.

Даніла. Гэта я табе кажу. Хутка ад іх толькі пух будзе ляцець.

Рыгор. Пажывём — пабачым.

Даніла. Паспім, кажаш? Давай паспім, можа, паразумнеем. (Адварочваецца тварам да сцяны.) Не забудзься ж пабудзіць мяне.

Рыгор. Смела будзь. (Бярэцца за другі лапаць, правіць яго, напяваючы нешта ледзь чутнае. Устае, падыходзіць да пола, прыслухоўваецца, як дыша Даніла.) Ужо спіць. Знябыўся, небарак. (Бярэ лахман і накрывае.) Спі, Данілка! Невядома, колькі ночак табе спаць засталося. Можа, смерць ужо ў цябе за плячыма стаіць. (Ідзе на ранейшае месца, садзіцца і бярэцца за лапаць. Чуваць знадворку бразганне клямкай. Рыгор насцярожана прыслухоўваецца. Зноў бразгаюць.) Каго ж гэта нясе яшчэ нячыстая сіла? Ніколі ніхто не хадзіў, а тут на табе якраз. На ліха агню не патушыў. (Аглядаецца па хаце, бярэ пад лаваю начоўкі і ставіць на край пола, каб замаскаваць Данілу, накідвае на яго кучу лахманоў. Тады ідзе адчыняць дзверы. Уваходзіць у хату, за ім Кацярына.) Асцярожненька ж, тут яма ля парога, каб на яе паляруш, дошкі прагнілі. А я думаў, хто гэта такі ідзе да мяне?

Кацярына. Не рад, што прыйшла?

Рыгор. Так рад, аж ледзь язык не адняўся з радасці. Не ведаю, дзе і пасадзіць. Вось тут прысядзь. (Аглядаецца па хаце, чым бы сцерці лаву, але, убачыўшы, што ўсе лахманы на Данілу, сцірае падалом сваёй кашулі.)

Кацярына. Не турбуйся, лава ж чыстая.

Рыгор. Часамі куры, каб яны падохлі... Сядай. Вось жа маладзец, што прыйшла!

Кацярына. Я не так сабе прыйшла, патрэба ёсць.

Рыгор. Я ж ведаю, што гуляць бы не прыйшла. Ды ліха яе бяры з патрэбаю. У лес не збяжыць.

Кацярына. Гэта якраз такая патрэба, што можа ў лес збегчы.

Рыгор (садзіцца ля Кацярыны і абнімае). Не пушчу цябе ўжо адгэтуль.

Кацярына. Не ўтрымаеш.

Рыгор. Утрымаю. Кавалак сілы ёсць. (Сціскае яе ў абдымках.)

Кацярына. О-ёй-ёй! Мядзведзь!

Рыгор. Не гневайся, золатка, больш не буду. (Цалуе ў шчаку.)

Кацярына (абводзіць вачыма хату.) А хатка ж маленькая! Як наш свінушнік!

Рыгор. Калі люба ды весела, дык усё нічога.

Кацярына. І прусы ёсць?

Рыгор. Ёсць, каб на іх ліха. І бураксам труціў, і што ні рабіў — не памагае.

Кацярына. Ну, я б у гэткай хаце ніколі не жыла.

Рыгор. Прывыкла б і жыла. Гэта толькі спачатку страшна.

Кацярына. Не ўгаворвай, я ведаю, куды ты закідаеш.

Рыгор (спахмурнелы). А я думаў...

Кацярына. Што ты думаў?

Рыгор. Калі ты сама прыйшла...

Кацярына. Не сама, бацька мяне прыслаў.

Рыгор. Бацька? Дык, можа, гэта ён... (Не то жартуючы, не то сур'ёзна.) Хоча мець за зяця мяне? (Глядзіць ёй у вочы.)

Кацярына. Можа, і захоча калі-небудзь. Гэта як ты заслужыш.

Рыгор. Як жа мне заслужыць гэтакую ласку?

Кацярына. Перш за ўсё скажы мне нешта, пра што я ў цябе запытаюся.

Рыгор. Пытайся.

Кацярына. А скажаш?

Рыгор. Калі ведаю.

Кацярына. Напэўна, ведаеш. Скажы, дзе цяпер Даніла знаходзіцца?

Рыгор. Які Даніла?

Кацярына. Ну які ж! Дрыль.

Рыгор. Нашто табе?

Кацярына. Тату трэба ведаць.

Рыгор. А яму нашто?

Кацярына. Ён жа стараста, у яго начальства пытаецца. Калі навядзе на след ды Данілу зловяць, дык яму могуць нават павышэнне даць, войтам могуць зрабіць.

Рыгор. А тады што?

Кацярына. А тады ён і цябе можа на службу ўстроіць. Стражнікам можаш застацца ў мястэчку.

Рыгор. А тады што?

Кацярына. А тады надзенеш шапку з цэшкаю, мундзір, шаблю пры бок прычэпіш.

Рыгор. Шкада, што я не ведаю, дзе ён.

Кацярына. Як не ведаеш?

Рыгор. Не ведаю. Адкуль жа мне ведаць?

Кацярына (зазлаваўшы). А яшчэ пытаўся: «А тады што, а тады што?»

Рыгор. Мне вельмі хораша слухаць было пра тое, як твой тата войтам будзе, а я стражнікам.

Кацярына. Няўжо такі ні разу ты яго і не сустракаў?

Рыгор. З таго часу, як ён ад жандараў уцёк, магу прысягнуць, што і па сённяшні дзень ні разу не бачыў.

Кацярына. Шкада. (Устае.) Ну, бывай!

Рыгор (спужана). Ты ўжо ідзеш?

Кацярына. А што мне з табою важдацца?

Рыгор (утрымліваючы яе за руку). Кацечка, золатка, не злуй, я ж не вінават, што не ведаю, дзе ён. Пасядзі яшчэ трошкі. (Абнімае, туліць да сябе, садзіць на лаву, цалуе.)

Кацярына (злёгку адпіхвае яго локцем). Толькі лізацца. Казаў некалі, што дзеля мяне роднага брата зарэзаў бы, а як прыйшлося, дык разбойніка пакрываеш.

Рыгор. Ён мой сябар з маленства.

Кацярына. Быў сябар, а цяпер разбойнік. Такія ж толькі свет каламуцяць. Каб не яны, мы ж бы спакойна жылі і гора не зналі. А бізунамі білі праз каго, ты думаеш? Каб ён панскай зямлі ды лесу не чапаў, дык і кары не было б.

Рыгор. Каб жа я ведаў, дзе ён.

Даніла, сплючы, захроп. Кацярына, спужаная, страсянулася, саскочыла з лавы.

Кацярына (трывожна, прыцішаным голасам). Хто гэта ў цябе спіць?

Рыгор (стараючыся быць спакойным). Жабрак нейкі. Папрасіўся пераначаваць. Ну, я адзін у хаце — маці да сястры на радзіны паехала — начуй, кажу, месца не праляжыш.

Кацярына. А можа, ты каго хаваеш?

Рыгор. Яшчэ што выдумай!

Кацярына. Я хачу глянуць на гэтага жабрака.

Рыгор (хапае за руку). Кінь ты! Прачнецца і нам перашкодзіць.

Кацярына вырывае руку і падыходзіць да пола.

Кацярына (ціха ўскрыквае). Вой! (Адыходзіць задам да парога, выставіўшы перад сабою рукі.) Гэта ж ён! (Намацвае рукою клямку.)

Рыгор (падбягае да яе. Гаворыць далей, увесь час амаль шэптам). Цсс! Супакойся, ён моцна спіць, стомлены вельмі.

Кацярына (садзіцца на край ложка, прыцішаным голасам.) Вой! Не магу апамятацца. Сэрца як не выскачыць! (Прыкладае руку да сэрца.)

Рыгор. Я патрымаю, каб не выскачыла. (Абнімае.)

Кацярына (крыху супакоіўшыся). Ці не сабака ж ты пасля гэтага! Прысягаўся, што не бачыў.

Рыгор. Я прысягаўся, што не бачыў па сённяшні дзень, а сёння якраз ён і прыйшоў.

Кацярына. Гэта шчасце тваё само прыйшло табе ў рукі.

Рыгор. І шчасце прыйшло. Вось я яго і трымаю, і нікому не аддам. (Туліць Кацярыну да сябе.)

Кацярына. Гэта багацце тваё прыйшло да цябе.

Рыгор. І багацце, калі бацька за табой пасаг добры дасць.

Кацярына. Ніхто табе не дасць гэтага багацця, ты сам яго возьмеш. Вунь яно за начоўкамі ляжыць.

Рыгор (не верачы вушам). Што ты гэта гаворыш?

Кацярына (парывіста абнімае яго, цалуючы). Любы мой, салодкі мой, дурненькі мой! Няўжо ж ты яшчэ не разумееш? Цяпер мне не прыйдзецца ісці за нялюбага, за няўклюду — за гэтага пана Шмігельскага.

Рыгор. Як гэта? Ты выразней кажы.

Кацярына. Чытаў паперу, што ў цябе на хаце прыклеена?

Рыгор. Чытаў.

Кацярына. Пятнаццаць тысяч, як лёду.

Рыгор (ашаломлены). Прадаць яго?!

Кацярына. Разбойніка, што людзей забівае,— гэта не грэх.

Рыгор. Але ж...

Кацярына (затульвае яму рот рукою). Маўчы. Ты ж дурны, нічагусенькі не разумееш. (Хіліць яго на падушку.) Я табе ўсё раскажу. Пятнаццаць тысяч — гэта не жарты, гэта столькі грошай, што табе, дурню, і злічыць цяжка.

Рыгор хоча пярэчыць.

Маўчы, маўчы, я табе яшчэ не ўсё сказала. За пятнаццаць тысяч ведаеш, што мы зробім? Купім дзве валокі зямлі, паставім дом, каня добрага набудзем, справім вазок.

Рыгор пачынае прыслухоўвацца.

Як апранеш ты бурку з башлыком, боты добрыя абуеш, запражэш стаенніка ў вазок ды як паедзем на кірмаш, дык усё мястэчка залюбуецца, гледзячы на нас. Нашы вясковыя хамулы толькі шапкаваць будуць перад намі. Сам Шмігельскі не будзе пагарджаць табою.

Рыгор. Пайшоў ён к чорту!

Кацярына. А якую гаспадарку мы завядзём! Кароў галяндэрскіх, свіней ангельскіх. Далікатныя, праўда, догляд патрэбен, але ж калі ўкормім вепрука! Наймічку возьмем, яна і будзе хадзіць каля іх.

Рыгор (раптам усхапіўся і сеў). Ну, ты мне паню не строй!! Сама не хворая пахадзіць. Наймічка яшчэ свіней мне паморыць.

Кацярына (закрывае яму рот). Ціха! Чаго ты крычыш? Яшчэ ж раней грошы ў кішэнь палажы.

Рыгор (апамятаўшыся). Ах... Як жа гэта зрабіць?

Кацярына (устае, бярэ абору ад лапця і дае Рыгору). На!

Рыгор (трымаючы абору). Нашто гэта?

Кацярына. Вяжы! Толькі асцярожна: залажы спачатку за адну руку, пасля за другую, а тады — раз. Пакуль апамятаецца спрасонку, дык ты яго і скруціш.

Рыгор (трымаючы абору). Адну страшэнную хвіліну выцерпець, і тады ты мая, і багацце, і шчасце на ўсё жыццё... Усё роўна як сон які альбо казка. А як рукі мае калоцяцца! (Ідзе да пола, асцярожна бярэ начоўкі і ставіць пад пол, каб не заміналі. Стаіць з аборай у руках над Данілам.) Каця, ён жа прачнецца!

Кацярына. Няхай прачынаецца. Звязаны не страшны.

Рыгор. Дык ён жа глядзець будзе. Куды ж я вочы свае дзену?

Кацярына. А ты адвярніся.

Рыгор. Дык ён жа гаварыць будзе. Гад ты, скажа, гад! Я да цябе як да найлепшага сябра прыйшоў з адкрытай душой, а ты вунь што зрабіў! Да соннага да мяне, як вужака, падпоўз і абкруціў. (Становіцца на палу на калені, нейкі час вагаецца.) Не, я не магу! (Адкідае ўбок абору і кладзецца на ложак. Кацярына падыходзіць да яго.)

Кацярына. Баязлівец, размазня! Усё роўна яму не жыць, ён і без цябе загіне, але табе тады фіга будзе!

Рыгор. Не гневайся! (Хоча абняць яе.)

Кацярына (энергічна адпіхае руку). Не чапай мяне! Ідзі з ім абнімайся.

Рыгор. Кацечка, не сягоння. Другі раз я гэта зраблю. Ён яшчэ прыйдзе да мяне.

Кацярына. Сягоння ты павінен выбраць, хто табе мілей — я ці ён, палацы ці твой гэты свінушнік. Калі зараз гэтага не зробіш, дык абнімаў ты мяне апошні раз. Да мяне сватаюцца людзі — не табе раўня.

Рыгор. Шляхціц Шмігельскі?

Кацярына. Так, пан Шмігельскі, якога ты нагі не варт.

Рыгор. Паскудства гэта? І ты будзеш яго жонкай?!

Кацярына. Ты гэтаму паскудству будзеш яшчэ ручкі цалаваць, ласкі прасіць. А я скажу — гані яго вон, ён не варты твае ласкі, у яго самога багацце ў руках было, а ён, дурань, выпусціў.

Рыгор. Гэтага не будзе! (Абнімае.) Я ніколі не дапушчу, каб гэта брыда, каб гэты стары слімак цалаваў цябе. Я не пушчу цябе. Я хутчэй сам задушу цябе, чым яму аддам. (Цісне яе ў абдымках, кладзе на ложак, прыпадае вуснамі да яе вуснаў.)

Кацярына (вызваляецца). Стой! Пусці, сапраўды задушыш. Зрабі, што я скажу, і тады абнімай мяне, як хочаш. Я чакаю цябе на гэтым ложку.

Рыгор (сеў). Але ж ён будзе глядзець... Гаварыць будзе.

Кацярына. Зрабі, каб не глядзеў і не гаварыў.

Рыгор. Як гэта?

Кацярына. У паперы сказана — пятнаццаць тысяч за галаву, але там не сказана, што за жывую. (Устае, бярэ на лаве ля лапця нож, дае Рыгору і сама кладзецца на ложак.)

Рыгор (трымаючы нож). Гэтак, можа, будзе лягчэй! Намерыцца, заплюшчыць вочы і... (Падыходзіць да Данілы.) Цяпер ты, Данілка, нічога на мяне не скажаш... Заўтра пан Яндрыхоўскі возьме тваю галаву і адлічыць мне пятнаццаць тысяч марак... І я паеду купляць ангельскіх свіней. Сябраву галаву аддаць за свінню — ці не занадта дорага будзе!

Кацярына (з ложка). Я табе не свіння.

Рыгор (не зважаючы на яе). Залатую галаву. Гэта галава думала і за сябе, і за такіх дурняў, як я... Усе паны ўздыхнуць з палёгкаю, што я ім долю бядняцкую прадаў.

Кацярына (не ўцярпеўшы, устае з ложка і падыходзіць да Рыгора). Годзе табе казань казаць! (Штурхае яго пад локаць.) Рабі хутчэй, што робіш.

Рыгор (паварочваецца да яе). А калі я не зраблю, тады што?

Кацярына (захліпаючыся ад злосці). Тады... тады праваліся ты разам з ім! Дагнівай тут з сваімі недатопкамі.

Рыгор (амаль заспакоены). Ну, што ж... Затое душа чыстая будзе.

Кацярына. А, ты і ўзрадаваўся! Не, я табе не дам спакойна тут дагніваць. Я заяўлю, што хаваеш бандыта, і цябе самога возьмуць, як здрадніка. Жандары тут, у нас у хаце.

Рыгор (з выклікам). Заявіш? А можа, пашкадуеш?

Кацярына. На чорта ты мне патрэбны гэтакі, каб цябе шкадаваць. (Хоча ісці да дзвярэй.)

Рыгор. Дык здохні ж лепш ты, гадаўка! (Б’е нажом у грудзі. Кацярына падае на падлогу.)

Рыгор (тузаючы за плячо, будзіць Данілу). Даніла, уставай!

Даніла (усхопліваецца і працірае вочы). Хіба ўжо? Смачна спаў, ды мала.

Рыгор. Хадзем, і я з табой.

Даніла (убачыўшы Кацярыну). Што гэта?..

Рыгор. Яна хацела твае пагібелі.

Даніла. Руку, друг! Цяпер я ведаю, што ты наш. (Цісне руку.) Што дзень, то больш у мяне баявых таварышаў. Трымайся, пане Яндрыхоўскі! Трымайся, панская сволач! (Выходзяць.)

Кацярына (насілу ўстае і садзіцца на падлозе. Слабым голасам). Людзі! Ратуйце! Лавіце! (Паўзе да парога.)

Заслона

 

АКТ ЧАЦВЁРТЫ

 

Карціна сёмая

Палявы штаб дывізіі — зямлянка ў сцяне невысокага абрыву. Над абрывам, на заднім плане — лес. Ля дзвярэй вартавы з вінтоўкаю. Справа падыходзіць дзед Бадыль.

Вартавы. Стой!

Дзед Бадыль (аглянуўшыся па баках). Гэта ты мне?

Вартавы. Пропуск ёсць?

Дзед Бадыль. Мне трэба начальніка бачыць.

Вартавы. Якога табе начальніка?

Дзед Бадыль. Самага большага. Луста яго прозвішча.

Вартавы. Ніякай Лусты тут няма. Ідзі, адкуль прыйшоў.

Дзед Бадыль. А вот і не пайду. (Садзіцца.) Буду сядзець, пакуль мне начальніка не дасі.

Вартавы. А нашто табе начальнік?

Дзед Бадыль. Гэтага я табе не скажу. Справу маю, але не з тваім розумам у ёй разабрацца.

Вартавы. Ідзі, кажу, а то страляць буду.

Дзед Бадыль. Ну, ну! Ты здуру яшчэ сапраўды бахнеш! Ёсць вунь каго страляць і без мяне.

Начдыў (выходзіць з зямлянкі). Што такое? Што гэта за чалавек?

Вартавы. Жабрак прычапіўся, таварыш начдыў. Хоча бачыць нейкага начальніка.

Дзед Бадыль. Не нейкага, а самага большага.

Начдыў. Я самы большы. Што табе трэба, стары?

Дзед Бадыль (мерае начдыва поглядам). Самы большы, кажаш? Не, тут другі павінен быць... Луста.

Начдыў. Такога я не ведаю... А што, цябе пакрыўдзілі?

Дзед Бадыль. Яшчэ і як пакрыўдзілі, каб ім бог не дапамог. Парсючка з’елі, жыта забралі, самога схвасталі.

Начдыў. Як! Не можа гэтага быць!

Дзед Бадыль. Як жа не можа быць! Што я — блазан, каб маніць?

Начдыў. Калі гэта праўда, дык мы за гэта па галаве не пагладзім. А парсючка табе вернем і жыта вернем. (Сам сабе.) Чорт ведае што такое! Усе рапартуюць аб высокім маральным стане байцоў, а тут такое безабразіе.

Дзед Бадыль. Безабразіе, таварыш! Такое безабразіе, што вытрымаць нельга. Адна надзея на вас.

Начдыў (гукае). Мікалай Пятровіч! Падыдзі сюды, калі ласка.

Голас Скібы. Нашто я табе?

Начдыў. Ды вось тут дзед скардзіцца, што чырвонаармейцы ў яго парсючка забралі...

Дзед Бадыль. Якія чырвонаармейцы! Што ты, таварыш! Пабойся бога!

Начдыў. А хто ж? Ты ж гаварыў толькі што.

Дзед Бадыль. Не чырвонаармейцы, а паны жандары, каб на іх халера.

Начдыў. Дык ты адтуль, з-за фронту? Прыйшоў нам скардзіцца на паноў?

Дзед Бадыль. А да каго ж мне ісці?

Начдыў (рагоча). Гэта здорава!

Дзед Бадыль (крыху пакрыўджаны). Табе смешкі, а нам там не да смеху. Народ жа пакутуе!

Начдыў. Не крыўдзіся, дзед. Не з цябе я смяюся, а таму, што рад. Калі адтуль народ ідзе да нас на паноў скардзіцца, значыць, справа іх — дрэнь. Значыць, мы іх паб’ём...

Дзед Бадыль. Галавой яны наложаць. Нашы хлопцы і самі іх шчыплюць патроху. Але дзе ж! Не сіла. Да вас прыйшоў паратунку прасіць. І не маеш права адмовіцца, калі ты за народ.

Начдыў. Чуў, Мікалай Пятровіч?

Скіба (падыходзячы). Ды мы ўжо раней сустракаліся з таварышам Бадылём. Здароў, бацька! Што добрае прынёс нам?

Дзед Бадыль (углядаючыся). Чакай! Дык гэта ж... (Да начдыва.) А вы, таварыш, казалі, што ў вас Лусты няма.

Начдыў. Гэта наш камісар, таварыш Скіба.

Дзед Бадыль (сканфужаны). Цьфу, каб ты спрахла! Сапраўды ж, Скіба! А я ўсё Луста ды Луста. Не гневайся, таварыш камісар: Луста ці Скіба — усё роўна... чалавеку на спажытак. Хе-хе-хе! Насілу пазнаў. Зусім перамяніўся.

Скіба (да начдыва). Я табе развіваў план удару цераз лес. Гэта чалавек, які нам можа дапамагчы. Гэта яшчэ адзін довад за.

Начдыў. Добра, паглядзім.

Скіба (да Бадыля). Як там Даніла?

Дзед Бадыль. Даніла маладзец, не спіць у шапку. Часцяком трывожыць паноў. Бывае, наскочаць дзе ды як дадуць, дык тыя і стрэльбаў адракуцца. Але ж і яны не шкадуюць. Наляцяць на вёску, аграбяць, людзей паб’юць ды яшчэ і падпаляць. Здзекуюцца, крыўдзяць, не дай бог! І народ, праўда, стаў адчаянны. Смерць дык смерць, а за сваё кожны гатоў стаяць. Не дачакаюцца людзі, каб хутчэй савецкая ўлада зноў вярнулася. І я вас прашу, таварышы, не марудзьце! Цяпер самая пара. А то народ не вытрымае, з голымі рукамі кінецца на гарматы і кулямёты. Крыві шмат будзе, і ўсё роўна ж не здужаем самі без Чырвонай Арміі.

Скіба. Цяпер ужо марудзіць не будзем. Не па сваёй віне марудзілі. Раскажы, як ты ішоў і што бачыў?

Дзед Бадыль. Ішоў я нагамі і глядзеў вачамі — так, як мне Даніла казаў.

Начдыў. Давайце прысядзем. (Садзіцца на траве і вымае з палявой сумкі карту. Да Скібы.) У мяне твой план з галавы не выходзіць. Рызыка надзвычайна вялікая, і мне трэба мець зусім ясную карціну мясцовасці, іначай ад твайго плана прыйдзецца адмовіцца.

Скіба. А нашто ж я чалавека турбаваў? Ён нам і праясніць гэтую карціну.

Начдыў. Калі цераз лес, дык галоўны кірунак я выбраў бы такі (водзіць пальцам па карце). Дом лесніка...

Дзед Бадыль. Гэта ж якога лесніка? Гаўрылы?

Начдыў. Тут не напісана, як яго зваць. Калі глядзець адгэтуль проста на Цітвяны, дык управа.

Дзед Бадыль. А, гэты! То там ніякага лесніка няма, і дом спарахнеў дарэшты.

Начдыў. Нам ляснік і не патрэбен, а вось рэчка там ёсць і берагі балоцістыя.

Дзед Бадыль. Глупства. Была некалі рэчка, калі млын стаяў вёрст за пятнаццаць ніжэй ды ваду падпіраў, а цяпер млын спалілі, дык і рэчка абмялела, і балота высахла.

Начдыў. Уброд перайсці можна?

Дзед Бадыль. Чаму не. Толькі берагі высокія — не ўз’едзеш, раскопваць трэба!

Начдыў. Адзначым. (Адзначае ў блакноце.) Таварыш пасыльны!

Падбягае пасыльны.

Знайдзіце камандзіра палка Кулагіна і перадайце, што я прашу яго сюды зараз жа.

Пасыльны (казырае). Ёсць папрасіць сюды камандзіра палка Кулагіна. (Адыходзіць.)

Начдыў. Далей мяне цікавіць урочышча Воўчы Хвост.

Дзед Бадыль. Ведаю. Каля гэтага «хваста» я цэлы дзень пратупаў — няхай ён спрахне. Лагчына там, ды такая ж паскудная! Што ні ступіш, дык навылёт і навылёт. Ледзь я там і з душой не загінуў і лапаць згубіў у гразі. Цэлую ноч ля агню сушыўся потым.

Начдыў. Ну і што ж?

Дзед Бадыль. Знайшоў назаўтра.

Начдыў. Лапаць знайшоў?

Дзед Бадыль. Мясціну знайшоў, дзе прайсці можна. Толькі ж ельнік такі густы, што і барсук не пралезе. Церабіць трэба.

Начдыў. Шмат церабіць?

Дзед Бадыль. Ды так, як вунь да тае бярозы.

Начдыў. Нічога, асілім як-небудзь. А далей да Цітвян як?

Дзед Бадыль. І далей асілім як-небудзь.

Начдыў. Трэба, каб маглі гарматы праехаць.

Дзед Бадыль. І гарматы праедуць. Толькі малайцоў дай мне з сякерамі ды з рыдлёўкамі. Часам дзе загаціць трэба будзе альбо буралом расцерабіць.

Кулагін (бярэ пад казырок). Па вашаму загаду прыбыў, таварыш начдыў.

Начдыў. А, здароў, таварыш Кулагін. (Вітаецца. Бадылю.) Ну, дзякую, таварыш Бадыль. (Паціскае руку.) Пойдзеш адпачнеш цяпер, а потым раскажаш усё больш падрабязна.

Скіба (гукае). Таварыш пасыльны!

Пасыльны (падбягае). Я, таварыш камісар.

Скіба. Завядзіце гэтага старога да памочніка начальніка штаба і перадайце, што я загадаў выдаць яму штаны, боты, звадзіць у лазню, накарміць і няхай спіць да распараджэння начдыва.

Пасыльны. Есць, таварыш камісар: памыць старога, накарміць, абуць у боты і палажыць спаць да распараджэння.

Начдыў. Ды не ў ботах спаць палажыць.

Пасыльны. Есць, таварыш начдыў: палажыць старога разуўшыся. (Адыходзіць.)

Начдыў (Кулагіну). Чуваць, Сяргей Міхайлавіч, што нашы гоняць палякаў з-пад Кіева. Што вы думаеце наконт гэтага?

Кулагін. Я думаю, таварыш начдыў, што яны правільна робяць.

Скіба. Ёсць весткі, што конніца Будзённага заняла Бярдзічаў.

Начдыў. Ці не думаеш ты, Сяргей Міхайлавіч, што мы павінны ўзяць прыклад з часцей Паўднёва-Заходняга фронту?

Кулагін. Мая часць у поўнай баявой гатоўнасці, таварыш начдыў.

Начдыў. Спадзяюся, што заўтра досвіткам мы ў гэтым пераканаемся. Загад дывізіі на наступленне ёсць, трэба яго рэалізаваць. Мы з камісарам спрачаліся аб кірунку ўдару. Я быў за тое, каб наступаць па бальшаку,— можа, меншы эфект, затое і рызыкі менш. Лезці ў балота з завязанымі вачыма я не згодзен быў. Але сягоння камісар выставіў мне такога козыра, як гэты дзед, якога ты толькі што бачыў.

Скіба. А дзед сапраўды казырны. Як ні круці, а павінен ты гэта прызнаць.

Начдыў. Прызнаю і раблю вывад. Нам неабходна прарваць фронт, прайсці лес і, заняўшы пераправу ля Цітвян, адрэзаць палякам шлях адступлення. Здолеем мы гэта зрабіць за адзін дзень — наша ўзяла, а засядзем у балоце — тут нам і крышка. Паны з лесу нас не выпусцяць.

Скіба. Партызанскаму атраду дадзена заданне захапіць пераправу і ўтрымліваць, пакуль хопіць сілы. А калі мы не падаспеем і далей трымацца нельга будзе — узарваць.

Начдыў. Узарваць — гэта крайняя мера. Думаю, што абыдзецца без гэтага. Толькі каб яны ў паніцы не зрабілі гэтага раней часу.

Скіба. Дрыль не панікёр, на яго можна спадзявацца.

Начдыў. Ваш полк, таварыш Кулагін, будзе наносіць галоўны ўдар. Якія сілы праціўніка на вашым участку, вам вядома?

Кулагін. Тры заставы, кожная з станковым кулямётам. Штаб батальёна ў фальварку Падлессе, вярсты за чатыры.

Начдыў. Абарона на шырокім фронце. Яны не думаюць, што мы самі палезем у гэту чортаву пастку. Тым лепш. За ноч полк прывядзіце ў поўную баявую гатоўнасць, зыходныя пазіцыі для наступлення заняць да світання. Звяжыцеся з камандзірам артпалка і ўкажыце яму дакладна, дзе знаходзяцца кулямёты праціўніка, якія будуць перашкаджаць нашаму наступленню.

Кулагін. Ёсць, таварыш начдыў.

Начдыў. Збіўшы заставы праціўніка, шпарка прайсці лес і к вечару заняць пераправу ля Цітвян. Прыдаю вам роту сапёраў і правадніка, гэтага старога.

Кулагін. Ёсць, таварыш начдыў.

Скіба. Ды глядзі, беражы старога, Сяргей Міхайлавіч. Гэта наша вока, каб нам яго не выбілі.

Кулагін. Будзьце спакойны, таварыш камісар, без патрэбы пад кулі не падстаўлю.

Начдыў. Астатнія ўсе ўказанні атрымаеце ў загадзе па дывізіі. Можаце ісці.

Скіба. Перадай камісару палка, каб сабраў увесь палітсастаў, я зараз буду гаварыць.

Кулагін адыходзіць.

Начдыў. Ты ж там, Мікалай Пятровіч, доўга не затрымлівайся, трэба будзе загад абмеркаваць.

Скіба. Пакуль вы з начальнікам штаба падрыхтуеце, я вярнуся. У прынцыпе ж усё дагаворана.

Хочуць ісці ў штаб. Да іх падыходзіць Бадыль у чырвонаармейскіх штанах і ў лапцях. За плячыма ў яго новыя чырвонаармейскія боты.

Скіба. Ну як, таварыш Бадыль, накармілі вас?

Дзед Бадыль. Дзякую. Наеўся, як на Дзяды.

Начдыў. А боты што ж не абуваеш?

Дзед Бадыль. Шкада, таварыш, цягаць па гразі. Добра будзе ў свята калі абуць.

Начдыў. Зносіш, дык мы другія дадзім.

Дзед Бадыль. Дзе я вас знайду тады? Вы, можа, за Аршавай будзеце.

Дэкарацыя 4-й карціны. Даніла сярод партызан.

Кастусь. І дзед Бадыль прапаў недзе. Як пайшоў, дык ні слуху ні духу.

Міхаль. Ваўкі з’елі недзе старога.

Халімон. Альбо палякі засеклі.

Даніла. Вось ні за што ні пра што пахавалі чалавека. А ён, можа, цяпер у дарозе ўжо — Чырвоную Армію вядзе.

Халімон. Цешыш ты, начальнік, нас і сам сябе. А мы і плакаць не збіраемся. Ведалі, чаго ў лес ішлі.

Даніла. Не цешу, а напэўна ведаю: наб’ём панам рыла. Так Скіба і перадаваў, што мы павінны чакаць іх сягоння ці заўтра.

Кастусь. Вось каб цяпер, здаецца,— сядзім мы тут, а Скіба з дзедам Бадылём шусь — добры дзень, таварышы! А за імі каб цэлы полк. Ох, і далі ж бы мы панам лупцоўку!

Даніла. Чакай! Нейкі голас чуваць. (Прыслухоўваецца.)

Халімон. Жаночы голас.

Міхаль. Можа, ягады збіраючы, дзяўчо якое заблудзіла.

Даніла. Збегай, Кастусь, паглядзі. Толькі асцярожна.

Кастусь бярэ вінтоўку і знікае ў ельніку.

Міхаль. А кепска нам будзе, мужчыны, калі Чырвоная Армія не ўдарыць. І сям’я загіне, і самому капут.

Халімон. А каб ты папрэў! І ён хныкае! Хоць бы барады свае пасаромеўся.

Міхаль. Трапятун ты, што ты разумееш!

Настуля (задыхаўшыся, падбягае з Кастусём). Мужчынкі, браточкі, палякі ў вёсцы!

Даніла. Шмат?

Халімон. Што яны робяць?

Міхаль. Бяда якая здарылася?

Настуля. Чалавек дзвесце. Яндрыхоўскі прывёў іх. Усіх нашых пабралі. (Данілу.) І Марыльку забралі, і Кастусёвых бацькоў, (Міхалю) і вашу, дзядзечка, усю сям’ю, (Халімону) і вашу. Я ледзь уцякла агародамі. Усіх заперлі ў Рыгораву хату і вокны дошкамі пазабівалі. Яндрыхоўскі сказаў, калі хоць адзін партызан шавяльнецца, дык пусціць з агнём і хату, і людзей.

Халімон (хапае вінтоўку). Бяжэм! Бяжэм ратаваць! За мной!

Некаторыя партызаны памыкаюцца бегчы за ім.

Даніла (крычыць). Стой!.. Назад!..

Усе спыняюцца і слухаюць.

Пан Яндрыхоўскі сказаў не шавяліцца, дык і не шавяліся... без толку. (Да Настулі.) Што яшчэ робяць паны?

Настуля. Па нашых хатах шныраць, валакуць што папала. На мосце варту паставілі... Чалавек дзесяць... з кулямётам.

Даніла. Мужчыны! Паны заварушыліся — па ўсім відаць, што Чырвоная Армія ідзе нам на выручку. Але чакаць мы не можам, бо могуць падысці новыя польскія часці, тады мы ім нічога не зробім. А там жа, у Рыгоравай хаце, чакаюць смерці блізкія нам і родныя людзі. Апошняя іх надзея — мы. І мы іх выратуем! Ці так я кажу, мужчыны?

Галасы. Так! Правільна! Выратуем! Пайшлі.

Рух у натоўпе.

Даніла. Стойце! Пакуль сцямнее, мы выйдзем з лесу. А там паміж жыта па межах будзем паўзці на жываце да самай вёскі. Каб ні стуку, ні груку, ні шэпту. Ударым, як гром з яснага неба, скрышым паноў, выратуем людзей і захопім мост. Толькі памятайце, калі хто з вас пападзецца Яндрыхоўскаму ў лапы, дык загіне і сам, і людзі, якіх мы ідзём ратаваць, і Арміі Чырвонай мы не дапаможам. Рыгор! Да моста, браток, пойдзеш ты. Вазьмі з сабою восем чалавек і ўсё, што я табе казаў. Пастарайся падкрасціся па кустах да моста як можна бліжэй і ўзяць польскую варту на мушку. Толькі не страляй, пакуль мы не наляцім з вёскі. А калі ў вёсцы сціхнуць стрэлы і крыкі і ты пачакаеш паўгадзіны і нас не прычакаеш,— значыць, нас няма на свеце. Тады дай залп, захапі мост, хоць на мінут дзесяць, і ўзарві. Сустрэнеш Скібу — далажы, што мы баявую задачу выканалі. Бывай! (Паціскае Рыгору руку.) Пайшлі, мужчыны! Не рана ўжо.

У натоўпе рух і гамонка. Разбіраюць зброю і патроны.

Ціха, асцярожна! Пан Яндрыхоўскі сказаў не шавяліцца.

Пакой у доме Яндрыхоўскага. Пан Яндрыхоўскі адзін — прачэрчвае лінію фронту на карце, што вісіць на сцяне.

Пан Яндрыхоўскі (круціць галавой). Вялікую непрыемнасць зрабілі нам пад Кіевам бальшавікі. Няўжо гэта канец? Няўжо так ганебна пахаваем мы свае мары аб вялікай польскай дзяржаве? Не, не можа быць! У нас тут яшчэ моцна трымаецца фронт... Прарыў пад Гневанню... Глупства, мы гэта ліквідуем. (Прыадчыняе дзверы.) Сяржант!

Сяржант. Што пан капітан загадае?

Пан Яндрыхоўскі. Чаму не далажыў аб выкананні загаду?

Сяржант. Не адважваўся турбаваць пана капітана. Загад пана выкананы: на мосце варта з кулямётам выстаўлена, парныя пасты вакол вёскі і маёнтка расстаўлены, усе сваякі тых, што ў лесе, сабраны ў адну хату і запёрты, як было загадана.

Пан Яндрыхоўскі. Па майму загаду пусціць з дымам... да бога.

Сяржант. Слухаю пана капітана. Па сігналу «зялёная ракета» жаўнеры гэта зробяць.

Пан Яндрыхоўскі. Падрыхтаваць сорак фурманак, каб дзяжурылі тут, у маёнтку.

Сяржант. Адступаць будзем, пане капітан?

Пан Яндрыхоўскі. Не размаўляць! Марш, марш!

Сяржант шчоўкае каблукамі, паварочваецца і ідзе да дзвярэй.

Стой!

Сяржант паварочваецца.

Аб адступленні не можа быць ніякай гутаркі. Разумееш?

Сяржант. Разумею, пане капітан.

Пан Яндрыхоўскі. Наша задача тут — ахоўваць пераправу і ліквідаваць банду Дрыля. Ідзі!

Сяржант выходзіць, у дзвярах сустракаецца з ксяндзом і дае яму дарогу.

(Ідзе насустрач ксяндзу і вітаецца.) Рад бачыць свентэго ойца.

Ксёндз. Як пан Болесь маецца? Ці надоўга бог прынёс сюды?

Пан Яндрыхоўскі. Не бог прынёс, ойча, а чырвоныя д'яблы прыгналі.

Ксёндз. Што-небудзь небяспечнае?

Пан Яндрыхоўскі. Ойча яшчэ нічога не ведае. Бальшавікі прарвалі фронт каля Гневані і маюць намер зайсці ў тыл нашай дывізіі.

Ксёндз. Езус Хрыстус! Нех пан буг ратуе!

Пан Яндрыхоўскі. Не пужайцеся, ойча. Яны яшчэ далёка. Нас з гэтага фронту прыкрываюць бездарожныя лясы ды непраходныя балоты. Ім прыйдзецца даць круг, а коні здохлыя, самі галодныя. Раней як праз два дні яны тут быць не могуць. А за гэты час наша дывізія здолее адысці і ўмацавацца на новым рубяжы ў гэтым вось раёне.

Ксёндз. Але ж лес кішыць нядобрымі людзьмі. Калі яны даведаюцца...

Пан Яндрыхоўскі. Мы пад надзейнай вартай. Са мной дзве сотні жаўнераў. Пакідаючы павет, я ад камандавання атрымаў даручэнне ахоўваць пераправу тут да прыходу нашых часцей. Вакол вёскі выстаўлены пасты, у лес выслана разведка.

Ксёндз. Дзякуй пану. Цяпер я заспакоены. Буду дзень і ноч бога маліць аб перамозе над антыхрыстамі.

Пан Яндрыхоўскі. Павінен, аднак жа, ойча, сказаць вам па сакрэту, што справы нашы на фронце не зусім добрыя. Наш паход на Кіеў скончыўся дрэнна. Конніца Будзённага прарвала фронт і зайшла ў тыл нашым.

Ксёндз. Ратуй мяне, божа!.. Нячыстая сіла сядзіць у гэтых людзях. Антыхрыст ім дапамагае. Але на нашым баку сам пан бог.

Пан Яндрыхоўскі. Калі б да боскай дапамогі ды яшчэ пару карпусоў...

Ксёндз. Пан Болесь думае...

Пан Яндрыхоўскі. Што і гэты раён, магчыма, давядзецца нам пакінуць.

Ксёндз. Нават?

Пан Яндрыхоўскі. Так... Думаю, што ойча, у выпадку чаго, застанецца на месцы.

Ксёндз. Дрэнны той пастыр, які пакіне статак свой на спажыву ваўкам.

Пан Яндрыхоўскі. Думаю, што ойча будзе добрым служкам не толькі богу, але і айчызне.

Ксёндз. Маю гонар быць патрыётам свае айчызны.

Пан Яндрыхоўскі. Я ў гэтым быў упэўнены. Значыць, калі нам патрэбны будуць некаторыя весткі, ойча праз пэўных людзей заўсёды здолее іх сабраць і нам даставіць.

Ксёндз. Няхай пан будзе пэўны. Толькі пры маім духоўным званні мне не заўсёды зручна будзе здабываць гэтыя весткі.

Пан Яндрыхоўскі. Ойча занадта скромны. У гэтай мясцовасці нямала ёсць людзей набожных, якія на споведзі ахвотна раскрыюць душу свентэму ойцу.

Ксёндз. Гэта толькі адна крыніца, якая мне даступна.

Пан Яндрыхоўскі. А для другой крыніцы ёсць у мяне ў павеце чалавек, з якім ойча павінен будзе пазнаёміцца.

Ксёндз. З вялікай прыемнасцю.

Пан Яндрыхоўскі. Я не супакоюся да тае хвіліны, пакуль нашы мары і нашы планы не будуць здзейснены.

Стук у дзверы.

Проша.

Уваходзяць Маргун і Кацярына ў шлюбным убранні.

Маргун. Добры вечар, паніч!

Пан Яндрыхоўскі. А, сам пан стараста з дачкой! Што скажаце?

Маргун. Прыйшлі паніча на вяселле прасіць.

Пан Яндрыхоўскі. Дачку аддаеш?

Маргун. Аддаю, панічок. За пана Шмігельскага.

Пан Яндрыхоўскі. Гэта тая?

Маргун. Тая, пакутніца. Дзякуем панічу за доктара, за дапамогу.

Пан Яндрыхоўскі. Жадаю шчасця тваёй дачцэ. Яна яго заслужыла, прыняўшы ад рукі бальшавіка пакуту за нашу справу.

Ксёндз (падыходзіць да Кацярыны). Слаўную дачку выгадаваў Маргун. Шкада, што не каталічка. (Злёгку пагладжвае яе па галаве.) І жаніха ёй за гэта бог даў добрага. Шмігельскі чалавек сталы і гаспадарлівы. Жывіце, дзеці мае! Шануйце бога, шануйце айчызну, шануйце ўладу. Хто з намі, з тым сам бог, а хто супроць нас...

Шырока расчыняюцца дзверы, і два жаўнеры ўпіхаюць у хату Рыгора. Вопратка на ім падраная, твар у крыві. Ззаду ўваходзіць сяржант.

Маргун (кідаецца да Рыгора). Вось ён, разбойнік! Папаўся!

Пан Яндрыхоўскі. Чакай, стараста. (Сяржанту.) Зялёную ракету... Да бога!

Сяржант казырае і выходзіць.

Маргун. Гэта, пане, забойца мае дачкі.

Пан Яндрыхоўскі (да жаўнераў). Дзе ўзялі?

Жаўнер. Ля моста, у кустах, пане капітан, з карабінам.

Пан Яндрыхоўскі. Што пры ім яшчэ было?

Жаўнер. Дзесяць штук патронаў, больш нічога.

Пан Яндрыхоўскі. Пакажыце.

Жаўнер падае патроны.

(Пан Яндрыхоўскі іх разглядае. Да Рыгора.) Хадзі бліжэй, бандыт!

Жаўнеры падводзяць Рыгора да Яндрыхоўскага.

Галаву вышэй! З табой размаўляе павятовы камісар. (Штурхае абоймай у падбародак.) На каго ты гэта насіў?

Рыгор. На тых, што топчуць нашы палеткі, што топчуць у гразь наш народ.

Пан Яндрыхоўскі. Зразумела! Гэта патроны нашы, нашай арміі. Дзе ты іх узяў?

Рыгор маўчыць.

Значыць, ты з банды Дрыля, што нападала на нашы абозы?

Рыгор маўчыць.

Дзе Дрыль цяпер?

Рыгор маўчыць.

Скажы, дзе Дрыль, дарую жыццё.

Рыгор маўчыць.

Жыццё і пятнаццаць тысяч... тых, што ты хацеў за яго ўзяць раней. Падумай.

Рыгор. У магіле Дрыль.

Пан Яндрыхоўскі. Як гэта — у магіле?

Рыгор. Ранены памёр.

Пан Яндрыхоўскі. Банда дзе?

Рыгор. Паразыходзіліся хто куды.

Пан Яндрыхоўскі. Ты чаго каля моста быў?

Рыгор. Дадому ішоў ды на варту наткнуўся.

Пан Яндрыхоўскі. Брэшаш!

Рыгор. Я не сабака.

Пан Яндрыхоўскі. Не веру ніводнаму слову. Глядзі ў акно — бачыш агонь? Гэта займаецца твая хата. Ведаеш, хто там запёрты?

Рыгор. Ведаю.

Пан Яндрыхоўскі. Яшчэ не позна. Ты іх можаш выратаваць — скажы, дзе банда?

Рыгор глядзіць з жахам на пажар, ногі яго млеюць, і ён асядае на падлогу.

Ксёндз (падыходзіць да Рыгора і кладзе яму руку на галаву). Не будзь упартым, сын мой. Праз тваю ўпартасць могуць загінуць людзі. Гэтым ты бярэш цяжкі грэх на душу сваю. Скажы, і адпусцяцца табе ўсе грахі твае.

Рыгор з агідай адштурхоўвае ксяндзову руку. Ксёндз павольна, але выразна ківае Яндрыхоўскаму.

Пан Яндрыхоўскі (жаўнерам). Вазьміце яго!

Жаўнеры. Што з ім рабіць, пане капітан?

Пан Яндрыхоўскі (дае жаўнеру патроны). Няхай ён спажыве гэта... што нам прыгатаваў.

Жаўнеры бяруць Рыгора пад рукі і збіраюцца выходзіць.

Кацярына. Пане капітан, я маю да пана просьбу.

Пан Яндрыхоўскі. Я слухаю. Чаго панна млода хоча?

Кацярына (паказваючы на Рыгора.) Гэта мой каханы. Я прашу, каб яго не расстрэльвалі.

Пан Яндрыхоўскі. Але ж гэта немагчыма!

Маргун. Дачушка! Апамятайся, аб чым ты просіш!

Кацярына. Я хачу, каб ён на маім вяселлі пагуляў! Павесьце яго, пане, на клёне перад акном нашай хаты.

Пан Яндрыхоўскі (стрымана.) Брава, брава! Гэту просьбу я з прыемнасцю выканаю. (Да жаўнераў.) Зрабіце так, як панна млода просіць.

Жаўнеры выводзяць Рыгора.

Рыгор (у дзвярах). Няхай жыве савецкая ўлада!

Жаўнер. Мільч, холера! (Б'е яго прыкладам.)

Пан Яндрыхоўскі (падыходзіць да адчыненага акна і глядзіць на пажар). Светла будзе яму аж да самага пекла. Няхай свенты ойча памоліцца за мяне, калі я тут саграшыў.

Ксёндз. Пан бог бачыць тую вялікую мэту, дзеля якой гэта робіцца. Сама царква каталіцкая ачышчала сябе агнём.

Пан Яндрыхоўскі (прыслухоўваецца). Страляюць?.. Што такое?

Чутны далёкія крыкі «ўра».

Маргун. Гэта Дрыль. Панічок, хаваймася!

Пан Яндрыхоўскі. Думаю, што мае жаўнеры не дапусцяць сюды Дрыля.

Ксёндз. Які страшны, дзікі крык!

Кацярына (гледзячы ў акно). Яны сюды бягуць.

Пан Яндрыхоўскі (крычыць у акно). Сяржант! Сяржант! Дзе яго д’яблы ўзялі! Гэй, хто там? Коні, коні падайце! (Выбягае за дзверы. За ім Маргун, Кацярына і ксёндз.)

Некалькі хвілін на сцэне пуста. Крыкі «ўра» набліжаюцца. У акне паказваецца галава Данілы. Ён улазіць праз акно ў пакой і паспешна запіхае ў кішэні паперы, кінутыя панам Яндрыхоўскім. У пакой праз дзверы ўваходзіць задам пан Яндрыхоўскі, наставіўшы перад сабою рэвальвер. Даніла раптоўна хапае яго ззаду і валіць на падлогу.

Даніла. Ну, пане Яндрыхоўскі! Ты хацеў мяне мець за пятнаццаць тысяч. Я сам прыйшоў. Пятнаццаць тысяч у пана ў кішэні астанецца.

Пан Яндрыхоўскі. Дрыль? Забойца маткі мае?

Даніла. Ты забойца тысяч людзей, якія ў тысячу разоў вартней за тваю матку.

У дзвярах, падняўшы рукі ўгару, з’яўляюцца ксёндз, Маргун і Кацярына. За імі ўзброеныя Батура, Міхаль, Халімон, Настуля.

Ксёндз (дакорліва ківаючы галавой). І ты, Батура?

Батура. I я, Батура.

Ксёндз. На сваіх пайшоў?

Батура. Сваяк знайшоўся! Вунь твой сваяк! (Паказвае на Яндрыхоўскага.) А мая радня тут. (Паказвае на партызан.)

Даніла. А ты, служка божы, таксама ваюеш з намі?

Ксёндз. Я воін з арміі пана бога. Мая зброя — слова боскае. Не смерць я нясу людзям, а палёгку душы і целу.

Даніла. Хораша пяеш, паглядзім, дзе ты сядзеш.

Рыгор (урываецца ў пакой). Цяпер-то я пагуляю на вяселлі!

Цэліцца з вінтоўкі ў Кацярыну. Яна хаваецца за ксяндза, які ў сваю чаргу хоча схавацца за яе.

Даніла (адводзіць вінтоўку). Чакай! Не цяпер!

Кастусь (убягае). Ура! Полк прыйшоў! Скіба і дзед Мікола.

Партызаны. Дзе яны? (Кідаюцца да акон.)

Уваходзіць дзед Бадыль, за ім Скіба, начдыў, Кулагін.

Дзед Бадыль (ківае пальцам на Яндрыхоўскага і іншых). Я вам пакажу, гіцлі!

Даніла (падыходзіць да Скібы і рапартуе). Таварыш камісар! Партызанскі атрад баявую задачу выканаў: банда пана Яндрыхоўскага разбіта, пераправа за намі.

Скіба. Ад імя Чырвонай Арміі—дзякуй, таварышы партызаны!

Даніла. Няхай жыве Чырвоная Армія!

Дзед Бадыль. Няхай жыве здароў таварыш Ленін!

Скіба. Арыштаваных вядзіце за мной.

Даніла. Халімон, замятай паноў!

Дзед Бадыль. Замятайце, браткі! Вымятайце ўсю гэту поскудзь з нашай зямлі, каб яна тут і не смярдзела.

Усе выходзяць.

Канец

1937


1937?

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6-ці т. Т. 3. Раман, п'есы / Уклад., камент. С. Лаўшука; Маст. А.Александровіч. - Мн.: Маст.літ., 2000. - 382 с., іл.
Крыніца: скан