epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Пяюць жаваранкі

Акт першы
  Карціна першая
Акт другі
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
Акт трэці
  Карціна чацвёртая
  Карціна пятая
Акт чацвёрты
  Карціна шостая


П'ЕСА Ў ЧАТЫРОХ АКТАХ, ШАСЦІ КАРЦІНАХ

 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ:

Насця Вярбіцкая — перадавая калгасніца, агратэхнік.

Аўдоцця Захараўна Вярбіцкая — яе маці.

Іван Міхайлавіч Туміловіч — старшыня калгаса.

Макар Піліпавіч Пытляваны — старшыня другога калгаса.

Мікола Верас — брыгадзір.

Сымон Максімавіч Верас — яго бацька.

Паўліна Бохан — калгасніца, удава гадоў пад сорак.

Цімох Пятровіч Паланевіч — другі сакратар абкома.

Круглік — намеснік старшыні аблвыканкома.

Вера Паўлаўна Марозава — начальнік абласнога кіраўніцтва сельскай гаспадаркі.

Здаравеня — калгасны бухгалтар.

Бандарчык — рахункавод.

Маша — тэхсакратар абласнога кіраўніцтва сельскай гаспадаркі.

Ліда, Каця — калгасніцы, Насціны сяброўкі.

Раман — шафёр.

Валодзя — шафёр.

Афіцыянтка ў сталоўцы.

Вясельныя госці.

 

Акт першы

 

Карціна першая

Хата Аўдоцці Вярбіцкай. Злева — уваходныя дзверы. Улева ад дзвярэй — руская печ. Ад печы праз усю хату дашчаная перагародка з дзвярамі ў бакоўку. У правай сцяне — акно на вуліцу. На авансцэне з правага боку — стол, засланы абрусам. На дварэ сакавік. Праз акно льюцца праменні яркага вясновага сонца. Аўдоцця ўвіхаецца каля печы. Насця збіраецца на работу: апранае ватоўку, бярэ ў рукі сякеру, прабуе пальцам лязо.

Насця. Мама, дзе гэта наш брусок?

Аўдоцця. Глядзі за комінам.

Насця. Я ж цябе прасіла, каб ты майго струманту за комін не закідала. Вунь яму месца, на паліцы. (Бярэ за комінам брусок.)

Аўдоцця. Цябе ж у балаторыю прызначалі, а ты зноў за сякеру бярэшся.

Насця. Лабараторыя яшчэ не абсталявана, а хмызняку шмат церабіць. Нязручна ж мне адной гуляць, калі ўсе дзяўчаты на работу ідуць. І працадзень будзе запісаны.

Аўдоцця. Каб жыў быў Міша, не даў бы ён табе гэтага струманту. Як ён, мой сынок, цешыўся, што ў яго такая сястрычка расце! (Яна гатова заплакаць.)

Насця. Не трэба, мама.

Аўдоцця. Восем дзянёчкаў не дацягнуў да канца вайны.

Насця. Ты зноў разжаліш сябе на цэлы дзень. Ён не любіў слёз.

Аўдоцця, перамагаючы жаль, выцірае слёзы. Насця пачынае вастрыць сякеру.

Аўдоцця (пасля паўзы). Няхай жа ж бы ты яшчэ блінец з’ела.

Насця. Не хачу, пад’ела ўжо.

Аўдоцця. Мо скварку возьмеш з сабой?

Насця. Не, дадому прыйду абедаць.

Аўдоцця. Прыйдзеш, як сцямнее. Я цябе ведаю.

Насця. Сёння раней прыйду.

Аўдоцця. Можа, вам не канечне ў нядзелю і на работу ісці? Такі ж савецкая ўлада нездарма ўстанавіла выходны дзень... Мусіць жа, для таго, каб людзі адпачывалі.

Насця. Шкада дзень такі ўтраціць. Хутка зямлю пусціць.

Аўдоцця. Ды хутка ўжо. Жаваранкі пачынаюць пець. Я чула сёння, пойла несучы. Нясмела так, як быццам вучацца.

Насця. Вось і трэба спяшацца. Лагчына ж там. Залье вадой і не падступішся.

Аўдоцця. Я гэта разумею, але ж і цябе мне шкада. Дзяўчына ж ты: і пагуляць і павесяліцца трэба.

Насця. Папрацую, а тады і пагуляю ў ахвоту.

Аўдоцця. Замуж пойдзеш, тады ўжо так не пагуляеш.

Насця. Дзе той яшчэ замуж.

Аўдоцця. І матцы не прызнаешся.

Насця. Няма ў чым.

Аўдоцця. А я ўсё ведаю.

Насця. Што ты ведаеш?

Аўдоцця. Старшыня мне казаў, што да цябе дабіваецца нейкі брыгадзір, аж з другога раёна.

Насця. Дабіваецца, ды ніяк не даб’ецца.

Аўдоцця. Распытваў пра цябе ў старшыні. Казаў — у сваты прыедзе.

Насця. Тады тое будзе.

Аўдоцця. А ты нібыта нічога не ведаеш?

Насця. Крыху ведаю. Яшчэ зімой была з ім у нас гаворка.

Аўдоцця. Чакаеш, значыцца? Дай божа табе шчасця. Хаця каб чалавек добры трапіўся.

Уваходзяць з сякерамі Паўліна, Каця і Ліда.

Паўліна. Дзень добры ў хату.

Аўдоцця. Дзень добры.

Паўліна. Але ж якраз на бліны паспелі.

Ліда (дэкламуе).

 

Дзень быў святы. Яшчэ ад рання

Блінцы пякліся на сняданне...

 

Аўдоцця. А вы такі сядзьце ды з’ешце па блінцу. Дужэйшыя будзеце з хмызняком змагацца.

Каця. Дзякуем, цётачка. Мы дома паснедалі.

Паўліна. Вы, дзяўчаткі, як сабе хочаце. Вам-то яно і не варта шмат есці — фігуру сапсуяце. А я такі з’ем гарачы.

Аўдоцця (кладзе на талерку гарачы блін і падае Паўліне). Пасілкуйся крыху.

Паўліна (бярэ блін). Дзякую, матачка. Я сваіх сёння не пякла.

Насця (жартаўліва.) На чужыя спадзявалася?

Паўліна. Не аб’ем вас бедненькіх. Пшанічкі ж пудоў дваццаць, здаецца, атрымалі.

Аўдоцця. А можа б, з’елі, дзяўчаткі, і вы? За фігуру я ўжо буду адказваць, калі што якое. Ліда, няўжо і ты саромеешся?

Ліда. Не саромеюся, але дапраўды ж не хачу, цётачка. Мы ж не на пагулянку ідзём, дык запраўляліся як мае быць.

Аўдоцця. Не хочаце — як хочаце.

За акном чуваць песня. Гэта хлопцы, ідучы на работу, пяюць частушкі, прысвечаныя дзяўчатам.

 

У Настулі поўна хата:

Дзеўкам гулі, дзеўкам свята,

А хмызняк сабе расце,

А брыгадка у хвасце.

 

Дзяўчаты кідаюцца да акна. Адказваюць хлопцам частушкай.

 

Ах, які там абібок

Словы кідае ў наш бок?

Сам ваюе з хмызняком

Толькі доўгім языком.

 

Аўдоцця. Я ўжо Насці казала: можа, не канечне вам сёння ісці на работу. Такі ж нядзелька. Бог і той, як вас некалі вучылі, шэсць дзён працаваў, а на сёмы ўсё-такі мусіў адпачыць.

Ліда. Яму не было з кім спаборнічаць, а нас вунь Марцінава брыгада абганяе.

Паўліна (канчаючы есці блін). Сёння, дзяўчаткі, нам трэба паднаціснуць, каб работу зрабіць ды яшчэ і пагуляць. Вечарам кіно, хлопцы зарачанскія прыйдуць, так што трымай фасон. Я ўдава і то думаю не падкачаць. (Ставіць талерку на лаву.) Дзякую, матачка. Цяпер хоць дубы варочаць.

Ліда ўключае рэпрадуктар. Чуецца песня на словы Янкі Купалы «Вечарынка ў калгасе...». Каця і Ліда падпяваюць.

Насця (устае з сякерай у руках). Ну, дзевачкі, канчайце песні.

Паўліна. Канчайце, дзяўчаты, на гэта вечар будзе. Каця, выключай!

Каця хоча даслухаць песню. Паўліна падыходзіць і выключае рэпрадуктар. Глянула ў акно.

Паўліна. А вой-вой-вой! Што ж гэта за важныя госці завіталі ў наш калгас!

Каця. Дзе?

Паўліна. Ды вунь ідуць па вуліцы з нашым старшынёй.

Аўдоцця. Можа, з раёна хто?

Ліда (глядзіць у акно.) Не, у раёне такіх, здаецца, няма.

Паўліна. А хлопец які фартовы! У паліто, у капелюшы. Налятай, каму замуж пара, а я пачакаю.

Каця. Фартовы, ды ў наш бок глядзець не хоча.

Насця. Можа, які карэспандэнт... (Падышоўшы да акна, глянула і крыху сумелася.) А, гэты...

Усе паварочваюцца да яе і падазрона глядзяць у твар.

Паўліна. Ты хіба яго ведаеш?

Насця (нехаця). Крыху ведаю... Гэта брыгадзір з калгаса «Новая ніва». А той, старэйшы, мусіць, іх старшыня.

Каця. Брыгадзір? А я думала, прафесар які.

Ліда. Замалады на прафесара.

Паўліна. Адкуль жа ты яго ведаеш?

Насця. Разам на агратэхнічных курсах былі.

Паўліна (падазрона). Нешта ты, дзяўчына, паружавела. Якія вы там курсы праходзілі — бог вас ведае.

Насця (жартаўліва-начальніцкім тонам). Загадваю спыніць недарэчную балбатню! Слухай маю каманду. У руж’ё! За мной — шагам марш! (Накіроўваецца да дзвярэй. Ліда і Каця ідуць за ёю.)

Паўліна (глянуўшы ў акно). Чакай, чакай! Далібог жа ў двор завярнулі.

Аўдоцця. А дай ты рады. (Выцірае аб фартух рукі, папраўляе хустку. Дзяўчаты топчуцца ля дзвярэй.)

Паўліна. Ну, Насця, трымай фасон! Глядзі, каб ты гэтыя курсы скончыла на круглыя пяцёркі.

Ліда (разгублена глядзіць на сваю рабочую вопратку). Фасон — няма чаго сказаць!

Паўліна. А вас, дзевачкі, тут ніхто на выстаўку не выстаўляе. Пайшлі ў катух!

Паўліна з сякерай, за ёй Ліда і Каця, спяшаючыся, ідуць у бакоўку. Насця таксама памкнулася за імі.

Аўдоцця. Ты ж не хавайся. Можа, сапраўды, да цябе інтэрас маюць.

Уваходзяць Туміловіч, Пытляваны, Мікола і застаюць Насцю сярод хаты з сякерай у руках.

Туміловіч. Добры дзень.

Мікола. Добрай раніцы.

Пытляваны. Дзень добры.

Аўдоцця. Дзень добры.

Усе вітаюцца за рукі.

Туміловіч (падыходзіць да Насці). Вось як у нас! Няхай паспрабуе падступіцца які-небудзь агрэсар. (Ківае на Міколу.)

Мікола. А мы з мірнымі намерамі. (Вітаецца з Насцяй, як з добра знаёмай.) Як жывём-маемся, Настасся Рыгораўна?

Туміловіч. А калі з мірнымі, тады прапаную раззброіцца (бярэ з рук Насці сякеру) і сесці за круглы стол.

Аўдоцця. Стол хоць і не круглы, але добрыя людзі за ім яшчэ не былі пакрыўджаны.

Туміловіч. Дазвольце нам ужо і распрануцца, Аўдоцця Захараўна, бо нашы госці маюць намер пасядзець ды пагутарыць.

Аўдоцця. А калі ласка — распранайцеся. Мы самі рады пагутарыць з добрымі людзьмі. Насця, вазьмі вопратку!

Насця бярэ бякешу Пытляванага і вешае на вешалку. Туміловіч і Мікола вешаюць сваю вопратку самі. Мікола застаецца ў добрым, акуратна пашытым касцюме. Туміловіч у кіцелі ваеннага крою.

Аўдоцця (змахвае фартухом пыл з зэдліка, падсоўвае крэслы). Сядайце, калі ласка.

Туміловіч. Сядзелі на гэтай нядзелі. (Садзіцца першы, за ім — Пытляваны. Мікола падае крэсла Насці, якая стаіць, прыпёршыся плячамі да печы, і сам садзіцца побач з ёю. Яны пачынаюць паціху размаўляць паміж сабой.)

Пытляваны. Аўдоцця Захараўна, мусіць, не ведае, што мы за людзі. То ўжо ты, Іван Міхайлавіч, адрэкамендуй нас.

Туміловіч. Гэта такія людзі, Аўдоцця Захараўна, што з імі трэба трымаць вуха востра. Чулі, можа,— ёсць такі калгас багаты — «Новая ніва»?

Аўдоцця. Чулі, чаму ж не. Добрае далёка чуваць.

Туміловіч. Дык вось гэта — старшыня таго калгаса, Макар Піліпавіч Пытляваны. А гэта — яго лепшы брыгадзір. Мікола Верас.

Аўдоцця. І прозвішчы гэтыя нам вядомы.

Туміловіч. А ведаеце, чаму гэты калгас багаты?

Аўдоцця. Мусіць, добра робяць, дык і багаты.

Туміловіч. Для сябе-то яны добра робяць. Ездзяць па калгасах, выглядаюць, дзе ёсць што самае лепшае, і забіраюць. Вось чаму яны багатыя.

Аўдоцця. То, мусіць, яны варты таго, калі ім даюць. Для добрых людзей і найлепшага не шкада.

Туміловіч. Добра вам так гаварыць, калі вас не абыходзіць. А што мне рабіць, калі яны хочуць забраць у мяне майго агратэхніка — Настассю Рыгораўну Вярбіцкую?

Аўдоцця (глядзіць на дачку). То яна ж і мне нейкай крыху раднёй прыходзіцца.

Туміловіч. Вось як! Тады мы з вамі саюзнікі. Які ж у нас будзе план?

Аўдоцця. Паспрабуем супраціўляцца.

Мікола. Вось нас і адрэкамендавалі, Макар Піліпавіч! Выходзіць, што мы нейкія грабежнікі: толькі тым і жывём, што ў людзей адбяром. А мы тым часам і сваё сёе-тое маем.

Пытляваны. А калі ўжо бяром у людзей, дык і іх не крыўдзім. Супроць чужога добрага сваЁне горшае выстаўляем. А добрае да добрага, дык выйдзе найлепшае.

Туміловіч. А каму яно дастанецца, гэта найлепшае?

Пытляваны. А гэта паводле закону ўжо... Як у людзей, так і ў нас. Звычай ламаць мы не збіраемся.

Насця. Гледзячы які звычай. Мы шмат што зламалі. І звычай, калі ўстарэлы, таксама можна зламаць.

Пытляваны (падморгвае Міколу). Праціўнік аказвае моцнае супраціўленне.

Аўдоцця. У нас пазіцыя моцная — на печ апірараемся.

Туміловіч. І зброі хапае ў качарэжніку.

Пытляваны. Жарты жартамі, Аўдоцця Захараўна, а калі гаварыць насур’ёз, дык мы прыехалі не грабіць вас, а прасіць вашай ласкі, каб вы аддалі нам сваю дачку. Харошая яна ў вас, і праўду ваш старшыня сказаў, што мы на яе вока маем.

Аўдоцця. Харошую ж і аддаваць шкада.

Пытляваны. Што зробіш. Такая ўжо доля матчына: чым лепшая дачка, тым хутчэй яе забіраюць. Гэты мой хлопец быту мне не даў. «Можа, кажу, на май адкладзём?» Дзе там! «Нам з ёю, кажа, і ў сакавіку будзе май». А хлопец — я вам не хвалячы скажу — не благі. Лепшы брыгадзір у маім калгасе. А калгас наш, вы ж самі чулі, не апошні ў вобласці. Да ўзнагароды прадставілі. Хлопец павінен немалы ордэн атрымаць.

Мікола. Ой, дзядзька Макар! Я аж пачырванеў ад сораму. Расхвальваеце вы мяне, як на кірмашы.

Пытляваны. То, можа, табе яшчэ і жаніцца рана, калі ты такі сарамлівы? Трэба ж людзям ведаць, з кім яны справу маюць. А можа, я лайдака якога прывёз. (Да Аўдоцці.) Дык што вы нам на гэта скажаце, Аўдоцця Захараўна?

Аўдоцця. Што ж я магу сказаць... Добраму чалавеку я рада, а там ужо іх справа. Аддаць сілаю я не аддам і ўтрымаць не ўтрымаю. Яе доля, яе і воля.

Пытляваны. Дзякуем вам і за тое, што не пярэчыце. А іх мы спытаемся само сабою. (Глядзіць на Міколу і Насцю.) Пакуль мы тут сёе ды тое, дык яны, можа, ужо і зладзілі. Малады больш здатны на ўгаворы, чым стары.

Мікола. Па аднаму пытанню ніяк да згоды не прыйдзем.

Пытляваны. Што, ганьбу табе даюць?

Насця. Ганьбы я не даю. Мы з Мікалаем Сымонавічам не першы раз сустракаемся. І ўжо гаварылі пра гэта.

Мікола. І згода ў нас была.

Насця. Была згода, але ж мы тады аб усім не дамаўляліся.

Мікола. Я мяркую, што Настасся Рыгораўна павінна ў наш калгас пераехаць.

Пытляваны. А як жа? Абавязкова.

Насця. Чаму абавязкова?

Пытляваны. А што, вам наш калгас не падабаецца?

Насця. Я вашага калгаса яшчэ не бачыла.

Пытляваны. Мусіць, маму шкадуеце пакідаць? Дык мы і маму забяром.

Туміловіч. Сват ласы на чужыя прыпасы. Мала таго, што агратэхніка ў мяне забірае, дык яшчэ хоча і лепшую цялятніцу забраць.

Аўдоцця. У дачкі хоць згоды пытаюцца, а мяне дык не пытаючыся забіраюць, ласку робячы. А я яшчэ, можа, і не прыму такой ласкі.

Мікола. Прабачце, Аўдоцця Захараўна. Мы думалі, што вам прыемна будзе жыць разам з Насцяй.

Аўдоцця. Мяне тут людзі паважаюць за маю працу, а на якім я становішчы ў вас буду, гэтага я не ведаю. Можа, я ў вас на апошнім месцы буду.

Пытляваны. Ды вам у нас зусім працаваць не прыйдзецца. Вы ўжо і адпачыць маеце права. Будзеце ўнукаў няньчыць. А цялятніц у нас хопіць.

Аўдоцця. Вось бачыце! У вас ужо і работы для мяне не знаходзіцца.

Пытляваны. Зноў не патрапіў сказаць!

Аўдоцця. Урэшце, тут мая справа дзесятая. Дачку сватайце, не мяне. А я памяркую ўжо, як мне зручней.

Насця. Ад мамы мне, вядома, не хочацца адыходзіць, але справа тут не ў гэтым. Я пытаюся: чаму я абавязкова павінна ісці да яго, а не ён да мяне?

Пытляваны (здзіўлены такім запытаннем). Смешна вы пытаецеся — чаму!

Насця. Ну так — чаму?

Пытляваны. Ды так яно вядзецца спрадвеку.

Насця. Ці мала што было спрадвеку. Спрадвеку сацыялізма не было, а мы яго збудавалі.

Пытляваны. Разумніца мая, дык пры чым жа тут сацыялізм?

Насця. Вельмі пры чым. Спрадвеку жанчына нявольніцай была ў сям’і, а я свабодная савецкая жанчына.

Мікола. Дык вы ж і будзеце свабоднай.

Пытляваны. Мы вас за краты не пасадзім і на паншчыну не пагонім.

Насця. А скакаць пад сваю дудку прымусіце. Гэтага ад вас можна чакаць.

Мікола. Чаму вам так здаецца, Настасся Рыгораўна?

Насця. Настрой у вас вельмі ўжо такі (падбірае слова)... мужчынскі.

Пытляваны. Каб у нас бабскі настрой быў, то мы б і ў сваты не паехалі.

Насця. I на спрадвечнае нешта вельмі напіраеце. Можа, вы ва ўсім адсталых поглядаў трымаецеся.

Пытляваны. Няхай сабе мы людзі і адсталыя, абы калгас наш быў перадавы. А што да вашых жаночых правоў, дык ніхто іх у вас не адбірае.

Насця. А я ўсё ж думаю не ісці ў ваш калгас.

Пытляваны са здзіўленнем глядзіць на Міколу. Той паціскае плячамі.

Мікола. Каму-небудзь усё ж такі прыйдзецца ісці: ці вам да мяне, ці мне да вас. А іначай як жа мы пажэнімся?

Насця. Вось вы і пераходзьце.

Туміловіч. Правільна, Насця! Няхай лепш нам у калгас прыбытак будзе.

Пытляваны (з іроніяй). А можа, мы так зробім: адмераем ад кожнага калгаса па пятнаццаць кіламетраў ды збудуем на сярэдзіне вам дом, каб, значыцца, вашага жаночага раўнапраўя не парушаць.

Насця. Вы сабе кпіце, а я вось не пайду да вас, і што вы мне зробіце?

Пытляваны. Дык гэта вы такі сур’ёзна?

Насця. Прынцыпова.

Пытляваны. Век, можна сказаць, пражыў, такой упартай дзяўчыны не сустракаў.

Аўдоцця. Яно і некалі часамі бывала, што хлопец ішоў да дзяўчыны.

Пытляваны. Калі дома яму не было на чым жыць, тады ён ішоў у прымы. Гэта бывала. З бяднейшай гаспадаркі ў багацейшую. А каб з багатай ды ў бедную — гэтага ніколі не бывала.

Мікола. Што ж, калі на тое пайшло, дык я гатоў і ў прымы...

Пытляваны. Што? Ты ў прымы? Тады ты не паважаеш ні сябе, ні свайго калгаса.

Туміловіч. Няўжо гэта такая ганьба — перайсці да нас у калгас?

Мікола. Чакайце, я не скончыў. Я гатоў у прымы, але ў лепшую гаспадарку, як кажа Макар Піліпавіч.

Пытляваны. Ну, гэта іншая справа. Гэта прынцып правільны: рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе ляпей. Калі ўжо вам абавязкова прынцып патрэбен, дык лепшага не прыдумаеш. (Да Насці.) Што вы цяпер скажаце, прынцыповая дзяўчына?

Аўдоцця. Што ж, дачушка, мусіць, з гэтым трэба згадзіцца. Як ты думаеш, Ваня?

Туміловіч. Не ведаю, можа мы тут і прайграем, але прапанова, па-мойму, справядлівая.

Усе глядзяць на Насцю, чакаючы, што яна скажа. Напружанае маўчанне.

Насця (хвалюючыся). Я... Я згодна.

Мікола (узрадаваны). Вось так яно лепш будзе.

Пытляваны (уздыхае з палёгкай). Ну, дзякуй богу, як той казаў, зрушылася з месца.

Паўліна (высунула галаву з бакоўкі, каб сваты не заўважылі). Эх ты!.. Не вытрымала. Толькі для фасону казырылася.

Пытляваны. Такі суджана жыць вам у нашым калгасе.

Насця. Чаму ў вашым?

Пытляваны. Вы ж далі згоду.

Насця. Не ў вашым, а ў лепшым.

Пытляваны. Дык гэта ж і ёсць у нашым.

Насця. Гэта яшчэ невядома.

Пытляваны (да Міколы з іранічнай усмешкай). Чуў! Яны яшчэ сумняваюцца.

Аўдоцця. Ну, тут жа спрачацца няма чаго...

Пытляваны (перабіваючы). Правільна, усё ясна.

Аўдоцця. Вы паглядзіце наш калгас, а мы ваш, і будзе ясна.

Пытляваны. А я лічу, Аўдоцця Захараўна, што гэтыя розгляды зусім лішнія. Мы гэту справу можам вырашыць тут жа, не сыходзячы з месца. Выкладвайце вы свае казыры на стол, а мы свае. Чые паб'юць, таго і верх.

Туміловіч. Пачынайце, ваш ход.

Пытляваны. Як, Мікола,— з туза лупянём?

Мікола. Не праказырайцеся, Макар Піліпавіч.

Пытляваны (не дапускаючы такой думкі). Ну! (Стукае далонню па стале.) Чатыры кілаграмы збожжа на працадзень і восем рублёў грашыма! (З выглядам пераможцы абводзіць усіх вачамі. У лагеры праціўніка некаторае замяшанне.)

Туміловіч (пасля паўзы). У нас менш... Тры кілаграмы і чатыры рублі.

Пытляваны. Вось то-та ж! Ходзім далей. (Стукае па стале.) Дваццаць цэнтнераў азімых з гектара ўкругавую!

Туміловіч. Мала не дацягнулі: васемнаццаць і дзве дзесятыя.

Пытляваны. То, можа, больш і хадзіць не варта?

Туміловіч. Не, мы яшчэ не здаліся.

Пытляваны. Не здаліся? Дык мы вас зараз даканаем. (Стукае па стале з асаблівым азартам.) Герой Сацыялістычнай Працы!

Насця. Гэта хто ж такі?

Пытляваны. Вось гэты малады чалавек, ваш жаніх.

Насця дапытліва, з цікавасцю глядзіць на Міколу.

Туміловіч. Калі прысвоілі званне?

Пытляваны. Прысвояць. Спісы ў раёне ўжо зацверджаны.

Туміловіч. Гэта яшчэ мала. У нас вось Насця таксама да ордэна прадстаўлена, але мы не хвалімся. Вазьміце ход назад.

Пытляваны. Гэта вам не козыр? Тады хадзіце вы.

Туміловіч. Сто дваццаць новых дамоў на папялішчы — гэта козыр?

Пытляваны. Сякі-такі козыр.

Туміловіч. Канюшня, два кароўнікі, свінарнік, птушнік.

Пытляваны. У нас жывёла таксама на дварэ не стаіць, так што гэта козыр слабы.

Туміловіч. Школа, медпункт, клуб...

Пытляваны. Клуб — гэта нам без патрэбы. Горад пад бокам. Захацеў у кіно ці ў тэатр — на машыну, і праз паўгадзіны там. (Не сцярпеўшы, з бакоўкі з сякерай у руках імкліва выходзіць Паўліна. За ёю — Ліда і Каця. Сваты аж сумеліся ад нечаканасці.)

Паўліна (да Туміловіча). Дазволь мне, старшыня! Не ўсе казыры выстаўляеш. (Да Пытляванага.) А гэта ў вас ёсць? (Уключае электрычную лямпачку.)

Пытляваны. Ого! Тут цэлая засада на нас.

Ліда. А гэта ёсць? (Уключае рэпрадуктар. Чуецца песня «І хто яго знае, чаго ён маргае»...)

Пытляваны (з прыкрасцю). Кінь балавацца! (Вырывае з разеткі штэпсельную вілку.) Дай пагаварыць з людзьмі.

Туміловіч. І яшчэ ў нас адзін сур'ёзны козыр ёсць, Макар Піліпавіч.

Пытляваны. Які ж гэта, цікава?

Туміловіч. Гэта наш трохгадовы план.

Пытляваны. Ого! Проста не калгас, а дзяржава.

Насця. Дзяржава не дзяржава, а сацыялістычная гаспадарка. А яна, як вам вядома, планавая.

Пытляваны (іранічна). Вось як! Што ж у вас там за планы такія?

Туміловіч. Такія планы, што калі праз тры гады прыедзеце да нас па другую дзяўчыну...

Каця. Па Ліду ўжо, мусіць...

Ліда (засаромеўшыся). Па цябе, можа.

Паўліна. Па мяне. І я падрасту ўжо да таго часу.

Туміловіч. Прыедзеце, дык не пазнаеце нас.

Каця. Падумаеце, што заблудзілі ды ў горад трапілі.

Туміловіч. Будынкі будуць у нас цагляныя. Праўленне, свірны, школа. Сёлета цагляны завод канчаем. Клуб гэты таксама да часу ў нас. Новы пабудуем. З добрай сцэнай, каб і гарадскі тэатр мог да нас прыехаць.

Пытляваны. А хлеб ці будзе?

Туміловіч. Ёсць і будзе.

Ліда. Вы пра сад забыліся, Іван Міхайлавіч.

Туміловіч. І сад. Дваццаць гектараў засадзім. Пчолкі — само сабою.

Пытляваны. Прыгожы план. Хто ж гэта яго выдумаў?

Туміловіч. Калектыўна склалі. Настасся Рыгораўна дапамагла праўленню. А потым на агульным сходзе абмеркавалі, дапоўнілі.

Пытляваны. Та-ак. Прыгожая паперка, што і казаць.

Туміловіч. Чаму — паперка?

Пытляваны. А план — што ж гэта такое? Пакуль што паперка. Гэта яшчэ — альбо дожджык, альбо снег, альбо будзе, альбо і не.

Туміловіч. Мы ўжо яго ў жыццё пачалі праводзіць.

Пытляваны. Вы нешта такое яшчэ толькі пачалі, а ў нас яно ўжо ў руках. Возьмеш у рукі чатыры кілаграмы ды наверх восем рублёў, дык гэта ж вагу мае. (Нібы ўзважвае на руках.) Не тое, што ваш план.

Паўліна. Чулі мы ўжо гэтыя чатыры кілаграмы. Больш, мусіць, і пахваліцца няма чым. Што ў вас яшчэ добрае ёсць, апрача чатырох кілаграмаў?

Пытляваны (раззлаваны, што яго прыпіраюць да сцяны). Усё ў нас ёсць, маладзіца.

Паўліна. Так ужо і ўсё? Ну і хвалько сват!

Пытляваны. Усё як мае быць. Вось толькі пудзіла няма добрага ў гарод паставіць. (Усім крыху няёмка, што размова пачынае пераходзіць у сварку.)

Насця. Дык вы за гэтай патрэбай і прыехалі да нас?

Мікола. Што вы, Настасся Рыгораўна! Барані вас божа прыняць гэта на свой кошт.

Паўліна. Гэта сват у мяне цаляе, гледзячы на маю вопратку. Не, сваток, нас такім козырам не заб’еш. Мы крыху дужэйшыя, чым ты думаеш.

Мікола. Макар Піліпавіч пагарачыўся, просім не крыўдзіцца.

Пытляваны (апраўдваючыся). Ды як жа! Тут сур’ёзная размова, а яны мяне электрычнасцю торкаюць, цацкамі здзівіць хочуць.

Насця. Гэта не цацкі, а культурнае калгаснае жыццё.

Туміловіч. Гэта цацка нам работу робіць.

Пытляваны. Электрычнасць — гэта не факт. Працадзень — вось факт. Калі чалавек атрымаў (паказвае на Міколу) сто дваццаць пудоў збожжа, ды на кніжцы ляжыць тысяч дзесяць, дык тут адразу відаць, які калгас і які калгаснік. Так што сумнявацца пра наш калгас няма чаго. Вы, мусіць, газет не чытаеце. (Вымае з кішэні газетную выразку.) Вось жа чорным па белым напісана: «Выдатныя дасягненні перадавога калгаса «Новая ніва».

Насця. Чыталі.

Пытляваны. Дык чаго ж вам яшчэ?

Насця. Хочам самі пераканацца.

Пытляваны. Ну што ж, пераконвайцеся, ваша справа. (Устае ганарлівы і пакрыўджаны.)

Туміловіч. І я прыеду, калі дазволіш, Макар Піліпавіч. Хачу павучыцца ў перадавога калгаса.

Пытляваны (апранаецца). А такі не пашкодзіла б. (Не то жартуючы, не то сур'ёзна.) А то не ўмеюць сабе хлеба нарабіць, а яшчэ задаюцца. Паехалі, Мікола!

Паўліна. І я прыеду. Пагляджу хоць на той гарод, у якім мне стаяць давядзецца. Ці ёсць там што пільнаваць.

Пытляваны. Бывайце здаровы! Прабачце, калі што не так.

Выходзіць. За ім з усмешкай, якая азначае — «Вось дзівак!», выходзіць Туміловіч.

Мікола (апранаецца). Гарачы ён у нас — бяда! Асабліва калі пра калгас хто не так скажа.

Паўліна. Бзікаваты стары.

Аўдоцця. З гонарам чалавек.

Мікола. Прашу не крыўдзіцца. Старому можна і дараваць. (Падыходзіць да Насці.) Дык калі вас чакаць, Настасся Рыгораўна?

Насця. Чакаць не трэба. Мы як-небудзь знянацку.

Мікола. Можна і знянацку. Толькі каб хутчэй гэта было. Да сяўбы б і вяселле адгулялі. (Адыходзіць з Насцяй на авансцэну.) Што сталася, Насця? Якая цябе муха ўкусіла?

Насця. Тая, што вы з сабою прывезлі.

Мікола. Я чакаў, што ты ласкавей мяне сустрэнеш.

Насця. Ты чакаў, што я адразу на шыю табе кінуся. А як жа — герой прыехаў!

Мікола. Ну, а калі і герой, дык чаго табе крыўдна?

Насця. Занадта ўжо вы ўпэўнены ў сваёй перамозе. А ў мяне таксама крышку гонару ёсць. Ты не думаў, што, можа, мне крыўдна ад гэтага? І за сябе і за свой калгас.

Мікола. Не было ў мяне намеру крыўдзіць цябе. Не ведаю, чаму табе так здалося.

Насця. Калі хочаш ведаць, дык мяне і касцюм гэты твой крыўдзіць. І тут як быццам твой нейкі верх.

Мікола. Я ж не вінават, што застаў цябе ў рабочай вопратцы. Не ў латаным жа мне было ў сваты ехаць. Ды глупства ўсё гэта. Мне здаецца, што ты проста шукаеш нейкай прычыны. Можа, каешся ўжо, што слова дала?

Насця. Слова назад я не бяру, але хачу больш прыгледзецца да цябе. І на калгас хачу глянуць. Можа, у вас такія парадкі, што мне там моташна будзе.

Мікола. Што ж, прыязджай, паглядзі. Толькі дарэмна ты, Насця, лішнія перашкоды выдумляеш. Калі я незнарок чым-небудзь пакрыўдзіў цябе, прабач. (Падыходзіць да Аўдоцці.) Прабачце, Аўдоцця Захараўна. Можа, мы чаго лішняга тут нагаварылі.

Аўдоцця. Здаецца, нічога лішняга не было.

Мікола. Можа, і вы да нас прыедзеце?

Аўдоцця. Няхай ужо яна сама. Я толькі магу справу сапсаваць, бо мне здаецца, што такога хараства, як у нас, нідзе няма. Рэчка, лес...

Мікола. У нас таксама хораша. Ну, прабачце яшчэ раз. Бывайце здаровы. (Цалуе руку.) Бывайце здаровы, дзяўчаткі! (Развітваецца. Насця праводзіць яго да дзвярэй. У дзвярах ён паціху гаворыць ёй нешта ласкавае. Яна з цёплай усмешкай ківае яму галавой. Мікола выходзіць.)

Паўліна. Ну, Насця, вось што я табе скажу... Муштраваць-то ты муштруй, а хлопца не ўтрачвай. Хлопец харошы.

Аўдоцця. Мне ён таксама спадабаўся.

Насця. Вось навіну мне сказалі! Я даўно ведаю, што ён харошы. Але ж і сябе трэба трошкі паважаць. Няхай адразу адчуе, што я пад яго дудку скакаць не збіраюся. (Задумалася. З лёгкім смуткам.) І калгас мне не хочацца пакідаць. Толькі размахнуліся як мае быць... І планы нашы... Колькі я пра гэта марыла!.. А тут трэба ўсё гэта пакідаць... Проста аж злосць!

Паўліна. Дзяўчыне злосць, што замуж трэба ісці.

Аўдоцця. Глядзі, дачушка, разглядайся, каб пасля не каялася. Я цябе прымушаць не хачу. Як твая душа і розум табе кажуць, так і рабі.

Насця (страпянуўшыся). Ну, добра! Яшчэ паглядзім ды падумаем. Пайшлі, дзяўчаткі! Замуж збірайся, а жыта сей. (Бярэ сякеру. Паўліна і дзяўчаты выходзяць.)

 

Заслона

 

Акт другі

 

Карціна другая

Канцылярыя праўлення калгаса «Новая ніва». Бухгалтар Здаравеня і рахункавод Бандарчык за працай: Здаравеня дыктуе з ведамасці лічбы. Бандарчык адкладвае на лічыльніках.

Здаравеня. Дзве тысячы чатырыста трыццаць два... Тысяча шэсцьсот сорак... Дзве тысячы сто шэсцьдзесят восем... Дзве тысячы дзвесце дваццаць чатыры... Чатырыста пяцьдзесят шэсць.

Бандарчык. У каго ж гэта так мала?

Здаравеня. У Тадоры Белакапыцкай. Хварэе ўсё.

Бандарчык. Хвароба — мігрэнь: жраць ахвота, а працаваць лень.

Здаравеня. Ты, Бандарчык, мог бы добрым доктарам быць. Вельмі ж правільна дыягназ ставіш.

Бандарчык. Мне гэта не цяжка: яна паўз нашы вокны ледзь не штодзень у горад на рынак ходзіць.

Здаравеня (дыктуе). Дзве тысячы восемсот сорак... Тысяча семсот пяцьдзесят два... Колькі там усяго?

Бандарчык. Чатырыста дзевяноста дзевяць тысяч ноль дваццаць чатыры рублі.

Здаравеня (звярае з ведамасцю). Правільна. Паўмільёна без аднае тысячы нашы калгаснікі палажылі сабе ў кішэнь. А гэтыя прыезджыя не верылі.

Бандарчык. Чаго яны прыехалі аж з «Светлага шляху»?

Здаравеня. Кажуць — вопыт пераймаць.

Бандарчык. Слава пра наш калгас грыміць на ўсю вобласць.

Здаравеня. Грыміць, брат, грыміць... Толькі з вялікага грому часамі малы дождж бывае.

Бандарчык. Чатыры кілаграмы — гэта не мала.

Здаравеня. Хіба справа ў адных кілаграмах? Ты чуў, што я на сходзе гаварыў?

Бандарчык. Чуў, Антон Лявонавіч, але ж з вамі не згадзіліся.

Здаравеня. Хто назад глядзіць, а не наперад, той не згадзіўся.

Бандарчык. Чаго ім больш глядзець наперад, калі некаторыя па сто пудоў і больш атрымалі?

Здаравеня. Ну і што з таго? Пад’еў, а далей што?

Бандарчык. Пад’еў, паспаў і зноў на тым месцы стаў.

Здаравеня. Яно так і выходзіць. Вось прыехалі людзі вучыцца, а мне сорамна.

Бандарчык. А ў газетах жа хваляць.

Здаравеня. Хваляць... Падсунулі карэспандэнту чатыры кілаграмы ды восем рублёў, дык у яго і вочы на лоб палезлі. А што да чаго — хіба ён разабраўся? Вось тут яно ўсё відаць, як на далоні. (Паказвае на паперы.)

Бандарчык. Таму яны адразу і пачалі пароцца ў паперах.

Уваходзіць Паўліна. Яна ў іншай вопратцы, чым была ў першай карціне, і яе не адразу можна пазнаць.

Паўліна. Дзень добры.

Здаравеня. Дзень добры.

Паўліна. Таварыша Пытляванага няма?

Здаравеня. Няма.

Бандарчык. Пытляваны ўвесь выйшаў, адзін чорны застаўся.

Здаравеня. А вам абавязкова старшыня патрэбен?

Паўліна. Гэта я хацела кароўку прывесці.

Здаравеня. Вы з горада?

Паўліна. Ага.

Здаравеня. Заўтра з ранку можаце прывесці.

Паўліна. Але ж, кажуць, вы дорага бераце.

Здаравеня. Сто пяцьдзесят рублёў.

Паўліна (жахнулася). Сто пяцьдзесят!

Здаравеня. Такая ў нас расцэнка.

Бандарчык. Затое ўжо кароўка ваша...

Здаравеня (грозна). Таварыш Бандарчык!

Бандарчык прыкрывае рот рукою.

Паўліна. Можа б, уступілі крыху?

Здаравеня. Не маю права, такая пастанова праўлення.

Паўліна. З рабочага чалавека так драць.

Здаравеня. Хутка прыйдзе старшыня, пагаварыце з ім,— можа ўступіць. Толькі наўрад. Ён у нас гаспадарлівы.

Паўліна. Скнара, відаць. І гэта вы з усіх так лупіце?

Здаравеня. З усіх. Увесь горад да нас водзіць.

Паўліна. Я бо гляджу, чаму ваш калгас багаты.

Уваходзіць Пытляваны і, не звяртаючы ўвагі на Паўліну, накіроўваецца да стала.

Пытляваны. Ну, што ў вас тут, таварыш Здаравеня?

Здаравеня. Нічога асаблівага, Макар Піліпавіч.

Пытляваны. Мікола паехаў на падкормку?

Здаравеня. Паехаў. А больш угнаення не адпускаюць. Машына прыйшла парожняя.

Пытляваны. Чаму?

Здаравеня. Грошай не перавялі.

Пытляваны. Чаму ж вы не перавялі?

Здаравеня. Няма чаго пераводзіць, на рахунку нічога няма.

Пытляваны. Як няма?

Здаравеня. Няма. УсЁна працадні раздалі.

Пытляваны (падумаўшы). Трэба будзе капец бульбы раскрыць ды на рынак вывезці.

Стары Верас (які ўвайшоў за хвіліну перад гэтым). На насенне не хопіць, Макар Піліпавіч. Там яе не так і многа.

Пытляваны. Хопіць. А не хопіць, дастанем. Ты глядзі, каб коні былі ў парадку.

Стары Верас. Коні ў парадку. Вось толькі Афраці... Цьфу ты! Вось імя далі жывёліне! Ніяк выгаварыць не магу.

Бандарчык. Афрадзіта. Гэта я прыдумаў. Багіня такая была.

Стары Верас. Вось багіню гэту самую... зноў брыгадзір пад гной узяў, а ёй зараз жарабіцца пара. Загадай, каб не чапалі.

Пытляваны. Загадваю: калі хто захоча запрагаць, гані вон з канюшні.

Стары Верас. Ты брыгадзіру скажы.

Пытляваны. Добра, скажу.

Здаравеня. Макар Піліпавіч, да нас госці прыехалі. Вы, мусіць, не ведаеце?

Пытляваны. Каму гэта час ёсць па гасцях ездзіць у такую пару?

Здаравеня. З калгаса «Светлы шлях».

Пытляваны. А-а, гэтыя... Хто там прыехаў?

Здаравеня. Кажуць, іх трое прыехала, але сюды заходзілі двое... Старшыня і дзяўчына маладая — не ведаю, хто яна ў іх.

Стары Верас. Праўда, трое. Я сам-то не бачыў, але казалі, што трое. Адна недзе да сваякоў зайшла.

Пытляваны. Што яны тут рабілі?

Здаравеня. Знаёміліся са справамі.

Бандарчык. Усё перабралі, усё роўна як рэвізія якая.

Пытляваны. А чаго ж вы іх пусцілі ў паперы?

Здаравеня. Кажуць — прыехалі вопыт пераймаць, як жа іх не пусціць?

Пытляваны. Я ведаю, чаго яны прыехалі. Не абавязкова ім у справы лезці. Кожны дурань будзе тут капацца ў маіх паперах.

Паўліна пры гэтых словах аж падскочыла на лаўцы. Яна хацела нешта сказаць, але ў пару стрымалася.

Здаравеня (успомніўшы аб ёй). Вось тут грамадзянка прыйшла наконт быка.

Пытляваны (непрыемна ўражаны весткаю аб гасцях, амаль не слухае, што яму гаворыць Здаравеня). Наконт якога быка?

Паўліна. Звычайнага, якія бываюць быкі.

Пытляваны (амаль не гледзячы на яе). У нас звычайнага няма, у нас толькі пародзістыя. Звычайныя гэта ў іншых калгасах.

Паўліна. Пародзісты яшчэ лепш. Толькі ж дорага вельмі — сто пяцьдзесят рублёў.

Пытляваны. Колькі варт, столькі і бяром.

Паўліна. Гэта ж мне паўмесяца працаваць трэба.

Пытляваны. За малако ўтаргуеш і заплаціш.

Паўліна. Не так лёгка ўтаргаваць. Малако цяпер два рублі літр. Гэта семдзесят пяць літраў малака трэба.

Пытляваны. А без быка не будзе і малака.

Паўліна. Прафесар і той столькі не зарабляе, колькі ваш бык.

Пытляваны. Вашаму прафесару яечка разбіў на снеданне, дык ён і дабёр, а быку трэба паўпуда аўса даць, ды канюшыны, ды пойла.

Стары Верас. Яна думае — бык святым духам жыве.

Паўліна. Не, не магу я столькі плаціць.

Пытляваны. Не, дык не. Няхай карова ялаўкаю ходзіць.

Паўліна выходзіць.

Стары Верас. Яно такі і праўда, дарагавата, Макар Піліпавіч. Мы ж гэту таксу ўстанавілі яшчэ ў сорак пятым годзе. З таго часу колькі разоў зніжэнне цэн было, а нашы быкі ўсё ў адной цане ходзяць.

Пытляваны. Прывядзе, не дзе дзенецца. У горадзе быкоў не трымаюць. (Да Здаравені.) Дык дзе яны цяпер?

Здаравеня. Хто?

Пытляваны. Госці гэтыя самыя.

Здаравеня. Пайшлі гаспадарку аглядаць.

Пытляваны. Самі?

Здаравеня. З загадчыкам фермы.

Пытляваны. Ну, гэты пакажа... тое, што не трэба. Чаму ж вы мяне не паклікалі?

Бандарчык. Я бегаў, вас дома не было.

Здаравеня. Што ж тут дрэннага, Макар Піліпавіч? Людзі хочуць добрае пераняць — няхай пераймаюць. Не першы ж раз да нас людзі прыязджаюць.

Пытляваны. Прыязджалі, ды не такія. Гэтыя ўбачаць тое, што другім і не відаць. Паказваць, дык трэба ведаць, што і як... Часамі і растлумачыць трэба.

Здаравеня. Яны людзі вопытныя, самі ва ўсім разбяруцца.

Пытляваны. Дзіва што разбяруцца! Аж занадта... Трэба самому ісці.

Накіроўваецца да дзвярэй. У гэты час уваходзяць Туміловіч, Насця і Паўліна.

Туміловіч. Добры дзень, Макар Піліпавіч. А мы ўжо ўсю тваю гаспадарку агледзелі. (Вітаецца з Пытляваным за руку, за ім Насця.)

Пытляваны. Добры дзень. На рэвізію прыехалі?

Туміловіч. А так, як было ўмоўлена: прыехалі пераканацца, што ваш калгас лепшы.

Пытляваны. Ну і што ж?

Паўліна (падыходзіць да Пытляванага і таксама працягвае руку). Добры дзень!

Пытляваны (не падаючы рукі). А як жа... Даўно бачыліся.

Паўліна. Не ласкава ж вы сватоў прымаеце.

Пытляваны. Чакай, маладзіца... (Углядаецца.) Гэта ж ты мне тут галаву дурыла з быком?

Паўліна. А гэта я хацела праверыць, ці праўда, што пра вашы даходы людзі гавораць.

Пытляваны. Вось з якімі хітрыкамі вы да мяне пад’язджаеце!

Туміловіч. Гэта яна па старой партызанскай прывычцы — у разведку хадзіла.

Пытляваны. Па твайму загаду?

Туміловіч. Не, па сваёй ініцыятыве.

Пытляваны. А цяпер пачнецца атака?

Туміловіч. Падобна на гэта.

Пытляваны. Што ж, пачынайце, будзем адбівацца.

Туміловіч. У нас такая думка, што вас крыху перахвалілі, Макар Піліпавіч.

Паўліна. Не крыху, а такі і добра перахвалілі.

Пытляваны. Вось як! Перахвалілі, значыцца? Хто ж гэта мяне перахваліў?

Туміловіч. І тое, што ты гаварыў, як прыязджаў да нас...

Пытляваны. Усё брахня?

Туміловіч. Ды як табе сказаць... Яно-то, можа, і праўда...

Насця. Але не ўся.

Туміловіч. Так, далёка не ўся.

Пытляваны. Выкладайце тады ўсю.

Туміловіч. Працадзень у вас не малы — гэта праўда.

Пытляваны (падказвае). Калгаснікі жывуць заможна — гэта таксама праўда.

Туміловіч. А вось калгас ваш бедны.

Здаравеня падморгвае Бандарчыку: «Слухай!»

Пытляваны. Вось табе і на! Як жа гэта так выходзіць: калгаснікі багатыя, а калгас бедны!

Туміловіч. Так і выходзіць. Ва ўсякім разе бяднейшы за наш.

Насця. Мы тут з Іванам Міхайлавічам падлічвалі. Выходзіць, што наша грамадская гаспадарка перавышае вашу.

Туміловіч. Так што працадзень вы ўзнялі, а грамадскую гаспадарку занядбалі.

Насця. Гэтак і ў нас бы выйшла каля чатырох кілаграмаў. Мы вунь колькі хлеба на будоўлю аддалі.

Туміловіч. Ды ў МТС шэсцьдзесят сем тон, а вы ўсяго трыццаць.

Пытляваны. Я дабром не раскідаюся. Вы хочаце, каб МТС за вас усю работу парабіла, а я стараюся сваёю сілаю ўпраўляцца.

Туміловіч. Фермы мы глядзелі... Яны-то ўкамплектаваны, але ж гэта ўсё цяляткі ды парасяткі. Ім яшчэ расці ды расці.

Пытляваны. Вырастуць. Мы шмат жывёлы прадалі летась.

Паўліна. Я бо гляджу, што свінаферму можна ў прыпол забраць.

Пытляваны. Шырокі ў цябе прыпол, маладзіца.

Туміловіч. Цялят закупілі па кантрактацыі, а ставіць іх няма дзе. Так яны і засталіся зімаваць у хлявах калгаснікаў. Выгляд іх няважны.

Насця. Вядома, якая ж ім выгода ў халодным хляве.

Паўліна. Затое ў іх бык — мільянер.

Пытляваны. Прыстала ты да гэтага быка, як п’яны да плота.

Туміловіч. Быкі важныя, нічога не скажаш. Бярэш ты за іх, Макар Піліпавіч, поўнай жменяй. Але ж і грошы ўсе па кішэнях размеркавалі.

Пытляваны. А што? Маем права. З дзяржавай разлічыліся поўнасцю і ў тэрмін. Цяпер сваім дабром распараджаемся, як самі знаем.

Туміловіч. Бухгалтар вунь скардзіцца, што няма за што ўгнаення выкупіць.

Пытляваны. Давай, давай, крытыкуй. Я ўжо разам на ўсё адкажу.

Насця. І жывяце некультурна. Клуба няма, радыЁняма, электрычнасці — таксама.

Пытляваны. Дарагія гэта ўсё цацкі.

Паўліна. Расказваюць — некалі засцянковая шляхта так жыла: насыпле шляхціц жыта засек, напхае панчоху грошай, а дзеці непісьменныя, і сам мякіну есць.

Пытляваны. Ты ж майго хлеба не каштавала, можа, ён і не з мякінай.

Паўліна. Не вельмі тут і пакаштуеш.

Пытляваны. Ну, вы ўсё выклалі?

Туміловіч. Ды, бадай-што, і ўсё.

Пытляваны. Выходзіць, мой калгас вам не падабаецца?

Туміловіч. Ты ж чуў нашу крытыку.

Пытляваны. Ваш лепшы?

Паўліна. Ёсць пра што гаварыць!

Насця. Я-то не прамяняю свайго на ваш.

Пытляваны. Ну, што ж, не мяняеце — і не трэба. Застанёмся пры сваіх. Лепш давайце пойдзем да мяне ды пакаштуем мае мякіны. А гэту дарэмную гаворку давайце скончым. Кожнаму свой лепшы.

Насця. Як гэта скончым! Я не згодна, Макар Піліпавіч. Не для таго мы гэту гаворку пачыналі, каб вось так нічым скончыць. Для мяне — гэта размова аб маім лёсе, аб тым, ці буду я жыць з любімым чалавекам. Ды і не толькі мяне кранае гэта размова. Яна адносіцца да ўсіх нас. Яна і да вас адносіцца, Макар Піліпавіч. Чалавеку патрэбны крыллі, каб ён мог узлятаць вышэй і вышэй. А вы са сваімі поглядамі і парадкамі абцінаеце яму гэтыя крыллі. План — гэта для вас паперка, клуб — цацка. Чалавек імкнецца да святла, а вы кажаце — сала еш. Вось прыехала я да вас і нібы ў глухую сцяну ўперлася. Няма тут прастору для мае мары. А без гэтага хіба можна быць шчаслівым?

Туміловіч. Я таксама не збіраюся канчаць гэту гаворку.

Пытляваны. А чаго ж ты яшчэ хочаш? Жаніха? Забірай. Толькі шчыра вам скажу: дурань будзе, калі пойдзе. Ад дабра дабра не шукаюць.

Туміловіч. Жаніх мяне мала турбуе. Гэта іх мілая справа — дзе хочуць, там і жывуць. А спрэчку гэту мне з табой, Макар Піліпавіч (з націскам), абавязкова трэба давесці да канца.

Пытляваны. Абавязкова, кажаш? А нашто гэта табе патрэбна.

Туміловіч. Вельмі патрэбна. Я павінен ведаць, хто з нас на правільнай дарозе і каму ў каго вучыцца трэба.

Пытляваны. Мы з табой усё роўна ні да чаго не дагаворымся. Ты мне будзеш казаць — грамадская гаспадарка, а я — працадзень, ты мне клуб будзеш выстаўляць, а я табе калгасніка, які атрымаў сто пудоў хлеба. Па-мойму, чалавеку трэба даць спачатку пад’есці ды апрануцца, а тады і пра клуб можна падумаць.

Туміловіч. Вядома, клуб трэба будаваць на базе моцнай грамадскай гаспадаркі. Але ж ты гаворыш, што гаспадарка ў цябе моцная.

Пытляваны. Моцная, бо я не раскідаюся. Аддай хлеб на будаўніцтва клуба, а потым і сядзі галодны ў гэтым клубе.

Стары Верас. Ды вось у іх клуб, а не відаць па іх, каб яны галодныя былі.

Паўліна. Гэта я галодная. Высахла — скура ды косці.

Туміловіч. Тры кілаграмы — гэта не голад, Макар Піліпавіч.

Стары Верас. А клуб яно сапраўды не шкодзіла б мець. Я стары, а таксама люблю і радыё паслухаць і газету пачытаць. Шмат цікавых навін на свеце.

Пытляваны. Ты, Сымон Максімавіч, таксама за сваю нявестку цягнеш.

Стары Верас. А гэта мая нявестка?

Пытляваны. Ага. Гэта ж да яе твой сын у сваты ездзіў.

Стары Верас. Дык вельмі ж баявая нешта.

Пытляваны. Пачакай, яна цябе возьме за бараду.

Стары Верас (падыходзіць да Насці). Здарова была, нявестка! (Падае руку.)

Насця (паціскае руку). Добры дзень, Сымон Максімавіч.

Стары Верас. Дык з клубам, кажаш, весялей на свеце жыць?

Пытляваны. Па-іхняму, хоць есці нечага, але жыць весела.

Паўліна. Усё толькі есці ды есці. Гэта жывёла пад’ела, дык нічога ёй больш і не трэба. І то цяперашняя жывёла любіць, каб у яе хляве і акно было, каб і электрычнасць гарэла ноччу. А чалавеку ж крыху больш святла патрэбна, чым карове.

Пытляваны. Гэта ўсё ў мой агарод? Ну і ўз’елася ты на мяне, маладзіца. Усё за тое пудзіла не можаш мне дараваць.

Паўліна. Я вось прыглядаюся, хто з нас больш падыходзіць да гэтай пасады.

Пытляваны. А мяне куды ні пастаў, дык я ўсюды харош. У гарод паставіш,— і там парадак будзе: ні адна варона ў мяне не пажывіцца.

Туміловіч. Як я бачу, Макар Піліпавіч, дык ты ўжо і гаварыць сур'ёзна з намі не хочаш.

Пытляваны. А што толку з гэтага? Упромся, як два казлы, лоб у лоб і будзем стаяць кожны на сваім.

Насця. Тады няхай народ вырашыць нашу спрэчку. Склічце сход, мы скажам сваю думку пра ваш калгас, а вы пра наш.

Пытляваны. Маладая, а якая хітрая! Сабраць сход, каб вы падбухторвалі маіх калгаснікаў супроць мяне. Давайце ўжо лепш я сам буду гаварыць са сваімі калгаснікамі.

Туміловіч. Што ж, раз мы не прыйшлі да згоды самі, дык няхай нас рассудзіць той, хто лепш за нас разбіраецца.

Пытляваны. Рассудзілі ўжо, ты крыху спазніўся, Іван Міхайлавіч. Каб калгас быў дрэнны, дык нас бы не прадставілі да такой высокай узнагароды.

Туміловіч. У вас, відаць, сапраўды ёсць людзі, якія заслужылі ўзнагароду,— ураджай добры сабралі, але...

Пытляваны. Але старшыня няправільную лінію гне? Дагаворвай ужо, не саромейся.

Туміловіч. Бадай-што і так.

Уваходзіць Мікола Верас. Ён толькі што з поля: на вопратцы пыл мінеральнага ўгнаення.

Мікола (усхваляваны і крыху збянтэжаны ад нечаканасці). Дзень добры, дарагія госці!

Паўліна. Дзень добры, дарагі гаспадар.

Мікола. Дык вось хто да нас завітаў! А я гляджу, чыя гэта машына стаіць. Выбачайце, рукі ў мяне... і павітацца нельга. Толькі што з поля, жыта падкормлівалі.

Насця. Не цырымоньцеся, самі такімі бываем.

Мікола. Хоць бы папярэдзілі, мы б падрыхтаваліся ды сустрэлі як мае быць... А то... аж няёмка. (Саромеецца свае вопраткі.)

Насця. Вы як быццам і не рады, што мы прыехалі.

Мікола. Нашто гэта вы гаворыце, Настасся Рыгораўна! Вы ж ведаеце, што я заўсёды рад вас бачыць.

Пытляваны. Ты-то рад, ды яны не рады.

Мікола (занепакоены). А што такое? Пакрыўдзіў іх хто-небудзь у нас?

Пытляваны. Парадкі нашы ім не падабаюцца. Збэсцілі наш калгас ушчэнт. Так што забірай, жаніх, манаткі ды адпраўляйся ў іх найлепшы калгас.

Мікола. Ну, не так жа раптоўна. Мы яшчэ пагаворым, можа і ў нас не так блага.

Пытляваны. Куды там! Пуд солі з’ясі, не дагаворышся.

Туміловіч. Ну, тут не мы вінаваты. Бывайце здаровы.

Пытляваны. Дык вы ўжо і да мяне не хочаце зайсці?

Туміловіч. Няма часу, Макар Піліпавіч. Нам яшчэ ў горад абавязкова трэба заехаць. Хіба назад едучы.

Пытляваны. Ну, як хочаце.

Мікола. Настасся Рыгораўна! Я вас так не адпушчу, вы павінны ў мяне ў хаце пабыць.

Насця. Я з прыемнасцю зайшла б, але ж ніяк не выпадае.

Стары Верас. Ганарлівая нявестка! І ў хату не хоча зайсці.

Насця. Не магу, Сымон Максімавіч. Я ж па справе ў горад еду.

Туміловіч. А то заставайся. Мы па цябе заедзем.

Насця. Што вы, Іван Міхайлавіч! Мне ж хімікаты трэба атрымаць.

Мікола. Тады заязджайце назад едучы.

Насця. Добра, заедзем, калі ўправімся.

Пытляваны. Па ўсім відаць, што не ўправяцца.

Мікола. Абавязкова заязджайце, а то крыўдзіцца буду.

Туміловіч. Ды ўжо ж заедзем. Бывайце здаровы пакуль што.

Выходзяць.

Пытляваны. Нарабіў ты мне чапухі з гэтым сватаннем.

Мікола. А што такое?

Пытляваны. Чорт мне даў згадзіцца на гэтыя розгляды. Прыехалі, аблазілі ўсё... Гэта ім не так, тое не гэтак.

Мікола. Ну, гэта не страшна.

Пытляваны. Страх невялікі, але і прыемнага мала.

Мікола. Вось бяда будзе, калі дзяўчына не захоча ісці да нас.

Пытляваны. Каб большага клопату не было. Гэта не пойдзе, другая пойдзе.

Мікола. Лёгка сказаць. Такую не вельмі знойдзеш.

Пытляваны. Хопіць гэтага насення. Горш вось, што яны цяпер раззвоняць на ўсю вобласць. Пытляваны няправільна гаспадарку вядзе.

Стары Верас. А яны шмат што да толку гаварылі.

Пытляваны. І ты туды ж.

Стары Верас. Я туды, дзе лепш.

Здаравеня. Можа, мне з імі пад’ехаць, Макар Піліпавіч? Трэба было б з сельгасснабам рахункі зверыць.

Пытляваны. Са мной паедзеш. (Да Бандарчыка.) Выскач паглядзі, дзе там Раман. Няхай сюды зойдзе.

Здаравеня. Я на хвіліну дадому заскочу.

Пытляваны. Давай, толькі не баўся.

Здаравеня (апранаецца). А дзяўчына правільна гаварыла: варта было б аб усім гэтым на сходзе пагаварыць. Няхай бы і госці сказалі сваё слова, і гэта б не пашкодзіла.

Пытляваны. Быў жа нядаўна сход. Хто сказаў, што я няправільна кірую?

Здаравеня. Многія гаварылі. Я таксама казаў.

Пытляваны. Табе што! Ты чалавек прышлы: сёння тут, а заўтра ў другім месцы будзеш костачкамі ляпаць. А я колькі сілы палажыў, каб гэтыя чатыры кілаграмы людзям даць. Да ордэнаў давёў. Вось чалавек (паказвае на Міколу), можа, ордэн Леніна атрымае. Ды і мне б не шкодзіла які-небудзь медаль мець за маю працу.

Здаравеня. Я не валацуга, Макар Піліпавіч, а член партыі, як вам вядома.

Пытляваны. А хто кажа, што ты валацуга?

Здаравеня. І дзе б я костачкамі ні ляпаў, я лічу, што там і ёсць мая кроўная справа. Вы тут змагаліся за калгас, а я змагаўся за яго яшчэ тады, калі партыя мяне на хлебанарыхтоўкі пасылала і ў мяне кулакі з абрэза стралялі.

Пытляваны. Ну, закіпеў...

Здаравеня. Я гэта пытанне буду на партарганізацыі ставіць.

Пытляваны. Стаў, калі ласка, толькі не крычы на ўвесь раён.

Здаравеня выходзіць.

Дома, самі сабой, мы хоць і пасварымся, дык бяды не будзе, а вось мне рупіць: паехалі ў горад, наплятуць там чаго-небудзь непатрэбнага. Мяне больш за ўсё ўзнагародныя спісы турбуюць: зацвердзілі ўжо ці не. Калі адаслалі ў Маскву, то ўсё; назад варочаць не будуць.

Уваходзіць Раман.

Раман (прыкладае запэцканую ў масла руку да казырка). Шафёр Раман па вашаму загаду тут як тут, таварыш старшыня.

Пытляваны. Кінь блазнаваць, заводзь машыну.

Раман. Куды ехаць?

Пытляваны. У горад.

Раман. Хіба гадзіны праз паўтары, Макар Піліпавіч. Я машыну разабраў.

Пытляваны. На чорта ты мне патрэбен праз паўтары гадзіны.

Стары Верас. Вось табе і тут як тут.

Мікола. Заўтра будзем у горадзе і даведаемся.

Пытляваны. Не, гэтак я ноч спаць не буду. Мне трэба сёння ведаць. (Да старога Вераса.) Запрагай, Сымон Максімавіч, Буланага.

Стары Верас. Добра.

Пытляваны. Толькі хутка.

Стары Верас. У момант. Я свае машыны не разбіраў.

Стары Верас і Раман выходзяць.

Пытляваны. Зусім не ў пару ўсхадзіўся ты з гэтым сватаннем. Не мог пачакаць, пакуль героем станеш.

Мікола. Якім героем?

Пытляваны. Ну, ордэн атрымаеш. Гэта таксама герой.

Мікола. Вы ў сватах як загнулі героя, дык мне чорт ведае што і казаць. Я ледзь не згарэў ад сораму.

Пытляваны. У сватах, як на таргу: кожны цыган сваю кабылу хваліць.

Мікола. І ордэн гэты... Яшчэ невядома, як яно будзе... Мяне нават крыху сумленне мучыць.

Пытляваны. Ну, не дуры. Сабраў жа ты жыта колькі трэба для ордэна? Сабраў.

Мікола. А іншыя культуры?

Пытляваны. Гэта дробязь.

Мікола. Гэта не дробязь, а невыкананне плана.

Пытляваны. Самае пусцяковае. Буяк абяцаў пагаварыць у раённым аддзеле.

Мікола. Я сваім сумленнем жыву, а не Буяковым.

Пытляваны. Дык што? Можа, ад ордэна адмовішся?

Мікола. Можа, і адмоўлюся.

Пытляваны. Ну, гэта ты хлусіш. Ніхто сабе не вораг.

Мікола. А вось мы з вамі самі сабе ворагі. Давялі калгас да таго, што нас людзі цураюцца.

Пытляваны (з жалем глядзіць на Міколу). Такі праўду кажуць, што людзі ад кахання дурнеюць. (Выходзіць.)

 

Карціна трэцяя

Пакой абласнога кіраўніцтва сельскай гаспадаркі. Тэхсакратар Маша падшывае паперы і напявае сама сабе «Салаўі, салаўі...».

Вера Паўлаўна (уваходзіць). У цябе, Маша, настрой сёння добры.

Маша. Добры, Вера Паўлаўна. Сёння жаваранка чула... Першы раз... І сонца так хораша свеціць.

Вера Паўлаўна (крыху заклапочана). Вясна, Маша, зусім вясна. Зараз сяўба пачнецца. Прыйдзецца нам з табой зноў папрацаваць.

Маша. Мне што, Вера Паўлаўна! Крыху больш паперак будзе — і ўсяго толькі. А вось вам сапраўды... Дзе толькі затрымка якая, у абласное кіраўніцтва звоняць. Званкі зверху, званкі знізу — аж галава разлягаецца — падаць Веру Паўлаўну! А дзе я яе вазьму, калі Вера Паўлаўна ўжо на раёне і невядома, калі вернецца? І ўсе таксама на раёне, і я адна на ўсю ўстанову. Ну, яшчэ звесткі аб ходзе сяўбы, дык гэта я сама магу націснуць ад вашага імя.

Вера Паўлаўна (цешыцца з яе жыццярадаснасці). Маладзец, ты мяне выручаеш.

Маша. Калі мала работы, дык гэта дрэнна для чалавека. Разгультаіцца, і тае яму не хочацца рабіць, якая ёсць. Прызнаюся, Вера Паўлаўна, і я была крышку разгультаілася. Глянула сёння — а мамачкі! Папер повен стол. Не разнесеныя, не раскладзеныя. Ну, я ж ім і дала дыхту! Апошнія паперыны падшываю.

Вера Паўлаўна (з хітраватай цёплай усмешкай). Кажаш — жаваранак?

Маша. Жаваранак, Вера Паўлаўна. Ды такі ж звонкі, нібы хто да неба званочак прычапіў.

Вера Паўлаўна. Відаць, у душы ў цябе жаваранак спявае.

Маша (сарамліва). Там салавейка, Вера Паўлаўна.

Вера Паўлаўна. Чула, чула.

Маша. Няўжо аж вам чуваць?

Вера Паўлаўна. У мяне на гэта вуха чуткае.

Маша. Вам, мусіць, нагаварылі пра мяне больш, чым трэба.

Вера Паўлаўна. Гняздзечка віць збіраецеся?

Маша (сарамліва). Плёткі, Вера Паўлаўна. Мы яшчэ і не думаем пра гэта. Я яшчэ ў інстытут збіраюся паступаць. Адпусціце?

Вера Паўлаўна. Там паглядзім, не тэрміновая справа... Вось што, салавейка... Выкліч мне Баравіцкі раён.

Маша. Каго прасіць? Сельгасаддзел?

Вера Паўлаўна. Ага, Сяменчыка.

Маша (падыходзіць да тэлефона, круціць ручку). Надзюша! Дай мне, калі ласка, Баравіцкі райвыканком... сельгасаддзел... Таварыш Сяменчык? Добры дзень! Зараз з вамі будзе гаварыць Вера Паўлаўна. Ага, яна хоча ў вас нешта наконт жаваранкаў запытацца... Не замаразкаў, а жаваранкаў... Зараз яна сама вам растлумачыць. (Перадае трубку Веры Паўлаўне.)

Вера Паўлаўна. Добры дзень, таварыш Сяменчык! Так, я хачу запытацца, ці пяюць у вас жаваранкі... Чулі?.. Вельмі добра. А ці ведаеце вы, што гэта значыць?.. Гэта значыць, што прыйшла вясна. Ага... і што саннай дарогі чакаць не прыходзіцца. Мусіць, чакаеце, бо вашых 150 тон угнаення яшчэ на станцыі ляжыць... Так, вашых калгасаў... Высветліце, у чым справа, і прыміце захады. Памятайце: калі ўгнаенне не будзе вывезена, у нас з вамі будзе сур’ёзная размова... Непакоюся, бо нешта мы на розных мовах гаворым... Я кажу — жаваранкі, а вы — замаразкі... Ну, ну, паглядзім... Чакаю вашага званка... Прыслухоўвайцеся да жаваранка, таварыш Сяменчык. (Вешае трубку і збіраецца адыходзіць.)

Маша. Вы далёка, Вера Паўлаўна?

Вера Паўлаўна. Недалёка. Сакратар абкома выклікае.

Маша. Другі?

Вера Паўлаўна. Так, Цімох Пятровіч. (Выходзіць.)

Маша бярэцца зноў за паперы, напяваючы «Салаўі, салаўі...».

Пытляваны (уваходзіць). Добры дзень!

Маша. Дзень добры. (Садзіцца зноў за паперы і мурлыкае сама сабе пад нос. Да Пытляванага.) Што вы нам добрае скажаце?

Пытляваны. Сам зайшоў даведацца, што ў вас добрае чуваць.

Маша. Жаваранкі пяюць.

Пытляваны. Пяюць, каб яны здаровы былі... Пяюць і нам спаць не даюць.

Маша. Выспаліся за зіму, хопіць.

Пытляваны. Не вельмі выспішся... Зімою да лета рыхтуемся, а летам да зімы. Заўсёды клопату хапае.

Маша. А вы... з калгаса?

Пытляваны. Ага, з «Новай нівы».

Маша. А-а... Ці не Пытляваны будзеце?

Пытляваны. Ён самы. А вы хіба чулі што пра мяне?

Маша. Чаму ж не. Пра вас жа ў газеце пісалі.

Пытляваны. Ды пісалі крыху.

Маша. А яно прыемна, калі ў газеце пішуць.

Пытляваны. Гледзячы як пішуць. Другі раз так напішуць, што і рад не будзеш.

Маша. Калі так, як пра вас?

Пытляваны. Вядома, пашана і ўсё такое... Але я вам скажу — не лёгка гэта даецца. Трэба шмат працы палажыць.

Маша. Вядома, гэта трэба заслужыць, зрабіць нешта выдатнае. Пра мяне не напішуць, калі я вось сяджу ды паперкі падшываю.

Пытляваны. Пачакайце, напішуць. Вы яшчэ маладзенькая.

Маша. Я з вашага калгаса аднаго чалавека ведаю.

Пытляваны. Каго ж гэта?

Маша. Брыгадзіра. Ён тут на курсах быў.

Пытляваны. А-а, гэта Верас. Ну, вядома, каго ж вам ведаць? Маладога ды прыгожага.

Маша. А ён мне і пра вас расказваў.

Пытляваны. Што ж ён расказваў?

Маша. Казаў, што вы добры гаспадар.

Пытляваны. А, вось як...

Маша. Толькі вельмі ж цвёрды.

Пытляваны. Без гэтага нельга... дысцыпліна. Стань мяккім, дык тут табе ўсё і распаўзецца.

Маша. I, кажа, крышачку старасвецкі.

Пытляваны. Старасвецкі! Бачыш ты!.. Вось разбойнік! Але нічога, ён хлопец неблагі. Лепшы, можна сказаць, брыгадзір. А скажыце, грамадзяначка, Веру Паўлаўну я магу бачыць?

Маша. Чаму ж не, можаце. Толькі яна цяпер у сакратара абкома.

Пытляваны. То, можа, мне пачакаць?

Маша. Як сабе хочаце.

Пытляваны. Яна ж, мо, там доўга не будзе?

Маша. Хто ж яе ведае. А што вы хацелі?

Пытляваны. Ды вы, мусіць, не ведаеце... Бачыце, мы спісы прадстаўлялі на ўзнагароду... Вось і гэтага самага брыгадзіра нашага прадставілі. То я хацеў даведацца, як там... ці прайшлі. З раёна іх як быццам сюды, у вобласць, пераслалі.

Маша. Гэта я вам магу сказаць — прайшлі вашы спісы.

Пытляваны (узрадаваны). Прайшлі, кажаце?

Маша. Ага, прайшлі.

Пытляваны. І вы гэта на свае вочы бачылі?

Маша. А як жа... Сама перапісвала за ўсю вобласць.

Пытляваны. І там ёсць наш калгас?

Маша. Ёсць, ёсць, не турбуйцеся. І вы і ваш брыгадзір. Так што шыйце новы касцюм і рыхтуйце тут сабе мясцінку. (Паказвае на грудзі.)

Пытляваны. За касцюмам справа не стане, абы ордэн... А скажыце, даражэнькая, дзе яны цяпер могуць быць?

Маша. Хто?

Пытляваны. Ну спісы гэтыя самыя?

Маша. Пайшлі ўжо.

Пытляваны. Вы гэта добра ведаеце?

Маша. Сама адсылала.

Пытляваны. Так што яны, можа, ужо і ў Маскве?

Маша. Можа, і не ў Маскве, але недалёка ад Масквы.

Пытляваны (задаволена). Ну, вялікае вам дзякуй!

Маша. За што ж мне? Хіба я вас прадстаўляла?

Пытляваны. За добрыя весці. То я ўжо магу ісці. Калі дазволіце, магу перадаць ад вас паклон свайму брыгадзіру.

Маша. Калі ласка, перадайце... Скажыце — ад Машы.

Пытляваны. Жэніцца, разбойнік.

Маша (не асабліва зацікаўлена). Ды ну? І каго ж ён бярэ?

Пытляваны. Там адну... з «Светлага шляху».

Маша. Харошая дзяўчына?

Пытляваны. Дзяўчына нішто, толькі з мухамі.

Маша. З якімі мухамі?

Пытляваны. Шмат аб сабе думае... Што б яму ўзяць такую мілую дзяўчыну, як вы.

Маша. А вы б мяне прынялі ў калгас?

Пытляваны. Чаму ж не! За мілую душу.

Маша. Я ж гарадская, калгаснай работы не ўмею.

Пытляваны. Нічога, навучыліся б. Ніхто ўмелым не родзіцца. Яшчэ якая б ударніца была!

Уваходзіць Вера Паўлаўна.

Пытляваны. Добры дзень, Вера Паўлаўна.

Вера Паўлаўна. Добры дзень, таварыш Пытляваны. Добра, што я вас убачыла. Дванаццатага адбудзецца нарада ў сакратара абкома таварыша Паланевіча. Там стаіць ваша справаздача.

Пытляваны (крыху занепакоены). Аб чым?

Вера Паўлаўна. Аб падрыхтоўцы да сяўбы... І наогул аб становішчы калгаса. Падрыхтуйцеся, каб маглі даць адказ на ўсе запытанні.

Пытляваны. А што б гэта магло азначаць, Вера Паўлаўна?

Вера Паўлаўна (ухіляючыся). Не ведаю. Мусіць, хочуць вывучыць вопыт лепшага калгаса і пашырыць на іншыя.

Пытляваны. А, гэта можна. Гэта мы зробім.

Вера Паўлаўна. Маша, дай мне спісы. Цімох Пятровіч патрабуе.

Маша. Ды ў мяне іх няма.

Вера Паўлаўна. Як няма?

Маша. Я ўжо аддала чалавеку, які павязе іх у Мінск.

Вера Паўлаўна. Вось табе і на!

Маша. Вы ж самі сказалі.

Вера Паўлаўна. Крыху паспяшыліся мы з табой.

Маша. Ды як жа марудзіць з такімі справамі? Вось чалавек ордэна чакае.

Пытляваны (сканфузіўся). Не так я ўжо і чакаю... Проста запытаўся.

Вера Паўлаўна. Калі поезд адыходзіць?

Маша. У пяць гадзін. Яшчэ ён дома. Можа, збегаць?

Вера Паўлаўна. Збегай, Машачка. Скажы што сёння ён не паедзе, і вазьмі спісы. (Выходзіць.)

Пытляваны. Гэта тыя самыя спісы?

Маша (апранаецца). Тыя самыя.

Пытляваны. І нашто ж бы іх маглі варочаць?

Маша. Мусіць, яшчэ раз хочуць паглядзець, што-небудзь паправіць. Сем раз адмерай, а раз адрэж. Можа, каму яшчэ ўзнагароду падвысяць. Вось я не помню — вы да якога ордэна прадстаўлены?

Пытляваны. Казалі — на ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Маша. Вось возьмуць і дадуць вам героя.

Пытляваны. Героя-то не... Не дацягнуў маласць. А ордэн не грэх было б. Папрацаваў-такі нямала. Прыклад, можна сказаць, на ўсю вобласць.

Выходзіць услед за Маша й.

 

Заслона

 

Акт трэці

 

Карціна чацвёртая

Кабінет другога сакратара абкома партыі. Адбываецца нарада. Старшыня калгаса «Новая ніва» робіць справаздачу аб становішчы калгаса.

Паланевіч. Мы б хацелі больш грунтоўна пазнаёміцца з дасягненнямі вашага калгаса,— што ў яго можна пераняць іншым. А то хваляць вас, а мы нават добра не ведаем, за што. Можа, вас не хваліць, а лаяць трэба.

Пытляваны. Не ведаю, як хваліць, а лаяць нас, Цімох Пятровіч, здаецца, няма за што.

Паланевіч. Паглядзім... Як няма за што, то і не будзем.

Пытляваны. Што ж я магу дабавіць... Аб тым хіба, як мы ўраджаю дабіваліся. Пачну з зямелькі. Пустая засталася яна пасля гітлераўцаў. Глеба пясчаная,— ёй трэба кожны год чаго-небудзь падкінуць, а тут чатыры гады нічога ў вочы не бачыла. Першай нашай справай было зямлю направіць. А як ты яе направіш, калі жывёлы няма, гною няма... Ну, я цвёрды курс узяў: што б там ні было, а зямлю направіць трэба. Атрымалі мы васьмёра коней з воінскай часці, зрабілі некалькі бочак, і, шануючы вас, як тыя залатары, цэлую зіму і весну, дзень у дзень, цягалі з горада тое, што яму непатрэбна. Ну, яно для нас сапраўды золатам абярнулася. Адразу пазначылася на полі. Вось так мы пачалі на ногі станавіцца. Убачылі людзі карысць ад працы, і яшчэ ахватней рабіць пачалі. Яно ўжо тут адно за другое пайшло чапляцца: лепш робіш — больш атрымаеш, больш атрымаеш — яшчэ лепш рабіць хочацца. Ну, цяпер у нас не бяда: свой гной ёсць, і з горада прывезці ёсць на чым. Так што зямля цяпер у нас спраўная. Ураджай сёлета быў, як даўней казалі, дай божа кожнаму добраму. Убралі ў пару, змалацілі — таксама, з дзяржавай разлічыліся поўнасцю. І калгаснікі нашы не скардзяцца: па чатыры кілаграмы збожжа, па паўпуда бульбы ды па восем рублёў грашыма атрымалі...

Паланевіч. Сабраў па сто пудоў з гектара і зазнаўся. Думае, што ўжо ўсяго дасягнуў, больш і расці няма куды.

Пытляваны. Я гэтага не думаю.

Паланевіч. Хто хоча выказацца?

Вера Паўлаўна. Таварыш Пытляваны ахвотна гаварыў пра дасягненні свайго калгаса, але калі гаворка пачалася аб недахопах, тут з яго кожнае слова трэба абцугамі выцягваць. Нябось не пахваліўся, што ў яго цяляты стаяць у халодных хлявах калгаснікаў. Бедненькі калгас, ніяк цялятніка не можа збудаваць. Наогул пастанову аб жывёлагадоўлі таварыш Пытляваны выконвае, я сказала б, фармальна. Абы лік хвастоў быў такі, як у плане запісана, а якая карысць ад гэтых хвастоў, гэта яго мала турбуе. Скажыце, таварыш Пытляваны, колькі ваша карова дала за год малака?

Пытляваны (крыху здзіўлены). Мая ўласная?

Вера Паўлаўна. Так, ваша ўласная.

Пытляваны. Літраў тысячы тры з палавінай.

Вера Паўлаўна. А ваша, таварыш Верас?

Мікола. Таксама тысяч каля трох.

Вера Паўлаўна. А фермавыя?

Пытляваны. Тысяч каля дзвюх... Гэта вось таварыш Здаравеня дакладна можа сказаць.

Здаравеня (разгортвае папку). На кожную фуражную карову прыходзіцца ў сярэднім адна тысяча пяцьсот дваццаць літраў.

Вера Паўлаўна. А чаму такая розніца?

Пытляваны. Не ведаю.

Вера Паўлаўна. І вы не ведаеце, таварыш Верас?

Мікола (у замяшанні). Не ведаю. Мусіць, каровы не такія.

Вера Паўлаўна. Наіўныя людзі — яны не ведаюць. Можа, вы ведаеце, таварыш Здаравеня?

Здаравеня. Ведаю. Таму што старшынёва карова брагу есць ды бульбу, а фермавыя рэдка што бачаць, апрача сена. Ды і сена лепшае на працадні размеркавалі, а для фермы асаку пакінулі.

Вера Паўлаўна. Яшчэ адно запытанне, таварыш Пытляваны... Які ваш грашовы даход за прошлы год?

Пытляваны. Тысяч шэсцьсот.

Здаравеня (разгортвае папку). Шэсцьсот трыццаць дзве тысячы сто восемдзесят пяць рублёў сорак шэсць капеек.

Вера Паўлаўна. А колькі вы на будаўніцтва вылучылі?

Пытляваны. Трыццаць тысяч.

Вера Паўлаўна. Гэта многа ці мала для вашага калгаса?

Пытляваны. У меру.

Здаравеня (з іранічнай усмешкай). Гэта якраз столькі, колькі далі нам два нашы бычкі.

Паланевіч. Чулі мы пра гэтых бычкоў. Народ грабіце.

Здаравеня. Наш старшыня — чалавек гаспадарлівы. Дзе можна ўзяць, дык ён возьме, не пасаромеецца.

Паланевіч. Не толькі возьме, а і рване.

Вера Паўлаўна. А большую суму на будаўніцтва вы не маглі вылучыць?

Здаравеня. Маглі б, каб захацелі. Па рубліку з працадня зняць — вось і шэсцьдзесят дзве тысячы. За гэтыя грошы шмат што можна збудаваць. А на працадзень і сямі рублёў хапіла б. Гэта таксама не бедна. Мы гаварылі пра гэта свайму старшыні, але ж ён не вельмі любіць слухаць нашы парады. «Ты, кажа, мяне не вучы. Маю работу ў раёне хваляць, у вобласці ведаюць».

Паланевіч. Дрэнна ведалі. Цяпер будзем лепш ведаць.

Вера Паўлаўна. Усе гэтыя факты гавораць аб тым, што таварыш Пытляваны не клапоціцца аб умацаванні грамадскай гаспадаркі калгаса, няправільна разумее асабістыя інтарэсы калгасніка. У яго на кожным кроку праяўляюцца ўласніцкія настроі. Ён яшчэ не пазбыўся аднаасобніцкай псіхалогіі.

Пытляваны. Я ўжо дваццаць гадоў у калгасе.

Вера Паўлаўна. І, нягледзячы на гэта, факт застаецца фактам. Аказваецца, настроі гэтыя досыць жывучыя.

Паланевіч. А што вы, таварыш Туміловіч, думаеце пра «Новую ніву»?

Туміловіч. Пра «Новую ніву» я чуў шмат добрага. І ў газетах чытаў. А тут здарылася і самому пабыць. Ехаў я туды павучыцца, як правільна гаспадарку весці, а прыехаў і...

Паланевіч. Расчараваўся?

Туміловіч. Не тое што расчараваўся, а, прызнацца, нават спалохаўся. Калі такі калгас хваляць, падумаў я, дык, значыць, адабраюць яго парадкі. А што ж мне рабіць, калі ў мяне парадкі зусім іншыя? Гэта ж мае калгаснікі паглядзяць, паглядзяць, а потым скажуць: пайшоў ты к чортавай мацеры са сваёй грамадскай гаспадаркай. Дзялі нам усЁна працадні, як робіць лепшы калгас «Новая ніва».

Паланевіч. Вашы калгаснікі гэтага не скажуць.

Туміловіч. Усе-то не скажуць, а каторыя адсталыя маглі б і сказаць. Паверце, Цімох Пятровіч, аж у пот мяне кінула ад гэтай думкі... Не можа быць, думаю! А што ж будзе, калі ўсе калгасы стануць на такі шлях? І я адразу паехаў сюды: прасіць, каб мне растлумачылі, што гэта такое робіцца. Ну, тут у мяне пачынае патроху праясняцца.

Паланевіч (да Веры Паўлаўны). Мяне цікавіць вось што, таварыш Марозава... Прадстаўлялі калгас да ўзнагароды, а хто-небудзь з абласнога кіраўніцтва выязджаў на месца?

Вера Паўлаўна. Выязджаць-то выязджалі... Мы Буяка туды паслалі.

Паланевіч. Дык у чым жа справа?

Круглік. Справа, відаць, у тым, што Буяк аднёсся да сваіх абавязкаў несур’ёзна.

Паланевіч. Я чуў, што ён на выпіўку сквапны.

Круглік. Ды не адсуне, калі хто паставіць.

Паланевіч (да Марозавай). Чаго ж вы пасылалі п’яніцу на такую справу?

Вера Паўлаўна. Колькі разоў мы яго бралі ў работу. Кляўся, што больш на гарэлку і глядзець не будзе.

Круглік. Ён і не глядзіць. Як п’е, дык вочы заплюшчвае.

Паланевіч (да Пытляванага). Частавалі Буяка гарэлкай?

Пытляваны. Паставіў чарку.

Паланевіч. Тады зразумела. У такіх выпадках усё пачынае дваіцца. Вось і вашы дасягненні паказаліся яму ўдвайне большымі.

Пытляваны. У мяне ўжо так заведзена, што я госця не пачаставаўшы не адпускаю.

Паланевіч. Ён жа не ў госці да вас прыязджаў, а па справе. (Пытляваны маўчыць.) Туміловіча вы, мабыць, не пачаставалі гарэлкай?

Пытляваны. Прапанаваў, але яму часу не было: спяшаўся ў горад данос на мяне везці.

Паланевіч. Вось як! Па-вашаму, гэта данос?

Пытляваны. Дык іначай нельга назваць.

Паланевіч. Ну, гаварыце. Што вы яшчэ скажаце ў адказ на выступленні?

Пытляваны. Я не разумею, як гэта выходзіць, таварыш Паланевіч. Быў лепшы калгас траха што на ўсю вобласць, а цяпер, выходзіць, ужо ён і не лепшы і лінія яго няправільная? А чым я гэту лінію скрывіў? Тым, што ў мяне калгаснікі багаты працадзень атрымалі? Выйшла тут не скрыўленне лініі, а скрыўленне сумлення ў таварыша Туміловіча. З чаго гэта ўсё пачалося? З глупства пачалося. З таго, што мы з брыгадзірам паехалі ў сваты да Туміловічавай калгасніцы.

Круглік. Не такое гэта ўжо і глупства. Усе добрыя людзі ездзяць у сваты.

Пытляваны. З майго боку гэта было глупства. Не трэба было займацца з такімі людзьмі. Там у нас зайшла спрэчка — чый калгас лепшы. Ну, Туміловічу ж цяжка было даказаць, што яго лепшы, дык ён рашыў даказаць, што мой нікуды не варты. (Да Туміловіча.) Але дарэмна ты спадзяешся, Іван Міхайлавіч, што такім чынам табе ўдасца майго брыгадзіра перацягнуць. Цяпер ён твой калгас будзе навокал аб'язджаць.

Мікола. Гэта ўжо, Макар Піліпавіч, мая справа, як я яго буду аб’язджаць.

Пытляваны (напаўголасу). Маўчаў бы ўжо нечага... жаніх няўдалы.

Паланевіч. Больш вы нічога не лічыце патрэбным сказаць?

Пытляваны. Тут жа, мусіць, трэба памылкі прызнаваць? Ну, наконт бычкоў гэта я прызнаю — дарагавата. Наконт цялятніка таксама... пабудуем у гэтым годзе. Наконт хвастоў тут гаварыла Вера Паўлаўна. Пастараемся, каб з гэтых хвастоў больш карысці было. А вось наконт лініі — прабачце, Цімох Пятровіч. Цяжкое вельмі абвінавачанне. Не магу адразу згадзіцца, дайце падумаць.

Паланевіч. Падумаць вам ёсць аб чым, таварыш Пытляваны. Моцна трэба падумаць. (Да астатніх.) Сапраўды, таварышы, як гэта здарылася? Хвалілі калгас тры гады падрад, ставілі ў прыклад другім, прадстаўлялі да ўзнагароды, а цяпер агледзеліся, што ў яго няправільная лінія. А здарылася гэта таму, што самі мы, кіраўнікі калгаснай справай у вобласці, яшчэ адстаём ад жыцця. Мы часта не ведаем, што робіцца на месцах, і па інерцыі лічым лепшым тое, што перастала ўжо быць лепшым і стала тормазам для справы. Трэба рухацца далей, наперад, а вы не можаце. У вас няма для гэтага моцнай базы. Вы яе не стварылі, таварыш Пытляваны. Вы дабрабыт калгасніка будуеце не на базе грамадскай гаспадаркі, а за кошт яе. Вы супрацьстаўляеце асабістыя інтарэсы калгасніка грамадскім інтарэсам. Вы хваліліся тут багатым працаднём. Багаты працадзень і мы вітаем. Рады былі б, каб у кожным калгасе быў не меншы працадзень. Але ў вас ён багаты таму, што вы шмат уварвалі ад грамадскай гаспадаркі. Гэта шкодная практыка, і мы павінны яе асудзіць. Ёсць у нас іншыя калгасы, якім станавіцца на ногі было куды цяжэй, бо яны пачалі аднаўляць гаспадарку на папялішчы. І яны вас ужо абагналі. Што вы круціце галавой? Вазьміце хоць бы калгас «Светлы шлях», з якім вы ведзяце спрэчку. Параўнайце сваю грамадскую гаспадарку з іхняй. Я ўжо не кажу пра планы на далейшае, якіх у вас зусім няма. Яны будуюць калгаснае заможнае жыццё правільна — на базе моцнай грамадскай гаспадаркі. Вы не глядзіце, што ў іх сёння працадзень меншы. Заўтра яны абгоняць вас і па ўраджайнасці і па працаднях. А па культурнасці вы далёка адсталі ад іх. А калі ўжо закранаць асабістыя справы, дык я павінен сказаць, што ваша няўдалае сватанне, пра якое мне расказвалі, гэта вам таксама ўрок. Прыехалі вы з пыхай, а паехалі з канфузам. Дзяўчына-то наша, савецкая. Сама актыўны будаўнік калгаснага жыцця. Яна адразу распазнала, што не з таго боку да яе сваты пад’язджаюць. І сапраўды — чаго ёй, перадавой калгасніцы, ісці ў ваш адсталы, некультурны калгас? Вось няхай цяпер жаніх з сватам і падумаюць, як ім да такой дзяўчыны падступіцца. Цяпер вам зразумела, таварыш Пытляваны, у чым ваша асноўная памылка?

Пытляваны. Зразумела, таварыш Паланевіч.

Паланевіч. Ці яшчэ збіраецеся думаць?

Пытляваны. Не.

Паланевіч. Дык што будзем рабіць?

Пытляваны. Будзем выпраўляць.

Паланевіч. Чэсна?

Пытляваны. Чэсна, таварыш Паланевіч.

Мікола. А калі чэсна, дык давайце, Макар Піліпавіч, пачнём тут жа, у абкоме партыі.

Пытляваны глядзіць на яго дапытліва і недаверліва. Паўза напружанага чакання.

Паланевіч. Мы вас слухаем, таварыш Верас.

Мікола (хвалюючыся). Мне сорамна прызнавацца, але я... вінаваты перад партыяй. (Паўза. Яму сапраўды цяжка гаварыць.)

Паланевіч. Так. У чым жа справа?

Мікола. Мяне няправільна прадставілі да ўзнагароды, а я маўчаў.

Пытляваны. Вар’ят!

Круглік. Вы не сабралі дваццаць тры цэнтнеры з гектара?

Мікола. Жыта я сабраў, але не выканаў плана па іншых культурах. І мне было б сорамна насіць ордэн, якога я не заслужыў.

Паланевіч. Гэта добра, што вы, як камуніст, сказалі нам аб гэтым. Але не турбуйцеся — мы ўжо гэта выявілі і ўзнагародныя спісы перагледзелі. З ордэнам прыйдзецца пачакаць, пакуль калгас стане сапраўды перадавым і будзе выконваць усе планы і ўзятыя абавязацельствы. Якія будуць прапановы па справаздачы таварыша Пытляванага?

Круглік. Указаць таварышу Пытляванаму на шкоднасць яго практыкі і прапанаваць выправіць памылкі.

Паланевіч. Што да вас, таварыш Пытляваны, дык мы спадзяёмся, што вы зробіце правільны вывад з таго, што тут гаварылася. У вас ёсць здольнасць і ахвота да гаспадарчых спраў. Калі вы ўразумееце да канца вашы памылкі і навучыцеся на практыцы праводзіць палітыку партыі, дык з вас яшчэ можа выйсці нядрэнны старшыня калгаса. На гэтым нашу нараду аб'яўляю закрытай.

Развітваецца з Пытляваны м, Туміловіч а м і іншымі. Усе выходзяць.

Пытляваны (Туміловічу пры выхадзе). Ну што, ябеда? Цяпер твая душа задаволена?

Туміловіч. Задаволена, Макар Піліпавіч. Цяпер яно ўсЁна месца стала. А пра ябеду гэта ты дарэмна. Пасля падзякуеш. (Дастае партсігар, але ён пусты.)

Пытляваны. Ды яно як быццам і належыць дзякаваць. (Прапануе папяросу.) Толькі нешта язык не паварочваецца. Ты пацярпі ўжо, не патрабуй сёння.

Туміловіч. Ды я не спяшаюся. Магу і пачакаць... (прыкурвае ад запалкі Пытляванага) год-два, пакуль ты ачухаешся.

Пытляваны. Насміхайся, твая пара. (Прыкурвае.) Ведаеш, калі я табе падзякую?

Туміловіч. Ну, калі?

Пытляваны. Тады, калі ты зноў будзеш ззаду ў мяне плесціся.

Туміловіч. Так я магу і памерці, не дачакаўшыся твае падзякі.

Пытляваны (хлопае Туміловіча па плячы). Не бядуй, дачакаешся.

Выходзяць.

 

Карціна пятая

Сталовая ў абласным цэнтры. Злева ўваходныя дзверы. У задняй сцяне дзверы на кухню. У зале некалькі столікаў, накрытых цыратай. На пярэднім плане за столікам Насця, Паўліна, шафёр Валодзя — п’юць чай.

Паўліна. Дык нарада ўжо скончылася?

Валодзя. Скончылася... толькі што.

Паўліна. А дзе ж наш старшыня?

Валодзя. Пайшоў у сельгасснаб. Сказаў, пасля сюды зойдзе.

Паўліна. Як там на нарадзе — не пытаўся?

Валодзя. Пытаўся. Ну, ён жа мне ўсяго расказваць не будзе. Кажа: наша ўзяло.

Паўліна. Наш калгас лепшы?

Валодзя. А ты хіба не ведала?

Паўліна. Я-то ведала, але іншыя не ведалі.

Насця. Я вельмі рада.

Паўліна. Чаго?

Насця. Што наша ўзяло.

Паўліна. Наша ўзяло, а тваё-то яшчэ невядома.

Насця. Калі наша, то і маё.

Паўліна. Можа, твой жаніх цяпер з табой і гаварыць не захоча.

Насця. Хіба ён такі дурны?

Паўліна. Дурны не дурны, а крыўда вялікая. Мусіць жа, і яму там папала.

Валодзя. Ды, відаць, далі лазню і свату і жаніху.

Паўліна. Героем жа меціўся быць, а тут на табе.

Валодзя. Які там герой! Я чуў, што «Новую ніву» са спісаў выкасавалі.

Паўліна. Гэта ім не да спадобы.

Валодзя. Кажуць, сам Верас заявіў, што яго няправільна прадставілі.

Насця. Няправільна?

Валодзя. Ага. Плану недавыканаў.

Паўліна. Значыць, пранялі да жывога, калі сам прызнаўся.

Валодзя. Бачыў я Пытляванага.

Паўліна. Як ён выглядае? Нос такі самы задзёрты ці крыху апусціўся?

Валодзя. Выйшаў з абкома, як хмара.

Паўліна. Шкада, што мяне не было, я яму яшчэ падсыпала б. Прыгадала б і бычкі, і цяляткі, і агароднае пудзіла.

Раман (уваходзіць. Падышоўшы да суседняга століка, ён кідае папяровы скрутак на стол). Эх-ма!

Валодзя. Што так, Раман Іванавіч!

Раман. Ды, разумееш, дала жонка сала з сабою, а яно мне ў горла не лезе. Прыелася, разумееш: кожны дзень — то сала, то масла, то масла, то сала. Вось і зайшоў — дай, думаю, меню перамяню. (Да афіцыянткі.) Эй, золатца!

Афіцыянтка (з кухні). Зараз.

Валодзя. Як жа ты яго пераменіш?

Раман. Вось як вазьму сто грам, дык гэта сала ў мяне аж закруціцца. (Да афіцыянткі, якая падышла.) Сто грам, золатца.

Афіцыянтка. Закуска?

Раман. Са сваёй вось не ведаю што рабіць.

Валодзя. Відаць, добра жывеш, калі без гарэлкі сала ў горла не лезе.

Раман. А што мне... Жыву, не гарую.

Паўліна. Ці гэта ў вашым калгасе ўсе задавакі?

Раман. Не, толькі я адзін. Лепшы шафёр лепшага калгаса, вось і задаюся.

Паўліна. Старшыня ваш таксама добры задавака.

Раман. Лепшы старшыня лепшага калгаса. Пытляваны — гэта ж вам не абы-хто!

Валодзя. Усыпалі сёння твайму Пытляванаму.

Раман. Ну, ну, ну, памаленьку. Хто гэта яму асмеліцца ўсыпаць?

Валодзя. Знайшліся добрыя людзі.

Раман. Не гавары глупства, а то ўсе смяяцца будуць.

Валодзя. І так усе смяюцца. Выйшаў з абкома мокры, як пацук.

Раман. Ты, брат, мяне не разыграеш. Я ведаю, чаго яго выклікалі.

Валодзя. Чаго?

Раман. Вопыт пераймаць. Прыклад для ўсяе вобласці.

Паўліна. Прыклад, як не трэба рабіць.

Раман. Не, гэта вы сур’ёзна?

Валодзя. Вось дзівак! Спытайся ў яго самога.

Раман (да афіцыянткі, якая прынесла сто грам). Не трэба, золатца. Вазьміце назад.

Афіцыянтка паціснула плячамі і прыняла гарэлку.

Валодзя. Што так раптам перадумаў?

Раман. Як заўважыць гаспадар, з трыбухамі з’есць. «Узрадаваўся, скажа, сукін сын, што мяне спляжылі».

Уваходзіць Мікола. Паўліна штурхае Насцю ў бок. Ні на кога не гледзячы, Мікола праходзіць у дальні правы куток і садзіцца за столік.

Паўліна (напаўголасу да Рамана). І гэты, мусіць, з вашага лепшага калгаса?

Раман. Чаму?

Паўліна. Таксама задаецца. Прасунуўся і не прывітаўся.

Насця (напаўголасу да Паўліны). Нашто ты яго чапаеш?

Мікола (да афіцыянткі, якая падышла да яго). Сто грам і бутэрброд.

Валодзя (напаўголасу). Рашыў геройства сваё замачыць.

Насця (з дакорам). Валодзя, як табе не сорам!

Паўліна. Шкадуеш? А ён і ў твой бок не глядзіць. Я табе казала, што пакрыўдзіцца.

Уваходзіць Пытляваны. Прайшоўшы ў дальні левы куток, ён садзіцца за столік насупраць Міколы.

Пытляваны (да афіцыянткі). Дзвесце грам!

Афіцыянтка. Што закусіць?

Пытляваны. Не трэба.

Афіцыянтка налівае гарэлку Пытляванаму і Міколу.

Раман (напаўголасу да Валодзі). Які ж ты казаў — пацук? Той самы чалавек.

Валодзя. Той ды не той. Хіба ён калі піў гарэлку не закусваючы?

Пытляваны (падымае шклянку, да Міколы). Будзь здароў, герой! Віншую з узнагародаю!

Мікола (падымае шклянку). Таксама і вас, Макар Піліпавіч!

Пытляваны. Ушанавалі нас з табой як мае быць.

Мікола. Якая заслуга, такая і пашана.

Пытляваны. Падзякуй сваёй нявесце (ківае ў бок Насці). Яна ўсё гэта ўсчала.

Мікола. Перш за ўсё вам, Макар Піліпавіч. Вашых заслуг тут больш за ўсё.

Пытляваны (залпам выпівае шклянку гарэлкі і выцірае губы адваротным бокам далоні). Нічога, не гаруй, мы сваё возьмем. Паглядзім яшчэ, ці ўгоняцца за намі гэтыя перадавыя. (Кідае на стол грошы за гарэлку. Да Рамана.) Раман! Заводзь машыну!

Раман (усхопліваецца). Ёсць заводзіць машыну!

Пытляваны выходзіць. Раман дапытліва глядзіць на Міколу. Той махае яму рукой: «Едзьце». Раман выходзіць.

Паўліна. Ці не пара і нам, Валодзя?

Валодзя. Яшчэ ж Івана Міхайлавіча няма.

Паўліна (ківае на Насцю і Міколу, даючы знак, што іх трэба пакінуць адных). Ты ж збіраўся машыну запраўляць.

Валодзя (скеміўшы). Праўда ж, я і забыўся.

Паўліна. А мне яшчэ трэба ў магазін забегчы. (Да Насці.) Ты пасядзі тут, я зайду па цябе. (На вуха.) Падвесялі яго крыху. Зусім раскіс.

Валодзя і Паўліна выходзяць.

Насця памешвае лыжачкай у шклянцы і крадком паглядае на Міколу. Ён неахвотна жуе бутэрброд і ў сваю чаргу крадком паглядае на яе. Часамі позіркі іх вось-вось сустрэнуцца, тады яны хуценька адводзяць вочы ўбок. Мікола пахмурны і насцярожаны, у Насці ўвесь час на вуснах бегае ўсмешка. Нарэшце Насця не вытрымала і засмяялася ўголас.

Мікола. Няўжо я такі смешны, Настасся Рыгораўна.

Насця. Вельмі смешны.

Мікола. Вядома, цяпер вы з мяне можаце смяяцца. (Насця рагоча.) Гэта трэба нечалавечае сэрца мець: сама ўсю гэтую справу ўсчала, сама і здзекуецца.

Насця. І чаго чалавек надзьмуўся? Увайшоў — нават не прывітаўся.

Мікола. А я вас... і не заўважыў спачатку. І наогул думаў, што для вас гэта нецікава.

Насця. Наадварот, вельмі цікава.

Мікола. Цікава паздзекавацца?

Насця (сур’ёзным тонам). Глупства ўсё гэта, Коля. Ніхто з цябе здзекавацца не збіраецца. Кінь свае крыўды і давай лепш пагаворым хораша, па-ранейшаму.

Мікола. Не ведаю, ці выйдзе ў нас па-ранейшаму.

Насця. У мяне выйдзе, а ў цябе... Я хацела б, каб і ў цябе таксама.

Мікола. Гэта шчыра?

Насця. Зусім шчыра, Коля.

Мікола (падыходзіць да Насці). Прабач, Насцечка! Я гэта больш не ад крыўды, а ад сораму. І не прывітаўся па гэтай прычыне: цяжка мне было ў вочы глянуць, загаварыць.

Насця. Гонару шмат. Па гэтым балючым месцы цябе і стукнулі. Нічога, пакуль жаніцца, дык загаіцца.

Мікола. Я думаў, ты на мяне цяпер і глядзець не захочаш.

Насця (з ласкавым дакорам). Ты думаў, я толькі на герояў гляджу, якія нос перада мной задзіраюць?

Мікола. Ніякі я не герой. Гэта ўсё Пытляваны выдумаў.

Насця. Каб мяне спакусіць.

Мікола. Ордэн меўся быць і таго не будзе.

Насця. Чула. Можа, цяпер задавацца не будзеш.

Мікола. А калі я задаваўся перад табой? Нешта я не помню.

Насця. А я помню... Прыехаў у сваты з такім гонарам, што куды там мне яшчэ трапятацца,— адразу лапкі ўгору. Чакай жа, думаю, Міколка, так лёгка ты мяне не возьмеш.

Мікола. Каб не гэты твой капрыз, то мы ўжо былі б жанатыя.

Насця. Не магла б я жыць у вашым калгасе. Нізашто не магла б. Я ж бы адчувала сябе, як у нялюбага свёкра. Прыйшлося ж бы рабіць тое, што мне не міла, чаго мая душа не прымае.

Мікола. Табе вельмі не спадабалася ў нас?

Насця. Вельмі. Аж не хацелася верыць, што там брыгадзірам той самы Мікола Верас, з якім мы столькі марылі, як былі на курсах. Помніш, як мы марылі? Якія мы планы складалі! І якія багатыя ўраджаі збіралі мы з табой. А якія сады мічурынскія цвілі ў нас! І як хораша пчолы ў іх гулі! А карпы ў сажалках якія плавалі! Помніш? А ў клубе ў нашым — кіно, спектаклі, лекцыі. І раптам прыязджаю і што ж бачу? Адзін здзек з усіх нашых планаў і мараў. Мне так крыўдна стала, што я ледзь не заплакала. За цябе крыўдна стала. Як жа гэта здарылася? Коля? Растлумач ты мне.

Мікола. Чорт яго ведае, як гэта здарылася. Спачатку я намагаўся павярнуць яго ў свой бок, але ж ён, чорт, такі напорысты... Працаднём гэтым мяне ашаламіў. І сапраўды — насыплеш засек збожжа, здаецца, і ўсё добра. А тут яшчэ ордэнам стаў спакушаць. Ці доўга з панталыку збіцца.

Насця. А я як глянула — не, думаю, завянуць тут мае мары.

Мікола. І махнула на мяне рукой?

Насця. Не, не махнула. Узялася ратаваць цябе. Бывае ж так, што і блізкага чалавека кладуць пад нож. Ды яшчэ просяць дактароў, каб хутчэй яго рэзалі. Вось і я... спадзявалася на аперацыю. Сёння яна адбылася.

Мікола. І ты старалася, каб мяне хутчэй пад нож?

Насця. Старалася, колькі магла. Падгаворвала Івана Міхайлавіча, каб ён хутчэй у абком ехаў.

Мікола. I цяпер рада?

Насця. Вядома.

Мікола. А што мне баліць — гэта табе дарма?

Насця. Пабаліць ды сціхне. Затое нашы мары... Яны ж здзейсняцца? Праўда, Коля?

Мікола. Цяпер, калі ты будзеш у нашым калгасе...

Насця. Я яшчэ не сказала, у якім калгасе.

Мікола. Дык калі ж ты ўжо скажаш?

Насця. Тады, як прыйдзе тая пара.

Мікола. Ты наконт вяселля? Я гатоў хоць заўтра.

Насця. Хто ж гэта жэніцца ў самую сяўбу? Хочаш план сарваць?

Мікола. Дык калі ж?

Насця. Пасеем, убяром — тады.

Мікола. Выпрабаванне? Хочаш паглядзець, што з нашым калгасам будзе цераз лета?

Насця. Які ты дагадлівы.

Мікола. Выпрабоўвай, Насцечка, як хочаш, толькі дай слова, што ты ад мяне не адрачэшся.

Насця. Я ўжо яго дала, а ты і не заўважыў.

Мікола. Цвёрда?

Насця. Цвёрда.

Мікола парывіста абнімае Насцю і цалуе ў вусны.

Насця (папраўляе валасы). Даўно б так... А то надзьмуўся.

Афіцыянтка, якая выйшла з кухні, застыла ў нерухомасці.

Афіцыянтка (перачакаўшы). Вам яшчэ што-небудзь падаць?

Мікола (адмахваецца). Нічога не трэба.

Афіцыянтка (сама сабе, з усмешкай). Яно і відаць, што вам больш нічога не трэба. (Выходзіць.)

 

Заслона

 

Акт чацвёрты

 

Карціна шостая

Хата Аўдоцці Вярбіцкай. Перагародка, што раней аддзяляла бакоўку, знята. Пасярэдзіне хаты — бяседны стол, устаўлены пітвом і ежай. За сталом — вясельныя госці: па адным баку стала сядзіць Насця і ўся яе дружына, па другім баку — Мікола са сваёю дружынаю. Насця ў белым плацці. На грудзях у яе ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, з правага боку — букецік кветак. У Міколы ў пятліцы таксама букецік белых кветак. Госці ўжо крыху падпілі, і ў хаце стаіць невыразны вясёлы гул. Гарманіст грае вясельную песню на традыцыйны матыў. Паўліна, Ліда, Каця і іншыя жанчыны і дзяўчаты пяюць.

 

Ой, ляцелі гусачкі цераз сад,

Крыкнулі, гукнулі на ўвесь сад.

Крыкнулі, гукнулі на ўвесь сад:

Пара табе, Насцечка, на пасад.

 

Брат сястру на пасад вядзе,

Брат сястру на пасад вядзе,

А сястрыца ды пытаецца:

— Брацейка ты мой родненькі,

Брацейка ты мой родненькі,

Чым я табе надакучыла?

Ці хадою, ці сабою,

Ці хадою, ці сабою,

А ці русаю касою?

 

Ліда схіляе галаву на Насціна плячо, як бы развітваючыся. Яна цалуе Насцю ў шчаку і нешта шэпча ёй на вуха. Насця ласкава ўсміхаецца і ківае Лідзе галавой.

Пытляваны (перавязаны традыцыйным вышываным ручніком — устае). Пачэсная бяседа! Родныя, крэўныя, сябры, прыяцелі і ўсе добрыя людзі! У нашай маладой ёсць багаты вясельны каравай. Што ў гэтым караваю, я ўжо і сам не знаю: сямі палёў пшанічка, сямі крыніц вадзічка, дзесяці кароў масла ды яец паўтараста. Сама сеяла, сама веяла, сама выпякала, сама гасцей гукала, каб каравая паспыталі, шчасця-долі пажадалі. Просім дазволу каравай дзяліць!

Галасы. Дазваляем! Просім!

Паўліна. Дзялі, сват, дзялі, толькі лініі не скрыві, а то мы цябе ведаем.

Пытляваны. Мы сваю лінію выпраўляем, а ў старшай дружкі як матляўся язык ля вушэй, так і цяпер матляецца.

Міколава дружына (пяе, адказваючы на рэпліку Паўліны).

 

Кіньце свае жартачкі-нападкі,—

У нашага сватачкі — парадкі:

Ён жа гаспадарлівы і дбайны —

Гудуць на палетачку камбайны.

Ідзеш ты к нам, Насцечка, на часе,

Будзе табе хораша ў калгасе:

Не самлее спіначка за жнівом,

Не змахнеш ты слёзачкі рукавом.

 

Пытляваны (да спевакоў). Дзякую, дружына, што не даяце ў крыўду мяне і наш калгас. З вашай падтрымкай мне лягчэй будзе рэй весці. (Варочаючыся да ролі свата.) Ёсць у гэтай хаце маладой нашай маці, што начэй не спала, дачку гадавала, дабру навучала — Аўдоцця Захараўна Вярбіцкая. Мы яе вітаем — караваем надзяляем.

Ставіць на талерку чарку зафарбаванай гарэлкі і кладзе кавалак каравая. Дружкі пяюць.

 

Выграбай, маці, жар, жар,

Будзе табе дачкі жаль, жаль,

Вымятай, маці, попел,

Мы тваю дачку ўхопім.

 

Аўдоцця (устае). Вось тут бадай-што ўсе людзі маладыя. Шмат хто з вас і не помніць, які такі даўней каравай быў. Цяпер гэта, можна сказаць, забаўка, вясёлая завядзёнка, каб людзей добрым словам ушанаваць, бяседны стол аздобіць. А некалі ж такім спосабам маладой пасаг збіралі. Кожны клаў на талерку што-небудзь, а бацька маладой — колькі старгаваліся пры сватанні. Вось і на маім вяселлі было: палажыў бацька на талерку трыццаць рублёў, а свёкар зараз жа пералічыў: «Э, кажа, сват, ты ж мне дзесяць рублёў скруціў. Трасі, кажа, кішэнь, бо нічога не будзе». А бацька ледзь і гэтыя сабраў. Дык што ж вы думаеце! Вяселле было раскідалася. Свёкрава радня з-за стала ўстала. Як мой нябожчык Рыгор ні прасіў свёкра, той ані блізка. Дык ужо дзядзька мой, каваль, збегаў дадому, залажыў за бацьку дзесяць рублёў. Тады толькі свёкар зноў за стол сеў. Добра, дзяўчаткі, што вам цяпер не трэба ніякага пасагу. Абы рукі залатыя ды сумленне чыстае. Прабач, дачушка, што і я табе пасагу на талерку не кладу. Вунь твой пасаг — на грудзях у цябе. Да яго ніякай прыплаты не трэба. Жыві, дачушка, красуйся. Няхай будзе слаўнай і шчаслівай твая доля жаночая, як была дзявочая. А я хачу толькі аднаго: каб мне яшчэ трошкі пажыць ды дзетак тваіх паняньчыць. (Аўдоцця падыходзіць да Насці. Насця ўстае і цалуе маці ў руку, а маці яе ў лоб. Потым яны цалуюцца ў вусны і, расчуленыя, абедзве выціраюць вочы хусцінкамі. Маці бярэ ў рукі чарку з талеркі.) За шчаслівую долю маладых! (Выпівае, бярэ сваю дзялянку каравая і ідзе на месца.)

Пытляваны. Ёсць у нашай маладой бацька пасаджоны...

Дружкі (перабіваюць).

 

Заплакала Насцечка ў садочку:

Няма майго татачкі ў радочку.

 

(Іншым ладам.)

 

Узніміцеся, буйныя ветры, на моры,

Разнясіце жоўты пясочак па полі,

Пакрышыце дубовы дошкі на крошкі

Ды падыміце майго татачку на ножкі!

 

Аўдоцця. Не трэба, дзяўчаткі, жаласных песень, не засмучайце вясёлай бяседы.

Пытляваны (працягвае перапыненую рэпліку). Ёсць у нашай маладой бацька пасаджоны, чалавек заслужоны, з якім яна ўраджай гадавала, славу здабывала — старшыня лепшага ў раёне калгаса «Светлы шлях» Іван Міхайлавіч Туміловіч. Мы яго вітаем — караваем надзяляем.

Туміловіч (падыходзіць да Пытляванага і бярэ ў рукі чарку). Я яшчэ не заслужыў таго, каб быць бацькам такой дачкі. Проста не дарос... гадамі не выйшаў. Але калі мне ўжо выпаў такі гонар, дык я ад усяго сэрца жадаю шчаслівай долі гэтай маёй дачцэ, як сваім родным дзецям. Дазволь, Насцечка, пацалаваць цябе, як родную сястру. Няхай ужо малады не крыўдзіцца. Калі не можа знесці, дык няхай хоць адвернецца на гэты час.

Мікола. А яно такі і крыўдна сядзець ды глядзець, як чужыя дзядзькі каля маладой увіхаюцца.

Госця. І праўда, хіба ж гэта не здзек! Напроціў пасадзілі і сталом адгарадзілі.

Паўліна. Блізка локаць, ды не ўкусіш.

Туміловіч падыходзіць да Насці і цалуе яе ў вусны, потым выпівае чарку, бярэ сваю дзялянку каравая і ідзе на месца.

Пытляваны. Ёсць у нашай маладой свёкар з барадой, маладога бацька родны, конюх знатны — Сымон Максімавіч Верас. Мы яго вітаем — караваем надзяляем.

Стары Верас. Ну, што ж мне сказаць... Як я пагляджу, дык мой хлопец не промах: выбраў сабе дзяўчыну да пары. І прыгожая, і работніца, і славу займела з маладых год. Праўда, ганарыстая крыху, але ж і мы не апошнія людзі ў калгасе, у нас таксама сякія-такія заслугі ёсць, так што яно адно за другое сыдзе. Табе, можа, дачушка, нагаварылі пра мяне ўсякіх страхаў? Праўда, чалавек я сур’ёзны, любога стаенніка магу ўтаймаваць. Але з людзьмі я заўсёды па-людску, так што ты мяне не бойся. Абы ты мяне за бараду не брала, то я цябе не пакрыўджу. Я ўсёю душою рад такога сем’яніна ў свой дом прыняць.

Паўліна. Нашто ёй ваш дом? У яе свой нядрэнны.

Стары Верас. Не век жа ў сваім сядзець... Такая доля дзявочая. (Да Аўдоцці.) Дзякуй і табе, свацця, што такую нявестку мне выгадавала! (Выпівае сваю чарку, бярэ дзялянку каравая і садзіцца.)

Пытляваны. Ёсць у нашай маладой старшая дружка — галава, як бручка, язык, як брытва,— матляецца спрытна, дзе трэба, дзе не, усюды яго ўваткне. Мы і яе не мінаем — караваем надзяляем.

Ліда і Каця (пяюць).

 

Не лезь, сватка, у бітву,

Не чапай нашай брытвы,

Яна спрытна голіць,

Языком з хаты гоніць.

 

Пытляваны (з іроніяй). Дзе яна голіць, калі вунь шчарбатая.

Паўліна. Вышчарбілася аб сватаву бараду. Бо гэта ж не барада, а шчотка сталёвая. Мусіць, ёю дзядзька Верас калгасных жарабцоў чысціць.

Туміловіч. Лепш не займайся, сват, з нашымі жанкамі, яны цябе абрамізяць.

Пытляваны. Пайшоў у бойку, чупрыны не шкадуй.

Паўліна. Хачу я табе, Насцечка, шчырае слова сказаць. Пераступаеш ты парог дзявочага жыцця свайго. Можа, каму і здаецца, што з дзеўкі на бабу перавярнуцца гэта так сабе, глупства. А яно зусім не глупства. Гэта чалавек свой лёс мяняе. Трэба з другім чалавекам жыццЁналаджваць... па-харошаму, па-чалавечаму, каб і яго паважаць і сябе ў крыўду не даваць. Ты ў нас дзяўчына класная, гонар наш. Глядзі ж, каб і надалей мы табою ганарыліся; каб па-ранейшаму ты ўмела пастаяць і за справу, і за свой жаночы гонар. І калі часамі муж захоча над табой уладу ўзяць... (Глядзіць на Міколу.) Ты не глядзі, што ён цяпер такім ласкавым цяляткам выглядае, ён яшчэ паспрабуе і кіпцюры выпусціць... Дык калі ён што-небудзь такое,— не давайся! Трымай наш жаночы сцяг высока. Сама не ўправішся, мяне пакліч. Гэта табе мой баявы наказ. А цяпер жадаю табе, родная мая, шчасця, долі і доўгага веку! (Цалуюцца. Паўліна падымае чарку.) Дай табе божа столькі дзетачак, колькі тут капелек. (Хвацка перакульвае чарку, бярэ дзялянку каравая і ідзе на месца.)

Пытляваны. Пачэсная бяседа! Родныя, крэўныя, сябры, прыяцелі і ўсе добрыя людзі! Благаславіце маладых пораўні сесці! Знудзіліся яны, паасобку седзячы, адно на другога гледзячы. Ці не пара ім разам пакрасавацца і нам на іх палюбавацца? Ці не папросім мы маладую перайсці да маладога? І месца ёй тут падрыхтавана.

Туміловіч. Чакай, сват, чакай! Па-мойму, ты ўладу сваю перавышаеш. Хочаш жывасілам дзяўчыну ад нас забраць. Як пасаджоны бацька, я мушу заступіцца за яе, а як старшыня — за інтарэсы свайго калгаса. Што ім пара сесці пораўні, з гэтым я згодзен, толькі не ёй да яго, а яму да яе пераходзіць. Такая ў нас умова была.

Пытляваны. Дык няўжо ж ты, сват, сур’ёзна наважыўся лепшага брыгадзіра ў мяне забраць?

Туміловіч. А няўжо ж ты, сват, яшчэ і цяпер будзеш упірацца і даказваць, што твой калгас лепшы?

Пытляваны. Не, не буду даказваць. Далі мне ў косці і хопіць. Сам бачу, што не туды заехаў. Цяпер пачынаю па-новаму гаспадарку ладзіць.

Стары Верас. Цяпер, нявестачка, табе цурацца нас няма чаго. За гэта лета парадкі ў нас перамяніліся. Усё робіцца па-новаму, пад твой густ. Нават клуб пачалі будаваць.

Пытляваны. Ты, Сымон Максімавіч, вельмі не хваліся. Каб не пачалі мы з табой зноў зазнавацца. Праўда, зрабілі мы сёе-тое, некультурнымі і адсталымі нас ужо нельга назваць. Выпраўляем памылкі, на якія нам партыя ўказала. Але ж мы хочам зноў у перадавыя выбіцца.

Мікола. Па-сапраўднаму ўжо.

Пытляваны. Так, каб і героі ў нас былі сапраўдныя. А ў каго ж мне пераняць вопыт, як не ў лепшага калгаса «Светлы шлях»? Так што Настасся Рыгораўна была б у нашым калгасе самым дарагім для мяне чалавекам. Прастор мы ёй дадзім, разгарнуцца будзе дзе. І ты, Іван Міхайлавіч, не пярэч, калі хочаш па-суседску нам дапамагчы.

Галасы: — Вось пад’ехаў дык пад’ехаў!

— Хітра пад’ехаў!

— І скажы ты яму на гэта, што хочаш!

Паўліна. Што вы таргуецеся, як на кірмашы? Можа б, не шкодзіла і ў іх саміх запытацца, дзе яны хочуць жыць...

Пытляваны. Вось я і хачу запытацца ў маладога: ці гэта ён жэніцца, ці замуж ідзе?

Мікола. Для мяне ясна толькі тое, што мы будзем жыць разам. Праз гэту спрэчку наша вяселле не раскідаецца, як праз тыя дзесяць рублёў, што нам Аўдоцця Захараўна расказвала. А дзе жыць, гэтага я вырашыць не магу. Не маю на гэта права. Сам згаджаўся, што будзем жыць у лепшым калгасе. А раз наш калгас аказаўся горшым, дык выходзіць, што ў гэтай спрэчцы я сам сябе прайграў. Як прайграны жаніх, я здаюся на волю і на міласць нявесты: як Настасся Рыгораўна скажа, так і будзе.

Галасы: — Брава!

— Наша ўзяло!

— «Светлы шлях» перамог!

Бурныя воплескі Насцінай дружыны.

Пытляваны. Чакайце! Мы яшчэ не чулі слова маладой.

Насця. Дапамажы, мама! Не ведаю, што мне сказаць на гэта.

Туміловіч. Не аддавай, матка! Тваё права.

Усе глядзяць на Аўдоццю, чакаючы, што яна скажа.

Аўдоцця. Шкада мне, дачушка, расставацца з табою. Адна ты ў мяне засталася — уцеха мая, і тую трэба людзям аддаць. Але што ж зробіш? Не адной матцы патрэбны яе дзеці. Яны і людзям патрэбны, і Радзіме патрэбны. Для гэтага мы іх і гадуем. Часамі матцы і сэрца сваё трэба суняць. Хіба ж яно не балела ў мяне, калі я Міхаську, брата твайго, на вайну выпраўляла? А адпусціла, благаславіла. Радзіма большая маці, чым я. Ну, а цябе ж я, дачушка, не на вайну выпраўляю. Людзі да цябе з пашанай ставяцца, дапамагчы просяць, і адмаўляць тут ніяк не выпадае. (Да Туміловіча.) І ты, Ваня, не ўпірайся вельмі. Дапамаглі вы ім памылкі гэтыя ўразумець, то дапамажыце ўжо і выправіць. Гэта не толькі для іх, але і для справы таксама, для Радзімы.

Насця (устае з-за стала і падыходзіць да маці). Дзякую табе, мамачка, за параду. (Абнімае і цалуе яе.) Сумленне мне тое самае кажа, ды баялася я цябе пакрыўдзіць. Цяпер я зраблю, як ты мне раіш. Калі мяне людзі паважаюць, дык яны і працаваць мне дапамогуць, каб я і ў іх не апошняй была. А як працаваць, пра гэта мы з Міколам Сымонавічам дагаварыліся. Ёсць у нас намеры харошыя і планы вялікія, якія мы разам выношвалі. Разам і ў жыццё іх праводзіць будзем.

Насця выйшла і села побач з Міколам.

Мікола в а д р у ж ы н а. Ура! Брава! Наша ўзяло!

Галасы. Горка! Маладым горка!

Насця і Мікола цалуюцца. Усе ім горача апладзіруюць.

Пытляваны (радасна ўзбуджаны). І старым таксама горка. (Падбягае і цалуе Аўдоццю.) Дзякую, свацейка! Выручыла ты нас. Сэрца ў цябе залатое. А галава дык я ўжо і не ведаю, як сказаць... міністэрская, не іначай.

Туміловіч. Вось і прайграны жаніх! Выйгрышны пройгрыш у цябе, Мікола Сымонавіч. Ад такога ніхто б не адмовіўся. Ну, што ж, запамагайцеся з нашай дабраты, жывіце на здароўе. А мы сабе яшчэ такіх дзяўчат выгадуем.

Насця. Дзякую, Іван Міхайлавіч, табе за навуку, за ўсё добрае, што ты для мяне зрабіў. Дзякую ўсім, хто прывітаў мяне шчырым словам і пажадаў шчасця-долі на новай дарозе. Няхай прабачаць мне мае сяброўкі і ўсе калгаснікі «Светлага шляху», што я іх пакідаю, а наваніўцаў прашу прыняць мяне, як родную, у сваю калгасную сям’ю. (Апладысменты.)

Аўдоцця. Падзякуйце, дзеткі мае, за сваю шчаслівую долю нашай роднай Камуністычнай партыі.

 

Канец

 

1950


1950

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў у пяці тамах. Том 3. П'есы.— Мн., «Маст. літ.», 1975. - с. 61-118
Крыніца: скан