epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Плач абывацеля

Вялікіх дзён не будаўнік,

Не рад ні сонцу, ні вясне,—

Ён цэлы дзень, як дзень вялік,

У камізэльку плача мне:

 

«Хаджу пануры між людзей,

І кроў цячэ з балючых ран;

Гляджу на шэрагі падзей,

Як абагулены баран.

 

Пакутных думак чарвякі

Мазгі расточваюць парой:

Ды хто ж, урэшце, я такі?

Ці абывацель, ці герой?

 

Не ўбачыць хіба мо сляпы

Напорных трактарных калон,

Але ж — малюсенькі, скупы

Наборнай кніжыцы талон.

 

Пяком калгасы, як бліны,

І ліквідуем кулака,

А тут працерліся штаны,

І рад бы каплі малака.

 

З скаромным праца йдзе спарней,

І сала з’еў бы я кусок,

Дык абагулілі свіней,

І вось — падцягвай паясок.

 

Калгасны рух штодзень шырэй,

А ные ўсё ж душа мая:

Як абагуляць і курэй,

Як буду без яечні я?

 

Вялікі шлях наш у жыцці,

І не папросіш — «падвязі».

А як не еўшы тут дайсці?

Ды без галёшаў па гразі?»

 

Яму ж сярдзіта я ў адказ:

«Цягніся, дзядзечка, ў хвасце:

Нічога вы — мільён хоць вас —

Для будаўніцтва не дасце».

 

Ад абывацельскай нуды

Ў вачах — кругі, на сэрцы — муць,

І я спяшаюся тады

Паветра чыстага дыхнуць.

 

1930


1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 228-229
Крыніца: скан