epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Певень

Прыпёртыя лесам да самай рэчкі схлупіліся ў кучу шэрыя местачковыя хаты, абкружылі ўзгорак, а з ім і цэркаўку, нудна-шэрую, апушчаную. Абступілі і нібы слухаюць казань яе хрыплых, языкастых званоў.

А крокаў за сто ад цэркаўкі — няпоўная сямігодка. Яно сур’ёзна нельга сказаць, што яна няпоўная: кожную зіму яна бывае поўна аж цераз верх, але класаў у яе малавата — пяць усяго. Пяць класаў — пяць настаўнікаў. Але пры школе кватэры толькі на дваіх. Жыве пры ёй загадчык Храновіч — чорны, як камінар, пануры, а жонка яго бялявая, бландзіністая. Пад адною страхою з імі жыве настаўнік Ячны. Гэты сам белы, як смятана, а жонка ціхая і чорненькая, і завуць нават яе — Галачка.

Выйшла гэта раз загадчыха, устаўшы раніцою, у калідор, а там певень ляжыць. Ляжыць і не ўцякае: грэбень белы і вочы белымі павекамі закрыты. Сам ляжыць, а ў дзюбе запіску трымае. Разгарнулі, прачыталі:

«У смерці маёй прашу нікога не вінаваціць. Уміраю, бо не магу болей жыць — замучыла мяне маё курынае сумленне. Не на тое ж дадзены мне шпоры, каб разрываць імі тытунёвае карэнне на градах найбліжэйшага прыяцеля майго гаспадара. Не, не хачу жыць курам на смех! Смерць! Смерць! Смерць!»

Праз дзве гадзіны вестка аб гэтым незвычайным здарэнні хадзіла па ўсім мястэчку.

Вакол здарэння стварылі цэлыя легенды. Пайшоў дзей, што напярэдадні нехта бачыў пеўня разам з рабою курыцаю ў школьнай павеці. Ён нібы трымаў у кіпцях бутэлечку з воцатам і горка плакаў, а яна клапатліва клыпала і выцірала яму вочы пер’ем свайго крыла. Некаторыя гаварылі, што певень загубіў сябе з прычыны няшчаснага кахання. Другія, наадварот, гаварылі, што ў пеўня выкрылі вялікую растрату гаспадарскага дабра.

Здарэнне гэта, кажуць, вельмі ўзрушыла і некаторыя колы курынага грамадства. Кажуць нават, што адзін певень так расчуліўся ад усяго гэтага, што залопаў крыллямі і, заміж таго, каб пракрычаць ку-ка-рэ-ку, прадэкламаваў:

 

Маё ўчора — ячменнае мора,

Маё заўтра — пякельны крупнік,—

Хай жа вецер з асінавым веццем

Залацісты пагушкаюць трупік.

 

Якія б там наогул чуткі ні хадзілі, праўда адно — усе вельмі шкадавалі нябожчыка. Бо трэба такі праўду сказаць, што гэта быў самы лепшы, самы большы ў мястэчку певень; адзін грэбень яго чаго варты быў. А хвост жа! Дай божа кожнаму добраму такі хвост. А ўжо які ён спрытны быў да песень ды да дзявочага насення, дык пра гэта ведала кожная курыца ў мястэчку. Дык вось і шкадавалі. «Ці такія, казалі, злачынствы робяць людзі, дый то нічагусенька, а ён... Што ён такое мог ужо зрабіць, каб праз гэта жыццё загубіць?»

Але медычны агляд паказаў, што тут самагубства магло яшчэ і не быць. Справа ў тым, што над левым вокам у пеўня знайшлі нейкую крывава-цёмную плямку. Зноў жа была няпэўнасць, ці сапраўды сам певень пісаў перад смерцю запіску, бо почырка пеўня на паперы ніхто раней не бачыў, а на градах ён быў зусім інакшым. Почырк на запісцы скарэй быў падобен на почырк настаўніка Ячнага. А, між іншым, не відаць было, каб Ячны пеўня калі чыстапісанню навучаў — адкуль жа такое падабенства? Сталі шукаць ды выпытваць. І сабралі вось якія весткі:

1. Адзін хлапец, выганяючы на раніцу каровы пасвіць, бачыў, як Ячны выйшаў у адным споднім на двор і, глянуўшы ў гарод, нагнуўся, узяў колік і шыбнуў туды колікам.

2. Колік, які напярэдадні загадчыха бачыла на панадворку, апынуўся ў гародзе на тытунёвых градах Ячнага. Пайшлі глядзець грады: тытунь добры, зялёны, лапушны: лісці, як свіныя вушы, вісяць, але шмат карэнняў наверсе, а некаторыя калівы зусім павыграбаны.

Вечарам у Храновіча цэлая вайсковая нарада адбылася — ён, жонка і швагер. Гаварылася аб тым, як браць ворага — у лоб ці абходам. Пастанавілі на суд не падаваць: певень жывёліна не такая ўжо і вялікая,— суд прысудзіць толькі страту вярнуць. Колькі там чаго прыйдзецца. Ды тут не ў страце справа, страта — гэта пусцяковіна, а вось крыўда галоўнае, крыўда! За крыўду ўзяўся адплаціць сам загадчык.

— Я ж яму дапяку. Толькі, пакуль што, яму ні слова не гаварыць,— перасцярог ён жонку.

Не ведаю, як яно ўжо далей было, а толькі загадчыку акруговага аддзела асветы прынеслі раз два лісты. Два жудасныя лісты.

У адным з іх пісалася:

«Паважаны таварыш загадчык!

Слёзная просьба да Вас: прыбярыце Вы, будзьце ласкавы, з мае школы гэтага хулігана, гэтага чубараўца Ячнага. Ён не толькі настаўнікам не можа быць, яго ў добрай вёсцы за свінога пастуха не згадзілі б. Дзеці ў яго распушчаны, як парасяты; на заняткі ніколі акуратна не прыходзіць. А самае галоўнае тое, што ён дэзерцір і контррэвалюцыянер, і я, чалавек, адданы савецкай уладзе, не магу жыць з ім пад адною страхою. Яго нават усё мястэчка заве «Белы», бо белы ён не толькі зверху, але і ў сярэдзіне. Калі трэ было служыць у Чырвонай Арміі, дык ён уцёк, а тут сябраваў з бандытамі і прымаў у сябе белапольскіх шпіёнаў. Я сам бачыў, як раз ноччу ад яго выходзіў адзін з белым арлом...»

У другім было напісана:

«Таварыш загадчык!

Не магу, не магу і не магу! Прашу пераводу! Або я, або загадчык Храновіч! Душа яго чорная, як і ён сам. А з дзецьмі ён абыходзіцца горай, як з якою жывёлаю. Салдат не катавалі так пры Паўле І, як ён лупцуе сваіх дзяцей. Двое ад яго пабояў ужо ляглі ў труну, трое аглухлі, а пяцёра ляжаць у пасцелі. Апрача гэтага, ён яшчэ і кантрабандай займаецца. Ён перахоўвае кантрабанду, а часамі і сам на граніцу ездзіць. Яго жонка ўся ў кантрабандным шаўку ходзіць...»

— Слухайце, Сцяпан Пятровіч,— сказаў загадчык аддзела назаўтра аднаму з інспектараў.— Вы, здаецца, хутка будзеце ў тых краях. Вазьміце, калі ласка, гэтыя лісты ды паглядзіце, што там такое. Я думаю, што гэта ўсё глупства. А калі што якое, дык прыйдзецца адаслаць лісты каму належыць.

Сцяпан Пятровіч з’явіўся ў мястэчка неяк раптам і незвычайна. Незвычайнага там нічога, праўда, і не было: прыехаў ён са станцыі на сялянскай фурманцы, як ездзіў і заўсёды, але заняткі ў школе яшчэ толькі што пачыналіся, дзяцей і палавіны не было — жывёлу пасвілі. Вось дзеля гэтага і здавалася настаўнікам, што інспектар з’явіўся незвычайна. Усе думалі: «Чаго ж бы яму такою парою прыязджаць? Гэта нешта не так». Яны заглядалі інспектару ў твар, стараючыся што-небудзь разгадаць, але пачало ўжо змяркацца і ўбачыць на твары нічога нельга было. Абыходзіўся ён з настаўнікамі, здаецца, як і заўсёды. Вось толькі калі Храновіч і Ячны сталі запрашаць кожны да сябе павячэраць і пераначаваць, інспектар абодвум падзякаваў.

Ён пайшоў у чайную, перакусіў, а прыйшоўшы, лёг у класе на стале, падлажыўшы пад галаву партфель і накрыўшыся палітом.

У інспектара былі свае меркаванні — ён проста баяўся плётак наконт хабару і ўсё такое, але настаўнікаў гэта вельмі напалохала.

Нельга сказаць, каб інспектару вельмі мякка спалася, і таму прачнуўся ён досыць рана. Яшчэ не расплюшчыўшы вачэй, ён пачуў у класе галасы. Гаварылі двое. Адзін — нізкі, глухаваты бас, другі — тэнар, даволі мяккі і прыемны.

— Эх, Мікіта Захаравіч,— гаварыў тэнар,— чуе маё сэрца, што не з дабра гэта ўсё. Яшчэ ваша супружніца, калі сварылася са мною, пагражала, што вы мяне дапечаце. Вось я і мяркую, што не іначай вы з сваім пеўнем нарабілі гэтай калатушы.

— Не я з сваім пеўнем, а вы з маім, Сяргей Тодаравіч,— адбубніў яму бас.

— Эх, не памяркоўны вы чалавек, Мікіта Захаравіч,— пеў далей тэнар.— Ну, кокнуў я вашага пеўня, дык чорт з ім. Падумаеш — важнасць якая! Ён жа сам і пятай часці таго не варт, што тытуню мне напсаваў.

— Крыўдна вельмі, Сяргей Тодаравіч.

— Ерунда — крыўдна, глупства — крыўдна... Добра ж, калі ён здаволіцца гэтым праклятым пеўнем, а калі возьме дый у комплексы загляне? Што мы яму пакажам? Комплексаў у нас, як вы самі ведаеце, жук начхаў... А прызнайцеся сумленна, Мікіта Захаравіч,— здорава вы там на мяне напісалі?

— Самую маласць, Сяргей Тодаравіч. Толькі ўпамянуў, што вы ў Чырвонай Арміі не служылі і што ад вас раз чалавек выходзіў з белым арлом.

— Несумленны ж вы чалавек, Мікіта Захаравіч,— такога сусветнага глупства нагарадзілі. Вы ж самі добра ведаеце, што з Чырвонай Арміі мяне па хваробе звольнілі, я ж вам нават і кніжку чырвонаармейскую паказваў. А чалавек з арлом — Сцёпка Стукач. Вы ж і самі былі на спектаклі, як ён жандара белапольскага іграў.

— Ды гэта што... Вы ў даўгу таксама, напэўна, не засталіся — яшчэ мудрэй распісалі мяне.

— Я? Ды я, можна сказаць, нічога і не пісаў. Напісаў толькі, што вы з дзецьмі трохі жорстка абыходзіцеся і што ваша жонка ў шаўку ходзіць, дык невядома адкуль ён.

— І набрахалі, Сяргей Тодаравіч. Я толькі раз і пасварыўся на Сідорчынага хлопца, а біць — ніколі і пальцам не крануў: вы ж гэта самі добра ведаеце. А ў жонкі — які ж там шоўк? Адзін толькі шаль на галаву я з Мінска прывёз, дык і то не ведаю — ці шоўк нават гэта.

— А ведаеце што, Мікіта Захаравіч? — сцішыў тэнар голас.

— А што?

— Як наш госць наконт чарачкі? Ужывае?

— Ды хто ж яго ведае, можа б, яно і не пашкодзіла.

— Давайце адважымся, Мікіта Захаравіч,— возьмем паўбутэлечкі. Галачка яечню спражыць, а ў вас агуркі слаўныя ёсць,— ваша жонка ўмее саліць. А ўжо на абед дык — так і быць: вока за вока і зуб за зуб — няхай цяпер мой певень прападае. Зарэзаў ужо. Галачка такі крупнік зварыць, што трымай язык... Дык зложымся па двухзлотцы ды я збегаю прынясу пляшачку. Госцю люба будзе і самі па чарачцы цюкнем... за мір.

— Дык у мяне тры капейкі не хапае.

— Ну, што ж зробіш? Няхай ужо маё і тут пераходзіць — я далажу тры капейкі.

Снедаючы, інспектар весела паглядаў на Галачку і храбустаў агуркі, якія пасля чаркі ішлі асабліва гладка. У перапынках паміж храбусценнем ён расказаў настаўнікам, што едзе па справе ў суседні раён, а да іх заехаў па дарозе толькі пераначаваць.

Праз гадзіну інспектар выехаў, а пеўня, што гатаваўся яму на абед, з’елі загадчык Храновіч з настаўнікам Ячным. За мір.

 

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том 4. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, раман.— Мн., «Маст. літ.», 1975. - с. 51-55
Крыніца: скан