epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Пажар

(Байка)

Нядрэнныя Брандмайстар вочы мае:

Надоечы здалёк

Убачыў ён дымок,

А дыму ж без агню, напэўна, не бывае.

— Пажар! Пажар! — сігнал трывожны.—

Гарыць! Скарэй! Гарыць!

І жвава рухаецца кожны

З трывогай на твары.

Гатова ўсё праз дзве хвіліны:

Вяроўкі, бусакі, драбіны...

Вось вынырнуў з агульнай кучы

Начальніка шалом бліскучы.

— За мной! Галопам — маррш! —

Скамандаваў Брандмайстар наш.

Абоз імчыцца па завулку,

Грыміць, і трубіць, і звініць.

Там дышлем цюкнулі бабульку,

Там зад адціснулі свінні.

Наперадзе насос, за ім жа бочкі тураць.

Прыджгалі: — Стой! — Нарыхтаваўшы кішку,

Пажарнікі збянтэжыліся крышку:

— А дзе ж пажар? То ж дзядзька люльку курыць.

— Табака добрая, чаму не пакурыць?

Аднак было б там лаянкі багата,

Ды толькі зноў — «Пажар! Гарыць!»

 

На гэты раз Брандмайстарава хата.

Ён, кажуць, праз дурную спешку

Закінуў сам у стружкі галавешку.

 

Быў крытык мой адзін заўзяты,

І ён цяпер сядзіць без хаты.

 

1929


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 225-226
Крыніца: скан