epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

П’есы і вобразы

Перад нашымі савецкімі драматургамі паўстаюць праблемы, якія вынікаюць з таго, што мы жывём у бяскласавым грамадстве. Класы старога капіталістычнага грамадства адышлі ў нябыт. Разам з імі адышлі ў нябыт і класавыя супярэчнасці, якія ў мастацтве былі прычынай бясконцых канфліктаў і драматычных калізій. Яны і жывілі драматургію мінулага. У гэтым мы лёгка пераканаемся, калі звернемся да лепшых узораў рускай і сусветнай драматургіі. А мы, апынуўшыся ў бяскласавым грамадстве, сталі перад пытаннем — на чым нам будаваць свае п’есы? Старыя, пратаптаныя сцежкі для нас ужо не падыходзяць. Новае жыццё не ўкладваецца ў старыя схемы. А між тым без супярэчнасцей, без сутычак інтарэсаў дзеючых асоб драматургія не можа існаваць.

Асабліва цяжкім з’яўляецца камедыйны жанр. Прызначэнне сатыры — бічаваць тое, што аджыло свой век, што з’яўляецца тормазам для далейшага руху грамадства наперад.

Але пры гэтым трэба мець на ўвазе, што рэзананс сатырычнага твора, пры ўсіх іншых аднолькавых умовах, залежыць ад значнасці аб’екта, на які гэты твор накіраваны. Аб’ект сатыры падобны да звона: калі па вялікім звоне ўдарыць нават маленькім малаточкам, дык гук будзе вялікі, а па маленькім звоне хоць бі вялікім молатам, гуку вялікага не будзе.

Гэта ўсё агульныя разважанні. Цяпер я хачу спыніцца канкрэтна на тым, што зрабілі нашы драматургі за апошнія пяць год. Адна з асноўных тэм, якой драматургі больш за ўсё аддалі ўвагі,— тэма барацьбы нашага народа з нямецкімі захопнікамі. Гэта і зразумела: увага драматургаў была накіравана туды, куды былі накіраваны намаганні нашага народа — на барацьбу з подлымі фашысцкімі вырадкамі. Грандыёзная сутычка сіл — разбойніцкіх зграй фашысцкіх людаедаў, з аднаго боку, і гераічнага савецкага народа, які падняўся на абарону свае свабоды і незалежнасці, з другога боку,— на першы погляд з’яўляюцца вельмі ўдзячным матэрыялам для драматургаў. Але разам з тым тут ёсць і велізарныя цяжкасці для пісьменніка, якія заключаюцца ў тым, што ў драматычным творы гэту грандыёзную барацьбу трэба паказаць не ў агульным плане, а ў выглядзе барацьбы канкрэтных людзей, якія б змясцілі ў сабе ўсю веліч гэтых падзей. Вось чаму мала ўдалых п’ес на гэту тэму.

Я лічу, што наша беларуская драматургія, нягледзячы на тое, што напісана досыць шмат твораў на тэму аб гераічнай барацьбе савецкага народа з нямецкімі захопнікамі, знаходзіцца толькі на подступах да вырашэння гэтай тэмы. Што ж усё-такі зроблена ў гэтай галіне?

Бяру п’есы, якія ўжо ставіліся і друкаваліся або чыталіся і абмяркоўваліся.

Кораценька спынюся на п’есе Алеся Кучара «Заложнікі» — адной з першых п’ес, напісаных аб гераічнай барацьбе нашага народа. Напісана яна па свежых слядах падзей і на канкрэтным матэрыяле. У ёй ёсць кавалкі сапраўднага жыцця. Але я не буду спыняцца на дадатных якасцях гэтага твора, бо аб іх ужо шмат пісалі і гаварылі, а адзначу толькі некаторыя найбольш буйныя недахопы, якія вынікаюць з неспрактыкаванасці аўтара ў драматургіі. Мне думаецца, што галоўнай памылкай Кучара з’яўляецца тут тое, што ён паставіў цэнтральнага свайго героя ў нявыгаднае становішча пакутуючай, амаль пасіўнай асобы. Абставіны, у якіх аўтар прымусіў дзейнічаць Міная, не даюць яму магчымасцей быць актыўным, праявіць сябе як кіраўніка партызанскага атрада, фактычна змагаецца не Мінай. Барацьба разгортваецца навакол Міная і яго дзяцей.

Не ўсё добра і з другімі персанажамі п’есы. Брат Міная — Нічыпар, задуманы драматургам як непраціўленец злу. Ён перакананы, што калі не будзе рабіць нікому дрэннага, то і фашысты яго не зачэпяць. Але аўтар парушыў суцэльнасць вобраза Нічыпара, заявіўшы авансам, што і ён тапор можа ўзяць у рукі, калі яго пакрыўдзяць. Далей Нічыпар па сутнасці сам выдае брата фашыстам і з’яўляецца віноўнікам расстрэлу Мінаевых дзяцей. А калі гэта так, дык апраўдання яму не можа быць, хоць аўтар як быццам і спрабуе знайсці гэта апраўданне.

У п’есе ёсць схематычныя вобразы і штучныя сітуацыі. Так, вобраз Любы, яе адносіны з камісарам Іванчанкам слаба матываваны і здаюцца надуманымі. Нават тое, што Люба ахвяруе сабою і ідзе да немца, каб выратаваць дзяцей Міная, мне здаецца, выглядае не зусім удала і занадта кампраметуе дзяўчыну. У такое становішча аўтар не павінен быў ставіць сваю гераіню.

Аднак, нягледзячы на гэта, п’еса Кучара з’яўляецца адной з лепшых п’ес, напісаных за апошні час аб барацьбе беларускіх партызан.

Яўген Рамановіч напісаў дзве п’есы на гэту ж тэму, аднак выпрабавання часам яны не вытрымалі. Сёння, калі мы маем магчымасць сустракацца з жывымі ўдзельнікамі партызанскай барацьбы, слухаць іх апавяданні і знаёміцца з дакументамі, нам гэтыя творы здаюцца шмат у чым наіўнымі, недасканалымі і нават легкадумнымі. Успомнім, напрыклад, прафесара Гаеўскага з п’есы «Палешукі», якую многія з нас бачылі ў тэатры. Фігура недарэчная, і зусім незразумела, чаму аўтар прысвоіў ёй званне прафесара. Нават з тэхнічнага боку, нягледзячы на тое, што аўтар дасканала ведае сцэну і ўсе каноны драматургіі, п’еса яго вельмі недасканалая. Сітуацыі надуманыя, вузлы завязваюцца і тут жа развязваюцца або застаюцца зусім неразвязанымі. Людзі — не людзі, а манекены, якія рухаюцца па сцэне, як персанажы лялькавага тэатра, не ў сілу сваіх унутраных матываў, а выключна па волі аўтара. П’еса «Таварыш Андрэй», мне здаецца, яшчэ слабейшая за п’есу «Палешукі». Вобразы гэтай п’есы — або звыш героі — сухія схемы, накшталт таварыша Андрэя (ён жа — цёця Зося), Пятра Кручкова, або нікчэмныя істоты, як Валя, Ляля і іх маткі, якія выдаюцца аўтарам за перадавых савецкіх жанчын.

На працягу першых двух актаў «Таварыша Андрэя» драматычная дзея зусім не разгортваецца. Увесь час гаворка круціцца каля мундзіра нямецкага афіцэра, які (мундзір) Валя мыла на рэчцы, а ён, ліха яму, узяў ды ўтапіўся. Тое, як яго шукаюць, сушаць і гладзяць, і з’яўляецца зместам амаль поўных двух актаў п’есы аб партызанскай барацьбе. А потым з’яўляецца таварыш Андрэй, ён жа цёця Зося, і пачынаюцца геройскія ўчынкі. Прыкладам такога геройства з’яўляюцца паводзіны аднае партызанкі, пра якую аўтар сур’ёзна расказвае вуснамі свайго героя.

Партызанку гэту немцы вялі на расстрэл пасля катавання. Мяса на ёй, як сведчыць аўтар, вісела «ласкутамі», і яна ішла па вуліцы і смяялася. Чаго трэба было смяяцца і як можа чалавек смяяцца ў такім стане — аднаму аўтару вядома.

Многа з таго, што тут гаварылася, сведчыць, што аўтар не досыць сур’ёзна падышоў да вырашэння ўзятай ім паважнай і адказнай тэмы. Мы можам яму сёе-тое дараваць, прымаючы пад увагу, калі і пры якіх абставінах гэтыя п’есы пісаліся, але сягоння яны нас задаволіць не могуць.

Некаторыя нашы драматургі ўдзяляюць увагу гістарычнай п’есе. Я. А. Міровіч напісаў драму «Кастусь Каліноўскі». Яна робіць на мяне ўражанне вельмі добрасумленнай работы. Асноўная цяжкасць, якую, на маю думку, прыйшлося перамагаць аўтару пры напісанні п’есы,— гэта супярэчнасць, заложаная ў самой тэме. З аднаго боку, Кастусь Каліноўскі — нацыянальны герой, які змагаецца за інтарэсы беларускага сялянства, супроць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту; з другога боку — ён змагаецца як быццам супроць Расіі, і, такім чынам, яго барацьба нібы супярэчыць імкненням беларускага народа жыць у брацтве і дружбе з вялікім рускім народам. Але гэта супярэчнасць вонкавая. Па сутнасці, Кастусь Каліноўскі змагаецца не супроць рускага народа, а супроць царскага самаўладства, якое трымала беларускі народ на каланіяльным становішчы і супроць якога змагаўся і рускі народ у асобе лепшых сваіх прадстаўнікоў — Герцэна, Чарнышэўскага і іншых. Такім чынам, беларускае сялянства пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага змагалася не супроць рускага народа, а разам з ім, за адны і тыя ж мэты. Гэта сумесная барацьба атрымала сваё далейшае развіццё ў рэвалюцыі 1905 года і закончылася бліскучай перамогай Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая і рускаму, і беларускаму народу прынесла вызваленне ад прыгнёту царскага самаўладства. Але аб гэтым лёгка сказаць больш-менш дакладна ў выступленні або артыкуле і не так лёгка паказаць у п’есе на жывых вобразах.

Справа ўскладняецца яшчэ супярэчнасцямі, якія былі паміж чырвоным і белым жондам. Вельмі хутка высветлілася, што Кастусю не па дарозе з кіраўнікамі белага жонду, якія імкнуліся паставіць барацьбу беларускага сялянства на службу інтарэсам польскіх паноў.

Відаць, гэтымі акалічнасцямі і тлумачыцца некаторая перагружанасць п’есы эпізодамі і дзейнымі асобамі. Аўтар імкнуўся ўсё растлумачыць і ўдакладніць. Мне думаецца, што праца заслугоўвае таго, каб яе давесці да канца, гэта значыць да паказу яе гледачу.

Міхась Клімковіч напісаў дзве п’есы на гістарычную тэму. Абедзве п’есы па-свойму цікавыя і заслугоўваюць увагі нашых тэатраў. Цікавыя яны перш за ўсё тым, што Клімковічу ўдалося ўлавіць каларыт эпохі, які адчуваецца ў характары падзей і вобразаў, паводзінах, мове. П’еса «Адплата» цікава яшчэ і сваёй вострай інтрыгай, якая звязвае ў адзін моцны клубок усіх удзельнікаў. Характары асноўных дзеючых асоб выпісаны досыць выразна і досыць удала праяўляюць сябе ў дзеянні. Асноўная ідэя п’есы па задуме аўтара — гэта барацьба свядомых прадстаўнікоў беларускага народа супроць гвалтоўнай паланізацыі і акаталічвання, барацьба за права стварыць сваю нацыянальную культуру. Але гэта ідэя, на маю думку, недастаткова выяўлена ў п’есе. Захапіўшыся інтрыгай, аўтар перанёс цэнтр дзеяння ў «вышэйшыя сферы» акружэння каралевы Боны і надаў п’есе характар прыдворнай інтрыгі з усімі яе атрыбутамі — атрутай, кінжаламі, забойствамі. Галоўнага носьбіта ідэі барацьбы з паланізатарамі — князя Радзівіла мы ўжо ў самым пачатку п’есы застаём на смяротным ложку, атручаным адным з падручных каралевы. У такім стане ён, вядома, толькі намінальна застаўся носьбітам гэтай ідэі і не змог праявіць сябе ў дзеянні. Асноўным зместам п’есы засталася вострая барацьба ў прыдворных сферах, дзе яе ўдзельнікі праследуюць у першую чаргу асабістыя інтарэсы. Ды і выбар фігуры князя Радзівіла, як носьбіта заложанай у гэтым творы ідэі, з’яўляецца, на маю думку, не зусім удалым. Справа ў тым, што князь Мікола Радзівіл як гістарычная фігура не з’яўляецца фігурай выдатнай і вядомай шырокай грамадскасці. Дзякуючы гэтым акалічнасцям п’еса «Адплата» ў значнай меры траціць сваю грамадскую значнасць. Калі б аўтару ўдалося пазбавіцца ад гэтых недахопаў, магла б атрымацца каштоўная п’еса.

Значна большую гістарычную цікавасць і грамадскае значэнне мае другая п’еса, напісаная Клімковічам нядаўна — п’еса аб вялікім беларускім асветніку Георгію Скарыне. Выканана гэта тэма, па-мойму, добра.

Аднак абедзве п’есы ў тым выглядзе, у якім я іх ведаю, маюць той недахоп, што яны занадта вялікія па свайму памеру. Клімковіч хоць і не пачынаючы аўтар, але яму ўласціва хвароба пачынаючага — даражыць кожным сваім словам і цаніць яго на вагу золата. Ён ніяк не адважыцца ахвяраваць пэўную колькасць слоўнага матэрыялу на тое, каб зрабіць п’есу больш сціслай і, галоўнае, прыдатнай для пастаноўкі.

Віталі Вольскі, застаючыся верным сабе і свайму творчаму кірунку, напісаў п’есу «Машэка», узяўшы ў аснову народнае паданне. У гэтай п’есе ёсць шмат дадатнага. Частка гэтага дадатнага ідзе ад народнай творчасці — сюжэт, асноўныя вобразы і іншае. Але што датычыцца вобраза самога Машэкі, дык ён, па-мойму, не адпавядае таму, якім мы ўяўляем яго па народнай легендзе.

Асабліва дзіўнымі з’яўляюцца яго адносіны да вясковай дзяўчыны Ганны — гэтага нізкага стварэння. Гвалтам захопленая князем, яна ў князевым палацы вельмі хутка забываецца пра Машэку, і не таму, што любіць князя, а таму, што ёй даспадобы прыйшлося князева багацце. І Машэка кахае такую не вартую кахання жанчыну за адно толькі яе хараство. Праўда, гэта пачуццё не такое моцнае, як аб гэтым гаворыцца ў п’есе, бо і тут, як у цэлым радзе іншых выпадкаў, разважлівасць бярэ верх, і Машэка лёгка прыміраецца з тым, што князь завалодаў яго каханай дзяўчынай. Але, калі пасля смерці князя Ганна варочаецца да Машэкі, ён не грэбуе тым, што яна была добраахвотнай палюбоўніцай князя, і кахае яе, як быццам нічога і не было. Такая неразборлівасць не на карысць герою, а тым больш дурная яго даверлівасць, праз якую ён гіне, будучы атручаным той жа Ганнай. Такім чынам, у вобразе Машэкі мы не бачым ні геройства, ні адвагі, ні глыбіні і сілы пачуцця, ні палымянасці, ні вострага розуму — нічога такога, за што народ любіць сваіх герояў. Гэта хутчэй прыстасаванец да абставін, разважлівы дзядзька, і наўрад ці такі Машэка стане любімым героем савецкага гледача.

Нарэшце, я павінен спыніцца яшчэ на адной п’есе, аб якой да гэтага часу ніхто не гаварыў, не жадаючы, відаць, рабіць прыкрасці яе аўтару. Я таксама не хацеў бы гэтага рабіць, бо аўтар яе — харошы чалавек і добры рэдактар часопіса «Беларусь», але ў імя справядлівасці і ў інтарэсах далейшага развіцця нашай драматургіі я павінен гаварыць аб гэтай п’есе. Я маю на ўвазе камедыю Ільі Гурскага «Свае людзі». П’еса гэта мае сваю досыць доўгую гісторыю, і я скажу адкрыта, што мне гэта гісторыя не падабаецца. Многія з нас памятаюць, што ў Гурскага некалі была аднаактовая камедыя «Сваты» на калгасную тэму. Потым, яшчэ перад вайной, гэта аднаактовая камедыя была перароблена на трохактовую. Гэта была п’еса аб перадваенным калгасе. Пасля вайны аўтар зноў перарабіў гэту п’есу, і яна ўжо стала п’есай аб пасляваенным калгасе. Ужо адно такое прыстасаванне таго ж самага твора да розных умоў і да рознага часу гаворыць аб несур’ёзных адносінах пісьменніка да сваёй працы. Але гэта яшчэ можна было б дараваць, каб у выніку пераробак атрымаўся паўнацэнны мастацкі твор. На жаль, гэтага мы не можам сказаць. Ды і ад таго, што аднаактовая п’еса стала трохактовай, яна ніколькі не стала лепшай. Па-мойму, наадварот.

Да таго ж амаль усе дзейныя асобы п’есы — дзівакі і ёлупы.

Вось загадчык гаспадаркі Пушкарэвіч, які, па сведчанню аднаго з герояў, «на немцаў паляваў, як на цецерукоў». Гэта — балбатун і манюка, які на працягу ўсяе п’есы толькі тое і робіць, што меле ўсялякую лухту пра свае паляўнічыя прыгоды і перасыпае сваю ману «дасціпнымі» афарызмамі накшталт таго, што «паляўнічаму без шчасця, што рыбаку без портак».

Вось друг Пушкарэвіча — рахункавод Шпакоўскі, стары ўдавец, які прагне ажаніцца. Гэты стары ёлуп уявіў, што нявестам у жаніхах больш за ўсё падабаюцца мускулы. «Хіба цяперашнім светам ажэнішся,— разважае ён.— Бывала, на грошы гналіся, а цяпер дык больш за ўсё на мускулы. А чаму? А таму. (Займаецца фізкультурай, а потым хапаецца за нагу.) Ай! Ае-яй-ей!»

Так ён падрыхтоўвае сябе, каб стаць жаніхом, вартым лепшай дзяўчыны ў калгасе.

І вось такія людзі за кароткі пасляваенны тэрмін аднавілі калгас, зрабілі яго мільянерам, пабудавалі камяніцы, збудавалі электрастанцыю. Праўда, кіруе імі герой, партызан-мінёр. Якімі ж метадамі ён гэтага дабіўся? Пра гэта ён сам гаворыць: «Мала спусціць дырэктыву, трэба яе правярнуць. План утрэслі, а цяпер за справу. Без жывёлы, што без вады, ні туды і ні сюды». Як бачым, старшыня такі ж самы дзівак, як і яго калгаснікі.

Скажу коратка: атрымалася п’еса не такая, якую б мы хацелі атрымаць і якую аўтар хацеў напісаць. Яна нас не пераконвае, у ёй няма мастацкай праўды і мастацкага густу. Затое шмат развязнасці і нават у некаторых месцах пошласці, што прыдае п’есе непрыемную і непажаданую афарбоўку. Аўтар назваў п'есу «Свае людзі». Але людзі ў ёй свае толькі паміж сабою: яны аднолькавыя дзівакі.

А сапраўдным савецкім калгаснікам яны вельмі далёкія сваякі.

Наогул жа, наша драматургія прыйшла на гэты пленум не з пустымі рукамі і сёе-тое зрабіла нядрэнна. Аднак, прымаючы пад увагу сучаснае становішча драматургіі ва ўсёй савецкай літаратуры, я лічыў патрэбным спыніцца іменна на недахопах, якіх у нас яшчэ шмат і якія перашкаджаюць нам ісці наперад.

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан