epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Пра Цыгана і кабылу

(Байка)

Аб тым нямала ўжо трубілі,

Што кожны з цыганоў сваю кабылу хваліць,

А на чужую горы валіць...

Не ездзіць Цыгану на хваленай кабыле:

Яму — прадаць ды зарабіць.

Аб бессумленнасці яго не будзем мы трубіць,

Бо разумеем цыганоў,

Не разумеем толькі тых паноў,

Якія без падставы,

А проста так, для таннай славы

Сваёю хваляцца кабылай

(Іх асабліва шмат сярод пісак).

Другая кляча

На трох нагах, бывае, скача,

А ён крычыць: «Глядзіце — вось рысак!

Якое хараство! Якая шпаркасць! Сіла!»

Затакаваўшыся, не бачыць ён,

Што хмара круціцца варон,

Што карканнем вітаюць падлу госці,

Што кляча ўся ў каросце,

Бязногая і гуз якісьці на баку.

Так языком датуль ён чэша,

Пакуль не пойдзе пеша,

«Надгробнае» адпеўшы «рысаку».

 

Перш, чымсьці з пахвальбой імкнуцца недзе,

Не шкодзіць паглядзець, на чым з нас кожны едзе.

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 186-187
Крыніца: скан