epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Пісьменнік-бальшавік

Беларуская савецкая грамадскасць адзначае пяцідзесяцігоддзе з дня нараджэння аднаго з выдатных беларускіх пісьменнікаў — Міхася Ціханавіча Лынькова.

За паўвека свайго жыцця Міхась Ціханавіч Лынькоў прайшоў вялікі жыццёвы і творчы шлях ад вясковага настаўніка і селькора да выдатнага савецкага пісьменніка і грамадскага дзеяча, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР.

У літаратуру Міхась Лынькоў прыйшоў не пестуном жыцця, не юнаком са школьнай лавы, а сталым працаўніком з фронту сацыялістычнага будаўніцтва, чалавекам з багатым жыццёвым вопытам. Яшчэ ў сваім раннім юнацкім узросце ён пазнаў на ўласным вопыце, што такое беднасць і нястача, прыгнёт і эксплуатацыя, што такое кусок хлеба, запрацаваны ўласным мазалём.

Як актыўны змагар за савецкую ўладу Міхась Лынькоў прайшоў суровую школу грамадзянскай вайны; як камуніст ён з’яўляецца адданым членам партыі, барацьбітом за справу сацыялізма. Партыя ўзброіла яго марксісцка-ленінскім светапоглядам і не раз пасылала на адказныя ўчасткі працы. Перад тым як стаць пісьменнікам, Міхась Лынькоў працаваў ужо адказным рэдактарам бабруйскай акруговай газеты «Камуніст».

Можа, якраз з гэтай прычыны Міхасю Лынькову як пісьменніку не давялося хадзіць у пачынаючых. Ва ўсякім разе, я не памятаю, каб хто калі-небудзь называў яго пачынаючым пісьменнікам. Ужо ў першых яго творах — «Гой», «Над Бугам» і інш.— выявіўся не толькі талент пісьменніка, але і яго грамадская сталасць. Бальшавіцкая партыйнасць была нязменным кіруючым прынцыпам у працы пісьменніка, і таму ў яго творчасці мы не наглядаем ідэйных зрываў і хістанняў. Гэта творчасць пісьменніка-бальшавіка.

Перамога новага над старым, услаўленне людзей сацыялістычнай працы, вызваленне чалавека ад перажыткаў капіталізма з’яўляюцца асноўнымі матывамі ў творчасці Міхася Лынькова. У цэнтры ўвагі пісьменніка заўсёды знаходзіцца савецкі чалавек, якога мы бачым у працэсе яго росту. Нават калі Міхась Лынькоў малюе ў сваіх творах вобразы крымінальных злачынцаў, дык і ў іх ён знаходзіць зародкі здаровага, грамадска каштоўнага, якое пад уздзеяннем савецкай рэчаіснасці развіваецца, перамагае — і ў выніку чалавек становіцца свядомым савецкім грамадзянінам, актыўным будаўніком сацыялістычнага грамадства. У яго творах ваеннага і пасляваеннага часу знайшлі яркае адлюстраванне гарачы патрыятызм савецкіх людзей, іх высокія маральныя якасці, што з асаблівай сілай праявіліся ў часе Вялікай Айчыннай вайны.

Плённа працуючы ў галіне мастацкай творчасці, Міхась Лынькоў разам з гэтым аддае шмат сіл і часу сваёй грамадскай дзейнасці. Прыйшоўшы ў пісьменніцкае асяроддзе, ён адразу заваяваў аўтарытэт і павагу сярод пісьменнікаў. На працягу доўгага часу Міхась Лынькоў быў старшынёй праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР і паклаў шмат працы, клапоцячыся аб ідэйным і мастацкім росце нашай літаратуры.

Я ад шчырага сэрца віншую свайго сябра па працы Міхася Лынькова са слаўным юбілеем і жадаю яму доўгіх год жыцця і далейшых творчых поспехаў.

1949


1949

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан