epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Плеткары

Знае ён усё на свеце,

Вестак больш, як у газеце,—

Чуў — не чуў, а навіну

Скажа вам, ды не адну;

Што і чуў, дык пераверне,

І пайшла пісаць губерня,

Бо даўгі яго язык

Да спакою не прывык.

«Вой, сястрыца! Чула дзіва?

Кажуць, сёння нарадзіла

Жонка Сцёпкі Карася

Не дзіця, а парася».

«А я чула ад Аўдолі,

Што папы дзесь раскалолі

Ўсю царкву напапалам —

Частка тут, а частка там».

«На Германію ж, казалі,

Рэпарацыі напалі,

Многа знішчылі дабра...

Гэта, кажуць, машкара.

Так жарэ, што не дай божа:

Есць траву, жывёлу, збожжа,

Лес паела дзе-нідзе,

Пераходзіць на людзей».

Вы, зязюлькі мае, цёткі,

Што за смак вам плесці плёткі?!

І мазоліць языкі

Вам, саколікі-дзядзькі?

Час і сілу дарма траціць?

Плеткарам жа мо не плацяць?

Толькі й платы бедаку,

Што мазоль на языку.

 

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 41-42
Крыніца: скан