epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Поп і Папугай

(Байка)

 

Было

Сяло.

У ім — царква ды дом папоўскі,

А ў доме, як вядзецца, Поп.

І дзіва дзіўнае было б,

Каб ён не гроб,

Тым больш што Баця быў такоўскі:

Па барадзе — казёл, па голасе — Казлоўскі.

Бывала, ў алтары

Як возьме чарыцу малую

Ды як закоціць «алілую»,

Дык бабы плачуць, як бабры.

За гэтыя «святыя» песні

Яму, хоць плакалі, ды неслі.

У гаспадарцы ў Баці спор

(Яго не забывае паства):

Дабра, жывёлы повен двор —

Кароўкі, свінкі, птаства,

— Чаго ў цябе, айцец Яўлампій, не хапае? —

Яму сусед Памешчык гаварыў.—

Вось хіба толькі Папугая...

І Папугая ён аднойчы падарыў

(Нібыта для таго, каб забаўляць папіху,

Хоць сам жа ён і забаўляў паціху).

І вось пачуў аднойчы бог —

Ды што за ліха! —

Пяюць удвох!

А гэта перад службай Поп трэніраваўся.

І Папугай пад лад прыстасаваўся.

За спевы тыя Какаду

Давалі смачную яду,

Дык лепш ён за дзячка стараўся:

Цягнуў за Бацем з той пары

І кандакі, і трапары,

І нават «Іжэ херувімы»

Адолеў ён за зіму,—

Так налаўчыўся Папугай,

Хоць ты яму парафію давай.

«Святая птушка бога славіць,—

Пайшла гаворка паміж баб,—

І так жа добра, што магла б

Сама абедню правіць».

А тут якраз, як на бяду,

Памёр раптоўна Баця,

Пакінуўшы жалобу ў хаце

Ды Папугая Какаду,

Які, заўважце, ў часе адпявання

Цягнуў за іншымі «Надгробнае рыданне».

Каму на вусны смерць прыляпала пячаць,

Таму без руху спачываць,

Ну, а жывым на ўме жывое:

Злюбіліся ў сяле тым двое,

Ды вось бяда — няма каму звянчаць.

Старыя раяць шлюб адкласці,

А маладыя прагнуць шчасця,—

Вось тут, як кажуць, і кукуй!

Ды некаму прыйшла тут думка неблагая:

Няма Папа, дык возьмем Папугая,—

Спяе і ён «Ісаія лікуй».

І вось Жаніх той і Нявеста

Сваё ў царкве занялі месца.

Каб шлюбны выканаць закон,

Даставіў Сват у клетцы Папугая

І семак даў — няхай паласуецца ён,

Дык весялей мо заспявае.

А Попка з радасці такой

Як гаркне: «Са святымі упакой»,

«Надгробнае рыданне»...

Нявеста тут адразу — гоп!

Жаніх жа той магутнаю рукою

Дурную птушку згроб:

— Вось я ж цябе, нягоднік, супакою!

І, як расказвае паданне,

Дастаўся Попка кошцы на сняданне.

Каб не маглі мараль як-небудзь перайначыць,

Я мушу байку растлумачыць:

Паехаў быў вучоны нештавед

Аж у Амерыку, за свет,

І розуму такога там набраўся,

Аж нос яго задраўся.

Вярнуўшыся, і ён, як Попка той,

Пачаў спяваць «за упакой».

 

1949


1949

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 279-280
Крыніца: скан